March 22, 2008

Вечная памяць Справядліваму

22 сакавіка ў гадавіну забойства Мураўёвым-вешальнікам Кастуся Каліноўскага варшаўская грамада БНП ушанавала яго памяць, запаліўшы сымбалічныя зьнічы на магіле блізкай яму асобы, каханай Марыі Ямант (Дмахоўскай).

March 17, 2008

25 сакавіка ў Вільні святкуюць Дзень беларускага яднання

90-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі сёлета ў Вільні будуць адзначацца не ў асобных суполках і арганізацыях, як раней, а як агульнае сьвята, як Дзень беларускага яднаньня.

Як паведамляе Беларуская грамада горада Вільні, такім чынам будзе адноўленая даваенная традыцыя, калі ў дзень 25 сакавіка ў Вільні праходзілі агульная малітва за Беларусь, урачысты сход, канцэрт і шэсьце. У такі дзень забываліся палітычныя падзелы і асабістыя амбіцыі, а ўся беларуская грамада пачувалася адным цэлым. Гэтак мяркуецца зрабіць і сёлета.

А 12-й гадзіне адбудзецца ўскладаньне вянка да помніка стваральнікам БНР братам Івану і Антону Луцкевічам на могілках Роса. А 15-й гадзіне распачнецца Урачысты сход і сьвяточны канцэрт у віленскім Доме настаўніка. Пасьля канцэрта публіка рушыць шэсьцем да Базыльянскіх муроў, дзе а 17.30 у царкве Сьвятой Тройцы адбудзецца супольная малітва за Беларусь.

Арганізуюць Дзень беларускага яднаньня вядомыя віленскія дзеячы разам са студэнтамі гарадзкіх універсітэтаў і проста неабыякавымі да незалежнасьці Беларусі людзьмі – бізнэсоўцамі, пэдагогамі, журналістамі. Дэвіз сёлетняга сьвята: «Будзьма разам у гэты дзень!»

Крыніца

March 12, 2008

Успамін Алеся Гаруна ў Кракаве


Актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці ў Кракаве наведалі магілу Алеся Гаруна ў дзень ягонага нараджэння.

Алесь Гарун нарадзіўся 11.03.1887 года ў фальварку Новы двор у сям'і звычайнага рабочага. Аляксандр Прушынскі пайшоў па слядох бацькоў і таксама працаваў як рабочы. У 1904 годзе ўступіў у партыю эсэраў і актыўна пачаў займацца падпольнай рэвалюцыйнай дзейнасьцю. У 1907 г. быў арыштаваны і высланы на пасяленьне ў Сібір, у Менск ён вярнуўся толькі ў верасьні 1917 года.

Падчас нямецкай акупацыі быў рэдактарам газэты «Беларускі шлях». У 1919 годзе, пасля захопу Менску палякамі, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў, дзе й памер.

Аляксандр Прушынскі пахаваны на Ракавіцкіх могілках.


Ты паўстанеш, працавіты,
Гаратнічы, невымоўны,
Шчасця, долі прагавіты,
Мой сланэчны, мой чароўны!
Будзе час, пабачаць сведкі,
Хоць не мы, дык нашы дзеткі.

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваей не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

March 11, 2008

Сябры БНП наведалі Італію

Днямі сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці наведалі Італію, каб пазнаёміцца з мясцовымі беларусамі, якія жывуць на Апэнінах.

Традыцыйна праграма нашых візітаў уключае наведваньне памятных мясьцінаў, зьвязаных з Беларусяй, яе гісторыяй ды культурай, а таксама месцаў мартыралогіі. Мы мелі канкрэтную мэту наведаць месца бітвы пад Монтэ-Касіна, дзе ўшанаваць памяць жаўнераў-беларусаў з дывізіі Андэрса, якія загінулі ў тым месцы.

