November 28, 2007

На магіле слуцкага паўстанца

Грамада БНП наведала ў Шчэціне магілу Антона Сокал-Кутылоўскага - камандзіра Слуцкай брыгады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кароткая біяграфія

Кардынаты магілы: Cmentarz Centralny, nr. kwatery 72b, rzad 13, nr.grobu 6

Вечная слава і памяць змагарам Слуцкага Збройнага Чыну, якія пайшлі паміраць каб жыла Бацькаўшчына!



November 27, 2007

У Літве ўшанавалі змагароў і песьняроў

Адплывалі няўплынна ў вечнасьць дзеі быцьця
Ларыса Геніюш

Ня ім суджана зьнікаць. Яны засталіся сярод сёньняшніх дзён, якія няўмольна бягуць у вечнасьць, пакідаючы на старонках гісторыі памяць, без якой ня будзе заўтрашняга дня. Дзеі… Яны зьнітавалі сьвет тысячагадовай даўніны з тым, каб гэта перанесьці ў невядомую далячынь надыходзячых стагодзьдзяў. Бо гэта ёсьць тым, што вылучае нас з масы людзей, даючы быць нам нацыяй, бо мы маем гісторыю і свае дзеі на гэтай зямлі.

Але ня ўсім гэтага хочацца. І шматлікія сілы хочуць сьцерці ня толькі дзеі, але і памяць пра іх. Такі лёс напаткаў і нашу нацыю. Гістарычны шлях нашага народу склаўся так, што шматлікія хацелі скрасьці ня толькі яе гісторыю, але і памяць, з тым, каб пасьля далучыць да сябе.

Гісторыя ХХ стагодзьдзя — перадусім, гэта гісторыя змаганьня і даказваньня свае існасьці на палітычнай мапе сьвету. Яна складаная і трагічная, у многім няўдалая і зьняважаная. Але яна была. А значыць — мы жывыя як нацыя, як народ, як асобы, бо здольныя на пратэст і не даем сябе сьцерці з твару зямлі насуперак волі моцных гэтага сьвету.

Адной з такіх падзеяў быў Слуцкі збройны чын, чарговыя ўгоді якога адзначала Таварыства беларускай культуры ў Літве 24 лістапада 2007 г.

З ходам падзей, якія адбываліся ў тых далёкіх дваццатых гадах, пазнаёміў Валеры Місюк. Ён кораценька распавёў пра тыя трагічныя падзеі і зламаныя лёсы: як Бацькаўшчыны, так і тых людзей, што паміралі, каб жыла Беларусь.

На жаль, у сёньняшняй Беларусі памяць пра Слуцкі збройны чын ня толькі зьнішчаная, але і забароненая. Яны паміралі са словам «Беларусь» на вуснах, а сёньняшняя Беларусь ня хоча іх прызнаваць — тут яны аказаліся пераможанымі і забытымі.

У самой Беларусі прамаскоўскі акупацыйны ўрад зрабіў усё, каб зьнішчыць Беларусь.

Але засталося нешта большае, што немагчыма сьцерці і выкрасьліць. Гэта памяць — памяць тых дзей і дзён, памяць людзей, якія засталіся ў вечнасьці.

Другая частка праграмы была прысьвечаная клясыку беларускай літаратуры Якубу Коласу. Леакадыя Мілаш кораценька распавяла пра жыцьцёвы шлях песьняра. На жаль, і пра яго забылі. Да гэтага часу не адведзенае яму адпаведнае месца ў беларускай культуры. Да прыкладу, колькі вуліц гарадоў Беларусі носіць імя Якуба Коласа? Думаю, што няшмат. Колькі праведзена мерапрыемстваў, прысьвечаных нашаму земляку? Думаю, таксама няшмат. Затое праводзяцца Пушкінскія, Шагалаўскія мерапрыемсты, вечары, канфэрэнцыі. Цікавы лёс гэтых людзей, якія шчыра любілі Беларусь. Іх проста выкрэсьліваюць з памяці.

Пасьля Хведар Нюнька падзяліўся тым, як ствараецца музэй Якуба Коласа ў Павільні (Павільнюс), — справа, якая зацягнулася на дваццаць год, так і стаіць на месцы.

Хаця, зь іншага боку, ня ім патрэбныя гэтыя музэі і гэтая памяць. Яны жылі, любілі Беларусь і годна выконвалі свой абавязак дзяцей гэтае зямлі. І яны засталіся зь ёй і ім ня сорамна перад памяцьцю і вечнасьцю.

Напрыканцы праграмы мастак Алег Аблажэй распавёў пра Пётру Сергіевіча і пра тое, як яны хацелі стварыць музэй мастака, але нічога ня выйшла. І яшчэ адзін беларус застаўся неўшанаваным.

Апошняй часткай нашай праграмы быў паказ відэафільму пра адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў мастак Пётра Сергіевіч. Ды яна не захавалася — скралі.

