1 лютага Беларуская Нацыянальная Памяць арганізавала паездку ў мястэчка Мастаўляны, што на Беласточчыне, дзе 2 лютага 1838 года нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Сёлета мы адзначаем 171 угодкі з дня яго нараджэньня і ўгодкі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня на Беларусі 1863 года.
У акцыі ўшанаваньня памяці беларускага нацыянальнага героя ўзялі ўдзел студэнты праграмы Каліноўскага. Моладзь наведала месца былой сядзібы Каліноўскіх, ад якой сёньня застаўся толькі кутны камень.
Перад прысутнымі выступіў прафэсар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак. Сп. Латышонак распавёў пра жыцьцё і дзейнасьць Кастуся Каліноўскага. Мясцовы жыхар сп. Уладзімер правёў экскурсію па вёсцы, узгадаў цікавыя падрабязнасьці з жыцьця сям'і Каліноўскіх.
На сядзібе Каліноўскіх у памяць нашага змагара быў зачытаны ўрывак зь "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", якія былі напісаныя Кастусём у камэры віленскай Дамініканскай турмы. Заклік да беларускага народу змагацца за сваю Волю і Край і сёння застаецца актуальным.
Беларуская Нацыянальная Памяць плануе ў хуткім часе ўсталяваць памятны знак на месцы былой сядзібы.
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment