March 22, 2010

Дзень памяці Кастуся Каліноўскага

22 сакавіка 1864 году на Лукішскім пляцы ў Вільні расейскія карнікі забілі нацыянальнага героя, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Беларусі і Літве, Кастуся Каліноўскага.

З гэтай нагоды ўчора ў Вільні Беларуская Нацыянальная Памяць пры падтрымцы Таварыства беларускай культуры ў Летуве арганізавала і правяла Дзень памяці Кастуся Каліноўскага.

20 сакавіка ўвечары грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці колькасьцю 16 чалавек рушыла ў кірунку Вільні. Першым прыпынкам стала Коўна. На могілках Petrašiūnų kapinės наведалі магілу Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Прыбралі пахаваньне, запалілі зьнічы і ўшанавалі памяць Беларускага дзеяча малітвай "Ойча наш".

А 12 гадзіне ў Вільні распачаўся Дзень Памяці Кастуся Каліноўскага. У навучальным корпусе ЭГУ адбылася акадэмія, на якой перад прысутнымі выступілі гісторык Юры Бачышча, краязнаўца Уладзімір Хільмановіч і кіраўнік БНП Анатоль Міхнавец.

А 15.30 на Лукішскім пляцы пачалося шэсьце ў гонар Кастуся Каліноўскага. Каля памятнага крыжа выступіў Сяргей Дубавец, які распавёў пра апошні дзень жыцьця Кастуся Каліноўскага і пра месцы ў Вільні, якія мы павінны памятаць і ведаць. Ад памятнага крыжа беларуская грамада, якая налічвала каля 70 чалавек, рушыла да месца, дзе кіраўнік паўстаньня 1863 году К.Каліноўскі быў пакараны сьмерцю. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца помнік летувісам, якія змагаліся і загінулі за волю Летувы. Каля сымбалічнай Галгофы беларусы ушанавалі памяць нашых і летувіскіх паўстанцаў запаліўшы бел-чырвона-белыя зьнічы.

Далей шэсьце рушыла па прашпекце Гэдыміна да Замкавай Гары. Наперадзе калёны была Пагоня і партрэт Кастуся Каліноўскага, які намаляваў і нёс Алесь Пушкін.

На Замкавай гары адбылася заключная частка Дня памяці. Побач з месцам пахавання Кастуся Каліноўскага адбылася памінальная цырымонія. Выступілі спадары Сяргей Дубавец, Алег Мінкін і Хведар Нюнька. На месцы магілы былі запаленыя зьнічы, пакладзены кветкі. Памяць Кастуся Каліноўскага і усіх паўстанцаў, якія змагаліся за Волю нашага Краю была ўшанавана хвілінай маўчаньня.

Напрыканцы Дня Памяці Анатоль Міхнавец заклікаў усіх ушаноўваць памяць Кастуся Каліноўскага ўсімі даступнымі мерамі, як ў Вільні, так і ў Беларусі. 22 сакавіка павінны гарэць зьнічы і ляжаць кветкі ва ўсіх памятных месцах.

А 17 гадзіне на Замкавай гары беларусы выгукнулі паўстанцкі пароль:
-Каго любіш?
-Люблю Беларусь!
-Дык узаемна!

За дапамогу выказваем падзяку сп.сп. Сяргею Дубаўцу, Алесю Смалянчуку, Хведару Нюньку, Артуру Яўмену, Аляксею Махначу, Кірылу Атаманчыку, Тацяне Елавой, Таварыству беларускай культуры ў Летуве, ЭГУ, БУНТу і ўсім тым, хто дапамагаў у арганізацыі Дня памяці Кастуся Каліноўскага.

Больш фотаздымкаў з мерапрыемства можна паглядзець тут і тут.


No comments: