Showing posts with label акцыі. Show all posts
Showing posts with label акцыі. Show all posts

April 25, 2020

40 мужоў харобрых

25 красавіка спаўняецца 21 год легендарнаму шэсьцю ў Гародні, якое адчыніла новую старонку ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

Зьмяшчаем артыкул Тацяны Сьнітко, які выйшаў у "Нашай Ніве" (№9 (130) 17.05.1999) і распавядае пра гэтую акцыю.



Іх атрымалася недзе чалавек з сорак.

Хлопец, апрануты ва ўсё чорнае, зірнуў на вежу з гадзіньнікам. Стрэлкі ішлі да мэты з зайдроснай упартасьцю, ня рухаючыся на вачах, але не спыняючыся. Цяпер яны рыхтаваліся акрэсьліць на плоскасьці часу чвэрць цыфэрбляту, сысьціся ў простым куце. Але людзі ўжо не стаялі купкай, а выраўняліся ў карэ. Па цёмна-плямістых шыхтах у паўцемры скакалі вогненныя цені. Яны выхоплівалі таксама колеры трох палотнішчаў над галовамі. Колеры чырвані на белым тле.

Праз імгненьне звон сарваўся з вышыняў вежаў гарадзенскіх храмаў і накрыў сабой плошчу. Узрушэньне хваляй прайшло па тварах людзей з паходнямі. Званы бласлаўлялі крок.

- Бог нас чуе! - натхнёна выгукнуў адзін.

- Жыве Беларусь! - рэхам данеслася ў адказ.

"...Жыве вечна!" - зноў падумаў у гэты час Невядомы чалавек. Званы засьпелі яго непадалёк, на самым рагу плошчы. Абярнуўшыся, ён убачыў калёну - і ўсё зразумеў. ***

- Бойка ў Горадні? - перапытваюць мяне знаёмцы й незнаёмцы. Калегі, міліцыянты, апазыцыянэры. Большасьць зь іх кажа, што "чулі штось такое!..". Чуткі вакол гарадзенскага шэсьця растуць. Як трава ў красавіку. Як курс даляра.

- Гэта, напэўна, ня нашыя былі. Наш сьцяг маглі ўзяць расейскія фашысты... гэбісты... розныя правакатары.

А гэта кажа мой знаёмы міліцыянт. Знаёмы, між іншым, і сваім колішнім "паляваньнем" на менскіх вулічных акцыях. Потым амаль слова ў слова тое ж паўтарае знаёмы бээнэфавец, на якога некалі паляваў той міліцыянт. Потым, дэманструючы нумар "Навінаў" з шыхтом невядомых людзей, большасьць знаёмых даводзіць пра таемны візыт замежных экстрэмістаў. "Мо, то былі унсоўцы, мо, чачэнцы нават...". Добра, хоць сабе косаўскія альбанцы. Але... Чаму ўсё ж не беларусы?! Чаму мы самі ў сабе зьняверыліся з-за гэтай мазахісцкай "талерантнасьці"?!

Мы прывыклі, што "нашыя" - гэта значыць "вузкае кола гэтых рэвалюцыянэраў" і "страшна далёкія яны ад народу". І мы ўсіх іх ведаем у твар, акрамя хіба што паўмітычнага Мірона. Мы самі ня верым у магчымасьць посьпеху.

Урэшце адзін хлапец, якога ніяк не западозрыш у залішняй лаяльнасьці да рэжыму, урачыста абвяшчае: "І я там быў!" - і знаходзіць сябе на здымку ў "Навінах". У самым канцы шэрагу, дзе ні халеры не разгледзець. "Вы жадаеце падрабязнасьцяў? О, вы атрымаеце іх! Я там быў". Мёд-піва піў, шаноўны. На жаль, у Менску толькі. Сама бачыла.
У прынцыпе, някепска, што ўсім хочацца быць героямі. Але вось калі карціць здавацца імі - гэта гамон. Прыехалі.

І тут я ўспомніла пра Невядомага Чалавека. 25-га ён мусіў быць менавіта ў Горадні. Ён павінен быў абавязкова знайсьціся. Невядомы Чалавек (з вашага дазволу, буду працягваць называць яго гэтак) у героі ня рваўся, усяведа зь сябе ня ўдаваў. Такім ня трэба хлусіць.

