October 31, 2007

Як ствараўся Народны фронт

Польскае Радыё

25 кастрычніка ў Варшаве адбылася сустрэча, прысьвечаная гадавіне заснаваньня Беларускага народнага фронту. Дзевятнаццаць год таму, 19 кастрычніка 1988 года, быў створаны аргкамітэт БНФ. Аб гісторыі грамадзкага руху й партыі, якая назаўды ўвайшла ў гісторыю незалежнай Беларусі, маладым беларускім студэнтам распавядалі сьведкі тагачасных падзеяў, дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Мікалай Аксаміт і Пятро Шашкель.

Беларускі народны фронт вырас зь інтэлігенцкага руху, які пачаў фармавацца яшчэ напрыканцы 70-х гадоў. У вытокаў яго cтаялі беларускія мастакі, гісторыкі, пісьменьнікі й паэты. Пра гэта нам распавёў адзін са стваральнікаў партыі Валеры Грыцук.

В. Грыцук: У 1978 годзе Зянон Пазьняк арганізаваў першую ў другой палове XX стагодзьдзя палітычную акцыю ў Беларусі. Гэта была абарона старога горада ў Менску. Да акцыі далучылася вельмі шмат людзей. Фактычна, з гэтага й пачалася гісторыя Беларускага народнага фронту. Прадстаўнікі грамадзкасьці пісалі лісты ў дзяржаўныя ўстановы, ў ЦК КПСС. Нам ўдалося абараніць помнікі гісторыі. Людзі, якія пазнаёміліся падчас гэтай акцыі, падтрымлівалі надалей свае стасункі, ладзілі сустрэчы. Найлепшым месцам для спатканьняў былі майстэрні мастакоў. Мастакі былі ў той час адносна незалежныя ад дзяржавы й карысталіся большай свабодай. На працягу дзесяці год, да 1988 году адбываліся рэгулярныя сустрэчы. Яны былі фармальна апалітычныя: інтэлігенцыя зьбіралася, каб адзначыць важныя даты беларускай гісторыі, ўшанаваць памяць славутых продкаў. Аднак у коле сяброў ўсё роўна ішлі размовы аб будучыні Беларусі. Менавіта гэтыя людзі: мастакі, паэты, пісьменьнікі, навукоўцы, - і сталі рухавіком нацыянальнага адраджэньня. Нажаль, большасьць зь іх празь некалькі год адышла ад палітычнай дзейнасьці, бо яны былі перш за ўсё творцамі. Але справа была зроблена – Беларускі народны фронт быў створаны.

19 кастрычніка 1988 года ў касьцёле сьвятых Сымона й Алены ў Менску адбыўся сход інтэлігенцыі. Мэтай спатканьня было стварэньне Камітэту памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, аднак прысутныя прагаласавалі за тое, каб утварыць больш шырокую арганізацыю. На сходзе быў абраны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту.Народныя фронты - шырокія грамадзкія рухі - паўставалі напрыканцы 80-х гадоў у Летуве, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіне. Камуністычная партыя спрабавала кантраляваць гэты працэс, ставіць на чале грамадзкіх рухаў ляяльных адносна сябе людзей.

Як паведаміў Мікалай Аксаміт, па загадзе ЦК Кампартыі Беларусі БНФ павінен быў узначаліць сакратар Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка. Аднак дзякуючы актыўнай падтрымцы Васіля Быкава на пасаду старшыні Народнага фронту быў абраны Зянон Пазьняк.

Беларускі народны фронт, які быў інтэлігенцкім рухам і меў невялікае прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце, вельмі хутка ператварыўся ў значную палітычную сілу, аднак ня змог супрацьстаяць ўсталяваньню аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

Аб прычынах паразы дэмакратыі ў Беларусі разважае дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Мікалай АксамітМ.Аксаміт: Дзеячы БНФ былі людзьмі інтэлігентнымі. Яны не маглі карыстацца тымі мэтадамі, якія ўжываў Лукашэнка. Па-другое, дэмакратыя тады яшчэ ня ўмацавалася, рэальнай ўлады ў дэмакратаў не было. Першыя парасткі свабоды былі растаптаныя, і гэта зрабіла нават не беларуская намэнклятура, гэта было зроблена пры дапамозе расейскіх спэцслужбаў.

