May 24, 2007

Беларускія кропкі ў Эўропе

Нашая супольнасьць працягвае працу над сваімі мапаграфічнымі праектамі. Створаная новая мапа "Беларускія кропкі ў Эўропе", у якой будуць зьмяшчацца зьвесткі пра ўсе памятныя для беларусаў месцы ў Эўропе.

Глядзець мапу

Жадаючых дапамагчы ў рэалізацыі праекту, просім скантактавацца з намі.


May 18, 2007

Беларусы ў Інаўроцлаве. Успамін Язэпа Найдзюка

У гісторыі Беларусі яшчэ вельмі шмат “белых плямаў”, неапісаных падзеяў, несправядліва забытых постацяў, якія яшчэ патрабуюць руплівых дасьледваньняў. Адным з такіх ёсьць Язэп Найдзюк (Александровіч) - чалавек са складаным лёсам, але з вельмі цікавай біяграфіяй.

17 траўня варшаўская грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала Інаўроцлаў, у якім пасьля вайны пасяліўся і знайшоў супакой выбітны беларускі грамадзкі і культурны дзеяч Язэп Найдзюк.

Гістарычныя крыніцы падаюць розныя даты нараджэньня Я.Найдзюка. Найбольш верагоднымі ёсьць альбо 12, альбо 15 траўня 1909 году. Месца нараджэньня – ваколіцы Ваўкавыску. У 1920-40-я гады жыў і плённа працаваў у Вільні і Менску. Выдаваў часопіс “Шлях моладзі”. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім жыцьці, належаў да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

Сапраўдным прафэсіяналам Язэп Найдзюк стаў у выдавецкай справе. Адно тое, што кіраваў працай віленскай Друкарні ймя Ф.Скарыны, дзе выдаваліся амаль усе беларускія кнігі, ставіць яго ў шэраг выбітных дзеячоў нацыянальнай гісторыі. Але адзначыўся ён ня толькі ў кнігадрукаваньні. Зьяўляючыся вялікім аматарам гісторыі, Язэп Найдзюк напісаў і выдаў нарыс гісторыі Бацькаўшчыны “Беларусь учора й сёньня”. Любоў да гісторыі не згубіў і ў другім перыядзе свайго жыцьця, калі воляй лёсу, ратуючы сваё жыцьцё, стаў Язэпам Александровічам.

Дом у Інаўроцлаве, дзе ў 1945-84 гг. жыў Язэп Найдзюк

Хаваючыся ад чэкісцкага тэрору ў Інаўроцлаве, Я.Найдзюк шмат зрабіў на карысьць гэтага гораду. Працаваў як дырэктар друкарні, якую сам жа і стварыў. Адзначыўся таксама на ніве культуры і мясцовага краязнаўства. Аднак не забываў ён і пра Беларусь, дзе былі яго жонка і дзеці. Пісаў артыкулы ў беларускую эміграцыйную прэсу, падтрымліваючы сувязь з беларускім рухам праз свайго брата Чэслава, які жыў у Амэрыцы.

Грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала месцы, зьвязаныя з Язэпам Найдзюком, мела некалькі сустрэчаў з людзьмі, якія добра ведалі і сябравалі з Язэпам Александровічам, але толькі ня многія ведалі яго сапраўднае прозьвішча. Усе палякі, з якімі размаўлялі, казалі, што ня знойдзецца ў Інаўроцлаве ніводнага чалавека, хто сказаў бы дрэннае слова пра Язэпа Найдзюка. Некалькі год таму ўдзячныя жыхары Інаўроцлава адчынілі мэмарыяльную шыльду на польскай і беларускай мовах у гонар нашага суайчыньніка.

магіла Язэпа Найдзюка (Александровіча) у Інаўроцлаве

Гэты беларус, які ня маючы магчымасьці служыць свайму народу, узбагаціў сваёй працай тое месца, што стала для яго прытулкам. Памяць і павага да Язэпа Найдзюка жыве сярод палякаў, адродзіца яна і сярод яго землякоў. І ў гэтым няма сумневу.



Мэмарыяльная шыльда Язэпу Найдзюку (Александровічу) на сьцяне друкарні, якую ён стварыў і якой кіраваў

May 12, 2007

Інтэрактыўныя мапы

"Беларуская Нацыянальная Памяць" пачала стварэньне інтэрактыўных мапаў, карыстаючыся магчымасьцямі адпаведнага сэрвісу Google. Разгорнутая мапа з дапаможнай інфармацыяй будзе вельмі карыснай кожнаму беларусу, які з патрыятычных пачуцьцяў хацеў бы наведаць месцы, зьвязаныя з гісторыяй Бацькаўшчыны, ці з жыцьцём і дзейнасьцю яе найлепшых прадстаўнікоў.

Мапа Канстанцін Каліноўскі

Мапа Саюз Беларускай Моладзі


Ахвотныя дапамагчы ў разьвіцьці гэтага праекту, лістуйце на наш e-mail.