Першыя ягоныя словы пры нашай сустрэчы:

- Што, і ты таксама "ішла ў апошнім шэрагу"?

Нават пакрыўдзіцца захацелася.

Вось што распавёў пра гарадзенскія падзеі іхны непасрэдны відавочца...

Яны прайшлі па Савецкай мэтраў сто, калі іх ужо чакалі. Дзьве машыны амону і адна - з "цывільнымі" міліцыянтамі. Амонаўцы былі ў бронекамізэльках і з аўтаматамі.

Пасьля таго як міліцыянты пабачылі шыхт моладзі ва ўніформах, у іх быў стрэс. Яны ня ведалі, што рабіць. Я чуў, як адзін пачаў крычаць нешта кшталту: "Я запрошу базу! Что нам делать? Я запрашу базу!..". У "цывільных" гэты шок прайшоў хутчэй. "Іх трэба спыняць!" - і яны паставілі ўпоперак шыхта міліцэйскі "ўазік".

Тады ў шыхце пачулася нейкая кароткая каманда. Калёна проста абышла машыну й рушыла далей - прыкладна ў той бок, дзе ў Горадні месьціцца чыгуначны вакзал.

Праз мэтраў пяцьдзясят міліцыянты пачалі рабіць на калёну дробныя напады ззаду. Так бы мовіць, са сьпіны, выбіваючы людзей з апошняга шэрагу. А на вуліцы пры гэтым было шмат народу. Некаторыя людзі спачатку пачалі абурацца, крычаць: "Гэтыя эрэн'ешнікі, фашысты, колькі можна, ужо й да нас дабраліся!" А потым пабачылі ў чале калёны тры вялікія бел-чырвона-белыя сьцягі ды прымоўклі. Зразумелі, што гэта не РНЕ, а нешта цалкам адваротнае. Вакол мяне пачуліся крыкі: "БНФ! БНФ! БНФ!" Сабраўся натоўп чалавек прыблізна ў дзьвесьце. Ды там, ля ўнівэрмагу на Савецкай, звычайна тусоўка моладзі...

Менавіта ля гэтага ўнівэрмагу і ўспыхнула бойка. Міліцыя атакавала ззаду. Атакі адбівалі. Частка хлопцаў зь першых шэрагаў падалася назад і дапамагала выхопліваць сваіх таварышаў, якіх пачалі хапаць амонаўцы. Рух наперад усё ж павольна працягваўся. Але тут падскочылі міліцыянты, якія ехалі напярэймы. Я налічыў, што там сабраліся два "ўазікі" і тры звычайныя патрульныя машыны. Падцягваліся яшчэ й міліцэйскія нарады з райаддзелаў. Калёна відавочна трапляла ў аблогу.

Тады я заўважыў: хлопцы, што йшлі наперадзе, становяцца ў больш шчыльны шыхт. І раптам пачулася: "Ру-бон! Ру-бон!"

Народ адразу сьціх. Такога ў Горадні ня бачылі яшчэ ні разу. Міліцыя пачала наскокваць на шыхт дэманстрантаў, але ў рукох у тых палалі паходні. З боку глядзелася, быццам калёна ашчацінілася гэтымі паходнямі, як ёрш. З усіх бакоў, хто б ні спрабаваў сунуцца ўсярэдзіну - паўсюль мог натыкнуцца на вогнішча. Як я бачыў, адзін міліцыянт сапраўды натыкнуўся, абпаліўшы твар. Ён адразу выйшаў з гульні. Калёна паступова пачала прасоўвацца далей, да рогу Савецкай, дзе пачынаецца вуліца Ажэшкі.

І вось тут хлопцаў сапраўды пачалі браць у кола. Ужо пасьпела наехаць процьма машынаў. Відаць, дэманстранты вырашылі цьвёрда абараняцца далей, бо самі сталі ў кола. Я тады падумаў: у выпадку, калі б яны вырашылі прарываць кардон, у іх бы, напэўна, гэта атрымалася. Але - не, хлопцы гутарылі зь міліцыяй. Яны пыталіся, хто зь міліцыянтаў тут галоўны.

Дэманстранты прасілі міліцыю дазволіць ім прайсьці па вуліцы Ажэшкі, абяцалі адразу пасьля гэтага разысьціся й нічога не парушаць. Нехта з калёны напаўжарт прапанаваў амапаўцам таблеткі ад галаўнога болю. Мабыць, менавіта гэта іх і раззлавала. Пасьля сутычак яны й так не былі ў гуморы. Перамовы скончыліся тым, што амон пайшоў у атаку.

Аднак першыя атакі зноў былі адбітыя.

Яшчэ пасьля таго, як калёна спакойна абышла першую міліцэйскую машыну, міліцыя рабіла выгляд, што гэтая машына вось-вось пратараніць шыхты. Пару разоў "уазік" разганяўся й на вялікай хуткасьці рэзка тармазіў перад самымі людзьмі. Можна было не на жарт спужацца, ня дзіва, што нехта пару разоў стукнуў па капоце. Там усе былі ў стане шоку - што адзін, што другі бок.

Частка людзей, што стаялі ў натоўпе разам са мною, пайшла біцца за гэтых невядомых хлопцаў. Знайшліся некалькі чалавек, якія кінуліся біцца таксама, але - у шэрагі міліцыі. Вельмі хутка гэтыя людзі некуды зьніклі. Такое ўражаньне, што сам амон іх і папляжыў там: адрозьніць, хто - што, было дужа цяжка. Усе ў шокавым стане, а тут яшчэ нейкія людзі мітусяцца! Мянты даўблі ўсіх, хто побач.

Утварылася кола паміж абаронцамі й назіральнікамі, і ў гэтым коле бегалі міліцыянты. Стаяў вэрхал; з самых першых сваіх нападаў на калёну большасьць міліцыянтаў кідалася на шэсьце з такой гатоўнасьцю, быццам даўно чакала выпадку...

Бачачы, што разагнаць хлопцаў не атрымліваецца, міліцыя ўжыла газ. Мне асабіста падалося, што скарысталі і звычайны газ, і "Чаромху" (апошняя была, хутчэй за ўсё, ў амона). З адлегласьці мэтраў у 50 - я мусіў адысьці - выпушчаны газ глядзеўся, як туман.

Хлопцы пачалі разьбягацца хто куды. Абараняцца было немагчыма: пазалівалі вочы, твары, там не было ўжо чым дыхаць. Частку адразу "павязалі". Паклалі на асфальт, білі дубінкамі і аўтаматамі. Толькі прыкладамі, "стваламі", але было такое ўражаньне, што па іх гатовыя страляць.

Адразу ж ахова абклала вакзал, у бок якога рухалася шэсьце. Ператрасалі цягнікі, узьнялі ўсе пасты, якія маглі. Прыблізна апоўначы на вакзале было ўжо шмат "людзей у цывільным". Затрымлівалі ўсіх, нават малалетак, абы тыя мелі выгляд, хоць чымсь падобны да выгляду дэманстрантаў. Прыкметамі былі чорныя джынсы, чорныя курткі, "берцы" - вайсковыя боты на шнуроўцы. Асаблівую ўвагу зьвярталі на боты; хто быў у іх абуты - забіралі адразу безь лішніх "цырымоніяў". Я бачыў, як схапілі нейкага хлопца, можа ўдзельніка шэсьця, а мо й не. Твару ягонага я ня ведаў. Яго пасьля білі ў тупіку. Паставілі на расьцяжку ды мэтадычна зьбівалі. Пазьней высьветлілася, што разам з удзельнікамі забралі некалькі зусім выпадковых людзей, спрабавалі іх прышыць да справы.

Многіх з тых, хто адыходзіў, ратавалі самі гарадзенцы, мінакі, зусім незнаёмыя людзі. Гэтак цягнулася ўсю ноч. Усе, хто пасьпеў пачуць, што адбылося, сустракаючы ў горадзе хлопцаў з калёны, літаральна бралі за руку ды выводзілі ў бясьпечнае месца. Ранкам на месцы самай жорсткай бойкі нехта паклаў кветкі й бел-чырвона-белы сьцяг..."

