September 30, 2007

У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Алесь Дашчынскі, Менск
Радыё "Свабода"

Сёньня ў Менску сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правялі талаку ў Курапатах. Таксама з ініцыятывы Грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адбыліся жалобныя цырымоніі ў парку Чалюскінцаў і ва ўрочышчы Курапаты.

У Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі грамадзкі камітэт праводзіць шэраг акцый. Яны прымеркаваны да 70-годзьдзя кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій у краіне. Сёньня а 15-й гадзіне каля дзесяці чалавек усклалі кветкі і запалілі сьвечкі каля крыжа ў менскім парку Чалюскінцаў. Гэта адно зь вядомых месцаў расстрэлу ахвяраў рэпрэсіяў. Сябра грамадзкага камітэту Ўладзімер Раманоўскі сказаў:

“Менавіта 29 чысла было самае пікавае зьнішчэньне людзей. У гэтыя суткі былі зьнішчаны выбітныя людзі краіны. У гэтай сувязі было прынята рашэньне зрабіць 29 чысла мэмарыяльным днём памяці ахвяраў сталінскага рэжыму. Гэта самы страшны пэрыяд”.

Штомесяц грамадзяне наведваюць парк Чалюскінцаў і ўрочышча Курапаты, а 29 кастрычніка яны плянуюць адзначыць Дзень памяці.

“Такім чынам, цягам гэтага году шанавалі памяць тых, хто загінуў. Гэта, практычна, нашых бацькоў і мацярок”.

Уладзімер Раманоўскі сказаў, што камітэт зьвяртаўся да ўладаў, каб яны падтрымалі ідэю шанаваньня памяці ахвяраў сталінскага рэжыму:

“Пазыцыя такая – а навошта вам шавяліць гэтыя косткі?! Уяўляеце амаральнасьць адносінаў да такіх пытаньняў? Памяць мы абавязаны захаваць, тым больш што нашы бацькі і дзяды былі пакутнікамі, ахвярамі. Ня ўласнай сьмерцю памерлі, а іх зьнішчылі”.

Удзельнікі жалобнай цырымоніі каля крыжа ў парку Чалюскінцаў прасьпявалі гімн “Магутны божа” і накіраваліся ва ўрочыша Курапаты, дзе таксама ўсклалі кветкі.

Адна з удзельніц акцыі, Любоў Сакалоўская, сказала:

“Мы ня першы раз сюды прыходзім. Гэта 70 год як пачаліся самыя зьверскія сталінскія рэпрэсіі. І вось мы ходзім сюды ўшаноўваць памяць гэтых бязьвінных ахвяраў сталінізму. І ў Курапаты, і ў іншыя месцы па ўсёй Беларусі. Нам неабыякавыя гэтыя ахвяры. І хоць мы ў гэтай краіне іх успомнім”.

Працягваецца падрыхтоўка да адзначэньня дня памяці 29 кастрычніка. Кіраўнікі грамадзкага камітэту па ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў накіравалі старшыні КДБ Беларусі ліст з просьбай дазволіць ім ускласьці кветкі да будынку ўнутранай турмы КДБ у Менску. На гэтым месцы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году расстралялі каля 100 чалавек.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падае заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне з нагоды Дня памяці продкаў шэсьця і жалобнага мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, які мяркуецца правесьці 28 кастрычніка.

September 24, 2007

"Імёны Свабоды" – прэм'ера ў інтэрнэце

Крыніца: Радыё Свабода

261 партрэт герояў беларускай свабоды. Кніга – дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш.

Кнігу Ўладзімера Арлова "Імёны Свабоды" можна скачаць у фармаце PDF з сэрвэру svaboda.org: • Уладзімер Арлоў "Імёны Свабоды" — 2007. — 576 с.: іл. (PDF 4,3 Mb)

September 21, 2007

Беларускія студэнты адзначылі Дзень герба і сьцяга

19 верасьня ў Дзень беларускай сымболікі ў Варшаўскім унівэрсітэце адбылося спатканьне беларускіх студэнтаў з дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мікалаем Аксамітам.


Заля, дзе праходзіла сустрэча, была ўпрыгожана беларускімі нацыянальнымі сьцягамі і гербам "Пагоня".Беларускай моладзі была прачытана невялікая, але цікавая лекцыя пра тое, як распрацоўвалася і прымалася беларуская нацыянальная сымболіка ў 1991 годзе, як потым была зьмененая ў 1995 годзе.

Напрыканцы выкладу маладзёны падыходзілі да спадара Аксаміта і дзякавалі за зьмястоўную і пазнавальную лекцыю. Мінула 16 год ад прыняцьця новай сымболікі, і носьбітамі той гісторыі засталіся людзі, якія яе стваралі, перажывалі тыя падзеі і марылі аб свабоднай Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам і "Пагоняй".



















Крыніца: Хартыя-97

September 20, 2007

ІІІ Дні славянскай спадчыны

15-16 верасьня у польскім Дзяржаўным этнаграфічным музэі прайшлі ІІІ Дні славянскай спадчыны. Ужэ трэці год запар сваю культуру прадстаўлялі такія краіны як Польшча, Украіна, Расея, Латвія й Беларусь.

Зь беларускай спадчынай усіх прысутных пазнаёміў гурт Гуда. Заснавальніца калектыву Вольга Емяльянчык кажа, што ў пэўным моманце закахалася ў беларускім архаічным сьпеве й зрабіла выбар паміж клясыкай і фальклёрам.