Падсумоўваючы зробленае і сёньняшні дзень, адчуваеш сум на душы. Беларусь забываецца са сваімі героямі, беларусы зракаюцца сваіх каранёў, вядзецца нахабная і адкрытая русіфікацыя Беларусі, а Захад пры гэтым толькі моўчкі назірае за ўсім.

Але заўжды застаецца надзея — кроў пакутнікаў, што паліла зямлю, мусіць даць усходы.

Алесь Адамковіч, Вільня
Крыніца

У Курапатах усталяваны крыж слуцкім паўстанцам

Алег Аскерка

Сёння 87-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну 1920 году. З гэтай нагоды на тэрыторыі народнага мемарыялу Курапаты ўсталяваны памятны крыж слуцкім змагарам, якія загінулі ў бальшавіцкім ГУЛАГу. А ў мінулыя выходныя сябры Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама актывісты Партыі БНФ, “Маладога фронту”, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ арганізавалі дзве аўтобусныя выправы па месцах баявых дзеянняў Слуцкай брыгады стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Крыж усталявалі сябры Грамадскага аргкамітэту па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Вось, што сказаў Рацыі сябра гэтага аргкамітэту Вячаслаў Сіўчык.

- Сёння 27 лістапада – дзень Слуцкага збройнага чыну. Пачынае складацца традыцыя ў гэты дзень усталёўваць крыж у памяць пра случакоў, удзельнікаў гэтага паўстання, што загінулі ў ГУЛАГу. Справа ў тым, што вельмі шмат і ўдзельнікаў паўстання і проста беларусаў, якія жылі ў зоне Слуцкага збройнага чыну, сутыкнуліся ў 30-я гады з масавымі рэпрэсіямі бальшавікоў. Там высяляліся цэлыя вёскі. Практычна ніхто з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, каго ведалі бальшавікі, не памёр сваёй смерцю. Усе яны былі закатаваныя.

Грамадскасць у Беларусі пачала адзначаць 87-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну яшчэ 24 лістапада. 85 чалавек на двух аўтобусах выправіліся па маршруце Мінск-Грозаў-Семежава-Вызна-Слуцк-Старыя Дарогі. Гэта фактычна маршрут баявых дзеянняў Слуцкай брыгады стральцоў БНР супраць Чырвонай арміі ў лістападзе-снежні 1920 году. Каля памятных крыжоў у гэтых мястэчках, а таксама каля былога будынку Часовай рады Случчыны, прайшлі малебны, былі ўскладзеныя кветкі, запаленыя свечкі.

Людзі пад бел-чырвона-белымі сцягамі спявалі паўстанцкія песні случакоў, вядомы музыка пан Скіргайла-Паланэцкі граў на дудзе. Увечары, на тэрыторыі прыватнага музею Анатоля Белага ў Старых Дарогах быў адкрыты памятны знак удзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел людзі з Мінску, Слуцку, Салігорску і Ліды. Гэтыя мерапрыемствы ладзілі актывісты Партыі БНФ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

А ў нядзелю 25 лістапада Грозаў, Семежава, Вызну і Слуцк наведалі актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і “Маладога фронту”. Некалькі дзясяткаў чалавек удзельнічалі ў мітынгах у гэтых месцах. Да іх далучыліся і мясцовыя жыхары, хаця міліцыя рабіла ачапленне і раіла людзям не ўдзельнічаць у акцыях. Гаворыць адзін з арганізатараў гэтага мерапрыемства, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

- Вельмі прыемныя адчуванні, калі бачыш такую падтрымку. Бачыш сугучнасць і пераемнасць традыцыяў і адносінаў да нашых герояў. Случакі баранілі родную Беларусь ад маскоўскай навалы. Бо цудоўна ведалі – прыйдзе сюды маскоўскі акупант, будзе смерць, будзе бяда. І вось гэтыя словы падтрымліваліся нашымі людзьмі. Бо людзі чулі і выказванні Лукашэнкі, што беларусы будуць паміраць за Расію. Ніхто за Расію паміраць не хоча.

Увечары ў Слуцку актывісты маладзёвай арганізацыі “Правы альянс” наладзілі феерверк.
З угодкамі Слуцкага збройнага чыну павіншавала беларусаў старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: “Дарагія Сябры, вітаю ўсіх Вас з слаўным чынам нашых Слуцкіх герояў. Ганаруся імі. Ганаруся сваім народам, які, абвясціўшы незалежнасць Беларусі пасля доўгае няволі, знайшоў у сабе сілу і мужнасць, каб бараніць сваю маладую дзяржаву.

