February 22, 2009

Адбылася беларуская дыктоўка ў Варшаве

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Варшаве адбылася беларуская дыктоўка, арганізатарам якой стала Беларуская Нацыянальная Памяць.


Беларусы і сябры Беларусі прыйшлі ў С
ollegium Сivitas, каб прыняць удзел у другой па ліку агульнанацыянальнай дыктоўцы. Удзельнікаў, якіх было каля пяцідзесяці чалавек, прывітала прэзыдэнт Сollegium Сivitas прафэсар Ядвіга Каралевіч.

Ініцыятарам ідэі напісаньня дыктоўкі ў Варшаве выступіла Наста Ільіна, стыпендыстка прэзыдэнта Польскай Акадэміі Навук, сябра ТБМ, якая і чытала тэкст “Родная мова” (паводле У. Караткевіча). На дыктоўцы прысутнічалі журналісты Эўрапэйскага Радыё для Беларусі, Беларускай службы Польскага Радыё і БЕЛСАТу.


Усе ўдзельнікі перад напісаньнем дыктоўкі атрымалі ў падарунак ад Беларускай Нацыянальнай Памяці фірмовыя асадкі. Напрыканцы імпрэзы ўсе ахвотныя маглі атрымаць прыз ад БЕЛСАТу –
CD-дыск з фільмам “Тутэйшыя” і фірмовыя стужкі БЕЛСАТу.

Яшчэ раз хацелі б падзякаваць усім, хто прыняў чынны ўдзел у акцыі. Асобную падзяку выказваем прафэсарцы Варшаўскага Універсытэту Ніне Баршчэўскай і былому амбасадару Рэспублікі Польшчы ў Беларусі спадару Марыюшу Машкевічу. Да напісаньня дыктоўкі далучылася таксама журналістка БЕЛСАТу Юлія Цяльпук.

З прыемнасьцю называем імёны пераможцаў:


Ніна Баршчэўская

Зьміцер Карацееў (праца была напісаная лацінкай)

Іна Рэўт

Натальля

Працы гэтых асобаў у бліжэйшы час будуць перасланыя Таварыству Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны ў Менск для далейшага ўдзелу ў конкурсе.

Віншуем пераможцаў і ўсіх удзельнікаў сьвяточнага мерапрыемства!

P.S. Яшчэ пра акцыю тут і тут.

February 16, 2009

БНП ушаноўвае памяць Я. Найдзюка і Г. Канапацкага

На 14 лютага прыпадаюць 25-я ўгодкі з дня сьмерці Язэпа Найдзюка, аўтара славутага гістарычнага нарыса "Беларусь учора і сяньня", які памёр на выгнаньні ў горадзе Інаўроцлаў (Польшча) у 1984 годзе.

Язэп Найдзюк усё сваё жыцьцё прысьвяціў Беларусі. Прайшоў шлях ад друкара да дырэктара Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, быў сябрам БХД, у 1929—1939 гадах - рэдактарам часопіса "Шлях моладзі".


За сваю дзейнасьць быў арыштаваны польскімі уладамі, сядзеў у сумна вядомым канцлягеры Бяроза-Картузкая. У часе ІІ сусьветнай вайны працаваў у Менску ў школьным інспектараце, дзейнічаў у шэрагах Беларускай народнай самапомачы. Перавыдаў другі раз сваю кніжку "Беларусь учора і сяньня", якая ўжо паўсюдна выкарыстоўвалася як падручнік гісторыі. Ведаючы, што такое савецкая ўлада, быў вымушаны выехаць на захад і, хаваючыся ад перасьледу, зьмяніў прозьвішча на Александровіч.

Сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка, наведаўшы яго магілу ў Інаўроцлаве. Былі запаленыя зьнічы памяці і прасьпяваны гімн "Магутны Божа". Наведалі таксама друкарню, якую стварыў і якой доўгія гады кіраваў наш зямляк. Яго там памятаюць і шануюць. На галоўным уваходзе зьмешчана вялікая шыльда па-беларуску і па-польску. Жывучы ў Польшчы, Язэп Найдзюк шмат зрабіў як для беларускай справы, так і для Польшчы. За сваю працу ў краязнаўстве і друкарстве стаў ганаровым грамадзянінам Інаўроцлава.




Грамадоўцы БНП заехалі таксама на магілу Гасана Канапацкага, які знайшоў свой спачын у Быдгашчы. Запалілі зьнічы каля магілы і каля памятнай шыльды на доме, дзе жыў беларускі ваяр.

Гасан Канапацкі нарадзіўся 25 лютага 1879 г. у Менску ў шляхецкай мусульманскай сям’і. Прымаў удзел у руска-японскай вайне, у першай сусьветнай вайне. Пасьля атручэньня баявымі газамі быў пераведзены ў тылавы эвакуацыйны пункт у Менску, дзе ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух.

Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі і быў назначаны камандзірам беларускага войска. Мела яно арганізавацца ў Слоніме і Баранавічах. Пасьля адступленьня палякаў улетку 1920 году. Беларуская вайсковая камісія пераехала ў Лодзь, а ў 1921 годзе беларускія падраздзяленьні былі распушчаныя.

Палкоўнік Канапацкі ў міжваенны пэрыяд жыў у Вільні і працягваў дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху. У 1928-1929 гадах загадваў рэдакцыяй часопіса „Беларускі радны”.

У час нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з газэтай „Беларускі голас”, якая выдавалася ў Вільні і быў старшынёю бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, у якой вучыўся ягоны сын Мацей, пазьнейшы журналіст „Нівы” і рэдактар беларускіх перадач на Беластоцкім радыё (1957-1964). У 1946 годзе пераехаў з сям’ёй у Быдгашч, дзе памёр 11 траўня 1953 году.