В. Емяльянчык: Я пачала разумець сілу гэтых сьпеваў і іх энэргетыку пасьля таго, як сьвядома зацікавілася беларускай этнічнай культурай, у прыватнасьці, пасьля першых экспэдыцыяў па Беларусі. Я сем гадоў сьпявала клясыку. У пэўным моманце мне трэба было зрабіць выбар. І аўтэнтычны фальклёр мяне зацягнуў з такой сілаю, што я да гэтага часу перакананая, што гэта ня проста сьпевы. Гэта энэргія, якая праходзіць праз многія пакаленьні. Гэтае імкненьне спасьцігнуць сваю этнічную культуру, імкненьне яе захаваць нарадзіла імкненьне ўсё гэта прасьпяваць і прапусьціць празь сябе.

Вікторыя Міхно, Тацьцяна Яцкевіч і Любоў Сівурава, таксама выканаўцы з гурта Гуда, прафэсійна цікавяцца беларускім архаічным сьпевам. Яны езьдзяць ў экспэдыцыі па ўсёй Беларусі, займаюцца рэканструкцыяй касьцюмаў і дасканала ведаюць гісторыю беларускага фальклёру.

Удзельніцы Гуды: Некалькі гадоў таму мы самыя езьдзілі ў этнаграфічныя экспэдыцыі й зьбіралі матэрыял. Цяпер у большасьці мы працуем з архіўнымі запісамі беларускіх этнамузыколягаў і фальклярыстаў.
Спэцыфіка нашага гурту ў тым, што мы ахопліваем каляндарна-абрадавыя й сямейна-абрадавыя творы. У беларускай традыцыі мужчыны сьпявалі толькі на Каляды й Вялікдзень. Астатнія пелі жанчыны. Лічылася, што жанчына бліжэйшая да Бога, што яна захавальніца спадчыны й традыцыі.

Калі мы сёньня прыедзем у вёску, то, канешне, яшчэ можам пачуць гэтыя сьпевы. На Палесьсі захаваліся вёскі, дзе вясною бабулі ладзяць абрад Пахаваньня стралы. На яго зьяжджаюцца фальклярысты й фіксуюць сам абрад.

Калі казаць пра будучыню фальклёру, асабліва пра абрады, то ёсьць такія накірункі, як нэа-фальклёр, пост-фальклёр, якія дапамагаюць сучаснаму чалавеку ўявіць спэцыфіку абрадавага сьпеву й пранікнуць у яго духоўную сутнасьць. Аднак існаваньне абрадавай музыкі магчыма толькі ў абрадзе й яго натуральным асяродзьдзі. Таму гэта той пласт кульктуры, які ад нас незваротна сыходзіць. Сыходзіць з кожнаю старой жанчынаю.

Калі гаворка пра назву гурта, то на думку прыходзіць слова "гудзець". Яно і сэмантычна, і па каранёвай аснове набліжаецца да слоў "гусьці”, „гудзець" - выдаваць нізкі працяглы гук. Акрамя гэтага гудамі, гудай звалі беларусаў, якія жылі па ўзьбярэжжы Нёмана нашыя суседзе летувісы. Там былі жмудзіны, а ў нас - гуды.
Наш калектыў сьпявае без музычных інструмэнтаў. Гэта спэцыфіка абрадавых сьпеваў. У Беларусі абрадавая музыка выконвалася жанчынамі акапэла. І ў такім стане традыцыя дайшла да нашых часоў.

Вялікае значэньне маюць касьцюмы, у якіх мы выступаем. Мы займаемся рэканструкцыяй беларускіх касьцюмаў. Гэта справа не аднаго дня, таму мы іх удасканальваем. За ўзор мы бярэм касьцюмы з розных рэгіёнаў Беларусі. Напэўна, каб паўней адлюстраваць спэцыфіку нашых сьпеваў, неабходныя касьцюмы, якія мелі аснову ў больш старадаўніх часах.

У Этнаграфічным музэі разам з гуртом Гуда выступілі ўдзельнікі варштатаў беларускай песьні, якія праводзіла Вольга Емяльянчык.

Алена Пытэль








Крыніца: Польскае радыё для замежжа

September 18, 2007

Дзень сьцяга і герба

19 верасьня адбудзецца сход беларусаў Варшавы, прысьвечаны сьвяткаваньню Дня сьцяга і герба. У 1991 годзе нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" былі зацьверджаныя як дзяржаўныя сымбалі Беларусі.

Пад час сходу адбудзецца сустрэча з былым дэпутатам Вярхоўнай Рады Беларусі Мікалаем Аксамітам, які распавядзе пра тыя гістарычныя падзеі.

Пачатак сходу а 19.00

Адрас: Instytut Lingwistyki Stosowanej UW, ul. Browarna 8/10, зала 054.

Мапа даезду:


Гл. на вялікай мапе

September 17, 2007

Беларусы на ўрачыстасьці ў Ліхені

16 верасьня ў санктуарыі Маці Божай у Ліхені (Польшча) адбылася ўрачыстая бэатыфікацыя Станіслава Папчынскага - заснавальніка Ордэна марыянаў. У сьвяткаваньнях прымала ўдзел вялікая колькасьць пілігрымаў зь Беларусі, а таксама грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці.


Прысутнічалі каля 100 тысячаў вернікаў, 120 кардыналаў і біскупаў з усяго сьвету, а таксама легат Папы Рымскага, дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарцысіо Бэртонэ.