Ці мажлівае сёньне паўстаньне шырокага грамадзкага руху? Тыя, хто стаяў калісьці ля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэньня, лічаць, што гэта магчыма.

М.Аксаміт: Я лічу, што гэта цалкам мажліва. Масавы пратэст можа нарадзіцца з-за пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, але я ня зьвязваў бы з гэтым вялікіх надзеяў. Вядома, чым ніжэй ўзровень жыцьця чалавека, тым ніжэй яго грамадзянская пазыцыя.

Бязглуздая й несумленная прапаганда, якая вядзецца дзяржаўнымі СМІ, ужо выклікае нэгатыўную рэакцыю людзей. Недалёка да той крытычнай кропкі, калі прапаганда рэжыму пачне працаваць супраць яго. Гэта адчуваецца ў грамадзтве. Яно ўжо зусім не такое, якім было яшчэ пяць гадоў таму. Прыйшло новае пакаленьне. Моладзь больш аргэсіўная й прагматычная, чым была ў нашыя часы.

Лідарам, які можа ўзначаліць такі шырокі грамадзкі рух, на маю думку, можа быць Аляксандар Мілінкевіч. Я не бачу сярод лідараў апазыцыйных партыяў людзей, якія б змаглі аб’яднаць грамадзтва. Мілінквічу падчас мінулых выбараў гэта ўдалося. За ім пайшлі й людзі сярэдняга веку, і моладзь. На вялікі жаль, лідары партыяў ставяцца да Мілінкевіча з рэўнасьцю замест таго, каб яго падтрымаць. У гэтым іх вялікая памылка. Шмат каму зь кіраўнікоў партыяў лаўры лідара аб’яднанай апазыцыі не даюць спакою. А лідар ўжо ёсьць. Іншага шукаць ня трэба.

Удзельнік сустрэчы, сябра КХП БНФ Пятро Шашкель выступіў з жорсткай крытыкай усіх кіраўнікоў сёньняшняй беларускай апазыцыі й заявіў, што альтэрнатывы Зянону Пазьняку на беларускай палітычнай сцэне няма.

П. Шашкель: Сёньняшнія лідары гэтак званай апазыцыі маюць шмат амбіцыяў. Я не хачу нічога дрэннага казаць пра Мілінкевіча, але гэта ня лідар. Добра яшчэ, што падчас Эўрапейскга маршу ён не павёў людзей на Бангалёр, як гэта зрабілі іншыя. А моладзь гэтыя “паходы на балота” апазыцыі вельмі добра ацаніла, калі падарыла лідарам партыяў лапатачкі – вядома для чаго, бо на гэтай плошчы выгульваюць сабак.

Мікалай Аксаміт зьвярнуўся да беларускіх студэнтаў Варшавы з заклікам берагчы гонар беларусаў, годна вучыца й працаваць. Хвілінай маўчаньня удзельнікі сустрэчы ўшанавалі памяць нашых сучасьнікаў, грамадзкіх актывістаў, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё справе адбудовы дэмакратыі на Беларусі й заўчасна адышлі ад нас.

Сустрэча была арганізаваная таварыствам “Беларуская нацыянальная памяць” (адрас у інтэрнэце
www.b-n-p.org).

October 29, 2007

У Курапатаx ушанавалі памяць продкаў і ахвяраў камунізму

Ганна Соўсь, Менск
Радыё "Свабода"

Сёньня ў Менску прайшло шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў. У жалобных урачыстасьцях, арганізаваных Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй БНФ, узялі ўдзел ад паўтары да дзьвюх тысячаў чалавек. Пераважная большасьць удзельнікаў сёлетняй акцыі былі маладыя людзі. Шэсьцем на Курапаты сёньня прайшла і наша карэспандэнтка.

Больш за тры з паловай гадзіны каля дзесяці кілямэтраў менскімі вуліцамі прайшлі ўдзельнікі жалобнага шэсьця на Курапаты.