Заклікаю ўсіх Вас належна адзначыць наш слаўны Дзень Герояў і з удзячнасцю прыпомніць тых, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Крыніца

November 25, 2007

Старыя Дарогі: зьявіўся першы помнік слуцкім паўстанцам

Вячаслаў Кулік, Менск

У прыватным музэі дасьледчыка беларускай гісторыі Анатоля Белага ў Старых Дарогах зьявіўся помнік слуцкім паўстанцам 1920 году. Урачыстае адкрыцьцё адбудзецца 24 лістапада — напярэдадні 87-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Гісторык Анатоль Белы паведаміў, што новы помнік — гэта плоская кампазыцыя зь ліста мэталу. Яе вышыня — два з паловай мэтры.

“Помнік уяўляе стылізаваны крыж Эўфрасіньні Полацкай, на якім герб Пагоня. Паўстанец рукой прыкрывае гэты герб. Унізе надпіс: “Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Мы паднялі гэты помнік на вышыню пяць мэтраў. Здалёк відаць, і ўсё выдатна чытаецца”, — апавёў Белы.

“Пастараюся ўсталяваць побач з гэтым помнікам фігуры дзеячаў Слуцкага збройнага чыну”

У 1920 годзе антыбальшавіцкі збройны чын доўжыўся больш за месяц — ад 27 лістапада да 31 сьнежня.

Анатоль Белы кажа, што гэта была барацьба за незалежнасьць Беларусі супраць акупацыі яе савецкімі войскамі, а таксама супраць тагачаснай польскай палітыкі адносна Беларусі:

“Я яшчэ пастараюся ўсталяваць побач з гэтым помнікам каля дзесяці фігураў дзеячаў Слуцкага збройнага чыну — кіраўнікоў паўстаньня. У мяне цяпер каля дзевяноста фатаздымкаў удзельнікаў паўстаньня. Каля дзесяці самых выбітных я, канечне, ушаную. Гэта варта рабіць”.

“Стараемся, каб мясцовая ўлада дазволіла ўсталяваць у Слуцку помнік рэпрэсаваным”

Першымі ўшанавалі новы помнік на сядзібе Анатоля Белага сябры Слуцкага грамадзкага аргкамітэту ўшанаваньня 87-й гадавіны збройнага чыну.

Меркаваньне грамадзкай актывісткі Зінаіды Цімошык:

“Цікава! Мяне помнік асабліва ўразіў. Там жа яшчэ падсьвет мусіць быць. Мы тут стараемся жыхароў падрыхтаваць да гэтай даты. А менавіта — арганізаваць жыхароў Слуцку, каб мясцовая ўлада дазволіла нам усталяваць помнік рэпрэсаваным. Я таму і езьдзіла да Анатоля Белага, каб вызначыць канкрэтны кірунак гэтай працы”.

Нагадаю таксама, што музэй у Старых Дарогах — гэта пяць будынкаў на два паверхі, больш як пяцьсот квадратных мэтраў экспазыцыйнай плошчы. У залях 1200 экспанатаў.

Крыніца

Пачаліся мэмарыяльныя мерапрыемствы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

Севярын Квяткоўскі, Менск

Каля 70-ці чалавек зь Менску наведалі мясьціны, дзе 27 лістапада 1920 году пачаліся баі войскаў Слуцкай Рады БНР супраць бальшавікоў. У вёсках Грозаў і Семежава месьцяцца памятныя крыжы на памяць пра загіблых случакоў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел актывісты Парты БНФ, прадстаўнікі аргкамітэту па ўшанаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ды іншыя ахвочыя.

Распавядае адзін з арганізатараў выправы Франак Вячорка:

“Мы наведалі мястэчкі Грозаў, Вызна, Семежава, наведалі Слуцак. Каля кожнага з крыжоў усклалі кветкі і прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. На дудзе граў Пан Скіргайла. Узгадалі герояў Слуцкага збройнага чыну. Расказалі, што гэтыя дні ўганараваньня слуцкіх герояў становяцца пачаткам доўгатэрміновае кампаніі па адзначэньні 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі”.

У адрозьненьне ад папярэдніх падобных паездак, сёлета міліцыя ня чыніць перашкодаў удзельнікам мерапрыемства. Далей Франак Вячорка:

“Міліцыянты, у тым ліку супрацоўнікі ДАІ, суправаджаюць нас, картэж зьмяняецца ад раёну да раёну. Яны проста сочаць за намі. Папярэдне нам быў дадзены дазвол ад выканкаму Менскай вобласьці пра тое, што мы можам правесьці мэмарыяльныя імпрэзы каля памятных крыжоў і мясьцінаў Слуцкага збройнага чыну: з маленькімі мітынгамі і пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Мы гэта і зрабілі”.

Франак Вячорка пра ўдзельнікаў імпрэзы:

“Большая частка – гэта моладзь. З аднаго боку, для іх паездка – экскурсія. Зь іншага – уводзіны ў праўдзівую беларускую гісторыю. У канцавым пункце вандроўкі ў Старых Дарогах мы ўдзельнічаем у адкрыцьці памятнага крыжа героям Слуцкага збройнага чыну, які стварыў кіраўнік мясцовага Музэю беларускага сучаснага мастацтва Анатоль Белы”.