Быў зачытаны папскі дэкрэт, які абвясьціў айца Станіслава Папчынскага блаславёным.

Заснавальнік Згуртаваньня айцоў марыянаў нарадзіўся 18 траўня 1631 году каля польскага гораду Новы Сонч. Вучыўся ў езуіцкіх і піярскіх школах. Яго маладосьць прыпала на цяжкія гады крызысу ў Рэчы Паспалітай, калі Польшчу акупавалі швэдзкія войскі, а Беларусь і Літва перажывала перыяд маскоўскага генацыду. У гэты час а.Станіслаў уступіў у Ордэн піяраў, дзе праявіў сябе як таленавіты педагог.

Аднак, прагнучы больш аддана служыць Найсьвяцейшай Дзеве Марыі, у кастрычніку 1673 году засноўвае новы Ордэн - марыянаў, якія задоўга да афіцыйнага абвяшчэньня дагмату аб Беззаганным Зачацьці Панны Марыі пачалі пашыраць Яе шанаваньне. Важным абавязкам для марыянаў была таксама малітва за памерлых.

Памёр а.Станіслаў 17 верасьня 1701 году ў мястэчку Гара Кальварыя недалёка ад Варшавы.

Пасьля яго сьмерці Ордэн марыянаў перажыў цяжкія выпрабаваньні, быў амаль зьнішчаны напрыканцы 19 ст. расейскімі ўладамі, але дзякуючы намаганьням блаславёнага Юрыя Матулевіча быў адноўлены і працягнуў дзейнасьць пад лёзунгам "За Хрыста і Царкву". У гэтыя гады да марыянаў уступала шмат беларусаў, быў створаны першы марыянскі кляштар у Беларусі ў Друі. Беларускімі марыянамі былі Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота, Язэп Германовіч. Марыянінам зьяўляецца таксама знакаміты сьвятар і асьветнік айцец Аляксандр Надсан, апостальскі візытатар для беларусаў замежжа.

Пра марыянаў можна прачытаць тут

На ўрачыстай бэатыфікацыі ў Ліхені прысутнічалі беларускія католікі лацінскага і грэцкага абрадаў, уніяцкі хор зь Берасьця. Грамадоўцы Беларускай Нацыянальнай Памяці разгарнулі нацыянальныя сьцягі, што выклікала вялікую зацікаўленасьць прысутных вернікаў.

September 12, 2007

А.Пушкін: “Я гатовы стацца чарговым палітвязьнем”

Радыё Свабода
У аршанскім судзе завяршыўся трохдзённы разгляд справы мастака Алеся Пушкіна і менскага моладзевага актывіста Аляксея Янушэўскага. Абодвух прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве за выкіданьне дзяржаўнага сьцяга з акна Аршанскага райаддзелу міліцыі.


Судзьдзя Тацяна Рыбакова пастанавіла пакараць Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага арыштам на сем сутак. Трое сутак з гэтых сямі абвінавачаныя ўжо адбылі ў Аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Рашэньне судзьдзі зьдзівіла і абурыла прысутных на судовым працэсе, бо ніводзін сьведка не пацьвердзіў вінаватасьці Аляксея Янушэўскага. Нават тамтэйшыя міліцыянты не паказалі, што хлопец удзельнічаў у выкраданьні сьцяга з пастарунку.

Мясцовы праваабаронца Васіль Леўчанкаў меркаваў, што Янушэўскага па сканчэньні суду адразу вызваляць з-пад варты.

“Толькі што адвакат казала, што віна Янушэўскага ніяк не даказаная. Таму незразумела, за што яго караюць гэтак жа, як Алеся Пушкіна. Напэўна, на гэта ёсьць прычыны. Мажліва, таму, што гэта справа палітычная”.

Алесь Пушкін таксама заяўляў, што Аляксей Янушэўскія ня мае дачыненьня да інцыдэнту, і патрабаваў, каб суд апраўдаў хлопца. Уласную віну мастак прызнаў яшчэ тры дні таму, падчас першага судовага пасяджэньня.

Сёньня на заканчэньні працэсу ён яшчэ раз падкрэсьліў, што ягоны ўчынак — пратэст супраць затрыманьня ўдзельнікаў бардаўскага фэсту “Аршанская бітва — 2007” і спробаў сарваць імпрэзу.

“Гэтым самым я выказваў пратэст супраць незаконнага пазбаўленьня свабоды. Нам забаранялі сьпяваць беларускія песьні, памятаць пра гонар і славу Аршанскай бітвы, каб мы не натхнялі моладзь на змаганьне з таталітарнай дзяржавай. Таму я зьневажаў дзяржаўную сымболіку і выкідаў дзяржаўны сьцяг. І моладзь, якая бачыла, што я раблю, зразумела: ёсьць мірныя формы змаганьня, бяз выбухаў і крыві. Я мастак, і на гэты супраціў быў скіраваны мой творчы парыў!” — заявіў Пушкін.

Алесь Пушкін сказаў у судзе, што яго не палохае пэрспэктыва зрабіцца чарговым палітычным вязьнем, і ён гатовы да таго, што ягоны ўчынак палічаць крымінальным злачынствам. Прамову Пушкіна прысутныя віталі воплескамі.

Cудзьдзя напачатку зрабіла сёньняшні судовы працэс фактычна закрытым: затрыманых завезьлі ва ўнутраны двор будынку суду і патаемна правялі ў залю, дзе разглядаюць справу.

Некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі падтрымаць Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага, на судовы працэс не дапусьцілі, не патлумачыўшы прычыны.

