Кароткая біяграфія
Кардынаты магілы: Cmentarz Centralny, nr. kwatery 72b, rzad 13, nr.grobu 6
Вечная слава і памяць змагарам Слуцкага Збройнага Чыну, якія пайшлі паміраць каб жыла Бацькаўшчына!
Але ня ўсім гэтага хочацца. І шматлікія сілы хочуць сьцерці ня толькі дзеі, але і памяць пра іх. Такі лёс напаткаў і нашу нацыю. Гістарычны шлях нашага народу склаўся так, што шматлікія хацелі скрасьці ня толькі яе гісторыю, але і памяць, з тым, каб пасьля далучыць да сябе.
Гісторыя ХХ стагодзьдзя — перадусім, гэта гісторыя змаганьня і даказваньня свае існасьці на палітычнай мапе сьвету. Яна складаная і трагічная, у многім няўдалая і зьняважаная. Але яна была. А значыць — мы жывыя як нацыя, як народ, як асобы, бо здольныя на пратэст і не даем сябе сьцерці з твару зямлі насуперак волі моцных гэтага сьвету.
Адной з такіх падзеяў быў Слуцкі збройны чын, чарговыя ўгоді якога адзначала Таварыства беларускай культуры ў Літве 24 лістапада 2007 г.
З ходам падзей, якія адбываліся ў тых далёкіх дваццатых гадах, пазнаёміў Валеры Місюк. Ён кораценька распавёў пра тыя трагічныя падзеі і зламаныя лёсы: як Бацькаўшчыны, так і тых людзей, што паміралі, каб жыла Беларусь.
На жаль, у сёньняшняй Беларусі памяць пра Слуцкі збройны чын ня толькі зьнішчаная, але і забароненая. Яны паміралі са словам «Беларусь» на вуснах, а сёньняшняя Беларусь ня хоча іх прызнаваць — тут яны аказаліся пераможанымі і забытымі.
У самой Беларусі прамаскоўскі акупацыйны ўрад зрабіў усё, каб зьнішчыць Беларусь.
Але засталося нешта большае, што немагчыма сьцерці і выкрасьліць. Гэта памяць — памяць тых дзей і дзён, памяць людзей, якія засталіся ў вечнасьці.
Другая частка праграмы была прысьвечаная клясыку беларускай літаратуры Якубу Коласу. Леакадыя Мілаш кораценька распавяла пра жыцьцёвы шлях песьняра. На жаль, і пра яго забылі. Да гэтага часу не адведзенае яму адпаведнае месца ў беларускай культуры. Да прыкладу, колькі вуліц гарадоў Беларусі носіць імя Якуба Коласа? Думаю, што няшмат. Колькі праведзена мерапрыемстваў, прысьвечаных нашаму земляку? Думаю, таксама няшмат. Затое праводзяцца Пушкінскія, Шагалаўскія мерапрыемсты, вечары, канфэрэнцыі. Цікавы лёс гэтых людзей, якія шчыра любілі Беларусь. Іх проста выкрэсьліваюць з памяці.
Пасьля Хведар Нюнька падзяліўся тым, як ствараецца музэй Якуба Коласа ў Павільні (Павільнюс), — справа, якая зацягнулася на дваццаць год, так і стаіць на месцы.
Хаця, зь іншага боку, ня ім патрэбныя гэтыя музэі і гэтая памяць. Яны жылі, любілі Беларусь і годна выконвалі свой абавязак дзяцей гэтае зямлі. І яны засталіся зь ёй і ім ня сорамна перад памяцьцю і вечнасьцю.
Напрыканцы праграмы мастак Алег Аблажэй распавёў пра Пётру Сергіевіча і пра тое, як яны хацелі стварыць музэй мастака, але нічога ня выйшла. І яшчэ адзін беларус застаўся неўшанаваным.
Апошняй часткай нашай праграмы быў паказ відэафільму пра адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў мастак Пётра Сергіевіч. Ды яна не захавалася — скралі.
Падсумоўваючы зробленае і сёньняшні дзень, адчуваеш сум на душы. Беларусь забываецца са сваімі героямі, беларусы зракаюцца сваіх каранёў, вядзецца нахабная і адкрытая русіфікацыя Беларусі, а Захад пры гэтым толькі моўчкі назірае за ўсім.
Але заўжды застаецца надзея — кроў пакутнікаў, што паліла зямлю, мусіць даць усходы.
