Язэп Найдзюк усё сваё жыцьцё прысьвяціў Беларусі. Прайшоў шлях ад друкара да дырэктара Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, быў сябрам БХД, у 1929—1939 гадах - рэдактарам часопіса "Шлях моладзі".
За сваю дзейнасьць быў арыштаваны польскімі уладамі, сядзеў у сумна вядомым канцлягеры Бяроза-Картузкая. У часе ІІ сусьветнай вайны працаваў у Менску ў школьным інспектараце, дзейнічаў у шэрагах Беларускай народнай самапомачы. Перавыдаў другі раз сваю кніжку "Беларусь учора і сяньня", якая ўжо паўсюдна выкарыстоўвалася як падручнік гісторыі. Ведаючы, што такое савецкая ўлада, быў вымушаны выехаць на захад і, хаваючыся ад перасьледу, зьмяніў прозьвішча на Александровіч.
Сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка, наведаўшы яго магілу ў Інаўроцлаве. Былі запаленыя зьнічы памяці і прасьпяваны гімн "Магутны Божа". Наведалі таксама друкарню, якую стварыў і якой доўгія гады кіраваў наш зямляк. Яго там памятаюць і шануюць. На галоўным уваходзе зьмешчана вялікая шыльда па-беларуску і па-польску. Жывучы ў Польшчы, Язэп Найдзюк шмат зрабіў як для беларускай справы, так і для Польшчы. За сваю працу ў краязнаўстве і друкарстве стаў ганаровым грамадзянінам Інаўроцлава.
Грамадоўцы БНП заехалі таксама на магілу Гасана Канапацкага, які знайшоў свой спачын у Быдгашчы. Запалілі зьнічы каля магілы і каля памятнай шыльды на доме, дзе жыў беларускі ваяр.
Гасан Канапацкі нарадзіўся 25 лютага 1879 г. у Менску ў шляхецкай мусульманскай сям’і. Прымаў удзел у руска-японскай вайне, у першай сусьветнай вайне. Пасьля атручэньня баявымі газамі быў пераведзены ў тылавы эвакуацыйны пункт у Менску, дзе ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух.
Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі і быў назначаны камандзірам беларускага войска. Мела яно арганізавацца ў Слоніме і Баранавічах. Пасьля адступленьня палякаў улетку 1920 году. Беларуская вайсковая камісія пераехала ў Лодзь, а ў 1921 годзе беларускія падраздзяленьні былі распушчаныя.
Палкоўнік Канапацкі ў міжваенны пэрыяд жыў у Вільні і працягваў дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху. У 1928-1929 гадах загадваў рэдакцыяй часопіса „Беларускі радны”.
У час нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з газэтай „Беларускі голас”, якая выдавалася ў Вільні і быў старшынёю бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, у якой вучыўся ягоны сын Мацей, пазьнейшы журналіст „Нівы” і рэдактар беларускіх перадач на Беластоцкім радыё (1957-1964). У 1946 годзе пераехаў з сям’ёй у Быдгашч, дзе памёр 11 траўня 1953 году.
No comments:
Post a Comment