May 29, 2007

Бэльгія: беларусы адзначылі Дзень памяці палітвязьняў

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Беларусы Бэльгіі адзначылі Дзень памяці палітвязьняў. Пасьля ўрачыстага набажэнства ў беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпэне, беларусы наведалі магілу Міколы Равенскага у Лювэне.

Старшыня Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў:

Магіла Равенскага, гэта для нас сымбаль пераемнасьці паміж людзьмі ягонага пакаленьня і сучаснымі беларусамі, якіх таксама злачынны рэжым змусіў выехаць з краіны. Тады можна было трапіць у турму ні за што і цяпер таксама ні за што судзяць моладзь у Менску”.

Крыніца


May 24, 2007

Каля вёскі Бобр ушанавалі памяць удзельніка Слуцага збройнага чыну

У сымбалічнай акцыі прынялі ўдзел праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Пушкін ды Юрась Палякоў, дызайнэр Юрась Мяккі, грамадзкія актывісты Алесь Мазур і Анатоль Аскерка.

Пра Юрку Моніча распавёў Вячаслаў Сіўчык: «Юрка Моніч быў адным з самых пасьпяховых беларускіх партызанаў. Нарадзіўся у 1890 годзе. Выйшаў зь сялянскай сям’і, вывучыўся на настаўніка і быў мабілізаваны на фронт. Вучыўся вайсковаму майстэрству, за асабістую мужнасьць атрымаў георгіеўскі крыж. У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле. Пасьля сьмерці Лукаша, аддзел пад камандаваньнем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна.

У Барысаўскім павеце партызаны кантралявалі некалькі валасьцей. І цяпер у гэтай мясцовасьці ўзгадваюць добрым словам монічаўцаў, што ў часы харчразьвёрсткі баранілі сялянаў і раздавалі ім харч. Найбольш яскравую акцыю Моніч зладзіў у 1923 г., калі спыніў цягнік «Бэрлін-Масква», у якім ехалі ангельскія, францускія ды італьянскія дыпляматы, а таксама савецкія чыноўнікі. Апошнім у прысутнасьці дыпляматаў на загад Моніча далі па сорак шомпалаў. Гэта выклікала гістэрыку ў Маскве і сюды выслалі карны аддзел ГПУ, які ў 1924 г. ліквідаваў партызанскі атрад.

Юрка Моніч загінуў 23 траўня таго году. Яго зьнявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках. З таго часу лес, у якім атабарыліся партызаны, завуць Монічавым. Па яго сьмерці пайшла традыцыя на соснах выразаць крыжы». Сёлета, таксама на сасьне, быў усталяваны шасьціканцовы крыж з подпісам «Юрка Моніч. 1890—1924. Змагару за Беларусь».

Крыніца

Беларускія кропкі ў Эўропе

Нашая супольнасьць працягвае працу над сваімі мапаграфічнымі праектамі. Створаная новая мапа "Беларускія кропкі ў Эўропе", у якой будуць зьмяшчацца зьвесткі пра ўсе памятныя для беларусаў месцы ў Эўропе.

Глядзець мапу

Жадаючых дапамагчы ў рэалізацыі праекту, просім скантактавацца з намі.


May 19, 2007

У Польшчы ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка (Александровіча)

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сябры нядаўна заснаванай ініцыятывы Беларуская нацыянальная памяць ушанавалі памяць Язэпа Найдзюка (Александровіча) – выбітнага беларускага грамадзкага і культурнага дзеяча, які пасьля вайны жыў у польскім горадзе Інаўроцлаў.

Язэпа Найдзюка ў Інаўроцлаве памятаюць перадусім як Язэпа Александровіча, бо такое прозьвішча ён узяў пасьля таго, як пераехаў пасьля другой Усясьветнай вайны ў Польшчу, ратуючыся ад перасьледу савецкіх уладаў.

Там беларускі дзяяч, выдавец, гісторык з-пад Ваўкавыску, пражыў да самой сьмерці ў 1984 годзе, плённа працуючы на карысьць новай айчыны. Спадар Найдзюк стварыў у Інаўроцлаве друкарню і шмат гадоў яе ўзначальваў.

Летась жыхары гэтага польскага гораду ўсталявалі мэмарыяльную шыльду на будынку, у якім жыў Язэп Найдзюк, а сёлета горад наведалі студэнты-каліноўцы зь ініцыятывы Беларуская нацыянальная памяць, усклалі кветкі на магілу спадара Найдзюка і сустрэліся з жыхарамі Інаўроцлава, якія яго памятаюць.

Гэта ўжо трэцяя акцыя ініцыятывы, зьвязаная з ушанаваньнем памяці беларускіх дзеячоў, якія жылі ў Польшчы, і плянуюцца наступныя.

“Мы будзем шукаць месцы, дзе пахаваныя нашыя героі – гэта для нас важна, каб ушанаваць іх памяць. Увогуле – трымацца разам будзем”, – кажа адзін зь лідэраў ініцыятывы Беларуская нацыянальная памяць спадар Аўген.

