Прэзентацыя структуры адбылася на прыступках святыні. Стваральнікі камітэта – грамадскія актывісты - паведамілі журналістам пра кірункі дзейнасці камітэту.
Па-першае, гэта – інфармаванне грамадскасці аб тым, што насамрэч адбываецца з Касцёлам. Па-другое, - шырокае грамадскае абмеркаванне сітуацыі вакол Касцёла святога Язэпа. Таксама актывісты грамадскага камітэта маюць намер весці судовае разбіральніцтва з прадпрыемствам “Менская спадчына”, якое ажыццяўляе незаконную перабудову святыні.
Апагеем дзейнасці грамадскага камітэта ў абарону Касцёла святога Язэпа “Духоўнае сэрца Менску” стане ініцыяванне правядзення агульнагарадскога рэферэндуму, каб жыхары сталіцы самі далі адказ на пытанне, чаму быць: Касцёлу або гатэлю.
Падчас прэзентацыі грамадскага камітэту была распаўсюджана наступная заява:
Заява грамадскага камітэту “Духоўнае сэрца Менску”
Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, абураныя бязбожным планам рэканструкцыі кляштарнага комплекса і храма св. Язэпа. Мы пратэстуем супраць перабудовы асвечанага храма і кляштара – месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народа – пад гасцінічны комплекс, увесяляльныя залы, рэстараны па вул. Кірыла і Мяфодзія, пад нумарамі 4, 6, 8.
Цягам апошніх пяці год вернікі штодня моляцца пад сценамі былой святыні. У дзяржаўныя ўстановы былі накіраваныя дзясяткі зваротаў, якія не далі выніку. У 2007 годзе каталіцкія актывісты сабралі больш як 30 тысяч подпісаў з просьбай вярнуць касцёл – але становішча не змянілася. У верасні 2010 года было сабрана яшчэ 6,5 тысяч подпісаў. Каля касцёла ладзіліся акцыі салідарнасці, мастацкія пленэры, галадоўкі. Але ўлады ўпарта адмаўляюцца ўлічваць меркаванне грамадскасці, дасылаючы звычайныя адпіскі.
Між тым увесну гэтага году пад маркай “рэканструкцыі” з грубейшымі парушэннямі заканадаўства распачалася перабудова будынкаў кляштара пад гатэльны комплекс. Будынак, дзе маліліся і вывучалі Слова Божае, улады ператвараюць у месца распусты і марнатраўства.
Згодна з арт. 4 “Закону аб архітэктуры і горадабудаўніцтве”, рэканструкцыя гістарычных аб’ектаў мусіць узгадняцца з грамадскасцю адпаведнага горада. КУП “Мінская спадчына”, пачаўшы “рэканструкцыю”, а ў сапраўднасці разбурэнне кляштара бернардынцаў (Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6, 8), груба парушыла закон. Па пытанні касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынцаў такога абмеравання не было. Улады яго “замянілі” фармальным круглым сталом у рэдакцыі газеты “Рэспубліка” 10 жніўня 2007 году.
23 жніўня на тэлеканале АНТ выйшла ў эфір праграма “Выбар”, прысвечаная пытанню гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Між тым у галасаванні 92% людзей выказаліся за захаванне гістарычнай праўды, г.з. за вяртанне касцёла і кляштара вернікам.
Да сённяшняга дня невядома якім чынам перададзены ў 1992-93 гадах грэка-каталіцкай парафіі касцёла і кляштар бернардынцаў зноў апынуўся ва ўласнасці дзяржавы. Чаму ў 2001 годзе ў будынку па адрасе вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 была зарэгістраваная парафія, а зараз раптам аказваецца, што гэтая парафія зарэгістраваная па адрасе вул. Савецкая. Хто з’яўляецца рэальным уладальнікам і інвестарам па перабудове? Чаму парушаюцца ўсе магчымыя законы і пастановы?
Сёння на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці адначасова праходзяць два ўзаемнавыключальныя працэсы: пошук рашэнняў па рэгенэрацыі і развіццю гістарычнага цэнтра і груба парушаючы дзейнае заканадаўства працэс хаатычнага асваення пляцовак дадзенай тэрыторыі.
Абураныя дзеяннямі ўладаў мы ствараем грамадскі камітэт у абарону гісторыка-культурнай спадчыны Менску. Мы лічым, што ў сэрцы Менску не месца гандлёва-забаўляльным аб’ектам. Цэнтр павінен стаць духоўным сэрцам горада.
План дзеянняў грамадскага камітэту:
- Шырокае інфармаванне грамадскасці аб сітуацыі з гістарычным цэнтрам Менску.
- Судовае разбіральніцтва па фактах злоўжывання заканадаўствам КУП “Мінская спадчына”.
- Адкрытае грамадскае абмеркаванне праблемы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку на беларускім тэлебачанні і ў дзяржаўнай прэсе.
- Мінскі гарадскі рэферэндум у сакавіку-красавіку 2011 года па пытанні вяртання касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынцаў.
- Распрацоўка праекта закона аб рэстытуцыі.
- Патрабаванне ўключэння прадстаўнікоў грамадскага камітэту ў склад метадычна-навукова Рады пры Міністэрстве культуры.
Заклікаем далучыцца да працы грамадскага камітэту усіх неабыякавых людзей. Мы лічым, што цэнтр Менску належыць усім пакаленням нашай краіны, якія на працягу стагоддзяў яго стваралі, жывуць сёння і будуць жыць заўтра.
Ірына Губская
Ганна Шапуцька
Анатоль Міхнавец
Аляксей Марачкін
Уладзімір Арлоў
Дзіна Шаўцова
Мікалай Арцюхоў
Алег Трусаў
Генадзь Барбарыч
Вера Ціцянкова
Сяргей Воўчак
Таццяна Кім
Марына Баброўская
Іван Нікітчанка
Ніна Аўгіння Багінская
Лелета Устыновіч
No comments:
Post a Comment