Наступная мэмарыяльная імпрэза да 87-х угодкаў Слуцкага збройнаг чыну адбудзецца 25 лістапада. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ атрымалі дазвол на мітынг у Слуцку побач з будынкам, дзе была абвешчаная Слуцкая рада БНР.


Крыніца

November 24, 2007

Спатканьне ў літоўскай амбасадзе ў Варшаве

26 лістапада а 11.30 у памяшканьні літоўскай амбасады ў Варшаве (Al.Ujazdowskie, 12) адбудзецца спатканьне з праф. Броніўсам Макаўскасам.

Сустрэча будзе зьвязана з паказам дакумэнтальнага фільму на тэму Антысавецкага руху Супраціву ў Літве ў 1944-1953 гадах. Пасьля прагляду адбудзецца дыскусыя.

Броніўс Макаўскас зьяўляецца гісторыкам у Інстытуце гісторыі ПАН, а таксама на Студыях Усходняй Эўропы ў Варшаўскім унівэрсітэце. Зьяўляецца аўтарам паміж іншым кніг:
"Litwini w Polsce", "Historia Litwy", "Kraj baltyckie w okresie przełomu (1934-1944)".



фота з выставы, прысьвечанай літоўскаму супраціву

Сьвяткаваньне 101-й гадавіны «НН» у Варшаве



23 лістапада ў Варшаве адбылася сустрэча з рэдактарам газэты «Наша Ніва» Aндрэем Дыньком. Імпрэза прымеркаваная да 101-й гадавіны з дня выхаду першага нумару газэты.

Сустрэчу арганізавала ініцыятыва «Беларуская нацыянальная памяць».

Адбылася шчырая размову і паказ відэароліку аб працы «Нашай Нівы».

Ролік можна пабачыць або спампаваць тутака.

Ёсьць у інтэрнэце і іншы відэафільм пра «НН».

Крыніца: Наша Ніва

November 19, 2007

Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень

Радыё Рацыя

У Гродне працягваецца распачатая рухам “За свабоду” “Гродзенская восень прэзентацый”. 21 лістапада сваю працу “Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень” будзе прэзентаваць гродзенцам даследчык і публіцыст Уладзімір Хільмановіч.


Унікальны беларускі каляндар-даведнік пабачыў свет у Вільнюсе. Канцэпцыя яго складання простая – ён прыдатны на кожны каляндарны год. Гэта – славутыя і трагічныя даты беларускай гісторыі, адметныя падзеі і з’явы, дні нараджэння і смерці айчынных дзяржаўна-палітычных, рэлігійных і культурных дзеячаў, знакамітых людзей, якіх звязаў лёс з беларускай зямлёй і тых, што апынуліся за межамі роднай краіны, асобаў, што ў розных сферах праславілі Беларусь, паўстанцаў розных нацыянальна-вызваленчых чынаў і сціплых малавядомых рупліўцаў беларушчыны, імёны якіх, на жаль, яшчэ не змяшчаюць энцыклапедычныя выданні.

Пачатак прэзентацыі - 18.30, вул. Будзёнага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы), уваход вольны.

Вандроўка ў Вільню

16-17 лістапада, у Дзень салідарнасьці, грамада БНП наведала сталіцу нашай былой дзяржавы – Вільню.

Як вядома, 16 лістапада адзначаецца сьвята Маці Божай Міласэрнасьці, цудатворная Ікона якой знаходзіцца ў славутай віленскай Вострай Браме. Выкарыстоўваючы гэтую нагоду, каб памаліцца перад абразам Апякункі Беларусі і Літвы, а таксама наведаць беларускія памятныя месцы Вільні, сабраліся актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці з Бацькаўшчыны і замежжа.

Грамада наведала знакавыя месцы нацыянальнай гісторыі і культуры, пра якія зараз клапоцяцца нашыя балцкія браты – літоўцы. На вялікі жаль, з нашай ціхай згоды і слабасьці разбураныя рэшткі старасьвеччыны ў Гародні, Менску ды інш. гарадох, у той час калі ў Вільні адноўлены ад нуля Ніжні княскі замак.

Сябры БНП пабывалі каля будынку, дзе калісьці знаходзілася Віленская беларуская гімназія, і дзе зараз усталяваныя памятныя шыльды ў гонар Максіма Гарэцкага і Натальлі Арсеньневай.




На Лукішскай плошчы, дзе быў забіты наш нацыянальны герой К.Каліноўскі, а таксама каля былога кляштару дамініканаў, дзе яго трымалі перад сьмерцю, былі запаленыя зьнічы і прасьпяваны гімн “Магутны Божа”.




Былі наведаныя віленскія могілкі Роса, дзе пахавана шмат беларускіх дзеячоў, ды іншыя памятныя месцы.