Чамусьці ніхто нідзе яшчэ не згадаў адной цікавай дэталі: што адзін з удзельнікаў гарадзенскай акцыі пайшоў у міліцыю ды здаўся сам. Гэта, аднак, не была "яўка з павіннай". Менавіта гэты чалавек яшчэ перад пачаткам несанкцыяванай акцыі ўзяў на сябе ролю камандзіра. Потым ён ня мог стрываць таго, што ягоныя людзі з паламанымі касьцямі, пабітымі галовамі ня ўсе змаглі выбрацца зь месца пабоішча. Якраз пайшлі чуткі, што адзін з затрыманых нібыта патрапіў у рэанімацыю й можа памерці. Казалі, яго бачылі ў РАУСе непрытомным у лужыне крыві. Ніхто пакуль ня ведаў, што праўдай было толькі апошняе сьцьверджаньне.

Камандзір хлопцаў пайшоў па райаддзелах у пошуках затрыманых паплечнікаў. Калі верыць расповедам, выглядала гэта прыкладна так. У дзяжурку РАУСу заходзіць саліднага выгляду дзядзька ў форменнай вопратцы і строга пытаецца, дзе арыштаваныя дэманстранты. Міліцыянты выцягваюцца перад ім у струнку (думаюць, што прыехала нейкая праверка) і рапартуюць, што хлопцаў тут няма. Толькі з трэцяй спробы ў трэцім пастарунку замест "стрункі" вынікам запыту сталася разгубленасьць іншага кшталту. Паклікалі начальніка. Усю адказнасьць за акцыю камандзір хлопцаў узяў на сябе.

У інтэрв'ю мясцовай прэсе начальнік паведамляў аб дзесятку хуліганаў з гарадзенскага Маладога Фронту, якія пры выглядзе амону "адразу разьбегліся". Пры гэтым, зь ягоных словаў, асаблівых траўмаў не было. Між іншым, згодна зь міліцэйскімі апэратыўнымі зводкамі, для разгону дэманстрацыі былі скарыстаныя амон, ППСМ, спэцпадразьдзяленьні ўнутраных войскаў і апэрытыўна-вышуковыя службы міліцыі (паводле нашых зьвестак, усяго каля 350 чалавек).

Невядомы Чалавек распавёў, як пры затрыманьнях міліцыянты рэзалі на хлопцах на кавалкі камуфляжную форму. Але сапраўднае захапленьне выклікалі "трафэі" - скураныя папругі. У пастарунку некаторыя міліцыянты кінуліся тут жа прымяраць абноўкі, не зьвяртаючы ўвагі на затрыманых.

Пасьля сутачных адсідак па адміністратыўнай справе некаторых хлопцаў выклікалі для гутаркі ў КГБ. Гэбістаў найбольш зацікавіла кола, у якое дэманстранты выстраіліся дзеля абароны. Гутаркі яскрава дэманструюць, што ў нетрах лукашэнкаўскіх спэцслужбаў і зараз жыве трохгадовай даўніны "справа УНСО".

Адны ў Беларусі баяцца. Баяцца лёсу Тамары Віньнікавай, Генадзя Карпенкі, Арнольда Пячэрскага, Юрыя Захаранкі. Баяцца зьнікнуць. Знайшлося 40 мужоў харобрых. Якія не баяцца ўзьнікнуць.



March 18, 2013

Беларусы ў Ватыкане

Беларускія пілігрымы зьбіраюцца на плошчы Сьвятога Пятра ў Ватыкане ў чаканьні на заўтрашнюю інаўгурацыю Папы Францішка.



March 26, 2012

Шэсце на Дзень Волі ў Варшаве

Крыніца

25 сакавіка беларусы Варшавы адсвяткавалі Дзень Волі. Раніцай яны сустрэліся каля Ронда Вашангтона, адкуль калона з сарака чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, накіравалася шэсцем да дошкі ў памяць генерала войска Беларускай Народнай Рэспублікі Булак-Булаховіча. Перад прысутнымі выступілі Анатоль Міхнавец і Зміцер Бародка. Да дошкі былі ўскладзены знічы і бел-чырвона-белыя сцягі.

