February 26, 2010

Дапаможам Сяргею Вітушку выдаць кнігу

Сябры!

Заклікаем далучыцца да справы выданьня кнігі Сяргея Вітушкі, чалавека, які добра вядомы ўсёй беларускай сябрыне. Дастаткова ўзгадаць легендарную Талаку, дзе ён быў адным з лідэраў. Усё свае сілы і здольнасьці сп.Сяргей скіраваў на адраджэньне Беларусі! Больш падрабязна пра Сяргея Вітушку тут: http://kamunikat.org/8257.html

У выніку хваробы сп. Сяргей згубіў зрок. Але ён ня здаўся. Зараз падрыхтаваў кнігу казак, якая будзе цікавая як дзецям, так і дарослым.

Агульны кошт выданьня складае каля 4 тысяч эўра. Давайце Талакою дапаможам выдаць кнігу.

Грошы можна ахвяраваць на асабісты рахунак Сяргея Вітушкі:

Swedbank
GEDIMINO, 26 VILNIUS
LT52 7300 0100 0176 4423


Напісаць Сяргею Вітушку можна на адрас: talakoviec@tut.by

Беларуская Нацыянальная Памяць пачала збор сродкаў сярод беларусаў Польшчы. Пачатак быў пакладзены на беларускай дыктоўцы 21 лютага, сабрана 312 злотых. Учора, 25 лютага, два беларускіх студэнты з Беластоку перадалі на друк кнігі 80 злотых. На сёньня агулам маем 392 злотых.

Грошы можна пераслаць непасрэдна на рахунак, альбо перадаць праз БНП, калі Вы ў Польшчы.

Мы будзем падаваць суму сабраных ахвяраваньняў на нашай старонцы.

Гэтая кніга патрэбна Беларусі, усім нам і нашым дзецям!

February 22, 2010

Вынікі агульнабеларускай дыктоўкі ў Варшаве

Абвяшчаем вынікі агульнабеларускай дыктоўкі, якая прайшла 21 лютага ў Варшаве.

Выказваем падзяку ўсім, хто прыняў удзел у напісаньні дыктоўкі. У гэтым годзе гэта быў урывак з прадмовы да кнігі Ўладзімера Караткевіча “Памяць зямлі беларускай”. Тэкст быў няпросты для напісаньня, але ўсе ўдзельнікі справіліся з задачай досыць пасьпяхова.

Найлепшымі сталі працы Сьвятланы Сьлесаравай, Луцэі Вішневіч і Антола Ляшчова.

Віншуем пераможцаў!

Прызы ад БНП бу
дуць перададзеныя ў бліжэйшы час.

February 21, 2010

У Варшаве прайшла агульнабеларуская дыктоўка

У Варшаве ўжо другі раз адбылася беларуская дыктоўка, якую арганізавала нашая супольнасьць Беларуская Нацыянальная Памяць. У гэтым годзе ў дыктоўцы прынялі ўдзел каля 40 чалавек.

На пачатку былі ўзгаданыя пераможцы мінулагодняй дыктоўкі, якія на вялікі жаль не змаглі прысутнічаць сёньня. Іх чакаюць падарункі ад БНП.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел спн. Алена Анішэўская - знакамітая паэтэса беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Алена Анішэўская нарадзілася ў сёньняшняй Белавежы. З самага дзяцінства яна размаўляла на беларускай мове і лічыла яе роднай. Алена Анішэўская вядомая ня толькі сваёй творчасьцю, але й актыўнаю грамадзкаю дзейнасьцю, якая часта адлюстроўваецца ў яе творчасьці.

Пасьля дыктоўкі кіраўніком БНП А.Міхнаўцом быў агучаны зварот з просьбай падтрымаць выданьне кнігі Сяргея Вітушкі. Удзельнікі дыктоўкі далучыліся да збору сродкаў. Было сабрана 312 злотых. Больш падрабяная інфармацыя датычная збору ахвяраваньняў на кнігу Сяргея Вітушкі будзе ў бліжэйшыя дні.

