July 27, 2008

У Дзень незалежнасці беларусы ўшанавалі магілу Алеся Гаруна ў Кракаве


Крыніца: Эўрарадыё

27 ліпеня апоўдні прадстаўнікі ініцыятывы "Беларуская нацыянальная памяць" адведалі магілу Алеся Гаруна на Ракавецкіх могілках у Кракаве.

Распавядае адзін з удзельнікаў акцыі Анатоль: "Алесь Гарун памёр 28 ліпеня 1920 г. 27-га мы выбраліся ў адведкі таму, што сёння - Дзень незалежнасці, а Алесь Гарун змагаўся за Беларусь, за сьцяг і за мову і памёр у 33 гады. Мы прыйшлі, прыбралі ягоную магілу, прынеслі кветкі, паставілі знічы, прачыталі некалькі ягоных вершаў і "Ойча наш". Паказалі, што мы памятаем, што яго справа працягваецца, і Беларусь будзе вольнай".


Алесь Гарун (сапр. Аляксандр Прушынскі) - выбітны паэт, эсэраўскі дзеяч, рэдактар газеты "Беларускі шлях". У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў.

Ініцыятыву “Беларуская нацыянальная памяць” стварылі студэнты-каліноўцы. Яны маюць за мэту між іншага ўшаноўваць памяць нацыянальных герояў, знаходзіць і даглядаць іхныя магілы.
********

Рэпартаж Радыё "Рацыя" на гэтую ж тэму

Зварот БНП з нагоды Дня незалежнасьці Беларусі

Шаноўная беларуская грамада!
Дарагія суайчыньнікі!

Ад імя супольнасьці Беларускай Нацыянальнай Памяці прыміце шчырыя віншаваньні з нагоды 18-й гадавіны абвяшчэньня Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Прынятая Вярхоўным Саветам Беларусі 27 ліпеня 1990 году Дэкларацыя ўвайшла ў навейшую гісторыю нашай краіны, як лёсавызначальная падзея, якая зьдзейсьніла спрадвечнае, непераадольнае імкненьне беларускага народу да вольнага, шчасьлівага, годнага жыцьця.

Полацкае княства, ВКЛ, БНР былі важнымі этапамі дзяржаватварэньня. Зьяўленьне на мапе Эўропы незалежнай беларускай дзяржавы стала трыюмфам праўды дый гістарычнай справядлівасьці, і васемнаццатыя ўгодкі з дня яе нараджэньня даюць нам магчымасьць засьведчыць любоў да Бацькаўшчыны, вернасьць бацькоўскім ганкам і запаветам духоўных бацькоў нацыі, ажыцьцявіць прыроднае прагненьне нацыянальнай еднасьці і салідарнасьці.

Мы нізка схіляем галовы перад памяцьцю тых, хто бараніў родную зямлю ва ўсе часы, аддаў жыцьцё за яе волю, за тое, каб лунаў бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг.

У гэты дзень зычым трываласьці ў справе пабудовы моцнай незалежнай і нацыянальнай дзяржавы, якая сёньня перажывае нялёгкія часы. Перакананыя, што будучыня Беларусі залежыць ад кожнага з нас, ад нашых высілкаў. Сьвяткуючы сапраўдны Дзень незалежнасьці Беларусі будзем памятаць пра тое, што на нас ляжыць адказнасьць за захаваньне суверэннасьці нашай краіны.

Няхай жывая гістарычная памяць беларускага народу, пачуцьцё нацыянальнай годнасьці, самапавагі дадаюць нам творчых сілаў і натхненьня ва ўсіх справах дзеля Чалавека, у імя росквіту Беларусі.

Жыве Беларусь!

July 1, 2008

Памёр Віктар Сікора

У ніжнім шэрагу крайні злева - Віктар Сікора.

Трагічная вестка надышла з Паазер'я. Памёр Віктар Сікора - беларускі патрыёт і змагар.

Вечная памяць!