Далей калона рушыла да каралеўскага палаца, дзе ў неба былі выпушчаны шарыкі колераў нацыянальнага сцяга Беларусі.









У Вільні адзначылі Дзень памяці Кастуся Каліноўскага

Крыніца

22 сакавіка мерапрыемствы ў межах адзначэння Дня памяці Кастуся Каліноўскага распачаліся а 17-й гадзіне каля памятнага крыжа на Лукішскім пляцы. Перад прысутнымі выступілі вядомыя беларусы: Хведар Нюнька, Алесь Пушкін, Валянцін Голубеў ды іншыя.
Ад памятнага крыжа беларуская грамада, рушыла да месца, дзе кіраўнік паўстання 1863 году Каліноўскі быў пакараны смерцю. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца помнік летувісам, якія змагаліся і загінулі за волю Летувы. Каля сімвалічнай Галгофы беларусы ушанавалі памяць беларускіх і летувіскіх паўстанцаў запаліўшы бел-чырвона-белыя знічы.
Далей шэсце рушыла да Замкавай Гары, дзе меркавана пахаваны Кастусь Каліноўскі.
Напрыканцы Дня Памяці кіраўнік “Беларускай Нацыянальнай Памяці” Анатоль Міхнавец заклікаў усіх ушаноўваць памяць Кастуся Каліноўскага ўсімі даступнымі мерам.





Адзначым, што арганізатарам мерапрыемства выступіла ініцыятыва “Беларуская Нацыянальная Памяць”.
Нагадаем, што 22 сакавіка 1864 года расійскія ўлады забілі ў Вільні кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання ў Беларусі і Літве Кастуся Каліноўскага. Ад 2010 года ў былой сталіцы ВКЛ ладзіцца Дзень памяці Каліноўскага.

January 25, 2012

План мерапрыемстваў БНП на 2012 год

Рада БНП на сваім паседжаньні зацьвердзіла папярэдні план правядзеньня ды ўдзелу ў беларускіх мерапрыемствах у 2012 годзе.

4 лютага - лыжны рэйд памяці Кастуся Каліноўскага (Баброўнікі - Мастаўляны)

21 лютага - беларуская дыктоўка (Міжнародны дзень роднай мовы)

24 сакавіка - дзень памяці Кастуся Каліноўскага (Вільня)

25 сакавіка - сьвяточная акцыя на Дзень Волі

красавік - успамін памерлых продкаў (Радаўніца)

12 траўня - рэйд на роварах памяці Станіслава Булак-Балаховіча (Варшава)

10 чэрвеня - рэйд на роварах памяці Язэпа Булак-Балаховіча (Гайнаўка-Белавежа)

8 верасьня - шэсьце ў гонар Дня беларускай вайсковай славы (Варшава)

27 кастрычніка - Дзень памяці паўстанцаў 1863 году (Сьвіслач)

2 лістапада 2012 - Дзяды

27 лістапада 2012 - сьвяточная акцыя на Дзень герояў

September 14, 2011

Дзень Беларускай Вайсковай Славы ў Варшаве


Рэпартаж Эўрарадыё

Рэпартаж Радыё Свабода

Рэпартаж InterPolit

У Варшаве узгадалі памяць нарачонай Каліноўскага Марыі Ямант


Артыкул на InterPolit

Рэпартаж Эўрарадыё

May 15, 2011

Велапрабег у гонар Булак-Балаховіча

Юрась Высоцкі, Варшава, Радыё Рацыя

13 кіламетраў па Варшаве на роварах у гонар генерала Булак-Балаховіча. Арганізацыя Беларуская Нацыянальная Памяць зладзіла роварны рэйд памяці беларускага ваеннага дзеяча.

Ініцыятарам велапрабегу выступіў старшыня Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоль Міхнавец.

- Пачнем тут ад помніка дэ Голя з цэнтру Варшавы і паедзем на тое месца, дзе ён загінуў. Вуліца Парыжская. Там была ягоная канспіратыўная кватэра і там Булак-Балаховіч загінуў у баю з немцамі 10 мая 1940 года. Мы наведаем тое месца, там ёсць памятная шыльда. А паздней мы плануем заехаць на Палонскія могілкі вайсковыя, дзе ёсць сімвалічная магіла генерала Булак-Балаховіча.