Крыніца

May 18, 2007

Беларусы ў Інаўроцлаве. Успамін Язэпа Найдзюка

У гісторыі Беларусі яшчэ вельмі шмат “белых плямаў”, неапісаных падзеяў, несправядліва забытых постацяў, якія яшчэ патрабуюць руплівых дасьледваньняў. Адным з такіх ёсьць Язэп Найдзюк (Александровіч) - чалавек са складаным лёсам, але з вельмі цікавай біяграфіяй.

17 траўня варшаўская грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала Інаўроцлаў, у якім пасьля вайны пасяліўся і знайшоў супакой выбітны беларускі грамадзкі і культурны дзеяч Язэп Найдзюк.

Гістарычныя крыніцы падаюць розныя даты нараджэньня Я.Найдзюка. Найбольш верагоднымі ёсьць альбо 12, альбо 15 траўня 1909 году. Месца нараджэньня – ваколіцы Ваўкавыску. У 1920-40-я гады жыў і плённа працаваў у Вільні і Менску. Выдаваў часопіс “Шлях моладзі”. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім жыцьці, належаў да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

Сапраўдным прафэсіяналам Язэп Найдзюк стаў у выдавецкай справе. Адно тое, што кіраваў працай віленскай Друкарні ймя Ф.Скарыны, дзе выдаваліся амаль усе беларускія кнігі, ставіць яго ў шэраг выбітных дзеячоў нацыянальнай гісторыі. Але адзначыўся ён ня толькі ў кнігадрукаваньні. Зьяўляючыся вялікім аматарам гісторыі, Язэп Найдзюк напісаў і выдаў нарыс гісторыі Бацькаўшчыны “Беларусь учора й сёньня”. Любоў да гісторыі не згубіў і ў другім перыядзе свайго жыцьця, калі воляй лёсу, ратуючы сваё жыцьцё, стаў Язэпам Александровічам.

Дом у Інаўроцлаве, дзе ў 1945-84 гг. жыў Язэп Найдзюк

Хаваючыся ад чэкісцкага тэрору ў Інаўроцлаве, Я.Найдзюк шмат зрабіў на карысьць гэтага гораду. Працаваў як дырэктар друкарні, якую сам жа і стварыў. Адзначыўся таксама на ніве культуры і мясцовага краязнаўства. Аднак не забываў ён і пра Беларусь, дзе былі яго жонка і дзеці. Пісаў артыкулы ў беларускую эміграцыйную прэсу, падтрымліваючы сувязь з беларускім рухам праз свайго брата Чэслава, які жыў у Амэрыцы.

Грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала месцы, зьвязаныя з Язэпам Найдзюком, мела некалькі сустрэчаў з людзьмі, якія добра ведалі і сябравалі з Язэпам Александровічам, але толькі ня многія ведалі яго сапраўднае прозьвішча. Усе палякі, з якімі размаўлялі, казалі, што ня знойдзецца ў Інаўроцлаве ніводнага чалавека, хто сказаў бы дрэннае слова пра Язэпа Найдзюка. Некалькі год таму ўдзячныя жыхары Інаўроцлава адчынілі мэмарыяльную шыльду на польскай і беларускай мовах у гонар нашага суайчыньніка.

магіла Язэпа Найдзюка (Александровіча) у Інаўроцлаве

Гэты беларус, які ня маючы магчымасьці служыць свайму народу, узбагаціў сваёй працай тое месца, што стала для яго прытулкам. Памяць і павага да Язэпа Найдзюка жыве сярод палякаў, адродзіца яна і сярод яго землякоў. І ў гэтым няма сумневу.



Мэмарыяльная шыльда Язэпу Найдзюку (Александровічу) на сьцяне друкарні, якую ён стварыў і якой кіраваў

Маленькі сымбаль беларускай лучнасьці

Міталёгія — падмурак чалавечае культуры. Людзі ня здольныя жыць бязь мітаў, і чым вышэйшая прыступка разьвіцьця этнасу, тым болей показак ён стварае. Своеасаблiвыя носьбіты міталёгіі — сымбалі, і ў кожнага народу яны свае.

Старажытнаэлінскае слова symbolon азначала ўмоўны матэрыяльны апазнавальны знак для сябраў пэўнага грамадзкага ці таемнага задзіночаньня. Потым сымбалем пачалі называць рэч для вызначэньня якога‑небудзь вобразу, паняцьця ці ідэі.

Акрамя «вялікіх» дзяржаўных сымбаляў, ёсьць і «маленькія» неафіцыйныя, але ня менш значныя знакі, якія разумеюцца як «нашыя», «свае», у адрозьненьне ад «іншых», «ня нашых», што дапамагае людзям усьведамляць сябе суцэльнай нацыяй.

