Пакінуўшы Швайцарыю, грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці (БНП) накіравалася ў Баварыю і Бадэн-Вюртэмбэрг.Але па дарозе вырашылі заехаць у ваколіцы возера Лютэнзэе, якое знаходзіцца ў Нямеччыне, недалёка ад мяжы. Пад час ранейшай працы сябраў БНП у беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лёндане да нас патрапіў здымак з выявай помніка ў гонар Слуцкага Збройнага Чыну, які быў зроблены ў 60-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Аднак, не было дакладнай інфармацыі ні пра месца, дзе помнік знаходзіўся, ні пра тое, ці ён увогуле захаваўся.
Прыехалі на месца даволі позна, але ня гледзячы на тое, што ўжо было цёмна, помнік, усталяваны беларусамі ў 1948 годзе, удалося адшукаць. Гэты знак беларускай прысутнасьці на няроднай зямлі ўзрушвае да глыбіні душы. І безумоўна радуе той факт, што помнік не разбураны ўладамі ці апаганены мясцовымі вандаламі. Хочацца сказаць вялікі дзякуй немцам, якія захоўваюць чужыя помнікі. Дзякуй, што не бяруць прыклад з пэўнай краіны ў цэнтры Эўропы, краіны, што нішчыць нешматлікія манументы гісторыі і культуры свайго роднага краю.
Раніцай давялося папрацаваць над прыборкай дзялянкі і ачысткай падмурку помніку. Пасьля адбылася кароткая акцыя ўшанаваньня і рушылі далей у дарогу да Мюнхену.
У сталіцы Баварыі адбылася сяброўская сустрэча з мясцовымі беларусамі. Маем надзею, што ў хуткім часе ў гэтай нямецкай зямлі паўстане мясцовы асяродак Беларускай Нацыянальнай Памяці.
На жаль, не ўсе запланаваныя месцы ўдалося наведаць. Не хапае дакладных зьвестак. Тыя людзі, якія ведалі, ужо ня ў стане дапамагчы дакладнай інфармацыяй альбо проста адышлі з гэтага сьвету. Але мы працягваем пошук, каб не адзін беларускі змагар не застаўся забытым.
У Баварыі, сярод іншага, мы наведалі могілкі Waldfriedhof ў Мюнхене, дзе пахаваны айцец Уладзімер Салавей, які загінуў у аўтамабільнай аварыі ў 1974 годзе. Уладзіслаў Уладзімір Салавей - каталіцкі сьвятар усходняга абраду, мітрафорны протаярэй, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа ў Заходняй Нямеччыне, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст. Па ўспамінах людзей, якія яго ведалі, чалавек зь вялікім сэрцам, сапраўдны сьвятар. Айцец Уладзімір знайшоў спачын ва ўкраінскім сэктары побач з магіламі лідараў АУН.
Далей нашая грамада накіравалася ў Штутгарт, да апошняга прыпынку гэтай экспедыцыі. У гэтым горадзе з сярэдзіны 40-х гадоў да 1991 году жыў Зьміцер Касмовіч – нацыянальны дзеяч у часе нямецкай акупацыі Беларусі, кіраўнік Замежнага сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі.
Месца пахаваньня З.Касмовіча знаходзіцца на могілках Hauptfriedhof недалёка ад месца, дзе ён жыў і дзе працягвае жыць яго жонка і паплечнік Надзея Касмовіч-Міцкевіч, якая дарэчы зьяўляецца пляменьніцай Якуба Коласа. Магіла З.Касмовіча дагледжаная і добраўпарадкаваная. Пра гэта клапоцяцца яго блізкія.
На заканчэньне хацелі б падзякаваць Богу і ўсім добрым людзям, якія дапамагалі інфармацыйна і матэрыяльна нашай экспедыцыі. Безумоўна, наперадзе новыя падарожжы па закутках Эўропы. Памяць пра беларускіх дзеячаў і месцы, зьвязаныя зь Беларусяй, павінны ўшаноўвацца. Пераемнасьць паміж пакаленьнямі не павінна быць перарваная.