Нешматлікія ўдзельнікі рэйду пад бел-чырвона-белымі сцягамі, прымацаванымі да рамаў ровараў, распавялі чаму яны вырашылі паўдзельнічаць у акцыі.

- Я вельмі часта бяру ўдзел у беларускіх мерапрыемствах у Варшаве. Для мяне гэта нейкія маральныя вартасці. Люблю збірацца разам са сваімі роднымі людзьмі.

- Зацікавілася беларускай тэматыкай, хацела больш даведацца пра генерала Булак-Балаховіча.

Акцыя ўшанавання памяці беларускіх змагароў пройдзе і на Беласточчыне - гаворыць Анатоль Міхнавец.

- Гэтым рэйдам мы хочым гэтую памяць замацаваць, прапагандаваць, каб людзі далучаліся, каб ведалі. Братоў Булак-Балаховічаў было два: Станіслаў – старэйшы, а малодшы быў Язэп, якога забілі таксама – у Белавежскай пушчы агенты НКУС. 6 чэрвеня ўгодкі яго смерці. Таксама будзем рабіць такі рэйд – у мінулым годзе рабілі з Гайнаўкі да Белавежы, там ёсць яго магіла. Запрашаем таксама усіх далучыцца.

Булак-Балаховіч, асоба неадназначная і мае неадназначны лёс, які блага даследаваны. Але дакладна вядома тое, што ён быў таленавітым вайскоўцам і змагаўся за вольную Беларусь. У гэтым годзе – гэта 71-я ўгодкі са дня смерці беларускага генерала.



May 10, 2011

Беларуская сымболіка на чэмпіянаце сьвету па хакею

Сябры БНП падтрымалі зборную каманду Беларусі па хакеі на чэмпіянаце сьвету ў Славаччыне.




May 4, 2011

Радаўніца 2011

3 траўня на Радаўніцу ў Варшаве, Кракаве, Янаве Падляскім беларусы Польшчы ўшанавалі памяць беларускіх дзеячаў.
Сябры БНП днямі адшукалі ў Янаве-Падляскім месца пахаваньня Сяргея Сарокі - грамадскага і праваслаўнага дзеяча, удзельніка заходнебеларускага культурна-асветнага руху ў міжваеннае дваццацігоддзе, рэдактара, выдаўца, публіцыста.
* * *
"Беларускія могілкі ў Варшаве". Пад такой назвай на Радыё "Рацыя" выйдзе рэпартаж ў праграме "Краязнаўчыя кропкі.
* * *
Кіраўнік БНП Анатоль Міхнавец выступіў у «Гарачым каментары» на тэлеканале БЕЛСАТ

February 27, 2011

Лыжны прабег у гонар Каліноўскага




26 лютага сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці правялі лыжны рэйд у гонар Канстанціна Каліноўскага. Другі год запар удзельнікі праехалі на лыжах ад Баброўнікаў да Мастаўлянаў.

Перад пачаткам акцыі завіталі на Радыё "Рацыя" у Беластоку, дзе былі гасьцінна прынятыя супрацоўнікамі гэтай радыёстанцыі. Прыйшоў прывітаць удзельнікаў прабегу і вядомы гісторык Алег Латышонак, які запрасіў наведаць сядзібу Беларускага Гістарычнага Таварыства. Там кожны атрымаў у падарунак кнігу Янкі Запрудніка "Дванаццатка", а БНП у сваю бібліятэку атрымала падшыўку часопіса "Беларускі гістарычны зборнік".

Далей быў выезд у Баброўнікі і рэйд на лыжах. Праз 7 км нас ужо сустракалі Мастаўляны. Там нас чакала сумная вестка. Пэўны час таму памёр наш сябра, беларускі патрыёт сп. Уладзімер Зарэцкі. Сын памерлага разам з намі наведаў магілу сп.Уладзімера, дзе ўсе ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчаньня і малітвай па хрысьціянскаму звычаю.

Канчатковай кропкай рэйду было месца былой сядзібы Каліноўскіх, дзе каля яе кутнага камяня адбыўся невялікі імправізаваны мітынг.