Сярод такіх «маленькіх» сымбаляў ёсьць і прыватныя, а таму вельмі істотныя: вось хаця б пярсьцёнак — адно з найстаражытнейшых і распаўсюджаных упрыгажэньняў для пальцаў рук, пашыранае ў шмат якіх краінах сьвету. Напрыклад, у Латвіі кожны ведае, што Nameja gredzens (пярсьцёнак Намэйса) — сымбаль латышоў, вядомы на іхняй тэрыторыі з ХІІІ ст.. Паданьне кажа, што зэмгальскі князь Намэйс быў апошні, хто мужна змагаўся супраць крыжакоў. Але вораг перамагаў, і князь быў вымушаны бегчы ў Літву да князя Трайдзеня па дапамогу. Перад выправай Намэйс пакінуў свой пярсьцёнак сыну. Крыжакі даведаліся пра гэта й пачалі шукаць хлапчука. Тады ўсе латыскія мужчыны зрабілі для сваіх сыноў такія самыя пярсьцёнкі, каб ворагі ня здолелі пазнаць князевага сына. З тых часоў пярсьцёнак Намэйса — нацыянальны сымбаль, яго носяць латыскія мужчыны, а завушніцы й бранзалеты з такім самым арнамэнтам — аздабленьні для латыскіх жанчын. Лічыцца дрэнным знакам купляць пярсьцёнак самому — звычайна бацька дорыць яго свайму сыну на даросласьць.

Іншая пагудка даводзіць, што палосы пярсьцёнка — гэта гістарычныя землі Латвіі, князі якіх заўжды канфліктавалі паміж сабой. Міжусобныя бойкі й духоўная разьяднанасьць нацыі спрыялi захопніцкім нападам крыжакоў. Маленькая стужка, што злучае тры вялікія палосы, — гэта Намэйс, які нарэшце зразумеў неабходнасьць супольных дзеяньняў супраць крыжакоў і прапанаваў аб’яднацца ў супрацьстаяньні ворагу.

Вось ужо сем стагодзьдзяў маленькі латвійскі Nameja gredzens зьяўляецца вялікім сымбалем волі й еднасьці латвійскае нацыі. І гэта не выпадкова. Круг (кола, кольца, дыск, вянок, пярсьцёнак) — сымбаль з найстаражытнейшай сэнсавай афарбоўкай. Як замкнёная акружнасьць ён сымбалізуе гармонію, суцэльнасьць і адзінства. Кола ня мае ні пачатку, ні канца, а таму — знак вечнасьці. Бясконцасьць, абгорнутая вакол пальца, — знак свабоды, годнасьці, улады й моцы, сымбаль прыналежнасьці да пэўнага кругу й асаблівага статусу. Кола пярсьцёнка — гэта ідэя зачыненасьці ад хаосу й утрыманьня ўсяго свайго пры сабе. Уладальнік пярсьцёнка — герой, пераможца, незалежны гаспадар уласнага ўнівэрсуму, а сам пярсьцёнак — знак самадастатковасьці.

Пярсьцёнак — гэта таксама й кудмень, абарончая чыннасьць якога перадусім зьвязаная з магічным асэнсаваньнем ягонае геамэтрычнае формы, што й абумоўлівае ягоную моц абярэга пры адмежаваньні ад нечага непажаданага й для зьнішчэньня ўсяго шкоднага й небясьпечнага: нячыстае сілы, хваробаў, чужынцаў і г.д. Пярсьцёнак — яшчэ й сымбаль Сонца, таму засьцерагае ад несвоечасовага выйсьця душы. Дарэчы, памерламу пярсьцёнак здымалі. З гэтым стасуецца й асаблівасьць пярсьцёнкаў, знойдзеных пры археалягічных раскопках, — большасьць зь іх разьяднаныя ці разагнутыя. А ў валатоўках ХІ—ХІІ ст. знаходзяць пярсьцёнкі, падвешаныя на поясе ў якасьці амулетаў. Нарэшце, пярсьцёнак — галоўны сымбаль шлюбу, неабходны атрыбут шмат якіх варожбаў і адзін з чароўных казачных талісманаў, а перакідваньне пярсьцёнка з рукі на руку ўспрымаецца як зьдзяйсьненьне ўсіх жаданьняў...

Ці патрэбны такі сымбаль нам? Натуральна! — бо чым мацнейшая ў нацыі міталёгія, чым болей у народу сымбаляў, тым лепш чалавек усьведамляе сябе часткаю адзінага этнасу. Некаторыя знакі, у тым ліку й этнавызначальныя, ёсьць i ў нас: Белавеская пушча, зубар, бусел, дуб, валошка, Сьвятая гара, Нарач‑возера, ды й нават тая ж бульба. І ўсё ж такі, ці ня думаў кожны з нас, што ў Новы год нам не хапае сваіх уласных «курантаў» на экране, што ў нашых гарадох мала знакавых архітэктурных і скульптурных помнікаў, а шматлікія «пячаткі» сёньняшняга электарату ня маюць аніякага пазытыўнага сэнсу?