Вынікі дыктоўкі будуць агучаныя заўтра. Пераможцы і ўдзельнікі атрымаюць прызы ад беларускага спадарожнікавага тэлеканалу БЕЛСАТ.

фоты Юліі Цяльпук

February 16, 2010

Агульнабеларуская дыктоўка ў Варшаве

21 лютага ў міжнародны дзень роднай мовы а 12 гадзіне ў Collegium Civitas (Aula B, XII паверх., PKiN, pl. Defilad 1, Warszawa) адбудзецца агульнабеларуская дыктоўка.

У гэтым годзе ўжо трэці раз беларусы і прыхільнікі беларускай мовы ва ўсім сьвеце пішуць вялікую дыктоўку, галоўнай мэтай якой зьяўляецца папулярызацыя і падтрымка беларускай мовы.

"Беларуская Нацыянальная Памяць" запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у гэтай важнай і ганаровай падзеі.

February 14, 2010

"Генэрал няскончанай вайны"

12 лютага Беларуская Нацыянальная Памяць супольна з тэлеканалам БЕЛСАТ паказалі фільм "Генэрал няскончанай вайны", прысьвечаны Станіславу Булак-Балаховічу.

Перад паказам пра жыцьцё і дзейнасьць генэрала распавяла гісторык Анастасія Ільіна. На прэзентацыі фільма прысутнічаў унук генэрала Станіслаў-Мацей Булак-Балаховіч. Пасьля заканчэньня фільма адбылася дыскусія зь яго удзелам.

Усе прысутныя, якіх было каля 40 чалавек, атрымалі дыскі з фільмам і паштоўкі, прысьвечаныя Станіславу Булак-Балаховічу і іншым нацыянальным героям.

February 11, 2010

127 гадоў з дня нараджэньня Станіслава Булак-Балаховіча

10 лютага сябры БНП наведалі сымбалічную магілу С. Булак-Балаховіча на Павонзскіх могілках у Варшаве. Пачысьцілі пахаваньне ад сьнегу і запалілі зьнічы памяці.


Вечная слава і памяць змагарам за волю Роднага Краю!

February 9, 2010

Успамін генэрала Булак-Балаховіча

10 лютага спаўняецца 127 гадоў з дня нараджэньня генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Заклікаем усіх беларусаў ушанаваць памяць славутага ваяра. У Беларусі шмат месцаў, якія зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Станіслава Булак-Балаховіча. Ёсьць дом у Лужках, дзе ён жыў перад І сусьветнай вайной. У Берасьці знаходзяцца могілкі, дзе пахаваны жаўнеры ягонага войска. Берасьцейцамі там пастаўлены пастаўлены крыж і памятныя знакі.
Гісторыя склалася так, што генэрал загінуў у 1940 годзе ад рук гестапа і магілы няма. Таму памяць пра яго мы ўшаноўваем у тых месцах, якія зьвязаныя з лёсам С. Булак-Балаховіча.
Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае тых, хто знаходзіцца ў Варшаве, далучыцца да акцыі ўшанаваньня. Мерапрыемства адбудзецца заўтра, 10 лютага. Запалім зьнічы памяці каля памятнай шыльды побач з месцам яго гібелі, а таксама на сымбалічнай магіле генэрала.
Акрамя гэтага, “Беларуская нацыянальная памяць” і незалежны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” запрашаюць на прэм'ерны паказ дакументальнага фільму “Генэрал няскончанай вайны”.
Час і месца: 12 лютага, пятніца, у Collegium Civitas (аўдыторыя А, XII паверх, Pałac Kultury i Nauki, plac Defilad 1, Warszawa, уваход насупраць вул. Маршалкоўскай) а 18 гадзіне.

Лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага (фота)

7 лютага Беларуская Нацыянальная Памяць правяла лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага. Шлях пралягаў праз родныя мясьціны нашага нацыянальнага героя.