"Галоўнае, што грамадой ідзем"

Гэтым доўгім шляхам ішла, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, і дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая сама зьведала 18 гадоў ГУЛАГу.

“Сьвяты дзень. І галоўнае, што грамадой ідзем, і не адчуваеш сябе ў гэтым сьвеце адзінокай, як то было ўсё маё жыцьцё”.

Праз дзень спаўняецца 70 гадоў з дня гібелі Тодара Кляшторнага. Калі бацьку расстралялі, Маі было 3 месяцы.

Жалобнае шэсьце пачалося ад Парку Чалюскінцаў, і адразу ж усе зьвярнулі ўвагу на тое, што пераважная большасьць удзельнікаў – гэта моладзь.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што гэта ўжо тэндэнцыя: “Гэта сьведчыць, што моладзь прыходзіць да нацыянальнай ідэі, што моладзь успрымае сэрцам жывое і пэрспэктыўнае, а гэта – беларуская нацыянальная ідэя”.

Адзін з маладых удзельнікаў акцыі Максім ўпершыню ідзе шэсьцем на Курапаты: “Я жыву тут недалёка і заўжды назіраў з вакна. А сёлета вырашыў схадзіць. Дзяды – гэта калі памінаюць продкаў – вось што для мяне Дзяды”.

"Гэты год сымбалічны – 70 гадоў, як быў самы страшэнны год для Беларусі – 1937-мы”

А для аднаго зь лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука гэта ўжо чацьвёртае шэсьце з нагоды Дня памяці продкаў:

“Асабліва гэты раз для мяне такі памятны, бо сёлета ў Курапатах нейкія вандалы паламалі Крыж пакутаў. Гэты год сымбалічны – 70 гадоў, як быў самы страшэнны год для Беларусі – 1937-мы”.

Аўтар ідэі Крыжа пакутаў і крыжа-капліцы “Маці Божая Курапацкая” мастак Аляксей Марачкін ужо 18-ты раз запар бярэ ўдзел у мэмарыяльных мерапрыемствах з нагоды Дзядоў:

“Людзі будуць кожны год ісьці ў гэтае намоленае месца – Курапаты. Мне прыемна. Што моладзь, трымала ў руках сьцяжкі з выявай Маці божай Курапацкай, якую я аднавіў у Курапатах напярэдадні Дзядоў”.

Удзельнікі шэсьця несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі палітычных партый. Цягам трохгадзіннага шэсьця гучэлі беларускія песьні.

“Гэты крыж стаў сымбалем нашага духоўнага і нацыянальнага Адраджэньня"

Акцыя была дазволеная ўладамі, аднак адрозна ад мінулых шэсьцяў на Дзяды, пэрыядычна ўзьнікалі інцыдэнты зь міліцыяй у часе пераходу вуліцаў. Супрацоўнікі ДАІ не дазвалялі часова перакрыць рух і фактычна падзялялі калёну, прымушаючы ўдзельнікаў акцыі чакаць зялёнага сьвятла сьветлафору.

Лёзунгі сёлетніх Дзядоў – “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “1937-2007”, “Камунізм пад трыбунал”, “Ніякага саюзу з імпэрскай Расеяй”, “Свабоду Дашкевічу”, “Свабоду Казуліну”.

Дочкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Вольга і Юлія Казуліна і ягоны ўнук Улад стаялі ля праезнай часткі з плякатамі “Свабоду Казуліну”.

Вольга Казуліна: “Як заўсёды мы прыйшлі на гэтую акцыю, каб паведаміць усім, што Казулін дагэтуль у турме і што ён там знаходзіцца незаконна”.

Прыйшоўшы ў Курапаты, выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ў Беларусі Юрась Беленькі заклікаў прысутных ушанаваць памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсій ля адрэстаўраванага Крыжа пакутаў.

“Гэты крыж стаў сымбалем нашага духоўнага і нацыянальнага Адраджэньня. Зянон Пазьняк сказаў, што ён мае сакральнае значэньне. Гэты крыж немагчыма зламіць, бо яго абараняе Бог”.