Паводле археалягічных дадзеных, на нашых землях пярсьцёнкі й іншыя аздобы існавалі ўжо ў каменным веку. Спачатку яны вырабляліся з косьці й бурштыну, потым з каляровых і каштоўных мэталаў, а таксама шкла. Некаторыя пярсьцёнкі былі падобныя да бранзалетаў і прататыпу завушніц — скроневых кольцаў. Разнастайныя злотніцкія вырабы плямёнаў жалезнага веку (ІХ—VII ст. да н.э. — VIII ст.) сьведчаць пра высокі ўзровень тагачаснага мастацтва. Далейшае разьвіцьцё ювэлірнага мастацтва ў ІХ—ХІІІ ст. зьвязана з узьнікненьнем залатарных майстэрняў у Менску, Полацку, Наваградку, Гародні, Тураве, Віцебску, Пінску, Берасьці й іншых местах. Вырабы мясцовых ювэліраў, знойдзеныя ў культурных пластах таго часу, вызначаюцца незвычайнай вытанчанасьцю, дасканаласьцю выкананьня й філіграннасьцю апрацоўкі.

Найбольш пашыранымі на тутэйшых землях былі вітыя пярсьцёнкі. Яны (як і вітыя бранзалеты, шыйныя грыўні й скроневыя кольцы) карысталіся папулярнасьцю сярод усіх насельнікаў балтаславянскага паходжаньня, што жылі на сучаснай тэрыторыі нашай краіны. Самы знакаміты — віты пярсьцёнак ХІ ст. з Полацку.

Віты арнамэнт вядомы нашым продкам ужо з часоў днепра‑дзьвінскае культуры VIII ст. да н.э. — V ст. (мал. 15).

Напрыклад, комплекс археалягічных помнікаў каля в.Гарошкаў (Рэчыцкі р‑н) і знойдзеныя тут бранзалеты й пярсьцёнкі IV—I ст. да н.э. Надзвычай цікавай падаецца знаходка з курганнага могільніку каля в.Лудчыцы (Быхаўскі р‑н), што датуецца ХІ ст. Сярод пахавальнага інвэнтару была знойдзеная бронзавая літая выява чалавека), які трымае ў руцэ вялікую вітую спражку ці зашпільку — прыладу, якая замацоўвала пояс ці верхняе адзеньне, а таксама была ўпрыгожаньнем.

Мяркуюць, што вітыя сповіткі сымбалізуюць калосьсе, заможнасьць і багацьце. Сваю ролю ў іх пашыранасьці адыграла й само дзеяньне вырабу вітых рэчаў (пярсьцёнкі, вянкі): зьвіваньне, віцьцё, скручваньне, якое выступала адным з прыёмаў земляробчае магіі, бо быццам увасабляла ў сабе кругазварот: сеяньне — жніво — сеяньне (нараджэньне — жыцьцё — новае нараджэньне).

Што ж да назвы нашага пярсьцёнка й зьвязаных зь iм паданьняў — гэтае пытаньне патрабуе далейшых, больш грунтоўных дасьледаваньняў, якія, трэба спадзявацца, будуць плённымі.

Крыніца

2007 - ГОД НАРОДНАЕ ПАМЯЦІ

15 лютага адбылася прэс-канферэнцыя грамадзкага аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, агучаны зварот "Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў сьвету"

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў прыняў рашэньне абвясьціць 2007 г. Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, а 29 кастрычніка — Днём памяці. Гэта зьвязана з тым, што сёлета спаўняецца 70 гадоў ад 1937 году — кульмінацыі масавых рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. На прэс-канферэнцыі быў абнародаваны Зварот да грамадзянаў Беларусі й беларусаў сьвету, на пытаньні журналістаў адказвалі гісторык Ігар Кузняцоў і пісьменьнік Васіль Якавенка.

Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў сьвету
Зварот

Шаноўныя суайчыньнікі! Заўчасная сьмерць — бяда й непапраўная страта ня толькі для блізкіх, але й для ўсёй чалавечай супольнасьці. Але ж падчас крывавага разбою бальшавіцкіх ЧК, ГПУ, НКВД, МДБ, бадай, не было той сям’і й радзіны, каб зь іх асяродку чорнае груганьнё не вырвала бацьку, маці, сына, брата, сястру, дарослых і нават непаўналетніх. А хто ацалеў — застаўся запалоханым на ўсё жыцьцё. І што гэта былі за страты! Боль за іх ня згас, не вычарпаў сябе у народзе дагэтуль.

Даты смутку й жалю

Сёлета беларускае грамадзтва мае адзначыць сумнае сямідзесяцігодзьдзе. Акурат у 1937-м крывавы патоп сталінскіх рэпрэсіяў дасягнуў найвышэйшага ўздыму. Няпрошаныя госьці ўвальваліся ў гарадзкія кватэры й сялянскія хаты. Цэлымі сем’ямі вывозілі людзей у Сібір і на Поўнач, чынілі расстрэлы ў шматлікіх Курапатах. Лепшыя з лепшых абвяшчаліся ворагамі народа й траплялі ў рукі бальшавіцкіх катаў. Кузьму Чорнага, клясыка беларускае літаратуры, садзілі на кол. Народнага паэта Янку Купалу давялі да таго, што пазьбягаючы глуму над сабой, спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Пасьля дзікунскага зьдзеку й гвалту дзяржаўны дзеячаяў і пісьменьнік Цішка Гартны (Жылуновіч) загінуў у Магілёўскае псыхіатрычнае больніцы. Глум над людзьмi й iх вынішчэньне чэкістамі насiлi планавый характар. Толькі ў 1920–50-я катаржныя гады ГУЛАГ праглынуў больш за 600 тысячаў ураджэнцаў Беларусі, а з улікам другіх катэгорыяў афіцыйна рэпрэсаваных гэтая лічба сягае за 1,5 мільёна. Нават цяжка ўявіць: найбольш здольнае да творчай і стваральнай працы насельніцтва вялікага эўрапейскага горада, роўнага сучаснаму Менску, і яно трапляе ў лапы й пекла ГУЛАГу! Шмат у якіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў.

