July 30, 2007

Віцебскія актывісты ствараюць альтэрнатыўную "Лінію Сталіна"

Віцебскія актывісты распачалі доўгатэрміновую акцыю ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. 29 ліпеня ўсталявалі помны крыж ля вёскі Паляі Віцебскага раёну.

Драўляны крыж вышыні блізу двух мэтраў зьявіўся ўчора на ўскрайку лесу непадалёк ад вёскі Паляі, узбоч аўтамабільнай дарогі Віцебск – Лёзна. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, у гэтых мясьцінах у 30–40-я гады мінулага стагодзьдзя НКВД праводзіў масавыя расстрэлы мясцовых жыхароў.


Ініцыятыва ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій належыць віцебскім апазыцыйным актывістам. Перадусім – сябрам Партыі БНФ, Хрысьціянскай дэмакратыі, Маладога Фронту, сацыял-дэмакратам – прыхільнікам Мікалая Статкевіча, прадстаўнікам Руху "За Свабоду" і моладзевай суполкі "Віцьбічы".


Цягам гэтага году актывісты плянуюць усталяваць яшчэ некалькі помных крыжоў – распавёў каардынатар руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў.


“Гэтую акцыю, што мае доўжыцца цэлы год, мы назвалі "Лінія Сталіна". Мы ўсе ведаем, што ўлады адбудавалі "Лінію Сталіна", каб адлюстраваць супраціў гітлераўцам. Але мы лічым, што ёсьць іншая "Лінія Сталіна" – тысячы і тысячы магіл, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Вось гэткія крыжы, што паўстаюць на беларускай зямлі – таксама "Лінія Сталіна", на ўспамін пра пакутнікаў ад бальшавіцкага рэжыму".


Да крыжа ля вёскі Паляі прымацавана шыльдачка з пазнакай "Ахвярам сталінскіх рэпрэсій" ды цытатай з Эвангельля: "Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць царства нябёснае". Набажэнства па нявінна загінулых адслужыў вуніяцкі сьвятар айцец Зьміцер Грышан.


Прысутныя паклалі да крыжа кветкі і запалілі сьвечкі. За ўсім гэтым уважліва назіралі трое міліцыянтаў, якія загадзя чакалі тут зьяўленьня апазыцыянэраў. Яны сфатаграфавалі хаду імпрэзы і ўсіх удзельнікаў, аднак заўвагу зрабілі толькі актывістцы АГП Алене Залесскай: супрацоўнікам міліцыі прыйшоўся недаспадобы ейны бел-чырвон-белы шалік. Міліцыянты вырашылі, што гэта хаця й ня сьцяг, але таксама незарэгістраваная сымболіка. Алена Залесская зьняць шалік адмовілася.

Два месяцы таму віцебская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ “Адраджэньне” прапанавала стварыць тут, у лесе ля вёскі Паляі, мэмарыяльны запаведнік. Зварот з гэтай прапановай быў накіраваны старшыню Віцебскага райвыканкаму Івану Вазьміцелю. Адказу з райвыканкаму дагэтуль няма.


Крыніца


July 27, 2007

Бел-чырвона-белы сьцяг на Сьвятой гары

Беларускія патрыёты сёньня адзначылі Дзень Аднаўленьня Незалежнасьці сымбалічнай акцыяй. Ранкам 10 чалавек выехалі зь Менску да Сьвятой гары (пры савецкай уладзе яе перайменавалі ў Дзяржынскую), якая зьяўляецца вышэйшай кропкай Беларусі. Яе вышыня – 345 метраў над узроўнем мора. Там быў замацаваны шасьцімэтровы сьцягшток.


Адзін з удзельнікаў акцыі распавёў пра сёньняшняе сьвята, пра значэньне "Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце" для краіны. Пасля быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Акцыя скончылася гучнымі воклічамі "Жыве Беларусь!"

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 году. Гэты дзень быў афіцыйным сьвятам да 1996 году, пакуль ня быў адменены ўладамі. Але для патрыётаў Беларусі ён застаецца сьвятам аднаўленьня незалежнасьці нашай краіны.