Помнік Я. Лялевелю на віленскіх могілках Роса

Помнік А. Міцкевічу каля касьцёла сьв. Ганны

Шыльда на доме, у якім з 1928 да 1939 году жыў Р. Шырма

Прадаюцца паштоўкі

Супольнасьць “Беларуская Нацыянальная Памяць” мае ў продажы паштоўкі, прысьвечаныя памяці Льва Сапегі.


Кошт – 0.30 эўра
Замаўляйце праз e-mail

November 15, 2007

У Гомелі разьвіталіся зь Цімохам Вострыкавым

Радыё Свабода, Гомель

Сёньня, 14 лістапада, ў Гомелі хавалі дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Цімоха Вострыкава. Нябожчыка адпяваў праваслаўны сьвятар. Грамадзкія актывісты прынесьлі белыя й чырвоныя гвазьдзікі й вянкі з надпісамі: “Змагару за свабоду”, “Ваяру твайму, Бацькаўшчына”.

Разьвітацца зь Цімохам Вострыкавым – удзельнікам групы, якая была скінутая на парашутах у Беларусь для арганізацыі нацыянальнага падпольля – прыехаў і вязень ГУЛАГу, пастар Эрнэст Сабіла.

У памінальным слове пастар прыгадаў:

“Сустрэўся я зь Цімохам Вострыкавым у мардоўскім лягеры і адразу пазнаў у ім шчырага беларуса, патрыёта. Яшчэ да таго, як мяне пасадзілі ў лягер на зьняволеньне, будучы студэнтам, я слухаў перадачу “Б-52”. Гэта пра іхнюю групу, якую закінулі ў Налібоцкую пушчу. Гэта быў нязломны чалавек, гэта быў шчыры чалавек. Гэта быў беларус-баец, гэта быў беларус-змагар. Да апошняй хвіліны, будучы сярод рускамоўных у лягеры, ён размаўляў толькі па-беларуску – і з адміністрацыяй, і са зьняволенымі. Гэта выклікала ў каго зьдзіўленьне, а ў каго пахвалу і радасьць”.

Цімох Вострыкаў, як і іншыя ўдзельнікі дэсантнай групы, быў арыштаваны і засуджаны, прайшоў лягеры і пасьля 22 гадоў няволі вярнуўся легальна ў Беларусь. Пасяліўся ў Гомелі. Родам ён вёскі Баршчоўка, што ў Добрускім раёне. Працаваў на “Гомсельмашы” звычайным рабочым. Ажаніўся, калі яму было больш за пяцьдзясят гадоў. З жонкай Аленай вырасьцілі сына Ільлю.

Сын, нягледзячы на тое, што вырас у гарадзкім, пераважна расейскамоўным асяродку, выдатна валодае роднай мовай:

“У мяне за плячамі звычайная школа. Гэта ўсё дзякуючы майму бацьку, ён мяне навучыў нашай мове. Ён заўсёды змагаўся, ніколі не гаварыў па-руску. Ён змагаўся за сваю гісторыю, за свой народ. Ён колькі раз казаў: “Гісторыю майго існаваньня зразумее толькі той, хто пабываў у кіпцюрах КДБ”.

Гомельскія актывісты адзначаюць, што, нягледзячы на шматгадовыя рэпрэсіі, Цімох Вострыкаў духам не зламаўся. Пакуль мог, ён нават дапамагаў людзям.

Успамінае Алесь Яўсеенка, першы кіраўнік рэгіянальнай суполкі БНФ:

“Яшчэ калі толькі пачалася адліга Шушкевіча, мы, талакоўцы, пачалі ствараць Беларускі народны фронт. Алесь Бяляцкі вучыўся ў асьпірантуры і даведаўся з архіваў, што ў Гомелі жывуць тры знакавыя беларускія асобы – гэта Цімох Вострыкаў, Рыгор Клімовіч і Уладзімер Стрыгуцкі. Гэта людзі, якія жыцьцё сваё паклалі на алтар нашай сапраўднай незалежнасьці. Калі зачынілі наш ліцэй і я быў бяз працы – я, жонка, дзіця нарадзілася, Цімох Акімавіч матэрыяльна нам дапамог. У нас тады проста не было за што хлеба купіць”.

Цімоха Вострыкава пахавалі на могілках у вёсцы Раманавічы, што за дзесяць кілямэтраў ад Гомеля.


На здымках: пахаваньне Цімоха Вострыкава

November 14, 2007

Памёр Цімох Вострыкаў

13 лістапада ў Гомелі памёр Цімох Вострыкаў.


Прадстаўнік Рады БНР, ён уваходзіў у групу, якая ў жніўні 1952 году была скінута на парашутах у Беларусь для арганізацыі нацыянальнага падпольля. Арыштаваны супрацоўнікамі МГБ, быў асуджаны на 23 гады зьняволеньня, якія правёў у мардоўскіх лягерах.