Ад самага ўтварэньня БССР і да 1953 года ў Беларусі была вынішчана амаль уся сьвядомая, культурная, адукаваная нацыянальная інтэлігенцыя. І каб не гэтыя страты, сёньня ў нас была б зусім іншая краіна. У адносінах беларускіх уладных структур да нацыянальных каштоўнасьцей становішча не выпраўлена да гэтага часу.

Грамадзтва не павінна абысці ўвагай даты чорных, трагічных падзеяў. Таму 20 лістапада 2006 года ў Менску створаны на законных падставах грамадзкі Аргкамітэт, які ставіць на мэту адрадзіць рытуал памінаньня шматлікіх ахвяраў, што будзе адпавядаць векавечным традыцыям і звычаям беларускага народа ў захаваньні памяці аб слаўных продках, выдатных асобах, сьвятых і грэшных, пакутніках, якія заўчасна пайшлі ў зямлю.

А 29 кастрычніка 1937 года асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Менску сталінскія апрычнікі расстралялі 100 выдатных прадстаўнікоў творчае і навукова-тэхнічнае інтэлігенцыі, у тым ліку народных камісараў асьветы — Аляксандра Варончанку і Аляксандра Чарнушэвіча, наркома фінансаў Івана Кудзельку, рэктараў БДУ — Ананія Дзьякава, Язэпа Каранеўскага, Аляксея Кучынскага, дэкана Яўгена Усьпенскага, прафесара Сьцяпана Маргелава, дырэктараў Белпедтэхнікума — Міхаіла Радзеўскага, Ігната Афанасьева разам з выкладчыкамі, — другога сакратара ЦК КПБ(б) Міколу Арабея, шэраг адказных работнікаў ЦК, СНК, ЦВК, іншых установаў, 22-х пісьменнікаў і грамадзкіх дзеячаў: Міхася Чарота, Янку Нёманскага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, Юлія Таўбіна, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Зяму Піваварава, Ізю Харыка, Тодара Кляшторнага, Анатоля Вольнага, Юрку Лявоннага…, вядомых тады журналістаў Віктара Войнава, Паўла Шастакова… Многія зь вязьняў былі змардаваныя настолькі, што не маглі стаяць на нагах і іх волакам цягнулі на расстрэл. А жонак, дзяцей і бліжэйшых родзічаў расстраляных тады ж кінулі ў канцэнтрацыйныя лягеры.

Вынішчэньне інтэлектуальнае эліты нашае нацыянальнае супольнасьці 29 кастрычніка было праведзена і ў абласных гарадах — Віцебску, Гомелі, Магілёве. І гэта — чарговы ўдар па беларускай адукацыі, па духоўнай культуры, па мове, жорсткая праява генацыду народа і нацыі.

У Год Памяці

Мы прапануем грамадзкасці лічыць 2007 год Годам Памяці аб нічым не апраўданых рэпрэсіях супраць беларускага народа. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртаньне кожнаму змардаванаму, забітаму, абясслаўленаму грамадзяніну Беларусі яго добрага імені.

Разам з тым мы лічым магчымым падтрымаць працу й польскага Мэмарыялу па ўвекавечваньні памяці нявінна загубленых, а таксама расейскіх калегаў з Мемарыяла Екацерынбурга, Карэліі… Па прыкладу Мартыралога Сыктыўкара мы прапануем кожны месяц 29-га чысла, пачынаючы з 17 гадзін, наведваць месцы захаваньня парэшткаў пакутнікаў сталінскіх рэпрэсіяў. Прамаўляючы ўсьцешныя словы над іх спачынам, давайце па звычаю продкаў запалім памінальныя сьвечкі. Апроч таго абавязкова прыйдзем да іх магілаў на Радаўніцу й Дзяды.

Мы разьлічваем на падтрымку Года Памяці гарадзкімі й сельскімі выканаўчымі ўладамі, на выяўленьне, упарадкаваньне, аздабленьне крыжамі, памятнымі знакамі ўсіх мясцінаў расстрэлаў і захаваньня парэшткаў пакутнікаў з магчымым выяўленьнем невядомых імёнаў і перадачай інфармацыі пра іх у мясцовыя музэі, гістарычныя й культурныя ўстановы.