Мэтай і канечным пунктам прабегу стала вёска Мастаўляны, дзе 2 лютага 1838 году нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Тут ён правёў першыя гады жыцьця. Шлях пачынаўся ад Баброўнікаў і склаў 7 км. Паколькі надвор'е спрыяла: лёгкі марозік і сонца - усе ўдзельнікі прабегу атрымалі шмат задавальненьня. Па дарозе да маршу далучыліся нашыя сябры са Зьвязу Беларускай Моладзі Ганна і Міхал.

У Мастаўлянах нас сустрэў добры знаёмы Уладзімір Канстанцінавіч Зарэцкі, які правёў да кутнага каменя сядзібы Каліноўскіх, па дарозе распавёўшы цікавосткі з жыцця сям'і Каліноўскіх у гэтых мясьцінах. Хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і ўсіх ваяроў, якія баранілі наш Край.

Развітаўшыся з Мастаўлянамі, рушылі ў бок Беластоку. Выехалі на трасу Баброўнікі-Беласток і разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, што выклікала станоўчыя эмоцыі ў кіроўцаў, якія стаялі на мяжы.

Так прайшоў першы лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага. Спадзяемся, ён стане традыцыйным, і запрашаем усіх жадаючых на наступны прабег у будучым годзе.

Будзем ведаць, памятаць і ганарыцца сваёй гісторыяй!

Выказваем падзяку ўсім, хто нам дапамагаў у арганізацыі прабегу і асабіста сп. Аўгену Вапу, сп. Алегу Латышонку, Зьвязу Беларускай Моладзі і Радыё Рацыя.

February 8, 2010

У Польшчы прайшоў лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага

Еўрарадыё

Лыжны прабег, прымеркаваны да 172-х угодкаў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве, прайшоў учора ў Польшчы. Прабег прайшоў з Баброўнікаў у Мастаўляны, дзе нарадзіўся і пражыў першыя гады жыцця Каліноўскі.

Акцыю арганізавала "Беларуская нацыянальная памяць". Пасля прабегу яго ўдзельнікі наведалі месца, дзе стаяў дом Каліноўскіх. Плануецца, што тут будзе ўсталяваны памятны знак у гонар кіраўніка паўстання. Жыхар вёскі Мастаўляны Ўладзімір Зарэцкі расказаў удзельнікам прабегу легенды, якія распавядалі ў вёсцы пра Кастуся Каліноўскага.





February 5, 2010

Лыжны прабег па мясьцінах Кастуся Каліноўскага

February 3, 2010

Лыжны марш у гонар Кастуся Каліноўскага

Крыніца: Радыё Рацыя

З Баброўнікаў у Мастаўляны на лыжах – такім чынам ушануюць памяць змагара “за нашу і вашу свабоду” Кастуся Каліноўскага студэнты з Варшавы.

Як паведаміў ініцыятар прабегу Анатоль Міхнавец, да ўдзелу ў лыжным маршы можа далучыцца кожны зацікаўлены.

- Беларуская Нацыянальная Памяць прапаноўвае ўсім беларусам, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы на Беласточчыне, ушанаваць памяць нашага змагара, кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага лыжным маршам. Прапануем 7 лютага сабрацца ў Беластоку каля рэдакцыі Радыё Рацыя (вул.Цепла 1), і потым паедзем да Баброўнікаў і адтуль зробім лыжны марш да вёскі Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Заклікаем усіх, хто мае жаданне, мае лыжы, мае транспарт даехаць да Баброўнікаў, далучыцца да гэтай акцыі.

Лыжны прабег прымеркаваны да 172-х угодкаў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, кіраўніка нацыянальна вызвольнага паўстання ў Беларусі. Беларуская Нацыянальная Памяць прапануе ўсім, каму дарагія каштоўнасці Кастуся Каліноўскага далучыцца да лыжнага прабегу па мясцінах нацыянальнага героя Беларусі.