November 27, 2008

Лістападаўскія вандроўкі БНП

Падыходзіць да заканчэньня лістапад - месяц, у якім беларусы асаблівым чынам узгадваюць сваіх Дзядоў, продкаў.

За апошні час сябры БНП здзейсьнілі некалькі запланаваных падарожжаў у Польшчы да месцаў пахаваньняў выбітных асобаў, якія маюць вялікія заслугі перад Беларусяй, і ўшанавалі іх памяць.

Сярод іншых месцаў былі наведаныя магілы Веры Карчэўскай у Супраслі і Міхала Андрыёлі ў Наленчаве, а таксама месца гібелі Язэпа Булак-Балаховіча ў Белавежы.



November 4, 2008

Як праходзілі беларускія Дзяды ў Польшчы

Крыніца: Эўрарадыё
Наста Ільіна


Варшаўскія беларусы на Дзяды ўшанавалі магілы землякоў на тэрыторыі Польшчы. Арганізатарам мерапрыемства-рэквіему стала супольнасць “Беларуская Нацыянальная Памяць”, сябры якой займаюцца пошукамі месцаў пахавання беларусаў у Еўропе.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі месца гібелі ў 1940 годзе ад рук нацыстаў беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча, дзе запалілі знічы і памаліліся каля памятнай шыльды (месца пахавання генерала, які ў 1920-я змагаўся за незалежнасць Беларусі, не існуе).




Памятная шыльда, дзякуючы намаганням яго ўнука Мацея-Станіслава Булак-Балаховіча, некалькі гадоў таму была ўсталяваная на будынку праваслаўнай семінрарыі, якая знаходзіцца недалёка ад таго месца, дзе была апошняя канспіратыўная кватэра генерала. Былі ўшанаваныя магілы Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака, якія змагаліся ў шэрагах паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі.

Далей ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся на Брудноўскія могілкі, дзе пахаваная сяброўка Саюзу Беларускай Моладзі ў Любчы Алена Сэнюх. Пра яе лёс распавёў яе брат Чэслаў Сэнюх, славуты перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову.


Таксама група беларусаў наведала знакамітыя Павонзкі, дзе нядаўна “Беларуская Нацыянальна Пямяць” знайшла магілу нявесты Кастуся Каліноўскага Марыі Дмахоўскай (Ямант), наведалі магілу славутага фотамастака Яна Булгака і пісьменніка Тадэвуша Далэнга-Мастовіча, аўтара твораў пра Беларусь.


Завяршылася мерапрыемства на праваслаўных могілках Варшавы, што знаходзяцца ў мікрараёне Воля, дзе была ўшанаваная памяць праваслаўнага дзеяча а. Мітрафана Будзькі (прадзеда беларускага палітыка Паўла Севярынца) і знакамітага літаратурнага крытыка, грамадскага дзеяча, былога сябра СБМ Яна Жамойціна.

2 лістапада сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці адведалі магілы Антона Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне і генерала Язэпа Булак-Балаховіча ў Белавежы.

November 2, 2008

Успамін Георгія Бортніка


1 лістапада 1951 году быў расстраляны сьвятамучанік Гэоргі Бортнік.

Ён да рукапакладаньня зьяўляўся сябрам СБМ, афіцэрам БКА. На Радзіме ўзначальваў паўстанцка-партызанскую арганізацыю і Полацкі экзархат падпольнае БАПЦ.

November 1, 2008

Дзяды

Беларуская Нацыянальная Памяць (БНП) запрашае усіх беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, на дзень памяці продкаў - Дзяды.

У нядзелю 2 лістапада сустракаемся а 11 гадзіне на пляцоўцы каля мэтро Centrum.

Ушануем памяць беларусаў, якія знайшлі спачын у Варшаве.

Бяз мінулага няма будучыні!


магіла Пятра Ластаўкі


Ужо традыцыйна Беларуская Нацыянальная Памяць ладзіць ушанаваньне нашых продкаў. Мы спрабуем сістэмаваць усю інфармацыю, каб адшукаць магілы вядомых беларусаў.

Нядаўна была адшукана магіла Пятра Ластаўкі. Мы выкарыстоўваем слова адшукана таму, што дакладнае месца магілы было невядома. Дапамог у пошуку сп. Юры Туронак. Вельмі часта пра месцы пахаваньня беларускіх дзеячоў няма дакладнай інфармацыі. Калі няма сваякоў, то можа і ня быць помніка альбо ён у вельмі дрэнным стане.

Акрамя магілы Пятра Ластаўкі, якая знаходзіцца у г. Nowy Dwor Mazowiecki, сябры БНП у апошні час адшукалі месцы спачыну Антона Асяндоўскага (г. Milanówek) і Тадэвуша Даленгі-Мастовіча (варшаўскія могілкі Powązki)

Беларуская Нацыянальная Памяць на сваёй старонцы ў сеціве стварыла інтэрактыўную мапу, дзе зьмяшчае інфармацыю пра ўсе вядомыя месцы, зьвязаныя з беларусамі і беларускай дзейнасьцю.

Ахвотных дапамагчы, запрашаем далучацца да нас!

месца спачыну Тадэвуша Даленгі-Мастовіча


месца спачыну Антона Асяндоўскага