Трапіць у судовую залю ім удалося толькі пасьля таго, як праваабаронца Алег Граблеўскі напісаў скаргу старшыню Аршанскага суду на неправамоцныя дзеяньні судзьдзі Тацяны Рыбаковай.

Тэрмін пакараньня Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага скончыцца ў нядзелю 16 верасьня.

Заўтра з аршанскага ізалятару часовага ўтрыманьня мае выйсьці адзін зь лідэраў стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі. Яго таксама затрымалі падчас бардаўскага фэсту “Аршанская бітва — 2007” і арыштавалі на 5 сутак, нібыта за дробнае хуліганства.




Тых, хто прыйшоў падтрымаць Пушкіна і Янушэўскага, у судовую залю не дапусьцілі

September 9, 2007

Пілігрымка ў гонар славутых змагароў

8 верасьня, у Дзень Вайсковай Славы, у Берасьці грамадзкімі актывістамі з мясцовай грамады "Беларускай Нацыянальнай Памяці" быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўшанаваньню памяці славутых змагароў за Волю Бацькаўшчыны.

Ушанаваньне пачалося з Трышанскіх могілак, дзе пахаваны Адам Трупус, кіраўнік партызанскіх атрадаў БНР у Гарадзенскім павеце, які пазьней жыў і таямніча быў забіты ў 60-я гады ў Берасьці. Таксама, на тым месцы, былі ўзгаданы дзеячы БНР браты Аляксандар і Ян Цьвікевічы, ураджэнцы Берасьця. І Усевалад Ігнатоўскі, першы кіраўнік Акадэміі Навук, які таксама паходзіць зь Берасьцейшчыны. На тых жа Трышанскіх могілках ля помніка рэпрэсаваным былі ўскладзены кветкі і прачытана малітва.

Наступным месцам ушанаваньня стаў памятны знак гораду, які знаходзіцца ў цэнтры Берасьця на рагу вуліц Машэрава і Леніна і сьведчыць пра першы ўспамін горада ў 1019 годзе. Ля памятнага знака быў узгаданы той гістарычны факт, што менавіта ў Берасьці распрацоўваўся плян Грунвальдзкай бітвы 1410 года князямі Вітаўтам і Ягайлам. Ля памятнага знака быў урачыста ўскладзены вянок у бел-чырвона-белых колерах, з надпісам: “Змагарам за свабоду Бацькаўшчыны”.


Чарговым месцам ўшанаваньня памяці славутых землякоў адбылося ля рыма-каталіцкага касьцёлу. Тут ўдзельнікі мерапрыемства ўзгадалі, што першыя нумары газэты паўстанцаў 1863 г. “Мужыцкая праўда” былі знойдзены ў Берасьці каля цяперашняга касьцёла. Сам Кастусь Каліноўскі наведваў горад пад іншым іменем .

Далей удзельнікі ўрачыстасьцяў накіраваліся да помніка знакамітаму паэту Адаму Міцкевічу, дзе ўзгадалі эпоху падзелаў Рэчы Паспалітай: герояў паўстаньня 1794 года, а менавіта, Тадэвуша Касцюшку, які нарадзіўся ў некалькіх кіламетрах ад Берасьця, у в. Сяхновічы, цяпер Жабінкаўскі раён. Акцэнтавалі ўвагу на дзейнасьці студэнцкіх навуковых таварыстваў Віленскага ўнівэрсытэту, такіх як таварыства філярэтаў і філяматаў. Быў прачытаны ўрывак зь вершу А.Міцкевіча: “Літва, Бацькоўскі край” і ля помніка ўскладзены бел-чырвона-белыя кветкі.

Апошнім месцам для ўшанаваньня сталі вайсковыя могілі жаўнераў войска генэрала С.Булак-Балаховіча, якія знаходзяцца ў мікрараёне Рэчыца. Удзельнікі ля памятнага знаку, на якім напісана: “Яны змагаліся за волю Бацькаўшчыны”, усклалі бел-чырвона-белыя кветкі і запалілі сьвечкі.

Мерапрыемства скончылася малітвай.

Фэст “Аршанская бітва-2007” адбыўся, нягледзячы на масавыя затрыманьні

Радыё Свабода

Сёньня зранку і ўчора ўвечары міліцыянты затрымалі каля ста чалавек, якія меліся ўзяць удзел у нефармальнай імпрэзе. Аднак яшчэ каля дзьвюх соцень аматараў беларускай бардаўскай песьні здолелі ўнікнуць затрыманьняў і сабрацца ў навакольлі вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну.

Міліцыянты пільнавалі ўдзельнікаў бардаўскага фэсту яшчэ ад учорашняга ранку. Каля 20 чалавек затрымалі ў Воршы ці на выезьдзе з гораду. Ня менш як 60 чалавек трапілі ў аршанскі райаддзел міліцыі з аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Гацькаўшчына. Пад’езд да вёскі быў блякаваны міліцэйскімі машынамі, і ўсіх, хто падаваўся міліцыянтам падазронымі асобамі, звозілі ў пастарунак.


Сярод затрыманых у Гацькаўшчыне былі кіраўнік берасьцейскай філіі “Маладога фронту” Андрэй Шарэнда, менскія актывісты Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Зьміцер Хведарук, Натальля Старасьціна і Дзяніс Садоўскі, моладзь зь іншых гарадоў.

