Showing posts with label водгукі_СМІ. Show all posts
Showing posts with label водгукі_СМІ. Show all posts

March 26, 2012

Старшыня БНП Анатоль Міхнавец у этэры БЕЛСАТ 25 сакавіка

Праграму "Аб'ектыў" можна паглядзець па гэтай спасылцы

May 15, 2011

Велапрабег у гонар Булак-Балаховіча

Юрась Высоцкі, Варшава, Радыё Рацыя

13 кіламетраў па Варшаве на роварах у гонар генерала Булак-Балаховіча. Арганізацыя Беларуская Нацыянальная Памяць зладзіла роварны рэйд памяці беларускага ваеннага дзеяча.

Ініцыятарам велапрабегу выступіў старшыня Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоль Міхнавец.

- Пачнем тут ад помніка дэ Голя з цэнтру Варшавы і паедзем на тое месца, дзе ён загінуў. Вуліца Парыжская. Там была ягоная канспіратыўная кватэра і там Булак-Балаховіч загінуў у баю з немцамі 10 мая 1940 года. Мы наведаем тое месца, там ёсць памятная шыльда. А паздней мы плануем заехаць на Палонскія могілкі вайсковыя, дзе ёсць сімвалічная магіла генерала Булак-Балаховіча.

Нешматлікія ўдзельнікі рэйду пад бел-чырвона-белымі сцягамі, прымацаванымі да рамаў ровараў, распавялі чаму яны вырашылі паўдзельнічаць у акцыі.

- Я вельмі часта бяру ўдзел у беларускіх мерапрыемствах у Варшаве. Для мяне гэта нейкія маральныя вартасці. Люблю збірацца разам са сваімі роднымі людзьмі.

- Зацікавілася беларускай тэматыкай, хацела больш даведацца пра генерала Булак-Балаховіча.

Акцыя ўшанавання памяці беларускіх змагароў пройдзе і на Беласточчыне - гаворыць Анатоль Міхнавец.

- Гэтым рэйдам мы хочым гэтую памяць замацаваць, прапагандаваць, каб людзі далучаліся, каб ведалі. Братоў Булак-Балаховічаў было два: Станіслаў – старэйшы, а малодшы быў Язэп, якога забілі таксама – у Белавежскай пушчы агенты НКУС. 6 чэрвеня ўгодкі яго смерці. Таксама будзем рабіць такі рэйд – у мінулым годзе рабілі з Гайнаўкі да Белавежы, там ёсць яго магіла. Запрашаем таксама усіх далучыцца.

Булак-Балаховіч, асоба неадназначная і мае неадназначны лёс, які блага даследаваны. Але дакладна вядома тое, што ён быў таленавітым вайскоўцам і змагаўся за вольную Беларусь. У гэтым годзе – гэта 71-я ўгодкі са дня смерці беларускага генерала.



June 15, 2010

У памяць пра генэрала

12 чэрвеня з Гайнаўкі да Белавежы (Польшча) адбыўся велапрабег у гонар генэрала Язэпа Булак-Балаховіча, арганізаваны БНП.

Эўрарадыё

Радыё "Рацыя"





May 17, 2010

Беларусы Варшавы зладзілі велапрабег у гонар Булак-Балаховіча

Наста Ільіна, Эўрарадыё

15 траўня ў Варшаве адбыўся велапрабег, прымеркаваны да 70-й гадавіны са дня смерці беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У велапрабегу памяці ўзялі ўдзел больш як 20 беларусаў, якія жывуць у Варшаве. Да іх далучыліся салідарныя палякі. Ініцыятарам велапрабегу стала арганізацыя "Беларуская нацыянальная памяць".

Удзельнікі прабегу праехалі калі 14 кіламетраў вуліцамі Варшавы. Яны наведалі памятную шыльду ў гонар Булак-Балаховіча, а таксама яго сімвалічную магілу, што знаходзіцца на Павонзкіх вайсковых могілках.

Нагадаем, што славуты беларускі генерал быў забіты Гестапа ў Варшаве 10 траўня 1940 года. Дагэтуль не знойдзена цела генерала. Невядомыя і абставіны яго трагічнай смерці.


February 3, 2010

Лыжны марш у гонар Кастуся Каліноўскага

Крыніца: Радыё Рацыя

З Баброўнікаў у Мастаўляны на лыжах – такім чынам ушануюць памяць змагара “за нашу і вашу свабоду” Кастуся Каліноўскага студэнты з Варшавы.