У часе жалобнага мітынгу сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал зачытаў ліст старшыні партыі, адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Вось яго фрагмэнт: “Толькі той народ, які шануе продкаў, мае прышласьць. Нашая прышласьць будзе належыць нашаму народнаму адраджэньню. Няма іншага шляху ў будучыню. Як адрадзіць нашу нацыянальную культуру, нашу нацыянальную Дзяржаву, нашу вялікую беларускую мову, нашу магутнасьць, веліч і моц”.

У Курапатах усталявалі 16 новых крыжоў

Мітынг праходзіў пад антырасейскімі і антыімперскімі лёзунгамі.

Намесьнік страшыні КФП-БНФ Сяргей Папкоў заклікаў удзельнікаў акцыі бараніць і шанаваць сваю мову, сваю гісторыю, сваю краіну. А адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі заклікаў ахвяраваць грошы на новыя крыжы ў Курапатах.

Па завяршэньні мітынгу было ўсталявана 16 новых крыжоў. Як і большасьць курапацкіх крыжоў іх вырабіў жодзінскі цясьляр Анатоль Рыбкавец.

Ад 1988 году ўсталявана каля паўтысячы крыжоў ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-41 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 250 тысячаў чалавек.

Фотарэпартаж

October 27, 2007

Сьвіслач: Дзень памяці паўстанцаў 1863 г. адзначылі пад наглядам міліцыі

Міхал Карневіч, Сьвіслач
Радыё "Свабода"

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году быў адзначаны сёньня ў Сьвіслачы ўжо ў 13 раз. Аднак сёньня яго ўпершыню адзначалі безь бел-чырвона-белых сьцягоў, і ўпершыню на сьвята ня здолела даехаць моладзь зь Менску: іх аўтобус двойчы спынялі міліцыянты ў Дзяржынску й Баранавічах.

Калі гарадзенская моладзь зьбіралася ад’яжджаць раніцай у Сьвіслач, у аўтобус увайшоў міліцыянт і папярэдзіў, што ў Сьвіслачы рыхтуецца несанкцыянаванае мэрапрыемства і, маўляў, улада пра гэта ведае. Ён таксама папярэдзіў, каб ні ў якім выпадку не выкарыстоўвалася нацыянальная сымболіка.

Перад уездам у Сьвіслач аўтобус ізноў быў спынены, і ўжо мясцовы міліцыянт паўтарыў тую саму працэдуру папярэджаньня. Зь ім разам у аўтобус увайшоў міліцэйскі апэратар, які здымаў пасажыраў на стужку. На дарозе стаялі машыны ДАІ і амапаўцы.

Аб 11-й гадзіне стала вядома, што аўтобус зь менскай моладзьдзю затрымалі ў Дзяржынску.

Каля ста чалавек, якія здолелі даехаць у Сьвіслач з Горадні, Ваўкавыску, Мастоў, па традыцыі ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы.

Побач з магілай Віктара Каліноўскага я папрасіў падзяліцца сваімі думкамі Станіслава Шушкевіча. Шушкевіч: “Вось я ўвесь час думаю аб тым, якія ў нас былі цудоўныя асяродкі. І гэтая магіла, гэтае мястэчка – гэта доказ. Я так узрушаны, тым што казаў тутэйшы чалавек. А ён гаварыў пра Бога, пра брата Каліноўскага. Рэдка пачуеш такую гаворку”.

Ужо калёнай аўтамабіляў усе разам накіраваліся ў Якушоўку, дзе на месцы былой сядзібы Каліноўскіх стаіць крыж. Калёну суправаджала міліцэйская машына.

Каля крыжа ўсклалі кветкі, выступілі прамоўцы. Вінцук Вячорка сказаў, што напярэдадні перачытваў “Мужыцкую праўду” й вось да якіх высноваў прыйшоў:

Вячорка: “Людцы мае, можна браць жыўцом тое, што пісаў Кастусь у пазамінулым стагодзьдзі. Добра, што нам ёсьць на каго абапірацца, што ёсьць тыя вечныя каштоўнасьці, сфармуляваныя нашымі вялікімі продкамі, і нам ня трэба нічога выдумляць з пустэчы. Гэтыя каштоўнасьці з нашай зямлі, з нашага неба, з нашага духу”.