Вайсковыя могілкі ў Монтэ-Касіна знаходзяцца побач са знакамітым і адным з самых старажытных у Эўропе кляштараў, які быў заснаваны сьв.Бэнэдыктам - апекуном Эўропы. Пад схіламі гары, на якой знаходзіцца кляштар, адбылася адна з маштабных і кравапралітных бітваў 1944 году ў Італіі. У ёй прымала ўдзел шмат беларусаў, якія служылі ў дывізіі генэрала Андэрса, сфармаванай на тэрыторыі СССР з былых палонных. Тэма бітвы пад Монтэ-Касіна ды ўдзел у ёй беларусаў шырока асьветлена ў працах беларускіх гісторыкаў, а таксама ва ўспамінах непасрэдных яе ўдзельнікаў. Жадаючым пазнаёміцца больш грунтоўна з гэтай тэматыкай раім набыць кнігу "Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна".



Другой часткай паездкі стаў Рым. Там адбыўся шэраг сустрэчаў. Наведалі цікавыя месцы Вечнага Горада, якія зьвязаныя з Беларусяй. У прыватнасьці гэта Папскі Грэцкі Калегіюм, у якім вучылася шмат знакавых для хрысьціянскай Царквы ў Беларусі постацяў, у тым ліку мітрапаліты Язэп Руцкі, Цыпрыян Жахоўскі, а таксама апостальскі візітатар для беларускіх католікаў у замежжы Аляксандар Надсан. Папскі Грэцкі Калегіюм – навучальная ўстанова, заснаваная ў 1577 папам Рыгорам ХІІІ “для грэкаў і іншых усходніх нацыяў”. Для “рускіх” студэнтаў было вызначана спачатку 4, а пасьля 6 месцаў. Паводле а. Аляксандра Надсана (гадунец Калегіюма), з 1621 па 1803 там было 107 “рускіх” студэнтаў, зь якіх беларусамі былі прынамсі 59. Дзейнічае ў наш час як духоўная сэмінарыя. Наведалі таксама былую рэзідэнцыя ордэну літоўскіх базылянаў і царкву сьв. Сяргея і Бакха з цудоўна яўленай Жыровіцкай іконай Божай Маці (у 1718 г.) Сёньня – рэзідэнцыя прадстаўніка УГКЦ у Рыме.


Разам з Папам Рымскім сябры БНП маліліся за беларускі народ у часе традыцыйнай нядзельнай малітвы "Анёл Гасподні". Мы былі не адзінымі беларусамі, які прыйшлі на плошчу перад ватыканскім палацам. Разгорнуты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг прыцягнуў увагу паломнікаў, бо заўжды прыемна сустракаць землякоў на чужбіне.


[Мапа] гэтага ды іншых нашых падарожжаў.

March 9, 2008

125 гадоў з дня нараджэньня Францішка Аляхновіча


9 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня беларускага драматурга, пісьменьніка, “бацькі беларускага тэатру” Францішка Аляхновіча. Сёньня ў Вільні, зь якой зьвязаныя жыцьцё і творчасьць Аляхновіча, ушанавалі яго памяць. Тым часам віленскія беларускія арганізацыі выступілі з новай ініцыятывай, каб вырашыць праблему з помнікам на магіле выдатнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэньня.

Віленскія беларусы сёньня прынесьлі кветкі да памятных мясьцінаў, зьвязаных з Францішкам Аляхновічам – спачатку да капліцы на месцы былых Кальвінскіх могілак, дзе ён быў пахаваны пасьля забойства ў 1944 годзе.

Дакладнае месца не вядома

На месцы гэтых могілак у Вільні пабудаваны палац шлюбаў, але месца магілы Аляхновіча прыкладна вядомае з аповедаў старэйшых беларусаў. Адтуль і была ўзятая зямля і перанесеная на Літарацкую горку на могілках Росы ў 1989 годзе – гэтае сымбалічнае перапахаваньне арганізавала Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Літве.

Яго кіраўнік Хведар Нюнька здолеў пераканаць тагачасныя віленскія ўлады ў тым, што на Росах неабходна выдзеліць месца для беларускіх дзеячоў, і знайшоў сродкі (укладаючы і свае ўласныя) для першага помніка:

“Я памятаю, калі забілі Аляхновіча, і тады яшчэ выйшла газэта “Беларускі голас” зь вялікім партрэтам Аляхновіча. Я тады быў яшчэ зусім малы, але ўзяў гэта ня толькі ў памяць, але і ў галаву. Калі тут пачало ладзіцца беларускае жыцьцё, аднаўляцца, я падумаў, што гэтаму чалавеку я абавязаны зрабіць, што ў маіх сілах”.