Як паведаміў ініцыятар прабегу Анатоль Міхнавец, да ўдзелу ў лыжным маршы можа далучыцца кожны зацікаўлены.

- Беларуская Нацыянальная Памяць прапаноўвае ўсім беларусам, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы на Беласточчыне, ушанаваць памяць нашага змагара, кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага лыжным маршам. Прапануем 7 лютага сабрацца ў Беластоку каля рэдакцыі Радыё Рацыя (вул.Цепла 1), і потым паедзем да Баброўнікаў і адтуль зробім лыжны марш да вёскі Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Заклікаем усіх, хто мае жаданне, мае лыжы, мае транспарт даехаць да Баброўнікаў, далучыцца да гэтай акцыі.

Лыжны прабег прымеркаваны да 172-х угодкаў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, кіраўніка нацыянальна вызвольнага паўстання ў Беларусі. Беларуская Нацыянальная Памяць прапануе ўсім, каму дарагія каштоўнасці Кастуся Каліноўскага далучыцца да лыжнага прабегу па мясцінах нацыянальнага героя Беларусі.


September 9, 2009

Беларусы Варшавы адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы

Крыніца: Эўрарадыё

8 верасьня беларусы Варшавы адзначылі Дзень Беларускай Вайсковай Славы традыцыйным шэсьцем ад помнікa генерала дэ Голя да памятнай шыльды беларускаму генералу Станіславу Булак-Балаховічу.


Арганізатарам акцыі стала таварыства "Беларуская Нацыянальная Памяць", у мерапрыемстве прынялі актыўны ўдзел стыпендысты праграмы Кастуся Каліноўскага, што распачынаюць у гэтым годзе вучобу ў польскіх ВНУ.


Каля шыльды Балаховіча прысутныя ўшанавалі памяць усіх беларускіх ваяроў, што пад бел-чырвона-белым сцягам, як і ў 1514 годзе, змагаліся за незалежнасць Бацькаўшчыны.


May 10, 2009

Ушанавалі памяць Булак-Балаховіча

Крыніца: Радыё Рацыя

У гадавіну смерці Станіслава Булак-Балаховіча ў Варшаве прайшлі ўрачыстасці з нагоды ўшанавання ягонае памяці. Арганізатарам мерапрыемства выступіла грамадская арганізацыя „Беларуская нацыянальная памяць”.

Пра гэта Радыё Рацыя распавёў старшыня арганізацыі Анатоль Міхнавец:

- Гэта ўжо стала традыцыяй, што беларусы, у тым ліку нашае таварыства "Беларуская нацыянальная памяць", ушаноўваюць Булак-Балаховіча ў дзень яго нараджэння, дзень смерці і дзень беларускай вайсковай славы. І мы сёння зноў наведалі гэтае месца, ля яго мемарыяльнай дошкі. Запалілі знічы. Выступіла гісторык Наста Ільіна, распавяла пра генерала, пра яго дзейнасць, пра ўшанаванне яго памяці - тут у Варшаве і ў Беларусі. Бо ёсць, напрыклад, у Берасці помнік яго жаўнерам, на могілках дзе яны пахаваны. Наста таксама прэзэнтавала паштоўкі з партрэтамі гістарычных постацей Берасцейшчыны, адна з якіх прысвечана генералу Булак-Балаховічу. І скончылі мы нашу акцыю малітвай у памяць Булак-Булаховіча.

Станіслаў Булак-Балаховіч загінуў у Варшаве 10 траўня 1940 года ад рук Гестапа. Недалёка ад месца ягонай гібелі ёсць памятная шыльда. Аднак месца пахавання Булак-Балаховіча застаецца невядомым.

March 15, 2009

Вечарына БНП на Дзень Канстытуцыі ў Варшаве

Матэрыял: Радыё "Рацыя"

Арганізацыя Беларуская нацыянальная памяць (БНП) на 15 гадавіну прыняцця першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі правяла сустрэчу з дэпутатам Вярхоўнага савета 12-га склікання Мікалаем Аксамітам.

Пад час сустрэчы спадар Аксаміт распавёў прысутным пра першыя гады незалежнасці, пра дзейнасць апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Пра тыя умовы ў якіх вялася праца над праектам першай Канстытуцыі Беларусі. Сёння ёсць рознае стаўленне да Канстытуцыі 1994 года. Але гэта падзея заўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі.