February 10, 2009

Ушаноўваем Станіслава Булак-Балаховіча

Сёньня ў Варшаве Беларуская Нацыянальная Памяць ушанавала генэрала Станіслава Булак-Балаховіча ў 126-я ўгодкі з дня яго нараджэньня.

Грамада БНП па традыцыі наведала памятныя месцы, зьвязаныя зь імем гэтага славутага чалавека: памятную шыльду на вул. Парыскай недалёка ад месца гібелі генэрала, сымбалічную магілу на Паванзкоўскіх могілках і мэмарыял "Барыкада", дзе ў 1939 г. балахоўцы трымалі абарону Варшавы ад немцаў.

Былі запаленыя зьнічы, прачытаная малітва. Памяць пра Станіслава Булак-Балаховіча, які нарадзіўся ў беларускай сям'і, пісаў вершы па-беларуску, будзе жыць.

Прапануем Вашай увазе архіўны рэпартаж з тэлеканалу "Белсат", у якім прафэсар Алег Латышонак распавядае пра Ст. Булак-Балаховіча і яго жаўнераў. Рэпартаж выйшаў у этэр 15 сакавіка мінулага году.



СМІ пра акцыю:
Радыё "Рацыя"
Эўрарадыё


February 8, 2009

Успамін айца Антона Неманцэвіча

8 лютага ўспамін а.Антона Неманцэвіча, Экзарха Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ).

Мы зьмяшчаем алічбаваны артыкул а. Лява Гарошкі з часопісу "Божым шляхам" за 1956 г., у якім ён піша пра жыцьцё і дзейнасьць гэтага выбітнага чалавека. [Скачаць 4.7 Mb]

Яшчэ пра жыцьцё і дзейнасьць а. Антона Неманцэвіча тут.

February 7, 2009

Успамін Антона Сокала-Кутылоўскага

7 лютага 1892 г. нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі - беларускі грамадзкі і вайсковы дзеяч.


Паходзіў з вёскі Чырвоная Горка на Піншчыне. Настаўнік па адукацыі. Скончыў Пецярбургскі ўніверсытэт і Казанскае вайсковае вучылішча. Ваяваў у першую сусьветную вайну, капітан расейскай арміі. Атрымаў салдацкі георгіеўскі крыж.

Камандзір Слуцкай брыгады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 г. ваявала супраць Чырвонай Арміі. У міжваенны час - праваслаўны сьвятар на Наваградчыне і Слонімшчыне.

19 чэрвеня 1941 г. быў арыштаваны НКВД, уцёк. Пад час нямецкай акупацыі - сябра БНП, школьны інспэктар у Ганцавічах. У 1944 г. - намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэса. Падпалкоўнік БКА. З восені 1944 г. працаваў ва Ўпраўленьні вайсковых спраў БЦР.

Арганізоўваў пераход беларускіх вайсковых аддзелаў на бок амэрыканцаў. Агенты савецкай контравыведкі “СМЕРШ” затрымалі Антона ў лягеры для рэпатрыянтаў. Ён быў асуджаны на 25 гадоў і выйшаў на волю па амністыі толькі ў 1957-м. Жыцьцёвая дарога Сокала-Кутылоўскага завяршылася 7 сакавіка 1983 году ў польскім Шчэціне.

У 2007 годзе сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці адшукалі магілу А.Сокала-Кутылоўскага. Кардынаты магілы: Cmentarz Centralny, nr. kwatery 72b, rzad 13, nr.grobu 6

Вечная памяць!

February 4, 2009

Памяці Яна Булгака

4 лютага 1950 году памёр беларускі фатограф Ян Булгак.

Славуты зямляк знайшоў спачын на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. Прадстаўнікі Беларускай Нацыянальнай Памяці ўшанавалі памяць славутага “Майстра зь Вільні”, запаліўшы зьнічы і прасьпяваўшы малітву.

Дзякуючы таленту Яна Булгака сёньня мы можам убачыць, якім наш край быў сто гадоў таму.

Царква ў Глыбокім (з серыі "Краявіды Беларусі")

Новы замак над Нёманам (з серыі "Краявіды Беларусі")

February 2, 2009

Грамада БНП ушанавала памяць Кастуся Каліноўскага

1 лютага Беларуская Нацыянальная Памяць арганізавала паездку ў мястэчка Мастаўляны, што на Беласточчыне, дзе 2 лютага 1838 года нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Сёлета мы адзначаем 171 угодкі з дня яго нараджэньня і ўгодкі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня на Беларусі 1863 года.

У акцыі ўшанаваньня памяці беларускага нацыянальнага героя ўзялі ўдзел студэнты праграмы Каліноўскага. Моладзь наведала месца былой сядзібы Каліноўскіх, ад якой сёньня застаўся толькі кутны камень.

Перад прысутнымі выступіў прафэсар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак. Сп. Латышонак распавёў пра жыцьцё і дзейнасьць Кастуся Каліноўскага. Мясцовы жыхар сп. Уладзімер правёў экскурсію па вёсцы, узгадаў цікавыя падрабязнасьці з жыцьця сям'і Каліноўскіх.

На сядзібе Каліноўскіх у памяць нашага змагара быў зачытаны ўрывак зь "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", якія былі напісаныя Кастусём у камэры віленскай Дамініканскай турмы. Заклік да беларускага народу змагацца за сваю Волю і Край і сёння застаецца актуальным.

Беларуская Нацыянальная Памяць плануе ў хуткім часе ўсталяваць памятны знак на месцы былой сядзібы.



171 год з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага