December 21, 2010
November 26, 2010
27 лістапада - Дзень Герояў!
Беларуская Нацыянальная Памяць віншуе ўсіх Вас з Днём Герояў, калі Беларусы
пачалі Слуцкі Збройны Чын.
Слуцкі Збройны Чын - гэта яскравы прыклад для нас, як змагацца за Бацькаўшчыну
пры любых абставінах. Случчакі разумелі, якой каштоўнасьцяй ёсьць для кожнага
народу воля і незалежнасьць, і вырашылі ісьці ратаваць беларускую незалежную
дзяржаву - Беларускую Народную Рэспубліку - хаця і добра ведалі, якім будзе
асабісты кошт гэтага змаганьня. Пра гэта яскрава сьведчыць выраз на сьцягу
змагароў: Пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
Давайце належна ўшануем памяць сваіх дзядоў. Бо толькі калі мы ўсе усьвядомім
тое, што ведалі слуцкія змагары, толькі калі наш край станецца назаўсёды
незалежным, зажыве беларускі народ вольна, заможна і шчасьліва. На нас ляжыць
адказнасьць за будучыню роднай Айчыны.
Слава героям!
Жыве Беларусь!
November 18, 2010
Створаны грамадскі камітэт у абарону Касцёла святога Язэпа
Прэзентацыя структуры адбылася на прыступках святыні. Стваральнікі камітэта – грамадскія актывісты - паведамілі журналістам пра кірункі дзейнасці камітэту.
Па-першае, гэта – інфармаванне грамадскасці аб тым, што насамрэч адбываецца з Касцёлам. Па-другое, - шырокае грамадскае абмеркаванне сітуацыі вакол Касцёла святога Язэпа. Таксама актывісты грамадскага камітэта маюць намер весці судовае разбіральніцтва з прадпрыемствам “Менская спадчына”, якое ажыццяўляе незаконную перабудову святыні.
Апагеем дзейнасці грамадскага камітэта ў абарону Касцёла святога Язэпа “Духоўнае сэрца Менску” стане ініцыяванне правядзення агульнагарадскога рэферэндуму, каб жыхары сталіцы самі далі адказ на пытанне, чаму быць: Касцёлу або гатэлю.
Падчас прэзентацыі грамадскага камітэту была распаўсюджана наступная заява:
Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, абураныя бязбожным планам рэканструкцыі кляштарнага комплекса і храма св. Язэпа. Мы пратэстуем супраць перабудовы асвечанага храма і кляштара – месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народа – пад гасцінічны комплекс, увесяляльныя залы, рэстараны па вул. Кірыла і Мяфодзія, пад нумарамі 4, 6, 8.
Цягам апошніх пяці год вернікі штодня моляцца пад сценамі былой святыні. У дзяржаўныя ўстановы былі накіраваныя дзясяткі зваротаў, якія не далі выніку. У 2007 годзе каталіцкія актывісты сабралі больш як 30 тысяч подпісаў з просьбай вярнуць касцёл – але становішча не змянілася. У верасні 2010 года было сабрана яшчэ 6,5 тысяч подпісаў. Каля касцёла ладзіліся акцыі салідарнасці, мастацкія пленэры, галадоўкі. Але ўлады ўпарта адмаўляюцца ўлічваць меркаванне грамадскасці, дасылаючы звычайныя адпіскі.
Між тым увесну гэтага году пад маркай “рэканструкцыі” з грубейшымі парушэннямі заканадаўства распачалася перабудова будынкаў кляштара пад гатэльны комплекс. Будынак, дзе маліліся і вывучалі Слова Божае, улады ператвараюць у месца распусты і марнатраўства.