Пасля выступу Мікалая Аксаміта былі шматлікія пытанні, якія закраналі і сённяшні стан у Беларусі, паведамляе "Беларуская Нацыянальная Памяць".





November 4, 2008

Як праходзілі беларускія Дзяды ў Польшчы

Крыніца: Эўрарадыё
Наста Ільіна


Варшаўскія беларусы на Дзяды ўшанавалі магілы землякоў на тэрыторыі Польшчы. Арганізатарам мерапрыемства-рэквіему стала супольнасць “Беларуская Нацыянальная Памяць”, сябры якой займаюцца пошукамі месцаў пахавання беларусаў у Еўропе.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі месца гібелі ў 1940 годзе ад рук нацыстаў беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча, дзе запалілі знічы і памаліліся каля памятнай шыльды (месца пахавання генерала, які ў 1920-я змагаўся за незалежнасць Беларусі, не існуе).




Памятная шыльда, дзякуючы намаганням яго ўнука Мацея-Станіслава Булак-Балаховіча, некалькі гадоў таму была ўсталяваная на будынку праваслаўнай семінрарыі, якая знаходзіцца недалёка ад таго месца, дзе была апошняя канспіратыўная кватэра генерала. Былі ўшанаваныя магілы Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака, якія змагаліся ў шэрагах паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі.

Далей ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся на Брудноўскія могілкі, дзе пахаваная сяброўка Саюзу Беларускай Моладзі ў Любчы Алена Сэнюх. Пра яе лёс распавёў яе брат Чэслаў Сэнюх, славуты перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову.


Таксама група беларусаў наведала знакамітыя Павонзкі, дзе нядаўна “Беларуская Нацыянальна Пямяць” знайшла магілу нявесты Кастуся Каліноўскага Марыі Дмахоўскай (Ямант), наведалі магілу славутага фотамастака Яна Булгака і пісьменніка Тадэвуша Далэнга-Мастовіча, аўтара твораў пра Беларусь.


Завяршылася мерапрыемства на праваслаўных могілках Варшавы, што знаходзяцца ў мікрараёне Воля, дзе была ўшанаваная памяць праваслаўнага дзеяча а. Мітрафана Будзькі (прадзеда беларускага палітыка Паўла Севярынца) і знакамітага літаратурнага крытыка, грамадскага дзеяча, былога сябра СБМ Яна Жамойціна.

2 лістапада сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці адведалі магілы Антона Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне і генерала Язэпа Булак-Балаховіча ў Белавежы.

September 8, 2008

Дзень Беларускай вайсковай славы ў Варшаве

Крыніца: Радыё "Свабода"

У нядзелю беларусы маршам адзначылі дзень Беларускай вайсковай славы ў польскай сталіцы.

Каля 30 чалавек, пераважна студэнтаў-каліноўцаў, прайшлі ад плошчы генэрала дэ Голя да будынку, дзе ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

Удзельнікі маршы несьлі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.


“Дзе б беларусы не былі – на Бацькаўшчыне ці ў эміграцыі – трэба заўсёды годна адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы”, - сказаў адзін з удзельнікаў акцыі.

Іншая ўдзельніца адзначыла, што у “Беларусі, нажаль, нельга годна адзначыць гэты дзень, бо ізноў будуць затрыманьні актывістаў”.


Акцыю правяла арганізацыя "Беларуская нацыянальная памяць".

У суботу мясцовыя беларусы разам з палякамі ў гонар сьвята гралі ў “страйк-бол”.

