У час гітлераўскай акупацыі, узначальваючы семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечне, ён ратаваў беларускую моладзь ад вывазу ў Германію. Ён часта любіць паўтараць: «Усё, што я зрабіў, — для Беларусі». Але ён добра разумеў, што ў СССР яго жыццё заўчасна скончылася б у ГУЛАГу. І ён зрабіў свой выбар — не прыняў сталінскай таталітарнай сістэмы, пайшоў у выгнанне. Ратуючыся ад сталінскай дыктатуры, паспытаўшы, што такое паланізацыя, русіфікацыя, фашысцкая акупацыя, пры якой, трапіўшы ў рукі гестапа, ён ледзь не загінуў (у час вайны Б. Кіт быў вязнем Глыбоцкай турмы), у канцы 40-х вучоны стаў грамадзянінам ЗША.
Сёння імя нашага суайчынніка добра вядома навуковай грамадскасці свету, дзякуючы яго працам па касмічнай праграме ЗША. З сярэдзіны 60-х гадоў Б. Кіт удзельнічаў у падрыхтоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм. Як эксперт па астранаўтыцы ЗША ён прымаў удзел у міжнародных з’ездах, перамовах ЗША і СССР аб наладжванні паміж імі супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследванняў. Ён чвэрць стагоддзя ўдзельнічаў у амерыканскіх касмічных даследаваннях, першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аб’ездзіў з лекцыямі амаль усе краіны свету.
Б. Кіт з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў па тэарэтычных пытаннях ракетнай тэхнікі і касмічных даследаванняў, першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве, кнігі “Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі”, а таксама артыкулаў па гісторыі навукі і педагогіцы. У 1983 г. ён абараніў дысертацыю па гісторыі матэматыкі і атрымаў дыплом доктара філасофіі Рэгенсбургскага універсітэта.
Веды Барыса Кіта прызнаны і высока ацэнены ў свеце. Ён старэйшы сябра Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы сябра Брытанскага міжпланетнага таварыства, сябра Дырэктарыята нямецкага Астранаўтычнага Таварыства, сябра камітэта гісторыі Міжнароднай Акадэміі Астранаўтыкі (Парыж). Яму нададзена званне заслужанага прафесара Мэрылэндскага універсітэта. Таварыства імя Германа Обэрта (ФРГ) узнагародзіла Барыса Кіта залатым медалём за заслугі ў галіне астранаўтыкі.
Артыкулы пра Б.Кіта ёсць у многіх аўтарытэтных бібліяграфічных даведніках і энцыклапедыях. Ён стаў ганаровым грамадзянінам Навагрудка, дзе некалі вучыўся, узначальваў гімназію, вучыў дзяцей, ганаровым прафесарам Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. З юбілеямі яго віншуе прэзідэнт Амерыкі.
Прабыўшы больш за паўвека за межамі Беларусі, валодаючы еўрапейскімі мовамі, ён толькі беларускую прызнае роднай, увесь час размаўляе на ёй, лічыць яе самай прыгожай, мілагучнай, здатнай канкурыраваць з асноўнымі еўрапейскімі. На пачатку 90-х гг., калі Беларусь стала незалежнай, ён адным з першых прыехаў на радзіму, пачаў як настаўнік (на сустрэчу з ім у 1992 г. зляцеліся яго шматлікія былыя вучні з Вільні, Мінска, Навагрудка, Паставаў, Глыбокага, Маладзечна, Гродна) ажыццяўляць планы стварэння Беларускага нацыянальнага універсітэта (па тыпу еўрапейскіх). Разам са сваім адвакатам разаслаў сотні лістоў-праспектаў фундацыям у пошуках спонсараў. Але затым многае ў Беларусі зноў змянілася. І ўсё ж Барыс Уладзіміравіч лічыць, што свет, у тым ліку і Беларусь, прыйдзе да сапраўднай дэмакратыі, бо новае тысячагоддзе нясе надзею на лепшую будучыню, якую збудуюць новыя пакаленні. І цяпер, нягледзячы на цяжкае становішча Бацькаўшчыны, ён, мудры, сталы чалавек, памятаючы ўсе складаныя перыяды беларускай і сусветнай гісторыі, верыць у жыццястойкасць радзімы, яе светлыя перспектывы.
Крыніца: Лідзія Савік. Грамадзянін свету // Кантакты і дыялогі. – 2000. - № 1 –2. Яраслаў Грынькевіч. Барысу Кіту – 90 // Дыярыюш. - tbm.org.by/ns/no15/diar.html