Згодна з арт. 4 “Закону аб архітэктуры і горадабудаўніцтве”, рэканструкцыя гістарычных аб’ектаў мусіць узгадняцца з грамадскасцю адпаведнага горада. КУП “Мінская спадчына”, пачаўшы “рэканструкцыю”, а ў сапраўднасці разбурэнне кляштара бернардынцаў (Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6, 8), груба парушыла закон. Па пытанні касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынцаў такога абмеравання не было. Улады яго “замянілі” фармальным круглым сталом у рэдакцыі газеты “Рэспубліка” 10 жніўня 2007 году.
23 жніўня на тэлеканале АНТ выйшла ў эфір праграма “Выбар”, прысвечаная пытанню гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Між тым у галасаванні 92% людзей выказаліся за захаванне гістарычнай праўды, г.з. за вяртанне касцёла і кляштара вернікам.
Да сённяшняга дня невядома якім чынам перададзены ў 1992-93 гадах грэка-каталіцкай парафіі касцёла і кляштар бернардынцаў зноў апынуўся ва ўласнасці дзяржавы. Чаму ў 2001 годзе ў будынку па адрасе вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 была зарэгістраваная парафія, а зараз раптам аказваецца, што гэтая парафія зарэгістраваная па адрасе вул. Савецкая. Хто з’яўляецца рэальным уладальнікам і інвестарам па перабудове? Чаму парушаюцца ўсе магчымыя законы і пастановы?
Сёння на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці адначасова праходзяць два ўзаемнавыключальныя працэсы: пошук рашэнняў па рэгенэрацыі і развіццю гістарычнага цэнтра і груба парушаючы дзейнае заканадаўства працэс хаатычнага асваення пляцовак дадзенай тэрыторыі.
Абураныя дзеяннямі ўладаў мы ствараем грамадскі камітэт у абарону гісторыка-культурнай спадчыны Менску. Мы лічым, што ў сэрцы Менску не месца гандлёва-забаўляльным аб’ектам. Цэнтр павінен стаць духоўным сэрцам горада.
План дзеянняў грамадскага камітэту:
- Шырокае інфармаванне грамадскасці аб сітуацыі з гістарычным цэнтрам Менску.
- Судовае разбіральніцтва па фактах злоўжывання заканадаўствам КУП “Мінская спадчына”.
- Адкрытае грамадскае абмеркаванне праблемы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку на беларускім тэлебачанні і ў дзяржаўнай прэсе.
- Мінскі гарадскі рэферэндум у сакавіку-красавіку 2011 года па пытанні вяртання касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынцаў.
- Распрацоўка праекта закона аб рэстытуцыі.
- Патрабаванне ўключэння прадстаўнікоў грамадскага камітэту ў склад метадычна-навукова Рады пры Міністэрстве культуры.
Заклікаем далучыцца да працы грамадскага камітэту усіх неабыякавых людзей. Мы лічым, што цэнтр Менску належыць усім пакаленням нашай краіны, якія на працягу стагоддзяў яго стваралі, жывуць сёння і будуць жыць заўтра.
Ірына Губская
Ганна Шапуцька
Анатоль Міхнавец
Аляксей Марачкін
Уладзімір Арлоў
Дзіна Шаўцова
Мікалай Арцюхоў
Алег Трусаў
Генадзь Барбарыч
Вера Ціцянкова
Сяргей Воўчак
Таццяна Кім
Марына Баброўская
Іван Нікітчанка
Ніна Аўгіння Багінская
Лелета Устыновіч
October 29, 2010
Дзяды ў Варшаве
У панядзелак, 1 лістапада, сустракаемся а 12-й на пляцоўцы каля мэтро Centrum.
Наведаем магілы выбітных беларусаў, якія знайшлі спачын у Варшаве, запалім зьнічы, а гісторыкі распавядуць нам аб гэтых асобах.
Без мінулага няма будучыні! Чакаем вас!