В.Вячорка таксама паведаміў, што аўтобус зь менскаю моладзьдзю ўжо другі раз затрымалі міліцыянты, гэтым разам каля Баранавічаў. Маўляў, ім паведамілі, што ў аўтобусе знаходзяцца наркотыкі. У часе мерапрыемства міліцэйскі апэратар працягваў здымаць усіх на стужку.

Сярод іншага, сёньня ў Якушоўцы заклалі новую традыцыю: пасадзілі 4 дубкі й паабяцалі, што будуць рабіць так штогод, каб заснаваць алею паўстанцаў.

Зь Якушоўкі калёна ізноў вярнулася ў Сьвіслач, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

Потым у лесе побач са Сьвіслаччу каля вогнішча ўзгадвалі пра паўстанцаў 1863 году, смажылі каўбаскі й частаваліся гарачай юшкай. Бард Андрэй Мельнікаў сьпяваў свае песьні.


Міліцыянты ў лес не паехалі, але чакалі аўтобуса з гарадзенскай моладзьдзю, які потым суправаджалі да самай Горадні. У гэты час па тэлефоне менчукі паведамілі, што міліцыянты іх адпусьцілі, але аўтобус вяртаецца назад у Менск, паколькі ад Баранавічаў да Сьвіслачы больш за 200 кілямэтраў.

Сьпіс мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню памяці

29 кастрычніка - Дзень Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў!

Менавіта ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў падвалах менскай турмы былі замучаныя і расстраляныя відныя дзеячы культуры, асьветы і дзяржаўнага апарату. Усяго - каля 100 чалавек. А за гады бальшавіцкага ліхалецьця было рэпрэсавана больш за 1,5 мільёны лепшых нашых суайчыньнікаў.

Аргкамітэт Году Памяці запрашае ўзяць удзел у наступных мерапрыемствах:

26 кастрычніка, 17-00 - прэс-канферэнцыя Аргкамітэту Году Памяці з нагоды Дня Памяці ахрвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на ўправе партыі БНФ (пр.Машэрава (былая Варвашэні), д.8)

18-00 - адкрыцьцё выставы беларускіх мастакоў “Памяць грукоча ў сэрца”, прысьвечанай Дню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на ўправе партыі БНФ19-00 - прэзэнтацыя кнігаў Леаніда Маракова “Ахвяры і карнікі”, зборнікаў “Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў Беларусі” пад рэдакцыяй Якава Басіна і кнігі ўспамінаў Алены Кобец-Філімонавай таксама на ўправе партыі БНФ

27 кастрычніка, 11-00 - агульная талака ў Курапатах,

14-00 - экскурсія па Курапатах

28 кастрычніка - дзень малітвы аб дараваньні беларускаму народу грахоў камунізму і за ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў,

11-00 - традыцыйнае шэсьце “Дзяды” ад гадзіньнікавага заводу (ст. мэтро «Парк чалюскінцаў») вуліцамі Менску да ўрочышча Курапаты, дзе ад 14.30 да 17.00 адбудзецца мітынг

29 кастрычніка - Дзень Памяці, ад 13-30 да 14-00 - збор у Курапатах, адкуль пачнецца аб’езд месцаў Менску, дзе ў 30-х гадах былі расстраляныя і закатаваныя беларусы, па маршруце Курапаты - парк Чалюскінцаў - Трасьцянец - Лошыца - Кальварыйскія могілкі - Курапаты

16-30 - мітынг-рэквіем у Курапатах

Аргкамітэт Дня Памяці

Урочышча Курапаты прыбранае да Дня памяці продкаў

Алесь Дашчынскі, Менск
Радыё "Свабода"

Сёньня ва ўрочышчы Курапаты сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзілі талаку напярэдадні Дня памяці продкаў – Дзядоў. Заўтра тут адбудзецца мітынг. Шэсьце ў Курапаты пачнецца 28 кастрычніка аб 11 гадзіне ад гадзіньнікавага заводу.

