Калі ўлада стаецца самамэтаю ў руках тых, што яе маюць, і не зважае на патрэбы падуладных, дык яна траціць сваю легітымнасьць, бо не выконвае таго, дзеля чаго яна была ўстаноўленая. Лацінская прымаўка кажа: «Corruptio optimi pessima», што можна перакласьці як «найлепшае, калі сапсуецца, робіцца найгоршым»...
У Кнізе Роду ёсьць аповед пра патрыярха Абрагама, як ён аднойчы сядзеў ля свайго намёту ў час дзённай сьпёкі, і раптам убачыў трох падарожнікаў, што набліжаліся да яго. Ён хутка выбег ім насустрач, кажучы: «Мой Уладару! Калі я знайшоў ласку ў вачох Тваіх, дык прашу, не мінай слугі твайго. Хай прынясуць вады, каб вам памыць ногі і супачыць пад дрэвам. Я ж прынясу хлеба, каб вы падмацаваліся, а потым пойдзеце сабе: бо на тое ж вы зайшлі да вашага слугі»(Род 18:3‑5). Насамрэч гэта быў Госпад Бог, які завітаў у госьці да Абрагама. Ва ўсходняй іканаграфіі гэтае здарэньне знайшло адлюстраваньне ў іконе, вядомай пад назваю «Старазапаветнай Тройцы».
У аповедзе ўражвае прастата адносінаў між Богам і чалавекам. Адчуваецца непасрэднасьць і цеплыня, звычайна характэрныя для адносінаў між прыяцелямі, а не між Творцам і ягоным творам. Пра гэта будзе пасьля казаць псалміст: «Госпадзе, Госпадзе наш, як вялікае імя Тваё па ўсёй зямлі! Ты веліч сваю ўзьняў вышэй за неба… Хто ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што ты пра яго дбаеш? Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў Ты яго» (Пс 8:2, 5‑6).
Тая самая непасрэднасьць адчуваецца ў эвангельскім аповедзе пра сёньняшняе сьвята, калі мы згадваем таксама пра Падарожніка зь неба, Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, які прыйшоў, каб стаць адным з нас і пажыць сярод нас. Ён прыйшоў ня ў Боскай сіле і велічы, але як маленькае дзіцятка, якое мае патрэбу ў нашай дапамозе і спагадзе. На жаль, гэтым разам не знайшлося Абрагама, які б яго гасьцінна прыняў. Месцам Ягонага нараджэньня стала пячора, у якой звычайна трымалі жывёлу, і якая такім чынам, як кажацца ў адной зь літургічных песьняў, сталася палацам Уладара.
Ня ведаю, ці мы ўяўляем важнасьць гэтага ўнікальнага здарэньня ў гісторыі чалавецтва, калі Бог ушанаваў нас, стаўшыся адным з нас. Гэты акт Ягонай бязьмежнай дабрыні меў на ўвеце нашае дабро і шчасьце. Безумоўна Ягонае прыйсьце забавязвае нас усіх да таго, каб мы асэнсавалі нашыя адносіны да Бога і да іншых людзей. Гэтае апошняе прыходзіцца нялёгка. Мы часта не здаем сабе справы, што зьневажаючы ці крыўдзячы іншага чалавека, або пагарджаючы ім, мы зьневажаем Таго, хто гэтага чалавека ўшанаваў, стаўшыся сам чалавекам. Гэта датычыцца ня толькі звычайных людзей, як і тых, што маюць уладу над іншымі. Апошнім часам часта многія любяць паўтараць словы сьвятога Паўла, што «усякая ўлада ад Бога». Гэта сапраўды так, бо крыніцай усякай улады ёсьць Бог. Але калі ўлада ад Бога, дык яна павінна паступаць па‑божаму. А Бог у асобе Госпада Ісуса Хрыста сказаў, што «не прыйшоў, каб яму служылі, але каб паслужыць і жыцьцё сваё аддаць як выкуп за многіх» (Мц 20:28). Такім чынам улада ёсьць формаю служэньня. Яе мэта — забясьпечыць парадак і супакой, каб людзі маглі свабодна і безь перашкодаў весьці сваё жыцьцё, разьвіваць дадзеныя ім Богам таленты і дасягнуць апошняй мэты — жыцьця з Богам, згодна са словамі сьвятога Аўгустына: «Стварыў Ты мяне для сябе, Божа, і неспакойнае сэрца маё, пакуль не супачыне ў Табе». Калі ж улада стаецца самамэтаю ў руках тых, што яе маюць, і не зважае на патрэбы падуладных, дык яна траціць сваю легітымнасьць, бо не выконвае таго, дзеля чаго яна была ўстаноўленая. Лацінская прымаўка кажа: «Corruptio optimi pessima», што можна перакласьці як «найлепшае, калі сапсуецца, робіцца найгоршым». Таму ніякая ўлада, — якая павінна быць удзелам ва ўладзе Божай, — калі сапсуецца, ня можа прынесьці нічога добрага.
Дык будзем прасіць добрага Госпада Ісуса Хрыста, чыё нараджэньне сьвяткуем, дараваць нашаму народу добрых правадыроў, каб усе мы пад іхняй аховаю, гаворачы словамі Сьвятой Літургіі, «маглі пражыць нашае жыцьцё ціха і спакойна, з усякай пабожнасьцю і ў чысьціні».
Хрыстос родзіцца — слаўце Яго!
а. Аляксандар Надсан, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа. Каляды 2007 г.