July 15, 2007

Юры Попка. Запавет эмігранта


Аляксандар Адзінец


Паміраючы, Юры Попка адпісаў сваю маёмасьць беларускай дзяржаве, «незалежнай ад палітыкі іншых краін».

Ляймэн — невялічкі, тыпова нямецкі патрыярхальны гарадок на паўднёвым захадзе краіны, за нейкі дзясятак кілямэтраў ад аднаго з галоўных турыстычных цэнтраў Нямеччыны, Гайдэльбэргу, зь ягонымі чаруючымі руінамі палаца пфальцаўскіх курфюрстаў. Цэнтрам беларускасьці ў Нямеччыне правінцыйны Ляймэн у пачатку 1970‑х зрабіў адзін чалавек — Юры Попка.


Чалавек‑жывіца


Да ўраджэнца Пружаншчыны Попкі (літаратурны псэўданімЖывіца), што за ваенным часам адзначыўся на малой радзіме высілкамі ў сацыяльнаадукацыйнай галіне, стаўленьне з боку калегаўэмігрантаў не заўсёды было спагадлівым. Хтосьці называў яго «балбатуном», хтосьці — «авантурыстам»: «Ну вось, ізноў гэты Попка штосьці прыдумаў…» А Попка не зважаў на галасы скептыкаў. Як той чалавек‑аркестар, пісаў ва ўсе магчымыя эмігранцкія газэты , выдаваў некалькі часопісаў і бюлетэняў (часам сам, без аніякай дапамогі!), зарганізаваў у Ляймэне «Інстытут Беларусаведы».

Тэма беларускасьці не пакідала яго ні на хвіліну. Пік актыўнасьці Попкі, што працаваў у Нямеччыне на амэрыканскі ўрад, прыпаў на Ляймэн, куды беларус пераехаў пасьля выхаду на пэнсію.

Старажылы гэтага гарадка лепш за ўсіх, мяркую, у Нямеччыне падкаваныя ў беларускай справе. Хто‑хто, а яны, навучаныя гэтым дзіваком з далёкай Пружаншчыны, не назавуць Беларусь «Расеяй, толькі белай».


«У знак пратэсту я не вярнуўся»


У Ляймэне, гэтым мілым гарадку, пра якія кажуць, што час там спыніўся недзе ў стагодзьдзі семнаццатым, у кабінэце мэра вісіць бел‑чырвона‑белы сьцяг. Хрысьціянскі дэмакрат Гэрбэрт Эрбар, у маладосьці — афіцэр «люфтвафэ», кіруе Ляймэнам ужо 24 гады. Ён жа, між іншым, — ганаровы доктар навук Беларускай акадэміі фізкультуры й спорту, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, што аказвае шчодрую гуманітарную дапамогу Беларусі. Спадзяюся, ня трэба тлумачыць, хто прывіў мэру і ягоным калегам цікавасьць і любоў да чужой краіны…

У 1981‑м г. Попка адкрыў у сваім доме на Гётэштрасэ, 1, беларускі музэй. Экспанаты для «выспачкі» беларускасьці ў чужынным акіяне зьбіраў самастойна, заклікаючы беларусаў зь іншых краінаў сьвету дапамагаць яму ў гэтай справе. Паказальна, што й мэрыя Ляймэну, і простыя гараджане прыхільна паставіліся да новага музэю. Невядомую Беларусь адкрывалі для сябе як сталыя немцы, так і мясцовыя гімназісты й школьнікі.

У хуткім часе пасьля адкрыцьця музэю на могілках у Санкт‑Ільгене (раён Ляймэна, дзе жыў сп.Юры) стараньнямі Попкі быў усталяваны невялікі помнік з выявай «Пагоні» і надпісам па‑нямецку: «Прысьвечана загінуўшым у 1939—1945 г. беларусам». Насупраць помніку, за якім акуратна даглядаюць гарадзкія ўлады, пахаваны й сам Юры Попка.