Супрацоўнікі міліцыі, не складаючы ніякіх пратаколаў, зьмясьцілі затрыманых на некалькі гадзін у райаддзел, а потым адпусьцілі ўсіх, апрача Дзяніса Садоўскага. Яго вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі: нібыта ў часе затрыманьня ён падрапаў руку аднаму зь міліцыянтаў. Мінулую ноч хлопец правёў у пастарунку.

Больш за 5 гадзін давялося правесьці ў Аршанскім РАУСе мастаку Алесю Пушкіну, які спрабаваў трапіць на Крапівенскае поле празь міліцэйскія кардоны. На гэтым полі ўстаноўленыя крыж у памяць аб палеглых ваярох, а таксама памятная шыльда, якую меркавалі ўрачыста адкрыць у часе сёлетняга бардаўскага фэсту. Аднак адкрыцьця не адбылося, бо з 7 верасьня на поле нікога не пускаюць міліцыянты і вайскоўцы. Яны цьвердзяць, што там праводзіцца разьмінаваньне снарадаў, якія нібыта засталіся на полі з часу Вялікай Айчыннай вайны.

У Дубровенскі райаддзел міліцыі на некалькі гадзін трапіў і аршанскі актывіст Юрась Копцік, які займаўся нарыхтоўваньнем дроваў для вогнішча на Крапівенскім полі.

Паколькі масавага адзначэньня ўгодкаў бітвы пад Воршай не атрымалася, людзі пачалі гуртавацца паасобку. Адна вялікая група аматараў беларускай бардаўскай песьні сабралася недалёка ад вёскі Крапіўна, а другая – недалёка ад вёскі Сяглава.


Ужо ў цемры міліцыянты пачалі абшукваць тэрыторыю ўздоўж шашы Ворша-Дуброўна. Таму аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў прапанаваў скарыстацца ягонай байдаркай, каб па рэчцы Крапіўне даставіць да аднаго з імправізаваных вогнішчаў палітыка Паўла Севярынца.


”Ужо ўраньні міліцыянты затрымалі яшчэ каля 20 чалавек на беразе рэчкі Крапіўны каля вёскі Сяглава. Каля 8-й раніцы па дарозе ў кірунку вёскі Гацькаўшчына супрацоўнікі міліцыі спынілі яшчэ чатырох удзельнікаў бардаўскага фэсту, у тым ліку барда Андрэя Мельнікава і мастака Алеся Пушкіна, які трапіў у пастарунак ужо другі раз за апошнія суткі.

Усе затрыманыя знаходзіліся ў міліцыі больш за 4 гадзіны. На іх не складалі пратаколаў, толькі перапісалі пашпартныя зьвесткі.

На гэты момант у Аршанскім РАУСе застаюцца Алесь Пушкін і моладзевыя актывісты зь Менску Алена Макарэвіч і Аляксей Янушэўскі. Праўдападобна, што супраць іх могуць завесьці крымінальную справу за абразу дзяржаўных сымбаляў: міліцыянты заўважылі, што нехта з затрыманых выкінуў у акно дзяржаўны сьцяг.

Ворша: затрыманым пагражаюць крымінальнымі справамі


Некалькі затрыманых удзельнікаў сьвяткаваньня ўгодкаў Аршанскай бітвы знаходзяцца ў раённым адзеле міліцыі Воршы. Супрацоўнікі міліцыі зачынілі ўсіх у дзяжурнай частцы і паведамілі, што распачынаюць крымінальную справу за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў на падставе інцыдэнту, які адбыўся ў РАУСЕ.

Калі міліцянты адпусьцілі частку затрыманых, з гэтак званага “ленінскага кутку” нехта ў вакно выкінуў дзяржаўны сьцяг. Спэцназаўцы, пабачыўшы гэта, вярнулі людзей з вуліцы ў РАУС і зачынілі ўсіх у дзяжурцы. Некалькі чалавек трымаюць у гарадзкім адзеле міліцыі, астатнія знаходзяцца ў райадзеле. На аднаго з затрыманых ужо складзены пратакол за дробнае хулінганства. Не выключана, што заўтра будуць судзіць паводле аналягічнага абвінавачаньня яшчэ некалькі чалавек. Некаторых затрыманых ужо дастаўлялі ў райадзел двойчы - учора ўвечары і сёньня раніцай.

На Крапівенскім полі затрыманы Алесь Пушкін


Сёньня ўвечары на Крапівенскім полі ля Воршы мае адбыцца традыцыйны фэст беларускай бардаўскай песьні “Варшанская бітва-2007”. Удзельнікі фэсту пачалі зьяжджацца на месца правядзеньня канцэрту, аднак на пад’езьдзе да Крапівенскага поля іх сустракае міліцыя. Праваахоўнікі інфармуюць людзей, што поле замінаванае й на ім праводзяцца адмысловыя працы.


Каля 14.00 на Крапівенскім полі быў затрыманы мастак Алесь Пушкін. На яго быў складзены адміністратыўны пратакол.

А. Пушкін: Склалі пратакол і кажуць: цапнулі мы вас за руку. Я ім кажу: слухайце, я -свабодны чалавек. А яны мне на гэта: тое, што вы вольны - гэта наша недапрацоўка. Я прыжджаю сюды 16 гадоў запар, але такі спэктакль бачу ўпершыню. Сапёры, вайсковая машына, міліцыя. Я падышоў бліжэй, гляджу, а там панакідалі на гэтым полі нейкія батарэйкі й самі ж іх зьбіраюць. Каля крыжа нацянулі нейкую чорную стужку. Кажуць мне, тут баі былі падчас Другой сусьветнай вайны, так што мы да вечара знойдзем тое, чаго шукаем.

Разьмінаваньнем камандуе падпалкоўнік Уладзімер Мікалаевіч Занко. На чале трох пастоў міліцыі стаіць намесьнік начальніка Варшанскага раённага аддзелу ўнутранных справаў маёр Ігар Хілюта.

September 8, 2007

Затрыманыя ўдзельнікі сьвяткаваньня Дня вайсковай славы ў Магілёве на волі

Радыё Свабода

Група грамадзкіх актывістаў, прыкладна з дваццаці чалавек, была затрыманая ў любускім лесапарку Магілёва міліцыянтамі з роты хуткага рэагаваньня.
Там актывісты сабраліся, каб адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы. Усіх затрыманых адвезьлі ў Магілёўскі раённы аддзел міліцыі. Пасьля 22-й гадзіны затрыманых адпусьцілі. На кіраўніка суполкі Таварыства беларускай мовы Алега Дзячкова, якога сёньня ўжо затрымлівалі на чыгуначным вакзале, складзены пратакол аб раскладаньні вогнішча ў забароненым месьце. Пратакол складаў інспэктар гарадзкой управы міністэрства надзвычайных сытуацыяў, якога тэрмінова выклікалі міліцыянты.

На Крапівенскім полі арыштавана каля 40 чалавек

Радыё Свабода

Сярод затрыманых – Дзяніс Садоўскі, сакратар аргкамітэту па стварэньні “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Яго павезьлі ў шпіталь. Міліцыянты абвінавачваюць хлопца ў супраціве і непадпарадкаваньні міліцыянтам. Разам зь Дзянісам знаходзіцца міліцыянт, які сьцьвярджае, што Дзяніс нібыта падрапаў яму руку.

У міліцэйскім аўтобусе знаходзяцца Андрэй Шарэнда, кіраўнік Берасьцейскай філіі “Маладога фронту”, менскія актывісты Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Зьміцер Хведарук, Натальля Старасьціна, аршанскія актывісты.

На вакзале шмат міліцыі. Затрыманыя актывісты “Маладога фронту” з Жодзіна, сярод якіх – Павал Красоўскі. Міліцыянты сустракаюць цягнікі з Магілёва, Гомеля і Віцебску, у якіх на імпрэзу едуць некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў.

Наша карэспандэнтка перадае зь месца падзеяў:

Станкевіч: “Я знаходжуся цяпер каля вёскі Гацькаўшчына, у 300 мэтрах ад Крапівенскага поля, дзе сёньня ў 17-ы раз мусіў адбыцца бардаўскі фэст “Аршанская бітва”. Месца правядзеньня фэсту заблякаваная міліцыяй, перакрытае міліцэйскімі машынамі.

Людзі ўсё адно зьбіраюцца і гуртуюцца невялікім групамі. Тых, хто прыехаў зь нейкім транспартам, затрымліваюць, затрымалі ўжо каля 40 чалавек. У Аршанскім райаддзеле міліцыі – Алесь Пушкін, а ў Дубровенскім – Юры Копцік, адзін з заснавальнікаў традыцыі правядзеньня фэсту. Пэрспэктывы няясныя, афіцыйны пачатак – а 20-й вечара, і, магчыма, актывісты знойдуць месца, дзе сабрацца, і фэст усё-ткі пройдзе”.

Пасьля дзясятай вечара супрацоўнікі міліцыі адпусьцілі частку затрыманых з патрабаваньнем, каб усе паехалі дахаты.

Тым часам каля пяцідзесяці чалавек сабраліся на ўскрайку поля каля Дняпра, дзе сьпявалі песьні. Міліцыянты назіралі за імі, на адлегласьці каля 100 мэтраў стаялі аўтазак, “хуткая дапамога” і некалькі міліцэйскіх аўтамабіляў.

У Воршы затрыманыя актывісты з Горак

Радыё Свабода

Мікрааўтобус, якім ехалі актывісты на фэст беларускай аўтарскай песьні і паэзіі “Аршанская бітва-2007”, міліцыянты спынілі нібыта для праверкі дакумэнтаў кіроўцы. Затым на гэтай жа машыне актывістаў даставілі ў пастарунак.

Адна з затрыманых, Ірына Каралькова, паведаміла “Свабодзе”, што ў мікрааўтобусе – чацьвёра актывістаў. Міліцыянты ў кожнага правяраюць пашпарты ды праводзяць прафіляктычную гутарку. Асноўнае пытаньне – куды едзеце і навошта.

П.Севярынец: “Бітва пад Воршай працягваецца”

Радыё Свабода

Спэцназаўцы затрымалі каля двух дзясяткаў чалавек каля Крапівенскага поля. Сярод затрыманых мастак Алесь Пушкін. Людзей пасадзілі ў аўтобус і павезьлі ў Воршу для разьбіральніцтва.

Адразу пасьля гэтага на месца правядзеньня імпрэзы пад’ехалі некалькі міліцэйскіх мікрааўтобусаў. Міліцыянты закінулі туды некалькі чалавек. Амаль палову затрыманых складаюць актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Міліцыянты патлумачылі, што вырашаць, складаць пратаколы ці не, будуць у раённых упраўленьнях Віцебскай міліцыі.

Дзень беларускай вайсковай славы адзначылі ў Варшаве

Радыё Свабода
Сёньня ў Варшаве з нагоды Дня беларускай вайсковай славы адбылося сьвяточнае шэсьце. Каля 50 чалавек – пераважна маладых беларусаў, што вучацца ў польскай сталіцы, – прайшлі па цэнтральных вуліцах Варшавы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі да памятнай шыльды ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.
Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі Антось Цялежнікаў:
“Гэта беларускае нацыянальнае сьвята, якое забаронена ў Беларусі, прынамсі, не адзначаецца на дзяржаўным узроўні і зьяўляецца адным з найважнейшых сьвятаў. Гэта адна з найвялікшых перамог беларусаў за ўсю гісторыю, тым больш над маскоўскімі войскамі. Такая знакамітая дата павінна адзначацца таму, што гэта слава беларускай зброі і беларускай вайсковай справы”.

У Воршы затрымалі 9 маладафронтаўцаў і Алеся Пушкіна

Радыё Свабода

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяцёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, як толькі яны ад’ехалі ад Аршанскага вакзала ў бок Крапівенскага поля.
Маладафронтаўцаў завялі ў пастарунак міліцыі, патлумачыўшы ім, што трэба высьветліць іхныя асобы.

Мастака Алеся Пушкіна супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі на падыходах да поля беларускай вайсковай славы. Мастак пачаў іграць на гітары і спяваць на дарозе, на тым месцы, дзе яго спынілі міліцыянты, і сабраў такім чынам натоўп людзей.

На месцы імпрэзы ўжо сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек. Павал Севярынец апавёў, што блізу Крапівеньскага поля заўважаныя кіраўнікі Віцебскай гарадзкой і абласной міліцыі.

Тым часам затрыманых у Магілёве на чыгуначным вакзале грамадзкіх актывістаў, якіх міліцыянты прымусілі сысьці зь цягніка “Магілёў – Ворша”, адпусьцілі з пастарунку, дзе яны правялі каля дзьвюх гадзін. Міліцыянты агледзелі іх асабістыя рэчы і спраўдзілі пашпартныя дадзеныя. Затрыманьне міліцыянты патлумачылі тым, што маладыя людзі нібыта падобныя да наркакур’ераў. Цяпер актывісты едуць цягніком да Воршы.

У Горадні ўсклалі кветкі да знаку “Пагоня на Грунвальд”

Радыё Свабода
Актывісты гарадзенскіх дэмакратычных арганізацый усклалі да мэмарыяльнага знаку “Пагоня на Грунвальд” ля Каложскай царквы кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі.

Нягледзячы на вялікую колькасьць міліцыянтаў у цывільным, апазыцыянэрам удалося такім чынам ушанаваць Дзень беларускай вайсковай славы.

Актывістаў прымусілі сысьці зь цягніка “Магілёў-Ворша”

Радыё Свабода

Грамадзкіх актывістаў з Магілёва, якія зьбіраліся выправіцца на фэст беларускай аўтарскай песьні і паэзіі “Аршанская бітва-2007”, міліцыянты беларускай чыгункі змусілі сысьці зь цягніка “Магілёў-Ворша” і прайсьці ў пастарунак чыгуначнага вакзалу Магілёва.

Сярод затрыманых – кіраўнік гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзячкоў, моладзевыя актывісты Яўген Бойка і Яўген Сувораў. Дакладная колькасьць затрыманых пакуль невядомая.

У пастарунку міліцыянты правялі агляд асабістых рэчаў актывістаў. Прычынаў затрыманьня міліцыянты не называюць.

П.Севярынец: міліцыя на Крапівенскім полі – спроба сарваць сьвяткаваньне

Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху, якія прыехалі ў Воршу для ўдзелу ў сьвяткаваньні ўгодкаў бітвы пад Воршай, не змаглі патрапіць на поле вайсковай славы.

Міліцыянты ачапілі пляцоўку. Яны патлумачылі, што поле замінавана і трэба чакаць сапёраў.

Павал Севярынец заявіў “Свабодзе”, што гэта чарговая спроба сарваць мерапрыемства, у якім бяруць удзел прадстаўнікі розных моладзевых структур, у тым ліку рыцарскага клюбу і запалохаць патэнцыйных гледачоў.

Арганізатары сьвяткаваньня паведамілі, што імпрэза, нягледзячы на ўсе перашкоды, усё роўна адбудзецца.

Тым часам у Горадні актывісты гарадзенскіх дэмакратычных арганізацый усклалі кветкі да помніка ля Каложскай царквы, прысьвечанага бітве пад Грунвальдам. Кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі паклалі каля “Пагоні”.

Нягледзячы на вялікую колькасьць міліцыянтаў у цывільным, апазыцыянэрам удалося такім чынам ушанаваць Дзень беларускай вайсковай славы.

Мірон віншуе з Днём беларускай вайсковай славы


Радыё Свабода

Чарговы бел-чырвон-белы сьцяг лунаў мінулай ноччу над Віцебскам. Ён быў узьняты каля 11-й вечара над домам №10 па паспэкце Фрунзэ.

У гэтым будынку разьмешчаны інтэрнат мэдычнага ўнівэрсытэту, таму нацыянальны сымбаль першымі заўважылі студэнты. Шматлікія мінакі таксама зьвярталі ўвагу на сьцяг, які быў добра відаць з абодвух бакоў праспэкту.Старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда паведаміў журналістам, што да сьцяга прымацавана цыдулка зь віншаваньнем ад Мірона.