З удзельнікамі талакі ва ўрочышчы Курапаты пра адзначэньне Дзядоў гутарыў наш карэспандэнт.Удзельнікі талакі прыбіралі тэрыторыю Курапацкага лесу – аднаўлялі крыжы, зьбіралі раскіданае гальлё, паваленыя дрэвы, зграбалі леташняе лісьце, касілі траву. Крыж “Пакутнікам Беларусі”, які быў зламаны вандаламі, адноўлены.


Пакуль няма на месцы паламанай вандаламі гэтак званай “лавы Клінтана”, мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”. Яе ўзяў на рэстаўрацыю скульптар Алесь Шатэрнік. Чакаецца, што да 1 лістапада яна будзе таксама зноў усталяваная. На месца талакі некалькі разоў наведваліся міліцыянты.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Юрась Беленькі сказаў: “Кожную суботу цягам году тут адбываліся талокі. Урочышча прыбранае, крыжы – рэстаўраваныя. І наступную суботу, пакуль ня выпадзе сьнег, і зь першых цёплых дзён увесну, пастаянна тут адбываецца праца. І па ўсталяваньню новых, і па рамонту, рэстаўрацыі ўжо ўсталяваных крыжоў. Народны мэмарыял даглядаецца і пашыраецца”.


Каля вогнішча ў Курапацкім лесе гутару са старшынём Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты Вацлавам Нямковічам.

Ён распавёў, як адзначаюцца Дзяды: “Хадзілі ў храм, маліліся. Прыходзілі дахаты, рыхтавалася вячэра з 12-ці патраў. Як сьцямнее, усе сядалі за стол, адкрывалі фортку ці дзьверы, запрашалі дзядоў за гэты стол. За кожнага памерлага ў гэтай хаце ставілі сьвечку. Былі такія тры тосты – за нашых дзядоў, якія памерлі ў гэтай хаце. Другі тост быў за дзядоў той мясцовасьці, а трэці – за тых, хто загінуў за абарону роднага краю”.

Аліна Дуброўская кажа, што на Дзяды прыходзіць ва ўрочышча Курапаты: “Для мяне гэта сьвяты абавязак сюды прыехаць.Тут лунае асаблівы дух”.

Спадарыня Ліля Шымко мяркуе, што яе дзед таксама пахаваны ў Курапатах: “Я адзначаю Дзяды тут, у Курапатах. Мы самі прыходзім, але ўсё ж стараемся й шэсьцем, калі яно заплянавана. Мы прыходзім, каб ушанаваць памяць нашых продкаў, якія паклалі тут свае нявінныя галовы”.

Сябра КХП Уладзімер Юхо сказаў: “Па-першае, ідуць на могілкі, прыбіраюць, кладуць кветкі, моляцца, расказваюць як пражылі гэты год. Просяць у дзядоў спагады на наступны год. Мы, напрыклад, праводзім у Курапатах ужо амаль 20 гадоў Дзяды. Калі цяжка, я тут жыву ў “Зялёным лузе”, то я заўсёды прыходжу сюды, памалюся каля Крыжа “Пакутнікам Беларусі”. Я іду адсюль з новымі сіламі”.



Надзея таксама брала ўдзел у талацэ. Як яна будзе адзначаць Дзяды? “Традыцыйна прыходзім на шэсьце ў Курапаты на Дзяды. Тут агульна памінаем нашых продкаў. Са зьнічкамі, з кветкамі прыходзім”.

October 22, 2007

Сход беларускіх грамадаў БНП

20-21 кастрычніка ў Менску прайшоў першы сход беларускіх грамадаў БНП.

На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі з розных рэгіёнаў нашай Бацькаўшчыны, якія абмеркавалі бягучую дзейнасьць нашай супольнасьці, а таксама стратэгічныя планы.

Да таго ж актывісты БНП мелі магчымасьць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, наладзіць сяброўскія стасункі, якія павінны станоўча паўплываць на разьвіцьцё яшчэ зусім маладой супольнасьці Беларуская Нацыянальная Памяць.

Вынікам працы сходу стала зацьвярджэньне праекту статутных дакумэнтаў і прыняцьцё Праграмы дзейнасьці. Абраная таксама Краёвая Рада БНП, якая будзе ажыцьцяўляць каардынацыю грамадаў БНП.

Працэс стварэньня новых мясцовых арганізацыяў працягваецца і ў Бацькаўшчыне, і ў замежжы.

October 13, 2007

Дзень памяці паўстанцаў 1863 года


27 кастрычніка на Сьвіслаччыне адбудзецца Ўсебеларускі Фэст памяці братоў Каліноўскіх ды ўсіх удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 года.

Акцыя традыцыйна адбываецца ў горадзе Сьвіслач, а таксама на месцы родавага фальварку Каліноўскіх у Якушоўцы. У тых мясьцінах знаходзіцца таксама магіла Віктара Каліноўскага - роднага брата кіраўніка будучага паўстаньня.

Пра праграму мерапрыемства будзе паведамлена пазьней. Сачыце за абнаўленьнямі.



Фотаздымкі з Усебеларускага Фэсту памяці паўстанцаў 1863 г.
Сьвіслач

October 12, 2007

Булгак у Вільні

Крыніца: "Наша Ніва"
Людвіка Кардзіс

26 верасьня ў Вільні адкрылася рэтраспэктыўная выстава фотамастака Яна Булгака «Ян Булгак‑фатаграфік». Арганізатары — Літоўскі мастацкі музэй, Варшаўскі нацыянальны музэй. Партнэры — Польскі інстытут, Віленская мастацкая акадэмія.

На адкрыцьцё выставы прыехаў унук фатографа Багдан Булгак і ўнук Рушчыца — таксама Фэрдынанд Рушчыц, дырэктар Варшаўскага нацыянальнага музэю.

Першы раз у Літве зьявілася магчымасьць агледзець такую значную калекцыю. На выставе 446 працаў. Выстава склалася з калекцыі польскіх і літоўскіх музэяў з Варшавы, Лодзі, Кракава, Уроцлава, Літоўскага мастацкага музэю, Віленскай мастацкай акадэміі, сямейных архіваў Булгакаў і Рушчыцаў. Беларускіх партнэраў няма.

Выстава багатая. Мяне вёў туды найбольшы інтарэс: можа, будзе невядомы дагэтуль партрэт Францішка Аляхновіча? Партрэт выглядзела на выставе Булгака ў Варшаве праўнучка драматурга Эмілія Аляхновіч. Партрэта на гэты раз не было на выставе. Але было мноства віленскіх здымкаў, Вільні, якой ужо няма. Той нашай беларускай Вільні. Углядаюся ў здымкі касьцёла Сьв. Міхала, хочацца знайсьці айца Адама Станкевіча. Няма. Але ёсьць нейкі няўлоўны дух яго. Ён усё адно тут. На выставе шмат Наваградчыны, рэшткі вежы (у параўнаньні з тым, што маем сёньня — проста замак) у Крэве, Багданава, дом Рушчыцаў, інтэр’ер іхнага дому. І нейкі адчай скоўвае мяне — сёньня гэтага нічога няма. Няма таго духу, тых людзей, дамоў. І ці адновіцца гэта калі‑небудзь. Параўноўваю рэшткі замку ў Троках і ягоны сёньняшні выгляд. Усплываюць Крэўскі, Наваградзкі, Гальшанскі замкі… Аформлена выстава густоўна. Але зноў мой сум: надпісы пад кожнай працай на дзьвюх мовах — літоўскай і польскай. Нас, беларусаў, няма. А не патрэбныя мы. Як бы і ня нашыя краявіды складаюць большасьць выставы.