На надмагільлі — шчымлівы аповед жыцьця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі‑расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт‑Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»


Тры дамы для Беларусі


За некалькі гадоў перад сьмерцю беларус злажыў тэстамэнт, у якім, у прыватнасьці, сказана наступнае: «Горад Ляймэнчасовы ўладар маёй маёмасьці. Сапраўдным уладаром станецца самастойная беларуская дзяржава, у якой будзе жыць беларускі народ… Гэтая самастойная беларуская дзяржава мусіць быць незалежнай ад палітыкі іншых краін… Акрамя майго прыватнага дому, дзе месьціцца музэй, я маю яшчэ два дамы. Прыбыткі, што будзе атрымліваць горад Ляймэн за гэтую нерухомасьць, мусяць пакрываць кошты для патрэбаў музэю, беларускага помніка й дагляду за маёй магілай. Рэшта мусіць накіроўвацца на культурныя патрэбы майго народу за мяжой і ў Беларусі, на фінансавую падтрымку «Нямецка‑беларускай арганізацыі сумеснай працы ў галіне культуры», выплату ганарараў ці прэмій пісьменьнікам, мастакам, журналістам ці выдаўцам кніг, што дэманструюць наш беларускі дух, культуру, гісторыю, сёньняшні трагічны час для беларускага народу».

Юры Попка памёр 29 красавіка 1990 г., зусім крыху не дажыўшы да аб’яўленьня незалежнасьці Беларусі.


«Не разумею вашу ўладу»


Мы сустрэліся з доктарам Эрбарам у ляймэнскім краязнаўчым музэі. Пасьля сьмерці Попкі беларускі музэй пераехаў сюды з прыватнай кватэры. Антураж музэю парушаны ня быў. Экспазыцыя месьціцца ў трох невялікіх пакоях, аднак колькасьць экспанатаў уражвае: дакумэнты розных эпох, здымкі, сотні кніг, нацыянальная вопратка, карціны, вырабы народных майстроў. Экспазыцыя адкрытая для вольнага прагляду раз на тыдзень.Дэфіцыту наведнікаў не адчуваецца: тыя ж школьныя групы, як і 25 гадоў таму, знаёмяцца зь Беларусьсю й чалавекам, дзякуючы якому гэтая экспазыцыя паўстала.

Пасьля агляду музэю мы сядаем у канфэрэнц‑залі, і гер Эрбар сам пачынае гаварыць: «Беларусь станецца ўладаром маёмасьці Юрыя Попкі толькі тады, калі будуць выкананыя ўсе патрабаваньні, зазначаныя ў тэстамэнце. Пакуль беларускія ўлады ня возьмуць пад свой кантроль спадчыну, выканаўцам тэстамэнту застаецца мэрыя Ляймэну. Я раблю ўсе магчымае, каб беларускі народ атрымаў тое, што яму хацеў перадаць вялікі патрыёт спадар Попка. Аднак усе мае высілкі безвыніковыя. Можа, вашая ўлада, як калісьці савецкая, лічыць спадара Попку ворагам народу, здраднікам?.. Я ўважліва сачу за кожным новым прызначэньнем беларускага амбасадара ў Нямеччыне (а мяняюцца амбасадары часта), вяду ліставаньне з кожным. У адказ чую толькі абяцаньні разабрацца…

Мне цяжка зразумець вашую ўладу. Колькі год запар мы дастаўлялі ў беларускія гарады гуманітарную дапамогу на суму ў дзясяткі тысячаў эўра. Але з кожным годам рабіць гэта ўсё цяжэй. Нам ня толькі не дапамагаюць (з тымі ж мытнымі фармальнасьцямі), але й перашкаджаюць. А ў апошні раз адзін палітык сказаў, што гуманітарная дапамога нам увогуле не патрэбная — беларускі народ забясьпечаны. Але ж калі я прыяжджаю да вас, бачу нешта іншае…

Калі аніводны ўрадавы орган у Беларусі ня выявіў актыўнасьці, Беларусь можа перадаць спадчыну Попкі ў рукі беларуска‑нямецкай арганізацыі, а заробленыя грошы будуць перадавацца на культурныя мэты ў Беларусь ці ісьці на патрэбы беларусаў, што пражываюць па‑за межамі Радзімы. Аднак і на гэтую прапанову адказу мы не пачулі.