Алесь Адамковіч, Вільня
Крыніца
Алег Аскерка
Сёння 87-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну 1920 году. З гэтай нагоды на тэрыторыі народнага мемарыялу Курапаты ўсталяваны памятны крыж слуцкім змагарам, якія загінулі ў бальшавіцкім ГУЛАГу. А ў мінулыя выходныя сябры Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама актывісты Партыі БНФ, “Маладога фронту”, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ арганізавалі дзве аўтобусныя выправы па месцах баявых дзеянняў Слуцкай брыгады стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Крыж усталявалі сябры Грамадскага аргкамітэту па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Вось, што сказаў Рацыі сябра гэтага аргкамітэту Вячаслаў Сіўчык.
- Сёння 27 лістапада – дзень Слуцкага збройнага чыну. Пачынае складацца традыцыя ў гэты дзень усталёўваць крыж у памяць пра случакоў, удзельнікаў гэтага паўстання, што загінулі ў ГУЛАГу. Справа ў тым, што вельмі шмат і ўдзельнікаў паўстання і проста беларусаў, якія жылі ў зоне Слуцкага збройнага чыну, сутыкнуліся ў 30-я гады з масавымі рэпрэсіямі бальшавікоў. Там высяляліся цэлыя вёскі. Практычна ніхто з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, каго ведалі бальшавікі, не памёр сваёй смерцю. Усе яны былі закатаваныя.
Грамадскасць у Беларусі пачала адзначаць 87-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну яшчэ 24 лістапада. 85 чалавек на двух аўтобусах выправіліся па маршруце Мінск-Грозаў-Семежава-Вызна-Слуцк-Старыя Дарогі. Гэта фактычна маршрут баявых дзеянняў Слуцкай брыгады стральцоў БНР супраць Чырвонай арміі ў лістападзе-снежні 1920 году. Каля памятных крыжоў у гэтых мястэчках, а таксама каля былога будынку Часовай рады Случчыны, прайшлі малебны, былі ўскладзеныя кветкі, запаленыя свечкі.
Людзі пад бел-чырвона-белымі сцягамі спявалі паўстанцкія песні случакоў, вядомы музыка пан Скіргайла-Паланэцкі граў на дудзе. Увечары, на тэрыторыі прыватнага музею Анатоля Белага ў Старых Дарогах быў адкрыты памятны знак удзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел людзі з Мінску, Слуцку, Салігорску і Ліды. Гэтыя мерапрыемствы ладзілі актывісты Партыі БНФ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
А ў нядзелю 25 лістапада Грозаў, Семежава, Вызну і Слуцк наведалі актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і “Маладога фронту”. Некалькі дзясяткаў чалавек удзельнічалі ў мітынгах у гэтых месцах. Да іх далучыліся і мясцовыя жыхары, хаця міліцыя рабіла ачапленне і раіла людзям не ўдзельнічаць у акцыях. Гаворыць адзін з арганізатараў гэтага мерапрыемства, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
- Вельмі прыемныя адчуванні, калі бачыш такую падтрымку. Бачыш сугучнасць і пераемнасць традыцыяў і адносінаў да нашых герояў. Случакі баранілі родную Беларусь ад маскоўскай навалы. Бо цудоўна ведалі – прыйдзе сюды маскоўскі акупант, будзе смерць, будзе бяда. І вось гэтыя словы падтрымліваліся нашымі людзьмі. Бо людзі чулі і выказванні Лукашэнкі, што беларусы будуць паміраць за Расію. Ніхто за Расію паміраць не хоча.
Увечары ў Слуцку актывісты маладзёвай арганізацыі “Правы альянс” наладзілі феерверк.
З угодкамі Слуцкага збройнага чыну павіншавала беларусаў старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: “Дарагія Сябры, вітаю ўсіх Вас з слаўным чынам нашых Слуцкіх герояў. Ганаруся імі. Ганаруся сваім народам, які, абвясціўшы незалежнасць Беларусі пасля доўгае няволі, знайшоў у сабе сілу і мужнасць, каб бараніць сваю маладую дзяржаву.
Заклікаю ўсіх Вас належна адзначыць наш слаўны Дзень Герояў і з удзячнасцю прыпомніць тых, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.
Крыніца
26 лістапада а 11.30 у памяшканьні літоўскай амбасады ў Варшаве (Al.Ujazdowskie, 12) адбудзецца спатканьне з праф. Броніўсам Макаўскасам.
Сустрэча будзе зьвязана з паказам дакумэнтальнага фільму на тэму Антысавецкага руху Супраціву ў Літве ў 1944-1953 гадах. Пасьля прагляду адбудзецца дыскусыя.