Па вызваленьні ў 1975 годзе пасяліўся ў Гомелі. Апошнія гады цяжка хварэў, перанёс два інсульты.

Зусім нядаўна БНП пісала пра лёс гэтага неардынарнага чалавека з нагоды 85-годзьдзя з дня нараджэньня.

Іншыя матэрыялы пра Цімоха Вострыкава.

November 13, 2007

Капітан Эмілія Плятэр

13 лістапада 1806 году ў Вільні нарадзілася беларуская фалькларыстка, удзельніца паўстаньня 1831 на Беларусі, у Польшчы і ў Літве Эмілія Плятэр.


Бацька яе, граф Францішак Ксаверый, паходзіў са старажытнага нямецкага роду Плятэраў, а маці Ана Моль была з Браслава. Эмілія атрымала добрую хатнюю адукацыю. Жывучы на Віцебшчыне ў сваякоў, зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні. Віртуозна валодала жанрам галашэньняў, выконвала на фартэпіяна народныя мэлёдыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы, у тым ліку стылізаваныя пад народныя галашэньні. Як сьведчаць сучасьнікі, яна ўсёй душой імкнулася да беларускага ладу, ведала яго бядоты і нястачы і спачувала яму, сьпявала яго песні, шчодра плаціла за дастаўку фальклорных матэрыялаў.

У 1829 разам з маці зрабіла падарожжа ў Варшаву і Кракаў.

У час паўстаньня 1831 разам са сваяком Ц.Плятэрам арганізавала атрад паўстанцаў, які складаўся з 280 стральцоў, 60 вершнікаў і некалькіх сот касінераў. У атрад уступіла таксама значная колькасьць дзяўчат. У ліку іншых паўстанцкіх груповак атрад прымаў удзел у бойках супраць царскіх войск (пад Радзівілішкамі, Вільняй, Шаўлямі і ў іншых месцах).

"Эмілія Плятэр у сутычцы пад Шаўлямі", карціна Войцеха Косака

За смеласьць і рашучасьць Плятэр у баявых дзеяньнях камандаваньне паўстанцкімі сіламі прызначыла яе ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла званьне капітана. Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію захварэла і 23 сьнежня 1831 году памерла. Пахавана Эмілія Плятэр на могілках каля вёскі Капцёва (цяпер вёска Канчамеціс у Літве).

Слава аб подзьвігах Эміліі Плятэр разышлася па краінах Заходняй Эўропы, у Францыі яе параўноўвалі з Жаннай д’Арк. Яна апета ў многіх творах літаратуры і мастацтва. Імем Плятэр называўся жаночы батальён у дывізіі Войска Польскага часоў 2-й сусьветнай вайны.

Адаму Міцкевічу яе вобраз паслужыў прататыпам гераіні ў вершы "Сьмерць палкоўніка":

На палянцы зялёнай, між думных бароў,
Дзе пад клёнам хацінка старая,
Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:
Іхні там камандзір памірае.

Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.
Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,
Раз яму спагадае так просты народ,
Пра яго ўсё пытае ды плача.

Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў
І прывесці бліжэй да парога.
Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў
Ён на друга свайго баявога.

Загадаў свой прынесці паходны мундзір,
Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.
Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,
Развітацца, як колісь Чарнецкі.

А калі ўжо ад хаты каня адвялі,
Ксёндз туды увайшоў з панам Богам.
Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,
Ціха ўкленчыўшы перад парогам.

Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.
Нават воі Касцюшкі былыя,
Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,
Слёз сваіх не хавалі, сівыя.

Раным-рана ў капліцы званіць пачалі.
Ды хаваць камандзіра жаўнеры
Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...
У капліцы для ўсіх - насцеж дзверы.

Там ляжаў ён на лаве - ў спакоі чало.
У руках яго - крыж, збоч - нягнуткі
Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі - сядло.
Люд дзівіўся: такі маладзюткі!

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...
Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў... дзяўчынай! Была - слёз не трэба, жанкі -
То ліцвінка Эмілія Плятэр!

Пераклаў Кастусь Цвірка.

крыніца

Падрабязьней пра жыцьцё і дзейнасьць Эміліі Плятэр тут.

November 10, 2007

Капыльшчына: вяскоўцы паставілі помнік ахвярам рэпрэсіяў

Галіна Абакунчык, Менск

У вёсцы Выня Капыльскага раёну адкрылі помнік жыхарам – ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Мэмарыял зьявіўся на ініцыятыву й на сродкі ўраджэнца вёскі Станіслава Лісоўскага. Помнік усталяваны рукамі вяскоўцаў — нашчадкаў рэпрэсаваных сялянаў.

Тры мэталёвыя крыжы — уніяцкі, каталіцкі й праваслаўны — складаюць аснову мэмарыялу. На мармуровых плітах надпіс: “Ахвярам палітычных рэпрэсіяў 1929—1945 гадоў. Дзядам, бацькам, дзецям”. Там жа 74 прозьвішчы вяскоўцаў, якіх расстралялі, вывезьлі ў Сыбір, закатавалі. Траціна зь іх — Ганчары й Юхо. Баляслаў Юхо дапамагаў ставіць помнік, ён адзін з нашчадкаў тых закатаваных:

(Юхо: ) “Канечне, я і фарбаваў, і што ў маіх сілах рабіў. Людзі стараліся, вазілі пясок. А ёсьць такая Ніна Юхо, дык яна кожную раніцу з палкаю стаяла тут, каб праганяць кароў, якія хадзілі й нешта псавалі”.

Гэта ўжо другі помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў, які ўсталяваў Станіслаў Лісоўскі. Першы зьявіўся на радзіме ягонай маці — у вёсцы Чарнагубава Капыльскага раёну. Вёска Выня — радзіма бацькі, і гэты помнік — даніна ягонай памяці, а таксама ўсім закатаваным вяскоўцам, ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Мясцовыя ўлады дазволілі паставіць помнік і не перашкаджалі працаваць, а дапамагалі мясцовыя жыхары, кажа спадар Лісоўскі.

(Лісоўскі: ) “У вёсцы людзі нармалёвыя, яны і дапамагалі. А больш ніхто не дапамагаў: куды ні зьвернесься — няма грошай, і ўсё. У Беларусі цяпер існуе савецкая ўлада і дапамогі ні ад каго не дачакаесься”.

Паводле спадара Лісоўскага, сярод грамадзкіх арганізацыяў ягоную ініцыятыву падтрымала “Бацькаўшчына”, а таксама менскі касьцёл Сьвятых Сымона і Алены. Гаворыць дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў, які быў на адкрыцьці мэмарыялу:

(Кузьняцоў: ) “У Беларусі гэта ці не адзін зь першых помнікаў, які ўсталявалі сяляне. І гэта можа быць пачаткам ініцыятывы — каб у Беларусі зьявіліся сотні й тысячы помнікаў ахвярам палітычных рэпрэсіяў”.

Крыніца

November 5, 2007

100-я ўгодкі з дня народзінаў Міхала Вітушкі

На 5 лістапада прыпадаюць 100-я ўгодкі з дня народзінаў Міхала Вітушкі, кіраўніка Беларускага антыбальшавіцкага Супраціву ў 1945 — 1959 гадах. Ён памёр зусім нядаўна — вясной 2006 года ў Заходняй Нямеччыне, дзе жыў пад іншым прозвішчам. А ў Беларусі яго “пахавалі” яшчэ ў 1945-м.


 
Падрабязьней пра жыцьцё і дзейнасьць Міхала Вітушкі тут.

Беларускія могілкі ў сьвеце

Наша ніва

Дзяды… продкі… сучасьнікі… пераемнасьць… могілкі… памяць…

Шмат дзе па сьвеце раскіданыя памяткі па беларусах у выглядзе надмагільных камянёў ці безыменных магілак. У Аргентыне й Канадзе, у Кітаі й Новай Зэляндыі, Іране й Танзаніі, Аўстраліі й Францыі, ды шмат дзе яшчэ на пахавальных плітах можна прачытаць імёны беларусаў…

Месцы апошняга спачыну нашых суайчыньнікаў выглядаюць па‑рознаму: вялікія скульптурныя выявы, як некалі на магіле Алеся Марговіча ў Мюнхэне, ці простыя шыльдачкі, як на «цмэнтажы» польскага касьцёлу Андрэя Баболі ў Лёндане, дзе жаданьнем жонкі пахаваны попел праваслаўнага беларуса Паўла Асіповіча…

Раскіданыя беларускія магілы па сьвеце, як раскіданыя былі самі беларусы…

Ёсьць, праўда, месцы, дзе нашыя суайчыньнікі ляжаць у зямлі побач — адмысловыя беларускія могілкі: такія як у аўстралійскім Мэльбурне на Фоўкнэры, ці ў Нью-Джэрзі: як у Саўт‑Рывэры на беларускім могільніку царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай ці на беларускай чыстцы гарадзкога могільніку Іст‑Брансьвіку (як жылі падзеленыя, так і пахаваныя на асобных могілках паваенныя беларускія эмігранты)…

Усе яны, такія далёкія й блізкія, чужыя й родныя — нашыя… дзе б яны не ляжалі зараз…

Натальля Гардзіенка



Магіла грамадзкага дзеяча, афіцэра БКА Аркадзя Качана. Сыднэй (Аўстралія)


Магіла Алеся Салаўя на беларускай частцы могільніку Фоўкнэр у Мэльбурне (Аўстралія)
Эпітафія: Але ня зьляжа ў цёмную магілу, жывы ад веку подых маладосьці




Магіла Янкі Кудрука на могільніку Фоўкнэр. Мэльбурн (Аўстралія)
Тут ляжыць цело маё, прах, я ўжо ў дома, а вы ў гасьцях



Мікола Нікан спачывае на могілках Фоўкнэр у Мэльбурне, побач з двума жонкамі.
На магіле Ліды Нікан напісана: Любіла красы паўніню, / ішла напярэймы дню/
Хто дыхаў нязгаснай красой / Той вечна жыць будзе, бо зь ёй (Алесь Салавей)



Беларуская частка могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША). Заснаваныя ў 1950-х.