Мы прапануем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту, іншым навуковым і асьветным установам краіны зьвярнуцца да трагічных падзеяў беларускага адраджэньня, прыгадаць Інбелкульт і расправу з плеядай вучоных колькасьцю звыш 100 чалавек на мяжы 1920–30-х гадоў, з выдатнымі нацыянальнымі дзеячамі, у асяродку якіх былі Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, браты Максім ды Гаўрыла Гарэцкія. Вучоным варта зрабіць свой унёсак у Год Памяці.

Памяць вымагае справядлівасьці й ушанаваньня спадчыны рэпрэсаваных дзеячаў беларускае навукі, асьветы, культуры ня толькі словамі, але й справамі, на якіх абарвалася іх жыцьцё. Сёньня, калі ўсе вышэйшыя і сярэднія тэхнічныя навучальныя ўстановы пераведзены на расейскую мову і бацькам-беларусам, а яны складаюць абсалютную большасьць насельніцтва, даводзіцца выпраўляць сваіх дзяцей у расейскія школы толькі таму, што далейшае набыцьцё адукацыі й прафэсіі на роднай мове практычна немагчыма, Аргкамітэт заяўляе пра сваю рашучую падтрымку хадайніцтва ГА 'Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны' перад урадам, Адміністрацыяйпрэзыдэнта й самім прэзідэнтам аб адкрыцьці ў Менску шматпрофільнага беларускамоўнага універсітэта.

Мы прапануем усім партыям і грамадзкім аб’яднаньням краіны разам з уладамі, калі на тое будзе іх ласка, а не — то і без іх, узяць на сябе ініцыятыву па распрацоўцы й ажыцьцяўленні канкрэтных мерапрыемстваў у Год Памяці.

Заклікаем далучыцца да гуманнай грамадзкай ініцыятывы прафэсійныя творчыя саюзы, каля вытокаў якіх нярэдка стаялі выдатныя дзеячы нацыянальнае культуры, рэпрэсаваныя крыважэрным рэжымам.

Заклікаем праявіць свой грамадзянскі абавязак сяброў моладзевых суполак краіны. Усе яны, незалежна ад роду заняткаў і ідэалягічнае арыентацыі, павінны актывізаваць сваю дзейнасьць па адраджэньні й ўшанаваньні памяці ахвяраў камуна-бальшавізму.

Мы зьвяртаемся з гэтым жа заклікам і да вучнёўскіх, студэнцкіх арганізацыяў, да юных следапытаў, дасьледчыкаў, як і да настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў.

Спадзяемся, што сьвятары ўсіх канфесіяў, практычна вынішчаных у савецкія гады, у Год Памяці распрацуюць і прыступяць да ажыцьцяўлення праграмы царкоўных службаў, літургій, памінаньняў нявінных ахвяраў масавых рэпрэсіяў, узяўшы за прыклад учынак праваслаўнага патрыярха Ціхана, які ў 1918 годзе выступіў з ганьбаваннем бальшавіцкіх карнікаў: “Спыніцеся, вар’яты, спыніце вашы крывавыя расправы. Бо тое, што вы робіце, ёсць справа сапраўды сатанінская, за што падлягаеце вы агню гееннаму… Уладаю, дадзенай нам ад Бога… анафемствуем вас!”

Зьвяртаючыся да розных пакаленьняў грамадзян Беларусі й беларусаў, якія жывуць у замежжы, Аргкамітэт абвяшчае збор фондавых матэрыялаў, кніг успамінаў, рукапісаў, фотакартак, пісьмаў, дакументаў, асабістых рэчаў былых вязьняў камуністычных турэмных засьценкаў. Усё гэта можа быць выкарыстана пры стварэньні тэматычнага банка дадзеных на электронных носьбітах, а таксама мэмарыяльнага музея ў Менску.

Да Дня Памяці

Мы зьвяртаемся да заканадаўчых і выканаўчых улад краіны, да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і адзначаць яго адпаведным чынам штогод.

Мы выступаем перад кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам з прапановай выдаць указ выканаўчым уладам у гэты жалобны дзень аздобіць чорнымі стужкамі й прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі.

Мы прапануем грамадзкасьці краіны, абапіраючыся на падтрымку неабыякавых мясцовых уладаў, па ўсіх гарадах, буйных пасёлках і вёсках правесьці да Дня Памяці жалобна-ўрачыстыя сходы, канцэрты-рэквіемы, выставы, іншыя мерапрыемствы з удзелам мясцовых мастацкіх калектываў і прафэсійных майстроў мастацтва, паэтаў, музыкаў.

Заклікаем добрасумленных грамадзянаў краіны ў Дзень Памяці наладзіць у рамках закона жалобныя мітынгі, шэсьці, наведаць месцы расстрэлаў і пахаваньня ахвяраў масавых рэпрэсій, запаліць сьвечкі над магіламі пакутнікаў і аздобіць месцы пахаваньняў кветкамі, стужкамі чырвонага, чорнага і белага колераў.

Каб падкрэсьліць своеасаблівасьць моманту, грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа ў жалобны Дзень Памяці маюць насіць банты з тых жа стужак чырвонага, чорнага і белага колераў.