Сапраўднай сэнсацыяй для мяне была калекцыя фатаздымкаў Абдона Карзона. Здымкі прывезеныя з Парыжу. У калекцыі польскай бібліятэкі. Стэрэаскапічныя здымкі. А.Карзон меў у Вільні на вуліцы Вялікай недзе каля 1859 г. фотаатэлье шырокага профілю. Ён раней за іншых фатографаў зрабіў абшырныя здымкі Вільні, у 1860 г. аўтар зафіксаваў будоўлю чыгуначнага тунэлю ў Панарах. А здымак 1863 г. прымусіў мяне доўга ўглядацца ў яго. Вуліца Вялікая, людзі, зафіксаваныя там, былі сьведкамі нашага паўстаньня, сьмерці Кастуся Каліноўскага…

Увечары за гарбатай мы разважаем, чаму не далучыліся да беларускага руху Ян Булгак, Фэрдынанд Рушчыц і іншыя прадстаўнікі тагачаснай тутэйшай інтэлігенцыі? Булгак свае фатаздымкі друкаваў у тагачаснай «Нашай Ніве». Чаму не падаўся ім прывабным вобраз той нашаніўскай Беларусі. Прыйшлі да высновы, што і мы сёньня не з усімі, як бы і блізкімі па ідэях, беларусамі можам дамовіцца і ня хочам мець супольных спраў зь імі. Хіба што, і ў той час кожны меў сваю праўду, свае прычыны.

А выставу наведаць варта.

Працаваць яна будзе да 11 лістапада.

Адрас: Вялікая (Didzioji), 4. Вільня. Кошт квітка — 5 Lt або 1.45 EUR.

October 7, 2007

На магіле Яна Булгака

Варшаўская грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці 6 кастрычніка з нагоды дня нараджэньня наведала магілу Яна Булгака, якая знаходзіцца на Паванзкоўскіх могілках.

Ян Булгак - гэта выбітная постаць беларускага фотамастацтва, які лічыцца адным з яго пачынальнікаў у Беларусі, Літве і Польшчы.

Беларуская моладзь памятае пра свайго славутага суайчыньніка.

Ушанаваньне памяці Я.Булгака стала ўжо добрай традыцыяй, бо на Дзяды, Радаўніцу, угодкі нараджэньня і сьмерці заўжды запальваюцца зьнічы ды ўскладаюцца кветкі

October 6, 2007

У гасьцях у беларусаў Брытаніі

Напрыканцы верасьня прадстаўнік супольнасьці "Беларуская Нацыянальная Памяць" наведаў Лёндан, каб бліжэй пазнаёміцца з беларускай дыяспарай на гэтай абтоцы.

Дзякуючы бібліятэцы ймя Францішка Скарыны, было атрымана шмат зьвестак пра беларускі рух, яго актывістаў у часе змаганьня пад нямецкай акупацыяй, пра дзейнасьць паваеннай эміграцыі.

За час знаходжаньне ў Лёндане былі наведаныя ды ўшанаваныя пахаваньні беларускіх сьвятароў і грамадзкіх дзеячоў. Таксама атрымалася адшукаць месцы пахаваньняў Лявона Рыдлеўскага (удзельніка Слуцкага Збройнага Чыну) і беларуса Яна Дамініка, які ў першыя гады незалежнасьці Беларусі перадаў частку сваёй нерухомасьці для патрэбаў амбасады нашай дзяржавы ў Брытаніі, але пасьля рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі яго дзеці адабралі яе назад.

Дзякуюы паездцы Беларуская Нацыянальная Памяць атрымала новыя матэрыялы пра беларускіх патрыётаў ды іх дзейнасьць. Архіў БНП папоўніўся новымі фота і друкаванымі выданьнямі. Мы збіраемся апрацаваць і зьмясьціць іх частку на старонцы нашай супольнасьці, а фотагалярэю папоўніць новымі здымкамі. Ужо адбыліся абнаўленьні на мапе "Беларускія кропкі ў Эўропе". Запрашаем да наведваньня!

Хацелі таксама выказаць шчырую падзяку айцу Аляксандру Надсана, а таксама гісторыку Натальлі Гардзіенка за дапамогу і кансультацыі падчас знаходжаньня ў Лёндане.