August 7, 2008

Экспедыцыя Беларускай Нацыянальнай Памяці па краінах Заходняй Еўропы

Крыніца: Радыё "Рацыя" Сябры БНП з розных краінаў Еўропы запланавалі ўлетку даследваць забытыя месцы, якія звязаныя з беларусамі. Экспедыцыя пройдзе па Францыі, Швайцарыі, паўднёвых землях Нямеччыны - Баварыі і Бадэн-Вюртэмбэргу. Стартавала экспедыцыя ў Парыжы, сталіцы Францыі. Доўгі час БНП хвалявала праблема вызначэння дакладнага месца пахавання кіраўніка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка. Прэзідэнт Рады БНР з 1948 да 1970 гг. пасьля сваёй смерці быў пахаваны на могілках Pere-Lachaise. Месца пахавання Абрамчыка апошнім часам лічылася згубленым. На працягу некалькіх апошніх гадоў сябры БНП праводзілі даследванне гэтай тэмы. Але пошукі яго магілы не прыносілі выніку. Адбылося некалькі асабістых размоваў з людзьмі, якія былі знаёмыя з Прэзідэнтам БНР і ведалі месца яго пахаваньня ў Парыжы. Гэта ў прыватнасці, спадары Янка Жучка, Аляксей Арэшка, спн. Зоя Смаршчок-Жэлязоўская. Але яны ўжо ў даволі сталым веку, а таму не змаглі падаць дакладнае месца пахавання. Дзякуючы дапамозе айца Аляксандра Надсана і гісторыка Наталлі Гардзіенкі атрымалася знайсці ў беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане фотаздымкі і прыкладны план. У пошуку значную дапамогу аказаў таксама доктар Янка Запруднік з ЗША, якія таксама даслаў некаторыя матэрыялы. Трэба сказаць, што большасьць здымкаў была зроблена ў 70-х гадах, а таму не давала дакладных арыентыраў. Складанасць была яшчэ ў тым, што на магільнай пліце няма ніякай шыльды ці надпісу. Часткова змяніўся і сам сектар, у якім быў пахаваны Мікола Абрамчык. Урэшце-рэшт, гэтымі жнівеньскімі днямі атрымалася дакладна злакалізаваць месца спачыну Прэзыдэнта. Грамада БНП зрабіла невялікую акцыю ўшанавання. Прыбралі магілу, запалілі знічы, прачыталі малітву і спелі нацыянальныя гімны. У бліжэйшы час плануем зрабіць вялікую акцыю памяці Міколы Абрамчыка, дарэчы дзень нараджэння якога прыпадае на 16 жніўня. Плануем таксама апрацаваць архіўныя матэрыялы, мапы і змясціць на нашай старонцы ў сеціве. Беларусы павінны памятаць і шанаваць тых, хто змагаўся за Вольную Беларусь. БНП працягвае расшукваць месцы, зьвязаныя з беларусамі і Беларусяй. Так атрымоўваецца, што ўсе як-бы ведаюць, што нехта пахаваны там і там, але калі даходзіць да пэўнай канкрэтыкі, то дакладнай інфармацыі няма. Гэтая прыкрая сітуацыя павінна быць выпраўленая. Памяць пра выбітных беларусаў і важныя гістарычныя падзеі павінна захоўвацца. Бо нашая памяць даказвае недарэмнасць змагання, дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны нашых продкаў і папярэднікаў. Як казаў калісьці Цыцэрон, жыццё памерлых працягваецца ў памяці жывых! Экспедыцыя працягваецца далей і накіроўваецца ў Альпы. ************************** Матэрыял "ЭўраРадыё" пра нашую акцыю

July 27, 2008

У Дзень незалежнасці беларусы ўшанавалі магілу Алеся Гаруна ў Кракаве


Крыніца: Эўрарадыё

27 ліпеня апоўдні прадстаўнікі ініцыятывы "Беларуская нацыянальная памяць" адведалі магілу Алеся Гаруна на Ракавецкіх могілках у Кракаве.

Распавядае адзін з удзельнікаў акцыі Анатоль: "Алесь Гарун памёр 28 ліпеня 1920 г. 27-га мы выбраліся ў адведкі таму, што сёння - Дзень незалежнасці, а Алесь Гарун змагаўся за Беларусь, за сьцяг і за мову і памёр у 33 гады. Мы прыйшлі, прыбралі ягоную магілу, прынеслі кветкі, паставілі знічы, прачыталі некалькі ягоных вершаў і "Ойча наш". Паказалі, што мы памятаем, што яго справа працягваецца, і Беларусь будзе вольнай".


Алесь Гарун (сапр. Аляксандр Прушынскі) - выбітны паэт, эсэраўскі дзеяч, рэдактар газеты "Беларускі шлях". У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў.

Ініцыятыву “Беларуская нацыянальная памяць” стварылі студэнты-каліноўцы. Яны маюць за мэту між іншага ўшаноўваць памяць нацыянальных герояў, знаходзіць і даглядаць іхныя магілы.
********

Рэпартаж Радыё "Рацыя" на гэтую ж тэму

November 24, 2007

Сьвяткаваньне 101-й гадавіны «НН» у Варшаве



23 лістапада ў Варшаве адбылася сустрэча з рэдактарам газэты «Наша Ніва» Aндрэем Дыньком. Імпрэза прымеркаваная да 101-й гадавіны з дня выхаду першага нумару газэты.