Вернікаў краіны заклікаем у гэты дзень замаўляць памінальныя службы ў царквах, касьцёлах, малітоўных дамах, мячэцях маліцца за супакой душаў закатаваных суайчыньнікаў.

Мы заклікаем кампетэнтныя ўстановы — Камітэт дзяржаўнае бясьпекі, Міністэрства унутраных справаў і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь — перагледзець справы пакуль яшчэ нерэабілітаваных ахвяраў тэрору, у тым ліку былых ваеннапалонных, а таксама жыхароў, якія працавалі на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941–1944 гадах, замежных грамадзянаў, абнародаваць імёны расстраляных у Курапатах, адкрыць сьпісы афіцэраў польскага войска, расстраляных у 1940 годзе.

Прапануем ураду краіны вывучыць пытаньне аб магчымай выплаце фінансавых кампэнсацыяў нашчадкам рэпрэсаваных жыхароў Беларусі Расеяй, як праўнапераемніцай СССР.

Спадзяемся, што ўсе дзяржаўныя й грамадзкія структуры краіны, усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа прадэманструюць у Год Памяці сваю салідарнасьць, узаемапавагу і правядуць гэты Год і Дзень Памяці па-таварыску спагадліва, прачула й годна.

Па даручэньні Аргкамітэта па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Сустаршыні:
Радзім Гарэцкі, геолаг, акадэмік
Ігар Кузняцоў, гісторык
Васіль Якавенка, пісьменьнік

May 15, 2007

Імша па-беларуску


17 траўня а 20 гадзіне ў Санктуарыі сьвятога Андрэя Баболі ў Варшаве (ul. Rakowiecka 61) адбудзецца сьвяточная Імша на беларускай мове.

16 траўня спаўняецца 350 год з дня пакутніцкай сьмерці ў Янаве-Палескім (Беларусь) сьвятога Андрэя, а таксама 50-годзьдзя выданьня энцыклікі Папы Пія ХІІ прысьвечанай яму.

Больш пра асобу сьвятога Андрэя Баболі можна прачытаць: Пастырскі ліст Біскупа Антонія Дзям’янкі, Апостальскага Адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі з нагоды 350-годзьдзя мучаніцкай сьмерці сьв. Андрэя Баболі ў Янаве Палескім

Сардэчна запрашаем!

May 12, 2007

Інтэрактыўныя мапы

"Беларуская Нацыянальная Памяць" пачала стварэньне інтэрактыўных мапаў, карыстаючыся магчымасьцямі адпаведнага сэрвісу Google. Разгорнутая мапа з дапаможнай інфармацыяй будзе вельмі карыснай кожнаму беларусу, які з патрыятычных пачуцьцяў хацеў бы наведаць месцы, зьвязаныя з гісторыяй Бацькаўшчыны, ці з жыцьцём і дзейнасьцю яе найлепшых прадстаўнікоў.

Мапа Канстанцін Каліноўскі

Мапа Саюз Беларускай Моладзі


Ахвотныя дапамагчы ў разьвіцьці гэтага праекту, лістуйце на наш e-mail.

Памяці Язэпа Найдзюка

12 траўня спаўняецца 98 гадоў з дня нараджэньня дзеяча нацыянальнага руху, аўтара кнігі "Беларусь учора і сяньня" Язэпа Найдзюка.

Гэта быў вядомы беларускі выдавец і публіцыст, які нарадзіўся ў в.Бойдаты каля Ваўкавыска. У 1926-41 гадах быў кіраўніком друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні. Рэдагаваў таксама часопіс "Шлях моладзі".

За сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць патрапіў у польскі канцэнтрацыйны табар у Бярозе-Картузскай. У гады нямецкай акупацыі жыў у Менску, дзе працаваў у школьным інспектараце і займаўся паліграфічнай дзейнасьцю.

Пасьля вайны жыў у Польшчы, у горадзе Інаўроцлаў. Быў вядомым адмыслоўцам-паліграфістам. Язэп Найдзюк памёр у 1984 годзе.

Некалькі год таму ў Інаўроцлаве на будынку друкарні, дзе шмат год працаваў Язэп Найдзюк, ўрачыста адкрыта мэмарыяльная шыльда.

У пачатку наступнага тыдня грамада "Беларускай Нацыянальнай Памяці" мае намер наведаць Інаўроцлаў, дзе і ўшанаваць памяць беларуса Язэпа Найдзюка.

May 11, 2007

НАШЫЯ МЭТЫ

- Збор і распаўсюд ведаў пра Беларусь;
- папулярызацыя нацыянальнай гісторыі і культурнай спадчыны;
- ушанаваньне памяці нацыянальных герояў і дзеячоў;
- пошук і добраўпарадкаваньне помнікаў і месцаў мартыралогіі.

Нацыянальная памяць

Адной з асноўных прыкметаў духоўна здаровай Нацыі ёсьць ПАМЯЦЬ, веданьне нацыянальнай гісторыі, культуры, духоўнай спадчыны.

Звычайна дэнацыяналізацыя народу пачынаецца з выкараненьня ўспамінаў пра слаўныя і трагічныя старонкі гісторыі, узгадак аб нацыянальных героях. А ў выніку маем, што будуюцца "лініі сталіна", замест таго, каб паставіць крыж на Крапівенскім полі.

Аднак, трэба падзякаваць Госпаду Богу, што праўда выходзіць на сьвятло. Жыве Беларусь і будзе жыць. Усё часьцей на Бацькаўшчыне і на Чужыне нашыя землякі стыхійна імкнуцца адзначаць розныя сьвяты і памятныя даты нашага нацыянальнага календара, наведваюць магілы нашых славутых суайчыньнікаў, пазнаваць гісторыю роднага краю. Прыкладаў шмат. Гэта і Курапаты, і шматгадовыя сьвяткаваньні ў Сьвілачы й Якушоўцы, а таксама шмат іншых. І ў тым ліку дзейнасьць беларусаў у Польшчы. Тут склалася ўжо пэўная традыцыя наведваньня памятных месцаў, такіх як месца гібелі С.Булак-Балаховіча, магілаў Я.Жамойціна, В.Аношкі, арганізуюцца сустрэчы са сьведкамі гісторыі (напрыклад, з роднай сястрой Янкі Філістовіча).


Але гэта толькі пачатак. Хацелася б, каб такая дзейнасьць набыла маштабны характар, стала больш арганізаванай.

У асяродзьдзі студэнтаў-каліноўцаў нарадзілася ініцыятыва стварыць супольнасьць "БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ", якая б займалася б зборам і распаўсюдам ведаў пра Беларусь, пра нацыянальную гісторыю і культурную спадчыну, ушанаваньнем памяці нацыянальных герояў і дзеячоў, пошукам і добраўпарадкаваньнем помнікаў і месцаў мартыралогіі.

Розных задумак у нас шмат. І глабальных, і лакальных. У бліжэйшы час павінен зьявіцца пэўны план ажыцьцяўленьня гэтых ідэяў. Але адну можам агучыць ужо зараз. А менавіта: ушанаваньне памяці К.Каліноўскага і змагароў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 годам стварэньнем музэю-мэмарыялу ў Мастаўлянах.

Беларусы! Запрашаем далучыцца і дапамагчы ў разьвіцьці нацыянальнай памяці - ідэямі, канкрэтнымі прапановамі, працай, ахвяраваньнямі.

Жыве Беларусь!

Рэпартаж Радыё "Свабода"

На ўчорашняй акцыі ўшанаваньня С.Булак-Балаховіча прысутнічаў журналіст з Радыё "Свабода".
пятніца, 11 траўня 2007, 4:54
Створаная ініцыятыва “Беларуская нацыянальная памяць”
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Варшаўскія беларусы ўшанавалі памяць забітага 67 гадоў таму ў Варшаве генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. У часе акцыі было абвешчана аб стварэньні ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”.

Каля дзясятка беларусаў, пераважна студэнтаў, якія жывуць у Варшаве, прыйшлі са зьнічамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі да будынку на вуліцы Францускай, дзе ўсталяваная мэарыяльная шыльда ў гонар Булак-Балаховіча – недалёка ад гэтага месца генэрал быў забіты.

“Безумоўна, гэта герой, бо ён змагаўся ня толькі на словах, але і на справе,” – кажа беларускі студэнт Аўген.

Адмыслова да гэтай даты ў інтэрнэце створаная інтэрактыўная мапа, на якой пазначаныя месцы, зь якімі быў зьвязаны Станіслаў Булак-Балаховіч.

Між тым беларускія студэнты-каліноўцы аб’явілі пра стварэньне ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”, у межах якой плянуецца, сярод іншага, ушаноўваць памяць нацыянальных герояў, знаходзіць і даглядаць іхныя магілы.

“Калі няма памяці, няма і будучыні. Не павінна перарывацца сувязь пакаленьняў. Трэба заўсёды памятаць пра герояў і сваё мінулае,” – сказаў нашаму радыё студэнт-каліновец Аўген.

Крыніца


May 10, 2007

Угодкі сьмерці генэрала Булак-Балаховіча

10 траўня беларусы Варшавы і студэнты, якія навучаюцца тут па праграме Каліноўскага, з нагоды сьмерці Станіслава Булак-Балаховіча наведалі яго сымбалічную магілу на Паванзкоўскіх могілках і памятную шыльду на месцы яго забойства.

Былі ўскладзены кветкі і запалены зьнічы. Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць беларускага генэрала хвілінай маўчаньня.


Напрыканцы была агучана ініцыятыва стварэньня супольнасьці "Беларуская Нацыянальная Памяць", якая будзе папулярызаваць гістарычную спадчыну і памяць нацыянальных герояў.

Больш падрабязна пра асобу і дзейнасьць беларускага генэрала Булак-Балаховіча можна прачытаць тут

Мапа
месцаў, зьвязаных з жыцьцём героя