September 19, 2010
Адбылася страйкбольная гульня
September 18, 2010
Запрашаем на страйкбольную гульню ў Варшаве
Гульня прысьвечана 59-ым угодкам дэсантаваньня Янкі Філістовіча, удзельніка антысавецкага падпольнага руху, у Беларусь. 9 верасьня 1951 году Янка Філістовіч вярнуўся ў Беларусь, каб змагацца за волю роднага Краю. Нашую гульню мы прысьвячаем таксама ўсім ваярам, якія са зброяй ў руках змагаліся за незалежнасьць Беларусі.
Гульня адбудзецца 19 верасьня (нядзеля) з 12 да 14.30.
На месцы можна будзе арэндаваць страйкбольны прывад з магазінамі і кулькамі, а таксама акуляры. Цана камплекту - 15 зл. Апранайцеся адпаведна надвор'ю. Боты пажадана вайсковыя, альбо турыстычныя, ці прынамсі такія, якіх не шкада забрудзіць.
Жадаючыся, калі ласка, звязвайцеся з намі праз электронную пошту.
September 6, 2010
Cустрэча зь Зянонам Пазьняком
Пачатак а 17.30 у аўле А у Collegium Civitas (Палац Культуры і Навукі (PKiN), 12 паверх, pl. Defilad 1, Warszawa; уваход з боку вуліцы Маршалкоўскай).
На сустрэчы адбудзецца таксама прэзэнтацыя новых кніг сп. Пазьняка, якія можна будзе набыць.
September 2, 2010
Сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы ў Варшаве
June 15, 2010
У памяць пра генэрала
Эўрарадыё
Радыё "Рацыя"
Cустрэча з Юрыем Туронкам
Спадар Юры распавёў пра стварэньне і дзейнасьць Саюзу Беларускай Моладзі.
Былі паказаныя архіўныя здымкі пра дзейнасьць СБМ.
Ня гледзячы на паважны узрост, у красавіку гэтага году спадар Юры сьвятаваў 81 дзень народзінаў, ён і надалей займаецца дасьледваньнем падзеяў ІІ сусветнай вайну.
Гэты пярыяд гісторыі Беларусі зьяўляецца найбольш абылганым савецкай прапагандай.
Кнігі спадара Юрыя былі аднымі з першых спробаў адкінуць хлусьню прапаганды і паказаць
тое, што было сапраўды ў Беларусі тыя часы.
У восень адбудзецца наступная сустрэча з нашым славутым гісторыкам.
June 10, 2010
Сустрэча з прафэсарам Туронкам
Юры Туронак - вядомы дасьледчык гісторыі Беларусі часоў нямецкай акупацыі, аўтар кнігі "Людзі СБМ".
June 9, 2010
Велапрабег памяці Язэпа Булак-Балаховіча
Стартуем у Гайнаўцы а 12 гадзіне ад сядзібы Беларускага музэя (вул. 3 Мая, 42). Фініш - у Белавежы.
Ушануем памяць тых, хто змагаўся, каб жыла Бацькаўшчына!
May 26, 2010
"Беларусы ў Літве: учора і сёньня"
Жадаючыя набыць гэтую кнігу ў Варшаве, калі ласка, зьвяртайцеся да нас.
May 17, 2010
Беларусы Варшавы зладзілі велапрабег у гонар Булак-Балаховіча
15 траўня ў Варшаве адбыўся велапрабег, прымеркаваны да 70-й гадавіны са дня смерці беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У велапрабегу памяці ўзялі ўдзел больш як 20 беларусаў, якія жывуць у Варшаве. Да іх далучыліся салідарныя палякі. Ініцыятарам велапрабегу стала арганізацыя "Беларуская нацыянальная памяць".
Удзельнікі прабегу праехалі калі 14 кіламетраў вуліцамі Варшавы. Яны наведалі памятную шыльду ў гонар Булак-Балаховіча, а таксама яго сімвалічную магілу, што знаходзіцца на Павонзкіх вайсковых могілках.