Хамайда: “З крыніц, вартых даверу, мне стала вядома, што на пяціпавярховым будынку па праспэкце Фрунзэ ўсталяваны бел-чырвон-белы сьцяг. Да яго прымацавана цыдулка з наступным тэкстам: " Віншую з Днём беларускай вайсковай славы. Мы абавязкова пераможам, як нашы гераічныя продкі пад Воршай, таму што з намі ўсепераможная крывіцкая Пагоня, а ў руках мы моцна трымаем бел-чырвон-белы сьцяг. Жыве Беларусь, жыве вечна!" І подпіс: "Мірон".

Міліцыянты і супрацоўнікі камунальных службаў заўважылі сьцяг не адразу, і ён лунаў над горадам некалькі гадзін.

September 7, 2007

Міліцыянты шукаюць міны на Крапівенскім полі

Радыё Свабода

Мясцовых актывістаў, якія зьбіраліся майстраваць сцэну для заўтрашняга фэсту “Аршанская бітва-2007”, па дарозе спынілі міліцыянты. Яны заявілі, што на полі каля вёскі Гацькаўшчына, дзе 16 гадоў запар ладзілася імпрэза, сёньня знайшлі міны і снарады.
Міліцэйскія машыны блякавалі праезды і праходы да берагу рэчкі Крапіўны, дзе зазвычай адбываюцца канцэрты. Аднак спэцтэхнікі для разьмінаваньня або вайсковых спэцыялістаў мясцовыя актывісты ня ўбачылі.
“Мы прыехалі, каб паставіць сцэну, каб падрыхтаваць пляцоўку да фэстывалю, – расказаў нашаму радыё кіраўнік аршанскай Рады моладзевых арганізацыяў Ігар Казьмярчак. – На павароце на Гацькаўшчыну нас спыніла міліцэйская машына ДПС. І нам сказалі: “Сюды нельга, паварочвайце назад у Воршу. Тут знайшлі снарад, будуць разьміноўваць. Калі разьмінуюць, тады прыходзьце. Ну, мы тут рознымі вакольнымі шляхамі прабіраемся... Але я ня ведаю, каб тут, у Гацькаўшчыне, былі нейкія баі, каб пасьля іх маглі застацца снарады... Праўдападобна, усё гэта робіцца, каб не дапусьціць правядзеньня заўтрашняга фэсту. І гэта дзіўна: столькі гадоў запар праводзілі, і ўсё бывала добра”.
Актывісты зьбіраюцца высьветліць, ці насамрэч на Крапівенскім полі будуць праводзіцца земляныя работы і ці сапраўды міліцыянты ахоўваюць поле зь меркаваньняў бясьпекі, а не на загад, каб сарваць заўтрашнюю імпрэзу.

September 5, 2007

Пазнаваць родны край

2 верасьня 2007 г. грамада “Беларускай Нацыянальнай Памяці” наведала шэраг гістарычных месцаў Берасцейскага і Камянецкага раёна, якія маюць слаўнае мінулае часоў Рэчы Паспалітай.

Так, была наведана вёска Скокі Берасцейскага раёна. У гэтай вёскі знаходзіцца сядзіба Немцэвічаў, якая была пабудаваная ў 1770 годзе. У гэтай сядзібе ў 16 лютага 1757 г. нарадзіўся вядомы пісьменнік і публіцыст Юліян Урсын Неманцэвіч. Ю. Неманцэвіч у 1777 г. скончыў кадэцкі корпус у Варшаве, быў ад’ютантам Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касьцюшкі, пад час паўстаньня 1794 года. У бітве з царскімі войскамі пад Мацеевічамі быў паранены, патрапіў у палон і 2 гады правёў у Петрапаўлаўскай крэпасьці. Пасля вызваленьня ў 1796 г. выехаў з Касцюшкам у ЗША, дзе стаў прыбліжаным Дж. Вашынгтона. У 1802 г. вярнуўся на Радзіму. З 1837 г. быў старшынём Варшаўскага таварыства сяброў навук. Удзельнічаў у паўстаньні 1830-31 гг. Пасля стлуменьня паўстаньня эміграваў у Францыю, жыў у Парыжы. Пад час побыту на Радзіме шмат вандараваў, у выніку была напісана праца “”Гістарычныя вандроўкі па польскіх землях, якія здзейсьніў з 1811 па 1828 гг.” (1858).

Сядзіба ў Скоках уязляе сабой паркавы ансамбаль – помнік архітэктуры барока, парк быў выкананы ў “французскім стылю”. [Паводле: “Звод помнікаў архітэктуры і культуры Беларусі, Берасцейскі раён, выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі”, Мінск 1990].

Таксама наведалі вёску Воўчын Камянецкага раёна, дзе знаходзіцца ўсыпальніца апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Капліца выканана ў стылі позняга барока з элементамі ракако. Трэба адзначыць, што ў в. Воўчын на беразе р. Пульва захаваўся старажытны млын.

У тым жа Камянецкім раёне ў в. Шчытнікі, што недалёка ад вёсак Старыя і Новыя Лышчыцы, знаходзіцца былая ўніяцкая царква, якая датуецца 1742 годам, побач цяпер ужо праваслаўнай царквой знаходзіцца камень, які быў усталяваны ў 1988 г. На камені высечаны словы Казіміра Лышчынскага, які паходзіў з гэтых мясцовасцей. Нагадаем, што Казімір Лышчынскі вучыўся, а пазней стаў намеснікам рэктара ў езуіцкім Калегіуме ў Берасці. А 30 сакавіка 1689 г. у Варшаве за вальнадумства быў пакараны сьмерцю.