9 люты 2010

Успамін генэрала Булак-Балаховіча

10 лютага спаўняецца 127 гадоў з дня нараджэньня генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

Заклікаем усіх беларусаў ушанаваць памяць славутага ваяра. У Беларусі шмат месцаў, якія зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Станіслава Булак-Балаховіча. Ёсьць дом у Лужках, дзе ён жыў перад І сусьветнай вайной. У Берасьці знаходзяцца могілкі, дзе пахаваны жаўнеры ягонага войска. Берасьцейцамі там пастаўлены пастаўлены крыж і памятныя знакі. (мапа)

Гісторыя склалася так, што генэрал загінуў у 1940 годзе ад рук гестапа і магілы няма. Таму памяць пра яго мы ўшаноўваем у тых месцах, якія зьвязаныя з лёсам С. Булак-Балаховіча.
Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае тых, хто знаходзіцца ў Варшаве, далучыцца да акцыі ўшанаваньня. Мерапрыемства адбудзецца заўтра, 10 лютага. Запалім зьнічы памяці каля памятнай шыльды побач з месцам яго гібелі, а таксама на сымбалічнай магіле генэрала.

Акрамя гэтага, “Беларуская нацыянальная памяць” і незалежны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” запрашаюць на прэм'ерны паказ дакументальнага фільму “Генэрал няскончанай вайны”.


Час і месца: 12 лютага, пятніца, у Collegium Civitas (аўдыторыя А, XII паверх, Pałac Kultury i Nauki, plac Defilad 1, Warszawa, уваход насупраць вул. Маршалкоўскай) а 18 гадзіне.

Лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага (фота)

7 лютага Беларуская Нацыянальная Памяць правяла лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага. Шлях пралягаў праз родныя мясьціны нашага нацыянальнага героя.

Мэтай і канечным пунктам прабегу стала вёска Мастаўляны, дзе 2 лютага 1838 году нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Тут ён правёў першыя гады жыцьця. Шлях пачынаўся ад Баброўнікаў і склаў 7 км. Паколькі надвор'е спрыяла: лёгкі марозік і сонца - усе ўдзельнікі прабегу атрымалі шмат задавальненьня. Па дарозе да маршу далучыліся нашыя сябры са Зьвязу Беларускай Моладзі Ганна і Міхал.

У Мастаўлянах нас сустрэў добры знаёмы Уладзімір Канстанцінавіч Зарэцкі, які правёў да кутнага каменя сядзібы Каліноўскіх, па дарозе распавёўшы цікавосткі з жыцця сям'і Каліноўскіх у гэтых мясьцінах. Хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і ўсіх ваяроў, якія баранілі наш Край.

Развітаўшыся з Мастаўлянамі, рушылі ў бок Беластоку. Выехалі на трасу Баброўнікі-Беласток і разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, што выклікала станоўчыя эмоцыі ў кіроўцаў, якія стаялі на мяжы.

Так прайшоў першы лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага. Спадзяемся, ён стане традыцыйным, і запрашаем усіх жадаючых на наступны прабег у будучым годзе.

Будзем ведаць, памятаць і ганарыцца сваёй гісторыяй!

Выказваем падзяку ўсім, хто нам дапамагаў у арганізацыі прабегу і асабіста сп. Аўгену Вапу, сп. Алегу Латышонку, Зьвязу Беларускай Моладзі і Радыё Рацыя.

8 люты 2010

У Польшчы прайшоў лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага

Еўрарадыё

Лыжны прабег, прымеркаваны да 172-х угодкаў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве, прайшоў учора ў Польшчы. Прабег прайшоў з Баброўнікаў у Мастаўляны, дзе нарадзіўся і пражыў першыя гады жыцця Каліноўскі.

Акцыю арганізавала "Беларуская нацыянальная памяць". Пасля прабегу яго ўдзельнікі наведалі месца, дзе стаяў дом Каліноўскіх. Плануецца, што тут будзе ўсталяваны памятны знак у гонар кіраўніка паўстання. Жыхар вёскі Мастаўляны Ўладзімір Зарэцкі расказаў удзельнікам прабегу легенды, якія распавядалі ў вёсцы пра Кастуся Каліноўскага.