Нагадаем, што славуты беларускі генерал быў забіты Гестапа ў Варшаве 10 траўня 1940 года. Дагэтуль не знойдзена цела генерала. Невядомыя і абставіны яго трагічнай смерці.
May 10, 2010
Успамін генэрала Булак-Балаховіча
Велапрабег пройдзе па варшаўскіх месцах, зьвязаных зь імем генэрала. Пачнецца а 11 гадзіне 15 траўня ад помніка Дэ Голя, далей праз мост Панятоўскага на правы бераг Віслы - на вуліцу Парыскую 27, месца сьмерці Булак-Балаховіча. Далейшы шлях павядзе на вайсковыя могілкі на Павонзках, месца сымбалічнага пахаваньня генэрала.
Працягласьць маршруту каля 13 км. Час разам з перапынкамі складзе каля 1,5 гадзіны.
Тэлеканал "Белсат" падрыхтаваў падарункі для кожнага ўдзельніка велапрабегу.
Схема маршруту
Глядзі он-лайн дакумэнтальны фільм "Генэрал няскончанай вайны", зьняты тэлеканалам "Белсат".
April 26, 2010
Беларусы на чэмпіянаце сьвету па хакею
Набліжаецца чэмпіянат сьвету па хакею, які пройдзе ў траўні ў Нямеччыне. Беларуская каманда гуляе 9, 11, 13 траўня ў Кёльне (Lanxess Arena). Нашыя супернікі ў групе А: Расея, Казахстан, Славаччына.
Нашым спартоўцам патрэбна падтрымка заўзятараў. Нацыянальныя сымбалі даюць моц! Яскравы прыклад папярэдні чэмпіянат сьвету па хакею. Колькі станоўчых эмоцыяў выклікала ПАГОНЯ, якую сябры БНП зьмясьцілі на трыбуне пад час гульняў.
Шмат разоў былі на розных спаборніцтвах і ведаем, што гэта важнае для спартоўца, важная нашая падтрымка. Гэта патрэбнае і важнае для нашай Беларусі!
April 23, 2010
Успамін Зьміцера Касмовіча
April 18, 2010
17 красавіка сябры БНП з нацыянальным сьцягам удзельнічалі ў разьвітальнай цырымоніі з ахвярамі авіякатастрофы ў Смаленску, што адбывалася на плошчы Пілсудзкага ў Варшаве.
April 14, 2010
Збор сродкаў на выданьне кнігі С.Вітушкі працягваецца
March 25, 2010
Віталь Гуркоў - лепшы баец K-1 Усходняй Эўропы
Больш пра Віталя Гуркова тут.
Запрашаем 28 сакавіка падтрымаць Ігара Бугаенку на турніры K1 World GP 2010 у Варшаве.
У Варшаве Лявон Баршчэўскі прачытаў лекцыю пра Дзень Волі
Наста Ільіна, Варшава
Беларусы Варшавы адзначылі 92-ю гадавіну абвяшчэння БНР адкрытай лекцыяй Лявона Баршчэўскага. Падчас лекцыі вядомы літаратар і палітык зрабіў гістарычны агляд памятнай даты, а таксама распавёў пра дзяржаўныя незалежніцкія традыцыі Беларусі ў ХХ стагоддзі.
Ініцыятарам сустрэчы выступіла арганізацыя "Беларуская Нацыянальная Памяць". Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства ўдзельнікаў чакаў святочны салодкі пачастунак.
На сустрэчы прысутнічала спадарыня Іна Рэўт, адна з пераможцаў Беларускай агульнанацыянальнай дыктоўкі.
Яна атрымала прызы ад БНП, Belsatu і сп. Лявона Баршчэўскага.
March 23, 2010
Сустрэча зь Лявонам Баршчэўскім у Варшаве
Сустрэча прысьвечана надыходзячаму Дню Волі.
Запрашаем усіх зацікаўленых а 18 гадзіне ў Collegium Civitas.