У 1994‑м тагачасны амбасадар доктар Пётра Садоўскі залажыў Кураторыюм, які мусіў кіраваць спадчынай Попкі й кантраляваць яе фінансавы бок. Але калі Садоўскі перастаў працаваць у амбасадзе, справа пачала затухаць. Нягледзячы на ўсе няўдачы, я веру, што калісьці беларускі бок мусіць пазытыўна закрыць пытаньне са спадчынай вашага суайчыньніка. Гэта ж у інтарэсах беларускага народу!»

Пасьля такога вычарпальнага й эмацыйнага маналёгу спадара Эрбара толькі й застаецца, як задацца рытарычным пытаньнем, чаму «выспа», якая магла б стаць беларускім цэнтрам у Заходняй Эўропе, рэпрэзэнтаваць нашую культуру й мастацтва ў мультыкультурным акіяне Старога сьвету, застаецца «незаселенай»?

Няўжо й гэта страцім?..


Крыніца

У Ваўкавыску ўсталявалі крыж памяці ахвяраў таталітарызму

Міхал Карневіч, Ваўкавыск

Крыж памяці ўсіх загінуўшых ад таталітарных рэжымаў у ХХ стагодзьдзі усталявалі на ўезьдзе ў Ваўкавыск з боку Слоніма, на месцы, дзе стаяла вуніяцкая царква. Побач з гэтым месцам адбываліся расстрэлы мірных жыхароў у сталінскія часы. Крыж асьвяціў уніяцкі сьвятар з Горадні.

Зарганізавалі ўсталяваньне крыжа мясцовыя актывісты й грамадоўцы з Горадні, Сьвіслацкага й Мастоўскага раёнаў па ініцыятыве краязнаўцы й дасьледчыка гісторыі Віктара Вайтчука.

Адзін з актывістаў, Уладзімер Хільмановіч, заўважыў для нашага радыё:

Хільмановіч: “Памяць нам дадзеная ад Бога, ад гісторыі, і ўзаконеная самім жыцьцём чалавека. Таму яна не патрабуе нейкіх заканадаўчых дазволаў. Права на памяць маюць усе людзі, народжаныя на гэтай зямлі”.

Ваўкавыскі краязнаўца Мікола Быхаўцаў сказаў, што гэты крыж толькі першая ластаўка, паколькі ніхто й нідзе ў Ваўкавыску й ваколіцах не ўшаноўваў памяці паўстанцаў і пацярпелых ад таталітарных рэжымаў, хаця такіх месцаў шмат.

Быхаўцаў: “У нас у цэнтры горада, на месцы былога вайсковага гарадка, у часы апошняй вайны спачатку знаходзіўся лягер для савецкіх ваеннапалонных, пазьней гета, а яшчэ пазьней – лагер для нямецкіх ваеннапалонных і адначасова – лагер сталінскіх ахвяраў. Але пра гэта ніхто ня ведае й там няма ніякага знака”.


Крыніца


July 12, 2007

Віктар Сікора

Сёньня, 12 ліпеня, нарадзіўся Віктар Сікора - вядомы беларускі патрыёт, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, камандзір антыбальшавіцкага партызанскага атрада ў 1945 годзе.

Віктар Сікора нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Малыя Алашкі на Шаркоўшчыне.Скончыў 6 клясаў польскай школы, а падчас нямецкай акупацыі — шасьцімесячныя курсы, пасьля якіх у 1942 годзе паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю. У 1943 годзе, калі арганізаваўся Саюз Беларускай Моладзі, Віктар Сікора стаў адным з яго кіраўнікоў у Паставах. З красавіка 1944 года — сябра падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Вясною-летам 1945 года — камандзір аддзелу беларускіх “лясных братоў” на Шаркаўшчыне. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 году. З бальшавіцкіх канцлягероў на Бацькаўшчыну вярнуўся ў 1955 годзе.

