November 20, 2009

Прэзэнтацыя кнігі "Нацыянальнасьць - Беларус" у Варшаве

18 лістапада ў Варшаве адбылося чарговае мерапрыемства, арганізаванае БНП.

Старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Польшчы прафэсар Алег Латышонак прэзэнтаваў сваю апошнюю кнігу "Нацыянальнасьць - Беларус".

Прадмову да кніга можна прачытаць тут. Часопіс ARCHE пра кнігу



November 18, 2009

Зварот з нагоды ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

Беларусы!

Яны змагаліся за свабоду сваю і Айчыны! Яны не чакалі ні ад каго дапамогі! Яны самыя вырашалі свой лёс! Яны паклалі свае жыцьці за Беларусь, за нас, за цябе!

Восемдзесят дзевяць гадоў таму, 27 лістапада 1920 году, распачаўся Слуцкі Збройны Чын. Нашы продкі выступілі на змаганне за сваю дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. У бой рушылі Слуцкі і Грозаўскі палкі Першай Слуцкай Брыгады Стралкоў БНР. Да іх далучыліся беларускія часткі арміі Генtрала Станіслава Булак-Балаховіча, якія раней біліся пад Мазыром - Беластоцкі батальён і Смаленскі полк, а таксама партызанскія атрады «Зялёнага Дуба».

Некалькі тысяч паўстанцаў на працягу месяца давалі адпор бальшавіцкай навале. Апошнія атрады сышлі з поля бітвы толькі ў студзені 1921 году. Партызанскія атрады прадаўжалі змаганьне яшчэ некалькі гадоў.

Свая Рэспубліка нараджалася ў крывавых муках, але наш беларускі родны дух, які тады ажыў, не згасаў. На поле бітвы ў след за случакамі выходзілі наступныя пакаленьні змагароў за Беларусь.

27 лістапада – іхны дзень: Дзень Герояў. Таму ў заклікаем усіх, хто носіць імя беларуса, годна сьвяткаваць гэты Дзень, успамінаць нашых Герояў і штогод ставіць у акне сьвечку. Няхай яе агенчык сігналіць Змагарам, што ў гэтай хаце помняць іх Чын.

Жыве Беларусь!

Алесь Краўцэвіч, Беларускае Гістарычнае Таварыства
Алег Латышонак, Беларускае Гістарычнае Таварыства ў Польшчы
Анатоль Міхнавец, Беларуская Нацыянальная Памяць

November 9, 2009

Відэа з канцэрта Андрэя Мельнікава ў Варшаве







November 8, 2009

Успамінаем Вацлава Юстынавіча Ластоўскага

8 лістапада 1883 году ў засьценку Калесьнікі Глыбоцкага раёну нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, палітык, выдавец, гісторык і літаратар. Цяжка пераацаніць ролю гэтага выбітнага чалавека для Беларусі. Ён быў сакратаром рэдакцыі газэты “Наша Ніва“, выдаў першую “Кароткую гісторыю Беларусі“, пасьля быў рэдактарам газэты “Гоман“ і часопіса “Крывіч“, пісаў апавяданьні і аповесьці, апублікаваў “Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік“ і фундамэнтальную “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі», шмат перакладаў. І пры гэтым усім узначальваў урад БНР, за што пры паляках трапіў у турму, працаваў у міністэрстве беларускіх справаў у міжваеннай Літве, у Коўне. Адтуль перабраўся ў Менск, быў дырэктарам беларускага дзяржаўнага музэя. У 1937 годзе савецкія карныя ворганы выслалі Ластоўскага ў Саратаў і там расстралялі. Было яму на той момант 55 гадоў. Можна толькі ўяўляць, чаго не пасьпеў зрабіць Ластоўскі - чалавек-акадэмія, генэратар ідэяў, надзелены талентам і неверагоднай працавітасьцю.

November 2, 2009

Дзяды ў Кракаве

Учора прыхільнікі Беларускай Нацыянальнай Памяці ў Кракаве наведалі месца пахаваньня беларускага паэта Алеся Гаруна, аўтара славутага верша "Ты, мой брат, каго зваць беларусам..."






November 1, 2009

Сьвяткаваньне Дзядоў у Варшаве

Сёньня на сьвята Дзядоў, калі мы ўзгадваем нашых продкаў, сябры БНП па традыцыі сабралі беларусаў Варшавы, каб ушанаваць магілы славутых землякоў.

Шмат беларускіх дзеячаў знайшлі спачын на варшаўскіх праваслаўных могілках на Волі, таму найперш шлях быў скіраваны туды. Узгадалі ўдзельніка беларускага нацыянальна-вызвольнага руху Янку Жамойціна ды ігумена Мітрафана Будзьку. Запаліўшы зьнічы, беларуская грамада памалілася за ўсіх памерлых праваслаўных беларусаў, пахаваных у Польшчы.

месца пахаваньня Янкі Жамойціна

месца пахаваньня Мітрафана Будзькі
Пазьней беларуская грамада скіравалася на Паванзкоўскія могілкі, дзе пахаваныя многія знакавыя для гісторыі Беларусі асобы, сярод якіх Марыя Ямант, Ян Булгак, Антон Пяткевіч (Адам Плуг), Тадэвуш Даленга-Мастовіч ды іншыя.

месца пахаваньня Яна Булгака
месца пахаваньня Антона Пяткевіча
Напрыканцы ўдзельнікі памаліліся за супакой душаў беларусаў-каталікоў, пахаваных на чужыне.

Без мінулага няма будучыні!