аўла А
Collegium Civitas
Палац Культуры і Навукі (PKiN) 12 паверх
pl. Defilad 1, Warszawa
уваход з боку вуліцы Маршалкоўскай
March 22, 2010
Дзень памяці Кастуся Каліноўскага
А 12 гадзіне ў Вільні распачаўся Дзень Памяці Кастуся Каліноўскага. У навучальным корпусе ЭГУ адбылася акадэмія, на якой перад прысутнымі выступілі гісторык Юры Бачышча, краязнаўца Уладзімір Хільмановіч і кіраўнік БНП Анатоль Міхнавец.
А 15.30 на Лукішскім пляцы пачалося шэсьце ў гонар Кастуся Каліноўскага. Каля памятнага крыжа выступіў Сяргей Дубавец, які распавёў пра апошні дзень жыцьця Кастуся Каліноўскага і пра месцы ў Вільні, якія мы павінны памятаць і ведаць. Ад памятнага крыжа беларуская грамада, якая налічвала каля 70 чалавек, рушыла да месца, дзе кіраўнік паўстаньня 1863 году К.Каліноўскі быў пакараны сьмерцю. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца помнік летувісам, якія змагаліся і загінулі за волю Летувы. Каля сымбалічнай Галгофы беларусы ушанавалі памяць нашых і летувіскіх паўстанцаў запаліўшы бел-чырвона-белыя зьнічы.
На Замкавай гары адбылася заключная частка Дня памяці. Побач з месцам пахавання Кастуся Каліноўскага адбылася памінальная цырымонія. Выступілі спадары Сяргей Дубавец, Алег Мінкін і Хведар Нюнька. На месцы магілы былі запаленыя зьнічы, пакладзены кветкі. Памяць Кастуся Каліноўскага і усіх паўстанцаў, якія змагаліся за Волю нашага Краю была ўшанавана хвілінай маўчаньня.
Напрыканцы Дня Памяці Анатоль Міхнавец заклікаў усіх ушаноўваць памяць Кастуся Каліноўскага ўсімі даступнымі мерамі, як ў Вільні, так і ў Беларусі. 22 сакавіка павінны гарэць зьнічы і ляжаць кветкі ва ўсіх памятных месцах.
А 17 гадзіне на Замкавай гары беларусы выгукнулі паўстанцкі пароль:
-Каго любіш?
-Люблю Беларусь!
-Дык узаемна!
Больш фотаздымкаў з мерапрыемства можна паглядзець тут і тут.
March 15, 2010
Дзень Памяці Кастуся Каліноўскага
22 сакавіка 1864 году расейскія карнікі забілі нашага нацыянальнага героя, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Беларусі і Літве Кастуся Каліноўскага.
Беларуская Нацыянальная Памяць ладзіць Дзень Памяці Кастуся Каліноўскага.
21 сакавіка 2010 году ў Вільні а 12 гадзіне пройдзе акадэмія, прысьвечаная Кастусю Каліноўскаму і паўстаньню 1863 года. З адкрытымі лекцыямі выступяць гісторыкі і краязнаўцы.
А 15.30 адбудзецца шэсьце ад Лукішскага пляцу да гары Гэдыміна, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі.
Усе жадаючыя, асабліва тыя, хто ў гэты час будзе знаходзіцца ў Вільні, далучайцеся! Хто мае магчымасьць, прыязджайце ў Вільню, каб разам ушанаваць памяць змагара за волю нашага Краю. Хто мае магчымасьці, арганізоўвайце дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Беларусі: у месцах, зьвязаных з дзейнасьцю Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году - у Свіслачы, Якушоўцы, Гародні, вёсцы Плябань на Вілейшчыне, і ўвогуле, дзе ёсць такая магчымасьць.
Калі патрэбна нейкая дапамога, парада ці хочаце ўзяць удзел у мерапрыемствах, кантактуйцеся з намі праз арганізацыйны e-mail Беларускай Нацыянальнай Памяці.