сябры СБМ

July 7, 2007

Наша сымболіка

Сёньня ў Варшаве адбылося паседжаньне актывістаў Беларускай Нацыянальнай Памяці, на якім былі абмеркаваныя планы супольнасьці на другую палову 2007 году.

Было разгледжана таксама пытаньне сымболікі. Большасьцю галасоў прынятыя для выкарыстаньня Беларускай Нацыянальнай Памяцьцю дзьве эмблемы:


Гэтыя знакі вельмі часта сустракаюцца ў беларускіх арнаментах, якія выкарыстоўваюцца ў аздабленьні вопраткі, рушнікоў і г.д. Сымбалізуюць яны, згодна з меркаваньнем некаторых дасьледчыкаў нацыянальных арнаментаў, пашану да памяці продкаў, адначасова і надзею, што яны паспрыяюць сям'і ў здароўі і дабрабыце.

Магдалена Радзівіл

8 ліпеня 1861 г. нарадзілася княгіня Магдалена Радзівіл, якая вельмі шмат спрыяла Беларускаму Адраджэньню "нашаніўскага перыяду". Больш падрабязна пра гэтую выбітную постаць нацыянальнай гісторыі можна прачытаць па гэтай спасылцы.

Аднак, сёньня пра асобу Магдалены Радзівіл ведаюць толькі некаторыя дасьледчыкі беларускай гісторыі і культуры. Мы перакананыя, што памяць пра яе павінна жыць у нашым народзе.

Нашая супольнасьць займаецца удакладненьнем яе біяграфіі, шукае месца пахаваньня, каб пазьней рабіць захады для ўшанаваньня вядомай беларускі. Нам удалося атрымаць каштоўныя зьвесткі пра Магдалену Радзівіл ад супрацоўніцы адной са швайцарскіх бібліятэк спадарыні Монікі Банкоўскі. Вядома, што славутая княгіня пахаваная ў прадмесьці Фрыбургу. Месца можна паглядзець на інтэрактыўнай мапе Беларускія кропкі ў Эўропе. Дасьледваньне па гэтай тэме працягваецца.



July 1, 2007

Слонімшчына: у Парэччы ўшанавалі памяць паўстанцаў Міхала Валовіча

Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць

Група слонімскіх актывістаў усклала кветкі да крыжа, усталяванага ў вёсцы Парэчча ў гонар Міхала Валовіча і 12 паўстанцаў 1831 году, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага імпэрыялізму.

Сябра БНФ “Адраджэньне” Іван Бедка згадаў на магіле аб паўстаньні, апавядаў пра вымушаны ад’езд Валовіча ў Парыж і вяртаньне на Радзіму. Расказваў, як расправіліся царскія ўлады з паўстанцамі, як пакаралі Міхала Валовіча ў Горадні і як пры савецкай уладзе і цяпер замоўчваецца імя гэтага нацыянальнага героя.


Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Аляксей Якімовіч эмацыйна параўнаў барацьбу сёньняшніх беларускіх патрыётаў за беларускую дзяржаўнасьць з тым, як змагаліся за гэта Валовіч, Каліноўскі, Касьцюшка.


Ён таксама нагадаў, як у 2003 годзе гэты крыж быў устаноўлены побач з царквой і месцам, дзе знаходзіўся маёнтак Валовічаў на жывапісным беразе Шчары.

У 2003 годзе праваслаўны сьвятар, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках. Мясцовыя людзі сьцьвярджаюць, што менавіта ў гэтым месцы й пахаваны Міхал Валовіч разам з паўстанцамі.


Над магілай Міхала Валовіча і ягоных паўстанцаў сёньня гучаў “Магутны Божа”.


Яшчэ ў 2003 годзе побач з царквой стаяў крыж памяці Валовіча і паўстанцаў. На загад праваслаўнага сьвятара крыж выкапалі і кінулі побач са Шчарай. У XIX ст. на месцы праваслаўнай царквы стаяла ўніяцкая царква, збудаваная продкамі М.Валовіча.

Крыніца