Сустрэчу арганізавала ініцыятыва «Беларуская нацыянальная памяць».

Адбылася шчырая размову і паказ відэароліку аб працы «Нашай Нівы».

Ролік можна пабачыць або спампаваць тутака.

Ёсьць у інтэрнэце і іншы відэафільм пра «НН».

Крыніца: Наша Ніва

November 5, 2007

Беларускія могілкі ў сьвеце

Наша ніва

Дзяды… продкі… сучасьнікі… пераемнасьць… могілкі… памяць…

Шмат дзе па сьвеце раскіданыя памяткі па беларусах у выглядзе надмагільных камянёў ці безыменных магілак. У Аргентыне й Канадзе, у Кітаі й Новай Зэляндыі, Іране й Танзаніі, Аўстраліі й Францыі, ды шмат дзе яшчэ на пахавальных плітах можна прачытаць імёны беларусаў…

Месцы апошняга спачыну нашых суайчыньнікаў выглядаюць па‑рознаму: вялікія скульптурныя выявы, як некалі на магіле Алеся Марговіча ў Мюнхэне, ці простыя шыльдачкі, як на «цмэнтажы» польскага касьцёлу Андрэя Баболі ў Лёндане, дзе жаданьнем жонкі пахаваны попел праваслаўнага беларуса Паўла Асіповіча…

Раскіданыя беларускія магілы па сьвеце, як раскіданыя былі самі беларусы…

Ёсьць, праўда, месцы, дзе нашыя суайчыньнікі ляжаць у зямлі побач — адмысловыя беларускія могілкі: такія як у аўстралійскім Мэльбурне на Фоўкнэры, ці ў Нью-Джэрзі: як у Саўт‑Рывэры на беларускім могільніку царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай ці на беларускай чыстцы гарадзкога могільніку Іст‑Брансьвіку (як жылі падзеленыя, так і пахаваныя на асобных могілках паваенныя беларускія эмігранты)…

Усе яны, такія далёкія й блізкія, чужыя й родныя — нашыя… дзе б яны не ляжалі зараз…

Натальля Гардзіенка



Магіла грамадзкага дзеяча, афіцэра БКА Аркадзя Качана. Сыднэй (Аўстралія)


Магіла Алеся Салаўя на беларускай частцы могільніку Фоўкнэр у Мэльбурне (Аўстралія)
Эпітафія: Але ня зьляжа ў цёмную магілу, жывы ад веку подых маладосьці




Магіла Янкі Кудрука на могільніку Фоўкнэр. Мэльбурн (Аўстралія)
Тут ляжыць цело маё, прах, я ўжо ў дома, а вы ў гасьцях



Мікола Нікан спачывае на могілках Фоўкнэр у Мэльбурне, побач з двума жонкамі.
На магіле Ліды Нікан напісана: Любіла красы паўніню, / ішла напярэймы дню/
Хто дыхаў нязгаснай красой / Той вечна жыць будзе, бо зь ёй (Алесь Салавей)



Беларуская частка могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША). Заснаваныя ў 1950-х.


Магіла Віктара й Марыі Войтанкаў на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША)


Сямейная магіла Дубягаў на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША)


Беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры пры царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай заснаваныя
ў сярэдзіне 1950-х. Першымі тут былі пахаваныя Сьцяпан Прыдыбайла (1956) і Аляксандар Русак (1957)




Магіла Сяргея Карніловіча на могільніку ў Кліўлэндзе (Агаё, ЗША)


На беларускіх могілках у Саўт-Рывэры 265 пахаваньняў.
Другая зьлева магіла: Стукаліч, тут пахаваны пісьменьнік Юрка Віцьбіч.
Чорна-белы помнік, куды падае цень - магіла Радаслава Астроўскага




Магіла пісьменьніка і журналіста Янкі Золака і яго першай жонкі мастачкі Лідзіі Даніловіч-Каліноўскай
на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі)



Надпіс з адваротнага боку помніка другой жонкі Янкі Золака - Фатыні Даніловіч. Яна некалькі
месяцаў перад сьмерцю знаходзілася ў коме. Беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры



Магіла сьвятароў Лява Гарошкі й Язэпа Гэрмановіча на могілках Сьв. Панкрата ў Лёндане.


Магіла грамадзкага дзеяча Мацея Дурэйкі на Паўднёвых могілках Манчэстэру (Вялікабрытанія)


Магіла Васіля й Яніны Тураў на могілках Сьв. Панкрата ў Лёндане. (Вялікабрытанія)


Магіла старшыні Згуртаваньня беларусаў Канады, брата кіраўніка СБМ Міколы Ганька ў Таронта


Магіла грамадзкага і вайсковага дзеяча Дзьмітрыя Касмовіча ў Штутгарце (Нямеччына)


Магіла журналіста Ўладзімера Цвіркі на могілках Вэстфрайгоф у Мюнхэне (Нямеччына)


Магіла журналіста, супрацоўніка Інстытуту вывучэньня СССР Алеся Марговіча на могілках у Мюнхэне.


Магіла журналіста Ўладзімера Бортніка на могілках Пэрляхэр-Фёрст у Мюнхэне

Здымкі Алега і Натальлі Гардзіенкаў, а таксама з прыватнага архіву Лявона Юрэвіча

October 31, 2007

Як ствараўся Народны фронт

Польскае Радыё

25 кастрычніка ў Варшаве адбылася сустрэча, прысьвечаная гадавіне заснаваньня Беларускага народнага фронту. Дзевятнаццаць год таму, 19 кастрычніка 1988 года, быў створаны аргкамітэт БНФ. Аб гісторыі грамадзкага руху й партыі, якая назаўды ўвайшла ў гісторыю незалежнай Беларусі, маладым беларускім студэнтам распавядалі сьведкі тагачасных падзеяў, дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Мікалай Аксаміт і Пятро Шашкель.

Беларускі народны фронт вырас зь інтэлігенцкага руху, які пачаў фармавацца яшчэ напрыканцы 70-х гадоў. У вытокаў яго cтаялі беларускія мастакі, гісторыкі, пісьменьнікі й паэты. Пра гэта нам распавёў адзін са стваральнікаў партыі Валеры Грыцук.

В. Грыцук: У 1978 годзе Зянон Пазьняк арганізаваў першую ў другой палове XX стагодзьдзя палітычную акцыю ў Беларусі. Гэта была абарона старога горада ў Менску. Да акцыі далучылася вельмі шмат людзей. Фактычна, з гэтага й пачалася гісторыя Беларускага народнага фронту. Прадстаўнікі грамадзкасьці пісалі лісты ў дзяржаўныя ўстановы, ў ЦК КПСС. Нам ўдалося абараніць помнікі гісторыі. Людзі, якія пазнаёміліся падчас гэтай акцыі, падтрымлівалі надалей свае стасункі, ладзілі сустрэчы. Найлепшым месцам для спатканьняў былі майстэрні мастакоў. Мастакі былі ў той час адносна незалежныя ад дзяржавы й карысталіся большай свабодай. На працягу дзесяці год, да 1988 году адбываліся рэгулярныя сустрэчы. Яны былі фармальна апалітычныя: інтэлігенцыя зьбіралася, каб адзначыць важныя даты беларускай гісторыі, ўшанаваць памяць славутых продкаў. Аднак у коле сяброў ўсё роўна ішлі размовы аб будучыні Беларусі. Менавіта гэтыя людзі: мастакі, паэты, пісьменьнікі, навукоўцы, - і сталі рухавіком нацыянальнага адраджэньня. Нажаль, большасьць зь іх празь некалькі год адышла ад палітычнай дзейнасьці, бо яны былі перш за ўсё творцамі. Але справа была зроблена – Беларускі народны фронт быў створаны.

19 кастрычніка 1988 года ў касьцёле сьвятых Сымона й Алены ў Менску адбыўся сход інтэлігенцыі. Мэтай спатканьня было стварэньне Камітэту памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, аднак прысутныя прагаласавалі за тое, каб утварыць больш шырокую арганізацыю. На сходзе быў абраны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту.Народныя фронты - шырокія грамадзкія рухі - паўставалі напрыканцы 80-х гадоў у Летуве, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіне. Камуністычная партыя спрабавала кантраляваць гэты працэс, ставіць на чале грамадзкіх рухаў ляяльных адносна сябе людзей.