Магіла Віктара й Марыі Войтанкаў на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША)


Сямейная магіла Дубягаў на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША)


Беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры пры царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай заснаваныя
ў сярэдзіне 1950-х. Першымі тут былі пахаваныя Сьцяпан Прыдыбайла (1956) і Аляксандар Русак (1957)




Магіла Сяргея Карніловіча на могільніку ў Кліўлэндзе (Агаё, ЗША)


На беларускіх могілках у Саўт-Рывэры 265 пахаваньняў.
Другая зьлева магіла: Стукаліч, тут пахаваны пісьменьнік Юрка Віцьбіч.
Чорна-белы помнік, куды падае цень - магіла Радаслава Астроўскага




Магіла пісьменьніка і журналіста Янкі Золака і яго першай жонкі мастачкі Лідзіі Даніловіч-Каліноўскай
на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі)



Надпіс з адваротнага боку помніка другой жонкі Янкі Золака - Фатыні Даніловіч. Яна некалькі
месяцаў перад сьмерцю знаходзілася ў коме. Беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры



Магіла сьвятароў Лява Гарошкі й Язэпа Гэрмановіча на могілках Сьв. Панкрата ў Лёндане.


Магіла грамадзкага дзеяча Мацея Дурэйкі на Паўднёвых могілках Манчэстэру (Вялікабрытанія)


Магіла Васіля й Яніны Тураў на могілках Сьв. Панкрата ў Лёндане. (Вялікабрытанія)


Магіла старшыні Згуртаваньня беларусаў Канады, брата кіраўніка СБМ Міколы Ганька ў Таронта


Магіла грамадзкага і вайсковага дзеяча Дзьмітрыя Касмовіча ў Штутгарце (Нямеччына)


Магіла журналіста Ўладзімера Цвіркі на могілках Вэстфрайгоф у Мюнхэне (Нямеччына)


Магіла журналіста, супрацоўніка Інстытуту вывучэньня СССР Алеся Марговіча на могілках у Мюнхэне.


Магіла журналіста Ўладзімера Бортніка на могілках Пэрляхэр-Фёрст у Мюнхэне

Здымкі Алега і Натальлі Гардзіенкаў, а таксама з прыватнага архіву Лявона Юрэвіча

November 4, 2007

Вечная памяць героям паўстаньня 1794 году

4 лістапада ў дзень гібелі Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала магілу славутых генералаў паўстаньня 1794 году. Змагары за вольнасьць спачываюць на дзядзінцы храма Маці Божай Пераможнай у Варшаве.


Якуб Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаньнем 1794 году на абшарах Айчыны нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага. У траўні 1794 году Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмяны. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генерал-лейтэнанта.


Якуб Ясінскі загінуў у баі 4 лістапада, абараняючы варшаўскае прадмесьце Прагу (на правабярэжжы Віслы), якое штурмам захапіла сувораўскае войска, зь нечалавечай лютасьцю зьнішчаючы яго абаронцаў і жыхароў. Яму было трыццаць тры гады.

Поруч зь Ясінскім змагаўся і загінуў зь ім у адзін дзень Тадэвуш Корсак, юрыст, выпускнік Полацкай езуіцкай школы. Стварыў з уласных сялян паўстанцкі атрад, што дзейнічаў у ваколіцах Клюшчан, Сьвянцян і Вільні. За абарону Вільні 15-20 ліпеня 1794 году Корсак атрымаў ад Касьцюшкі званьне генерал-маёра.

Мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці прысутнічала на набажэнстве, пад час якога былі ўзгаданыя мужнасьць і адданасьць барадзьбе за свабоду Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака. Малітва і запаленыя зьнічы на магіле слаўных змагароў сталі нашай данінай іх памяці.


Варшаўская грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці адзначыла Дзяды


2 лістапада грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці ушанавала памяць продкаў, наведаўшы магілы вядомых беларускіх дзеячаў, пахаваных ў Варшаве.

На пачатку зьнічы былі запаленыя на магіле генерала Станіслава Булак-Балаховіча, што на Паванзкоўскіх могілках. Затым па традыцыі былі наведаныя магілы Яна Булгака, Вацлава Аношкі і Яна Жамойціна.



Акцыя завяршылася ўрачыстым сьпяваньнем гімна "Магутны Божа".