December 17, 2014

Паэтыцкая вечарына Зянона Пазьняка

Беларуская Нацыянальная Памяць 
запрашае ў чацьвер, 18 сьнежня, на паэтыцкую вечарыну 
Зянона Пазьняка.

Адбудзецца прэзэнтацыя новай кніга вершаў Зянона Пазьняка па-польску "Ojczyzna wieczna".

Вас чакаюць вершы па-беларуску і польску, прамовы, успаміны, дыскусіі.

Сустрэча адбудзецца ў Collegium Civitas (Палац Культуры і Навукі (PKiN), 12 паверх, aula А, pl. Defilad 1 (уваход з боку вуліцы Маршалкоўскай).
Пачатак а 18.30.
Уваход вольны

November 26, 2014

Зварот з нагоды ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

Беларусы!

Яны змагаліся за свабоду сваю і Айчыны! Яны не чакалі ні ад каго дапамогі! Яны самыя вырашалі свой лёс! Яны паклалі свае жыцьці за Беларусь, за нас, за цябе!

Дзевяноста чатыры гады таму, 27 лістапада 1920 году, распачаўся Слуцкі Збройны Чын. Нашы продкі выступілі на змаганне за сваю дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. У бой рушылі Слуцкі і Грозаўскі палкі Першай Слуцкай Брыгады Стралкоў БНР. Да іх далучыліся беларускія часткі арміі Генерала Станіслава Булак-Балаховіча, якія раней біліся пад Мазыром - Беластоцкі батальён і Смаленскі полк, а таксама партызанскія атрады «Зялёнага Дуба».

Некалькі тысяч паўстанцаў на працягу месяца давалі адпор бальшавіцкай навале. Апошнія атрады сышлі з поля бітвы толькі ў студзені 1921 году. Партызанскія атрады прадаўжалі змаганьне яшчэ некалькі гадоў.

Свая Рэспубліка нараджалася ў крывавых муках, але наш беларускі родны дух, які тады ажыў, не згасаў. На поле бітвы ў след за случакамі выходзілі наступныя пакаленьні змагароў за Беларусь.

27 лістапада – іхны дзень: Дзень Герояў. Таму ў заклікаем усіх, хто носіць імя беларуса, годна сьвяткаваць гэты Дзень, успамінаць нашых Герояў і штогод ставіць у акне сьвечку. Няхай яе агенчык сігналіць Змагарам, што ў гэтай хаце помняць іх Чын.



Жыве Беларусь!

Алесь Краўцэвіч, Беларускае Гістарычнае Таварыства
Алег Латышонак, Беларускае Гістарычнае Таварыства ў Польшчы
Анатоль Міхнавец, Беларуская Нацыянальная Памяць

October 28, 2014

Беларускія Дзяды ў Варшаве

Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае усіх беларусаў, якія знаходзяцца ў Варшаве, на дзень памяці продкаў — Дзяды.

У нядзелю, 2 лістапада, сустракаемся а 11-й гадзіне на пляцоўцы перад уваходам у гандлёвы цэнтар Arkadia (al. Jana Pawła II 82).
Наведаем магілы выбітных беларусаў, якія знайшлі спачын у Варшаве, запалім зьнічы. 
Разам з намі будзе Зянон Пазьняк, які распавядзе пра лёсы выбітных прадстаўнікоў нашага народу.

Без мінулага няма будучыні! Чакаем вас!

January 15, 2014

Прэзэнтацыя паэтычнай Анталогіі «ТВАРАМ ДА ШЫБЕНІЦЫ».

Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае на Прэзэнтацыю паэтычнай Анталогіі «ТВАРАМ ДА ШЫБЕНІЦЫ».
Кніга прысьвечана Паўстаньню 1863-1864 гг. і асобе Кастуся Каліноўскага.
У прэзэнтацыі прымаюць удзел:
Язэп Янушкевіч, пісьменнік-архівіст, складальнік анталогіі «ТВАРАМ ДА ШЫБЕНІЦЫ»
Уладзімір Някляеў, паэт
Чэслаў Сэнюх, перакладчык
Запрашаем 16 студзеня, а 17 гадзіне ў Дом Літаратуры ((Krakowskie Przedmieście 87/89, Warszawa)

January 11, 2014

Прэзэнтацыя кнігі Зянона Пазьняка «Тэрра Дэй»

Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае ў аўторак, 14 студзеня, на прэзэнтацыя кнігі Зянона Пазьняка «Тэрра Дэй».

У кнізе на 400-ах старонках сабраныя каля трох сотняў фатаграфій, амаль столькі ж вершаў, дзясяткі апавяданьняў, эсэ, артыкулаў.

Запрашаем на сустрэчу з аўтарам кнігі, знакавай у беларускай гісторыі асобай, вядомым палітыкам, Старшынёй Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ - Зянонам Пазьняком.
 
Сустрэча адбудзецца ў Collegium Civitas, aula А (Палац Культуры і Навукі (PKiN), 12 паверх, pl. Defilad 1 (уваход з боку вуліцы Маршалкоўскай).
Пачатак а 18.00. Уваход вольны.