Як паведаміў Мікалай Аксаміт, па загадзе ЦК Кампартыі Беларусі БНФ павінен быў узначаліць сакратар Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка. Аднак дзякуючы актыўнай падтрымцы Васіля Быкава на пасаду старшыні Народнага фронту быў абраны Зянон Пазьняк.

Беларускі народны фронт, які быў інтэлігенцкім рухам і меў невялікае прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце, вельмі хутка ператварыўся ў значную палітычную сілу, аднак ня змог супрацьстаяць ўсталяваньню аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

Аб прычынах паразы дэмакратыі ў Беларусі разважае дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Мікалай АксамітМ.Аксаміт: Дзеячы БНФ былі людзьмі інтэлігентнымі. Яны не маглі карыстацца тымі мэтадамі, якія ўжываў Лукашэнка. Па-другое, дэмакратыя тады яшчэ ня ўмацавалася, рэальнай ўлады ў дэмакратаў не было. Першыя парасткі свабоды былі растаптаныя, і гэта зрабіла нават не беларуская намэнклятура, гэта было зроблена пры дапамозе расейскіх спэцслужбаў.

Ці мажлівае сёньне паўстаньне шырокага грамадзкага руху? Тыя, хто стаяў калісьці ля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэньня, лічаць, што гэта магчыма.

М.Аксаміт: Я лічу, што гэта цалкам мажліва. Масавы пратэст можа нарадзіцца з-за пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, але я ня зьвязваў бы з гэтым вялікіх надзеяў. Вядома, чым ніжэй ўзровень жыцьця чалавека, тым ніжэй яго грамадзянская пазыцыя.

Бязглуздая й несумленная прапаганда, якая вядзецца дзяржаўнымі СМІ, ужо выклікае нэгатыўную рэакцыю людзей. Недалёка да той крытычнай кропкі, калі прапаганда рэжыму пачне працаваць супраць яго. Гэта адчуваецца ў грамадзтве. Яно ўжо зусім не такое, якім было яшчэ пяць гадоў таму. Прыйшло новае пакаленьне. Моладзь больш аргэсіўная й прагматычная, чым была ў нашыя часы.

Лідарам, які можа ўзначаліць такі шырокі грамадзкі рух, на маю думку, можа быць Аляксандар Мілінкевіч. Я не бачу сярод лідараў апазыцыйных партыяў людзей, якія б змаглі аб’яднаць грамадзтва. Мілінквічу падчас мінулых выбараў гэта ўдалося. За ім пайшлі й людзі сярэдняга веку, і моладзь. На вялікі жаль, лідары партыяў ставяцца да Мілінкевіча з рэўнасьцю замест таго, каб яго падтрымаць. У гэтым іх вялікая памылка. Шмат каму зь кіраўнікоў партыяў лаўры лідара аб’яднанай апазыцыі не даюць спакою. А лідар ўжо ёсьць. Іншага шукаць ня трэба.

Удзельнік сустрэчы, сябра КХП БНФ Пятро Шашкель выступіў з жорсткай крытыкай усіх кіраўнікоў сёньняшняй беларускай апазыцыі й заявіў, што альтэрнатывы Зянону Пазьняку на беларускай палітычнай сцэне няма.

П. Шашкель: Сёньняшнія лідары гэтак званай апазыцыі маюць шмат амбіцыяў. Я не хачу нічога дрэннага казаць пра Мілінкевіча, але гэта ня лідар. Добра яшчэ, што падчас Эўрапейскга маршу ён не павёў людзей на Бангалёр, як гэта зрабілі іншыя. А моладзь гэтыя “паходы на балота” апазыцыі вельмі добра ацаніла, калі падарыла лідарам партыяў лапатачкі – вядома для чаго, бо на гэтай плошчы выгульваюць сабак.

Мікалай Аксаміт зьвярнуўся да беларускіх студэнтаў Варшавы з заклікам берагчы гонар беларусаў, годна вучыца й працаваць. Хвілінай маўчаньня удзельнікі сустрэчы ўшанавалі памяць нашых сучасьнікаў, грамадзкіх актывістаў, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё справе адбудовы дэмакратыі на Беларусі й заўчасна адышлі ад нас.

Сустрэча была арганізаваная таварыствам “Беларуская нацыянальная памяць” (адрас у інтэрнэце
www.b-n-p.org).