Памяці Язэпа Найдзюка

12 траўня спаўняецца 98 гадоў з дня нараджэньня дзеяча нацыянальнага руху, аўтара кнігі "Беларусь учора і сяньня" Язэпа Найдзюка.

Гэта быў вядомы беларускі выдавец і публіцыст, які нарадзіўся ў в.Бойдаты каля Ваўкавыска. У 1926-41 гадах быў кіраўніком друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні. Рэдагаваў таксама часопіс "Шлях моладзі".

За сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць патрапіў у польскі канцэнтрацыйны табар у Бярозе-Картузскай. У гады нямецкай акупацыі жыў у Менску, дзе працаваў у школьным інспектараце і займаўся паліграфічнай дзейнасьцю.

Пасьля вайны жыў у Польшчы, у горадзе Інаўроцлаў. Быў вядомым адмыслоўцам-паліграфістам. Язэп Найдзюк памёр у 1984 годзе.

Некалькі год таму ў Інаўроцлаве на будынку друкарні, дзе шмат год працаваў Язэп Найдзюк, ўрачыста адкрыта мэмарыяльная шыльда.

У пачатку наступнага тыдня грамада "Беларускай Нацыянальнай Памяці" мае намер наведаць Інаўроцлаў, дзе і ўшанаваць памяць беларуса Язэпа Найдзюка.

May 11, 2007

Нацыянальная памяць

Адной з асноўных прыкметаў духоўна здаровай Нацыі ёсьць ПАМЯЦЬ, веданьне нацыянальнай гісторыі, культуры, духоўнай спадчыны.

Звычайна дэнацыяналізацыя народу пачынаецца з выкараненьня ўспамінаў пра слаўныя і трагічныя старонкі гісторыі, узгадак аб нацыянальных героях. А ў выніку маем, што будуюцца "лініі сталіна", замест таго, каб паставіць крыж на Крапівенскім полі.

Аднак, трэба падзякаваць Госпаду Богу, што праўда выходзіць на сьвятло. Жыве Беларусь і будзе жыць. Усё часьцей на Бацькаўшчыне і на Чужыне нашыя землякі стыхійна імкнуцца адзначаць розныя сьвяты і памятныя даты нашага нацыянальнага календара, наведваюць магілы нашых славутых суайчыньнікаў, пазнаваць гісторыю роднага краю. Прыкладаў шмат. Гэта і Курапаты, і шматгадовыя сьвяткаваньні ў Сьвілачы й Якушоўцы, а таксама шмат іншых. І ў тым ліку дзейнасьць беларусаў у Польшчы. Тут склалася ўжо пэўная традыцыя наведваньня памятных месцаў, такіх як месца гібелі С.Булак-Балаховіча, магілаў Я.Жамойціна, В.Аношкі, арганізуюцца сустрэчы са сьведкамі гісторыі (напрыклад, з роднай сястрой Янкі Філістовіча).


Але гэта толькі пачатак. Хацелася б, каб такая дзейнасьць набыла маштабны характар, стала больш арганізаванай.

У асяродзьдзі студэнтаў-каліноўцаў нарадзілася ініцыятыва стварыць супольнасьць "БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ", якая б займалася б зборам і распаўсюдам ведаў пра Беларусь, пра нацыянальную гісторыю і культурную спадчыну, ушанаваньнем памяці нацыянальных герояў і дзеячоў, пошукам і добраўпарадкаваньнем помнікаў і месцаў мартыралогіі.

Розных задумак у нас шмат. І глабальных, і лакальных. У бліжэйшы час павінен зьявіцца пэўны план ажыцьцяўленьня гэтых ідэяў. Але адну можам агучыць ужо зараз. А менавіта: ушанаваньне памяці К.Каліноўскага і змагароў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 годам стварэньнем музэю-мэмарыялу ў Мастаўлянах.

Беларусы! Запрашаем далучыцца і дапамагчы ў разьвіцьці нацыянальнай памяці - ідэямі, канкрэтнымі прапановамі, працай, ахвяраваньнямі.

Жыве Беларусь!

May 10, 2007

Угодкі сьмерці генэрала Булак-Балаховіча

10 траўня беларусы Варшавы і студэнты, якія навучаюцца тут па праграме Каліноўскага, з нагоды сьмерці Станіслава Булак-Балаховіча наведалі яго сымбалічную магілу на Паванзкоўскіх могілках і памятную шыльду на месцы яго забойства.

Былі ўскладзены кветкі і запалены зьнічы. Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць беларускага генэрала хвілінай маўчаньня.


Напрыканцы была агучана ініцыятыва стварэньня супольнасьці "Беларуская Нацыянальная Памяць", якая будзе папулярызаваць гістарычную спадчыну і памяць нацыянальных герояў.

Больш падрабязна пра асобу і дзейнасьць беларускага генэрала Булак-Балаховіча можна прачытаць тут

Мапа
месцаў, зьвязаных з жыцьцём героя