На зваротным шляху ў Беласток наш аўтобус з высока ўзьнятым бел-чырвона-белым сьцягам праехаў уздоўж памежнай чаргі беларускіх грузавікоў. Кіроўцы радасна віталі нас усмешкамі на тварах, воклічамі і гудкамі сваіх самаходаў.

Сябры, запрашаем у наступным годзе прыняць чынны ўдзел у лыжным рэйдзе ў гонар К.Каліноўскага. Памяць пра герояў павінна жыць вечна!

Жыве Беларусь!

December 21, 2010

September 19, 2010

Адбылася страйкбольная гульня

Дзякуй усім удзельнікам страйкбольнай гульні памяці Янкі Філістовіча, якая адбылася сёньня ў Варшаве.

Памятайма беларускіх герояў! Усіх, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!

June 15, 2010

У памяць пра генэрала

12 чэрвеня з Гайнаўкі да Белавежы (Польшча) адбыўся велапрабег у гонар генэрала Язэпа Булак-Балаховіча, арганізаваны БНП.

Эўрарадыё

Радыё "Рацыя"





Cустрэча з Юрыем Туронкам

11 чэрвеня 2010 у Варшаве адбылася сустрэча з вядомым гісторыкам Юрыем Туронкам.

Спадар Юры распавёў пра стварэньне і дзейнасьць Саюзу Беларускай Моладзі.
Былі паказаныя архіўныя здымкі пра дзейнасьць СБМ.

Ня гледзячы на паважны узрост, у красавіку гэтага году спадар Юры сьвятаваў 81 дзень народзінаў, ён і надалей займаецца дасьледваньнем падзеяў ІІ сусветнай вайну.

Гэты пярыяд гісторыі Беларусі зьяўляецца найбольш абылганым савецкай прапагандай.
Кнігі спадара Юрыя былі аднымі з першых спробаў адкінуць хлусьню прапаганды і паказаць
тое, што было сапраўды ў Беларусі тыя часы.

У восень адбудзецца наступная сустрэча з нашым славутым гісторыкам.


June 9, 2010

Велапрабег памяці Язэпа Булак-Балаховіча

Беларуская Нацыянальная Памяць, Зьвяз беларускай моладзі, Беларускае аб'яднаньне студэнтаў запрашаюць 12 чэрвеня 2010 году на велапрабег памяці Язэпа Булак-Балаховіча.

Стартуем у Гайнаўцы а 12 гадзіне ад сядзібы Беларускага музэя (вул. 3 Мая, 42). Фініш - у Белавежы.

Ушануем памяць тых, хто змагаўся, каб жыла Бацькаўшчына!

May 19, 2010

Фотаздымкі з велапрабегу ў гонар генэрала Булак-Балаховіча







Больш здымкаў можна паглядзець у нашым фотаальбоме:

Велапрабег у гонар генэрала С.Булак-Балаховіча

May 10, 2010

Успамін генэрала Булак-Балаховіча

10 траўня спаўняецца 70 гадоў з дня сьмерці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, генэрала Беларускай Народнай Рэспублікі і Польскага войска.

Вечная слава і памяць героям!

У сувязі з гэтай памятнай нагодай Беларуская Нацыянальная Памяць пры падтрымцы тэлеканала "Белсат" арганізуе


Велапрабег пройдзе па варшаўскіх месцах, зьвязаных зь імем генэрала. Пачнецца а 11 гадзіне 15 траўня ад помніка Дэ Голя, далей праз мост Панятоўскага на правы бераг Віслы - на вуліцу Парыскую 27, месца сьмерці Булак-Балаховіча. Далейшы шлях павядзе на вайсковыя могілкі на Павонзках, месца сымбалічнага пахаваньня генэрала.

Працягласьць маршруту каля 13 км. Час разам з перапынкамі складзе каля 1,5 гадзіны.

Тэлеканал "Белсат" падрыхтаваў падарункі для кожнага ўдзельніка велапрабегу.

Схема маршруту

Глядзі он-лайн дакумэнтальны фільм "Генэрал няскончанай вайны", зьняты тэлеканалам "Белсат".