Броніўс Макаўскас зьяўляецца гісторыкам у Інстытуце гісторыі ПАН, а таксама на Студыях Усходняй Эўропы ў Варшаўскім унівэрсітэце. Зьяўляецца аўтарам паміж іншым кніг: "Litwini w Polsce", "Historia Litwy", "Kraj baltyckie w okresie przełomu (1934-1944)".
фота з выставы, прысьвечанай літоўскаму супраціву
23 лістапада ў Варшаве адбылася сустрэча з рэдактарам газэты «Наша Ніва» Aндрэем Дыньком. Імпрэза прымеркаваная да 101-й гадавіны з дня выхаду першага нумару газэты.
Сустрэчу арганізавала ініцыятыва «Беларуская нацыянальная памяць».
Адбылася шчырая размову і паказ відэароліку аб працы «Нашай Нівы».
Ролік можна пабачыць або спампаваць тутака.
Ёсьць у інтэрнэце і іншы відэафільм пра «НН».
Крыніца: Наша Ніва
Унікальны беларускі каляндар-даведнік пабачыў свет у Вільнюсе. Канцэпцыя яго складання простая – ён прыдатны на кожны каляндарны год. Гэта – славутыя і трагічныя даты беларускай гісторыі, адметныя падзеі і з’явы, дні нараджэння і смерці айчынных дзяржаўна-палітычных, рэлігійных і культурных дзеячаў, знакамітых людзей, якіх звязаў лёс з беларускай зямлёй і тых, што апынуліся за межамі роднай краіны, асобаў, што ў розных сферах праславілі Беларусь, паўстанцаў розных нацыянальна-вызваленчых чынаў і сціплых малавядомых рупліўцаў беларушчыны, імёны якіх, на жаль, яшчэ не змяшчаюць энцыклапедычныя выданні.
Пачатак прэзентацыі - 18.30, вул. Будзёнага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы), уваход вольны.
Як вядома, 16 лістапада адзначаецца сьвята Маці Божай Міласэрнасьці, цудатворная Ікона якой знаходзіцца ў славутай віленскай Вострай Браме. Выкарыстоўваючы гэтую нагоду, каб памаліцца перад абразам Апякункі Беларусі і Літвы, а таксама наведаць беларускія памятныя месцы Вільні, сабраліся актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці з Бацькаўшчыны і замежжа.
Грамада наведала знакавыя месцы нацыянальнай гісторыі і культуры, пра якія зараз клапоцяцца нашыя балцкія браты – літоўцы. На вялікі жаль, з нашай ціхай згоды і слабасьці разбураныя рэшткі старасьвеччыны ў Гародні, Менску ды інш. гарадох, у той час калі ў Вільні адноўлены ад нуля Ніжні княскі замак.
Сябры БНП пабывалі каля будынку, дзе калісьці знаходзілася Віленская беларуская гімназія, і дзе зараз усталяваныя памятныя шыльды ў гонар Максіма Гарэцкага і Натальлі Арсеньневай.
На Лукішскай плошчы, дзе быў забіты наш нацыянальны герой К.Каліноўскі, а таксама каля былога кляштару дамініканаў, дзе яго трымалі перад сьмерцю, былі запаленыя зьнічы і прасьпяваны гімн “Магутны Божа”.
Помнік Я. Лялевелю на віленскіх могілках Роса
Помнік А. Міцкевічу каля касьцёла сьв. Ганны
Шыльда на доме, у якім з 1928 да 1939 году жыў Р. Шырма
Радыё Свабода, Гомель
Сёньня, 14 лістапада, ў Гомелі хавалі дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Цімоха Вострыкава. Нябожчыка адпяваў праваслаўны сьвятар. Грамадзкія актывісты прынесьлі белыя й чырвоныя гвазьдзікі й вянкі з надпісамі: “Змагару за свабоду”, “Ваяру твайму, Бацькаўшчына”.
Разьвітацца зь Цімохам Вострыкавым – удзельнікам групы, якая была скінутая на парашутах у Беларусь для арганізацыі нацыянальнага падпольля – прыехаў і вязень ГУЛАГу, пастар Эрнэст Сабіла.
У памінальным слове пастар прыгадаў:
“Сустрэўся я зь Цімохам Вострыкавым у мардоўскім лягеры і адразу пазнаў у ім шчырага беларуса, патрыёта. Яшчэ да таго, як мяне пасадзілі ў лягер на зьняволеньне, будучы студэнтам, я слухаў перадачу “Б-52”. Гэта пра іхнюю групу, якую закінулі ў Налібоцкую пушчу. Гэта быў нязломны чалавек, гэта быў шчыры чалавек. Гэта быў беларус-баец, гэта быў беларус-змагар. Да апошняй хвіліны, будучы сярод рускамоўных у лягеры, ён размаўляў толькі па-беларуску – і з адміністрацыяй, і са зьняволенымі. Гэта выклікала ў каго зьдзіўленьне, а ў каго пахвалу і радасьць”.
