April 23, 2012

У Варшаве вучыліся танцаваць па-беларуску

Крыніца: Эўрарадыё

У польскай сталіцы прайшоў майстар-клас па беларускіх народных танцах.


З Мінску на мерапрыемства спецыяльна прыехалі дудар Аляксей і трэнеры Зміцер і Юля. Яны не толькі паказалі як трэба танцаваць, але і распавялі аб традыцыях беларускіх скокаў.

Юля: "Зараз вясновая пара, калі моладзь выходзіла з хатаў на двор. Дзяўчаты вадзілі вясновыя карагоды. Адпаведна хлопцы запрашалі дзяўчат. Дзяўчаты не адмаўлялі хлопцам. У народнай культуры дзяўчына павінна была згадзіцца".

Усяго на мерапрыемства, арганізаванае  "Беларускай Нацыянальнай Памяццю", сабралася каля 20 чалавек. Большасць з іх, як Ірына Губская, пасля не хавалі свайго захаплення. 

Губская: "Вельмі уражаная гэтай імпрэзай, танцамі. Мы навучыліся новым танцам. Хоць у Беларусі ў мяне ўжо быў досвед удзелу ў такіх мерапрыемствах. Але вельмі радая, што гэта нарэшце прыйшло да Варшавы. Маю надзею, што гэта будуць сталыя спатканні. А можа больш за тое — атрымаецца пашырыць гэты клуб і навучыцца танцам іншых народаў. Файна, што беларуская культура пашыраецца на іншыя краіны. Спадзяюся, што ў наступны раз будзе больш людзей і будзем таньчыць яшчэ больш". 

Па словах кіраўніка "Беларускай Нацыянальнай Памяці" Анатоля Міхнаўца, такая імпрэза ў Варшаве не апошняя.  Наступнае падобнае мерапрыемства пройдзе ўжо ў траўні. Пры гэтым тэматыка такіх сустрэчаў будзе пашырацца.

Міхнавец: "Гэта першае мерапрыемства, але будзе працяг. У сярэдзіне траўня плануюцца зноў беларускія танцы. Плануюцца таксама майстар-класы па беларускай традыцыйнай вопратцы, па беларускім гульням. На жаль моладзь амаль што нічога не ведае аб гэтых тэмах. А наша культура вельмі багатая".
За тры гадзіны майстар-класу, яго ўдзельнікі змаглі вывучыць наступныя танцы: "Падыспан", "Лявоніха", "Кракавяк", "Матлёт", "Базар", "Людзвінка", полька "Матылёк", "Каханачка" і "Ойра". А таксама навучыцца  гуляць у беларускія гульні "Цяцерка" і "Падушачка".

April 18, 2012

Майстар-клас па беларускіх танцах

Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае ўсіх, хто ўмее танцаваць, крыху ўмее танцаваць і зусім не ўмее танцаваць!

21 красавіка адбудзецца майстар-клас па беларускіх народных танцах. "Падыспан", "Лявоніха", "Кракавяк", "Матлёт", "Базар", "Людзьвінка", полька "Матылёк", "Каханачка", "Ойра". Услухайцеся ў гэтыя мілагучныя назвы і вашыя ногі самі пойдуць у скокі пад гукі дуды!

Сябры, запрашаем усіх на імпрэзу 21 красавіка а 14 гадзіне.

Herbaciarnia "Herba Thea" ul. Pokorna 2 lok. U12, Варшава