July 27, 2007

Бел-чырвона-белы сьцяг на Сьвятой гары

Беларускія патрыёты сёньня адзначылі Дзень Аднаўленьня Незалежнасьці сымбалічнай акцыяй. Ранкам 10 чалавек выехалі зь Менску да Сьвятой гары (пры савецкай уладзе яе перайменавалі ў Дзяржынскую), якая зьяўляецца вышэйшай кропкай Беларусі. Яе вышыня – 345 метраў над узроўнем мора. Там быў замацаваны шасьцімэтровы сьцягшток.


Адзін з удзельнікаў акцыі распавёў пра сёньняшняе сьвята, пра значэньне "Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце" для краіны. Пасля быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Акцыя скончылася гучнымі воклічамі "Жыве Беларусь!"

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 году. Гэты дзень быў афіцыйным сьвятам да 1996 году, пакуль ня быў адменены ўладамі. Але для патрыётаў Беларусі ён застаецца сьвятам аднаўленьня незалежнасьці нашай краіны.

July 7, 2007

Наша сымболіка

Сёньня ў Варшаве адбылося паседжаньне актывістаў Беларускай Нацыянальнай Памяці, на якім былі абмеркаваныя планы супольнасьці на другую палову 2007 году.

Было разгледжана таксама пытаньне сымболікі. Большасьцю галасоў прынятыя для выкарыстаньня Беларускай Нацыянальнай Памяцьцю дзьве эмблемы:


Гэтыя знакі вельмі часта сустракаюцца ў беларускіх арнаментах, якія выкарыстоўваюцца ў аздабленьні вопраткі, рушнікоў і г.д. Сымбалізуюць яны, згодна з меркаваньнем некаторых дасьледчыкаў нацыянальных арнаментаў, пашану да памяці продкаў, адначасова і надзею, што яны паспрыяюць сям'і ў здароўі і дабрабыце.

Магдалена Радзівіл

8 ліпеня 1861 г. нарадзілася княгіня Магдалена Радзівіл, якая вельмі шмат спрыяла Беларускаму Адраджэньню "нашаніўскага перыяду". Больш падрабязна пра гэтую выбітную постаць нацыянальнай гісторыі можна прачытаць па гэтай спасылцы.

Аднак, сёньня пра асобу Магдалены Радзівіл ведаюць толькі некаторыя дасьледчыкі беларускай гісторыі і культуры. Мы перакананыя, што памяць пра яе павінна жыць у нашым народзе.

Нашая супольнасьць займаецца удакладненьнем яе біяграфіі, шукае месца пахаваньня, каб пазьней рабіць захады для ўшанаваньня вядомай беларускі. Нам удалося атрымаць каштоўныя зьвесткі пра Магдалену Радзівіл ад супрацоўніцы адной са швайцарскіх бібліятэк спадарыні Монікі Банкоўскі. Вядома, што славутая княгіня пахаваная ў прадмесьці Фрыбургу. Месца можна паглядзець на інтэрактыўнай мапе Беларускія кропкі ў Эўропе. Дасьледваньне па гэтай тэме працягваецца.