Цімох Вострыкаў, як і іншыя ўдзельнікі дэсантнай групы, быў арыштаваны і засуджаны, прайшоў лягеры і пасьля 22 гадоў няволі вярнуўся легальна ў Беларусь. Пасяліўся ў Гомелі. Родам ён вёскі Баршчоўка, што ў Добрускім раёне. Працаваў на “Гомсельмашы” звычайным рабочым. Ажаніўся, калі яму было больш за пяцьдзясят гадоў. З жонкай Аленай вырасьцілі сына Ільлю.
Сын, нягледзячы на тое, што вырас у гарадзкім, пераважна расейскамоўным асяродку, выдатна валодае роднай мовай:
“У мяне за плячамі звычайная школа. Гэта ўсё дзякуючы майму бацьку, ён мяне навучыў нашай мове. Ён заўсёды змагаўся, ніколі не гаварыў па-руску. Ён змагаўся за сваю гісторыю, за свой народ. Ён колькі раз казаў: “Гісторыю майго існаваньня зразумее толькі той, хто пабываў у кіпцюрах КДБ”.
Гомельскія актывісты адзначаюць, што, нягледзячы на шматгадовыя рэпрэсіі, Цімох Вострыкаў духам не зламаўся. Пакуль мог, ён нават дапамагаў людзям.
Успамінае Алесь Яўсеенка, першы кіраўнік рэгіянальнай суполкі БНФ:
“Яшчэ калі толькі пачалася адліга Шушкевіча, мы, талакоўцы, пачалі ствараць Беларускі народны фронт. Алесь Бяляцкі вучыўся ў асьпірантуры і даведаўся з архіваў, што ў Гомелі жывуць тры знакавыя беларускія асобы – гэта Цімох Вострыкаў, Рыгор Клімовіч і Уладзімер Стрыгуцкі. Гэта людзі, якія жыцьцё сваё паклалі на алтар нашай сапраўднай незалежнасьці. Калі зачынілі наш ліцэй і я быў бяз працы – я, жонка, дзіця нарадзілася, Цімох Акімавіч матэрыяльна нам дапамог. У нас тады проста не было за што хлеба купіць”.
Цімоха Вострыкава пахавалі на могілках у вёсцы Раманавічы, што за дзесяць кілямэтраў ад Гомеля.
На здымках: пахаваньне Цімоха Вострыкава
Прадстаўнік Рады БНР, ён уваходзіў у групу, якая ў жніўні 1952 году была скінута на парашутах у Беларусь для арганізацыі нацыянальнага падпольля. Арыштаваны супрацоўнікамі МГБ, быў асуджаны на 23 гады зьняволеньня, якія правёў у мардоўскіх лягерах.
Па вызваленьні ў 1975 годзе пасяліўся ў Гомелі. Апошнія гады цяжка хварэў, перанёс два інсульты.
Зусім нядаўна БНП пісала пра лёс гэтага неардынарнага чалавека з нагоды 85-годзьдзя з дня нараджэньня.
Іншыя матэрыялы пра Цімоха Вострыкава.
Якуб Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаньнем 1794 году на абшарах Айчыны нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага. У траўні 1794 году Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмяны. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генерал-лейтэнанта.
Якуб Ясінскі загінуў у баі 4 лістапада, абараняючы варшаўскае прадмесьце Прагу (на правабярэжжы Віслы), якое штурмам захапіла сувораўскае войска, зь нечалавечай лютасьцю зьнішчаючы яго абаронцаў і жыхароў. Яму было трыццаць тры гады.
Поруч зь Ясінскім змагаўся і загінуў зь ім у адзін дзень Тадэвуш Корсак, юрыст, выпускнік Полацкай езуіцкай школы. Стварыў з уласных сялян паўстанцкі атрад, што дзейнічаў у ваколіцах Клюшчан, Сьвянцян і Вільні. За абарону Вільні 15-20 ліпеня 1794 году Корсак атрымаў ад Касьцюшкі званьне генерал-маёра.
Мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці прысутнічала на набажэнстве, пад час якога былі ўзгаданыя мужнасьць і адданасьць барадзьбе за свабоду Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака. Малітва і запаленыя зьнічы на магіле слаўных змагароў сталі нашай данінай іх памяці.