February 26, 2010
Дапаможам Сяргею Вітушку выдаць кнігу
Сябры!
Заклікаем далучыцца да справы выданьня кнігі Сяргея Вітушкі, чалавека, які добра вядомы ўсёй беларускай сябрыне. Дастаткова ўзгадаць легендарную Талаку, дзе ён быў адным з лідэраў. Усё свае сілы і здольнасьці сп.Сяргей скіраваў на адраджэньне Беларусі! Больш падрабязна пра Сяргея Вітушку тут: http://kamunikat.org/8257.html
У выніку хваробы сп. Сяргей згубіў зрок. Але ён ня здаўся. Зараз падрыхтаваў кнігу казак, якая будзе цікавая як дзецям, так і дарослым.
Агульны кошт выданьня складае каля 4 тысяч эўра. Давайце Талакою дапаможам выдаць кнігу.
Грошы можна ахвяраваць на асабісты рахунак Сяргея Вітушкі:
Swedbank
GEDIMINO, 26 VILNIUS
LT52 7300 0100 0176 4423
Напісаць Сяргею Вітушку можна на адрас: talakoviec@tut.by
Беларуская Нацыянальная Памяць пачала збор сродкаў сярод беларусаў Польшчы. Пачатак быў пакладзены на беларускай дыктоўцы 21 лютага, сабрана 312 злотых. Учора, 25 лютага, два беларускіх студэнты з Беластоку перадалі на друк кнігі 80 злотых. На сёньня агулам маем 392 злотых.
Грошы можна пераслаць непасрэдна на рахунак, альбо перадаць праз БНП, калі Вы ў Польшчы.
Мы будзем падаваць суму сабраных ахвяраваньняў на нашай старонцы.
Гэтая кніга патрэбна Беларусі, усім нам і нашым дзецям!
February 22, 2010
Вынікі агульнабеларускай дыктоўкі ў Варшаве
Выказваем падзяку ўсім, хто прыняў удзел у напісаньні дыктоўкі. У гэтым годзе гэта быў урывак з прадмовы да кнігі Ўладзімера Караткевіча “Памяць зямлі беларускай”. Тэкст быў няпросты для напісаньня, але ўсе ўдзельнікі справіліся з задачай досыць пасьпяхова.
Найлепшымі сталі працы Сьвятланы Сьлесаравай, Луцэі Вішневіч і Антола Ляшчова.
Віншуем пераможцаў!
Прызы ад БНП будуць перададзеныя ў бліжэйшы час.
February 21, 2010
У Варшаве прайшла агульнабеларуская дыктоўка
На пачатку былі ўзгаданыя пераможцы мінулагодняй дыктоўкі, якія на вялікі жаль не змаглі прысутнічаць сёньня. Іх чакаюць падарункі ад БНП.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел спн. Алена Анішэўская - знакамітая паэтэса беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Алена Анішэўская нарадзілася ў сёньняшняй Белавежы. З самага дзяцінства яна размаўляла на беларускай мове і лічыла яе роднай. Алена Анішэўская вядомая ня толькі сваёй творчасьцю, але й актыўнаю грамадзкаю дзейнасьцю, якая часта адлюстроўваецца ў яе творчасьці.
Пасьля дыктоўкі кіраўніком БНП А.Міхнаўцом быў агучаны зварот з просьбай падтрымаць выданьне кнігі Сяргея Вітушкі. Удзельнікі дыктоўкі далучыліся да збору сродкаў. Было сабрана 312 злотых. Больш падрабяная інфармацыя датычная збору ахвяраваньняў на кнігу Сяргея Вітушкі будзе ў бліжэйшыя дні.
Вынікі дыктоўкі будуць агучаныя заўтра. Пераможцы і ўдзельнікі атрымаюць прызы ад беларускага спадарожнікавага тэлеканалу БЕЛСАТ.