"У Беларусі ўстанаўляюць іншыя помнікі"

Помнік Аляхновічу на Росах, да якога сёньня прынесьлі кветкі беларусы, скульптар Эдуард Падбярэскі зрабіў бясплатна. Сяржук Вітушка, які дапамагаў устанаўляць помнік, кажа, што яму падабаецца ідэя скульптара: Аляхновіч тужліва глядзіць у бок Беларусі.

“Эдуард Падбярэскі, славуты віленскія скульптар, беларус, зрабіў ахвярную працу – зрабіў гэты помнік. Ясна, што тады не было сродкаў пабудаваць яго з мэталу ці каменю, гэта была гіпсавая мадэль, і зь яе зрабілі такую плястыкавую, можна сказаць, мадэль (залілі баксытнай смалой) – з такім спадзевам, што гадоў 10 яна прастаіць, а за гэты час зьменіцца сытуацыя ў Беларусі, і гэты адзіны помнік бацьку беларускага тэатру ператворыцца ў сапраўдны помнік Аляхновічу.

І памятаю, як цяпер, што падмурак мы залівалі бэтонны, капітальны – з такім разьлікам, што там будзе стаяць сапраўдны помнік. Але прайшло шмат гадоў, і, на жаль, у Беларусі ўстанаўляюцца іншыя помнікі – вось, скажам, помнік Сталіну стаіць цяпер каля Заслаўя, – і нават размовы пра помнік такім дзеячам, як Аляхновіч, няма”.

Таму віленскія беларусы заявілі сёньня аб спробе аб’яднаць намаганьні, каб вырашыць з адзіным помнікам драматургу. У ствараны аргкамітэт увойдуць прадстаўнікі як беларускіх, так і іншых нацыянальных арганізацыяў Літвы, а таксама Беларусі і замежжа.

Ад намеру зрабіць дакладную копію помніка з каменю давядзецца, магчыма, адмовіцца, кажуць віленскія актывісты: занадта дорага. Помнік такі каштаваў бы каля 8 тысяч эўра.

"2008-ы можна лічыць ня толькі годам БНР, але і годам Аляхновіча"

Ініцыятарка аргкамітэту, кіраўніца грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча” Людвіка Кардзіс патлумачыла:

“На сёньня вырашылі так: мы будзем зьбіраць грошы і пасьля, з увагі на тую суму, якая зьбярэцца, усе разам будзем прымаць рашэньне: або мы робім зусім іншы помнік, абвяшчаем конкурс, або – калі будзе дастатковая сума – робім дакладна такі помнік, як стаіць цяпер, з больш трывалага матэрыялу.

Я думаю, што да такой постаці, як Францішак Аляхновіч, абыякавых людзей, абыякавых беларусаў у сьвеце ня будзе. І на сёньняшні момант у нас ужо ёсьць першае ахвяраваньне, і гэта вельмі добры пачатак.

Наперадзе у нас цэлы юбілейны год – яго сапраўды можна лічыць ня толькі годам БНР, але і годам Францішка Аляхновіча – так што справа з помнікам зрушыцца... Гэта ўжо даўно для нас такая балючая праблема, мы даўно пра гэта ўсё думалі, і добра, што гэтая справа пачала вырашацца”.


“Я вітаю ініцыятыву Людвікі, каб сабраць грошы на помнік Аляхновічу, – сказаў кіраўнік Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька. – І я зусім нядаўна сустракаўся са старшынёй “Бацькаўшчыны” Аленай Макоўскай, яна кажа, што “Бацькаўшчына” таксама далучыцца. Калі гэта будзе добра арганізавана, а я ведаю, што ў Людвікі Кардзіс энэргіі, ініцыятывы дастаткова, я думаю, што мы гэта зробім”.