May 30, 2009

Вандалы ў пагонах зьнішчылі памятны крыж

Ня доўга прастаяў памятны крыж каля вёсак Вялікія і Малыя Жаберычы на Крупшчыне, які быў усталяваны ў гонар 55 зьнішчаных камуністамі мясцовых жыхароў.


26-27 траўня супрацоўнікі Крупскай пракуратуры і міліцыі вырвалі крыж і вывезлі ў невядомым кірунку. Таксама сьледчыя апытвалі мясцовых жыхароў пра тых, хто прывёз і усталяваў помнік.

Зьвятаемся да ўсіх неабыякавых. Затэлефануйце у пракуратуру Крупскага раёну (01796) 5-53-70 і запытайце пра гэты акт вандалізму.


May 28, 2009

У Крупскім раёне адкрылі памятны знак ахвярам сталінскіх рэпрэсій

Крыніца: Эўрарадыё
На могілках вёсак Вялікія і Малыя Жаберычы Крупскага раёна Меншчыны 23 траўня адкрылі трохмэтровы драўляны шасьціканцовы крыж нябеснай заступніцы Беларусі сьвятой Ефрасіньні Полацкай. Ён пастаўлены ў памяць пра 55 мясцовых жыхароў — ахвяраў сталінізму.

На крыжы ўмацаваная мэталічная памятная шыльда са сьпісам бязьвінна загубленых сялян. Сьпіс пачынецца імем і графічным малюнкам Юркі Моніча. З 1919 па 1924 год ён кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральным рэгіёне краіны, быў начальнікам штаба Першага партызанскага беларускага аддзела войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім узброеным паўстанні 1920 года. Моніч быў забіты супрацоўнікамі АДПУ ў Крупскім раёне 23 чэрвеня 1924 года.

Як паведамляе БелаПАН, у цырымоніі адкрыцьця мэмарыяльнага знака ўдзельнічала каля 15 прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія наведалі памятныя месцы жыцьця і дзейнасьці Юркі Моніча і яго сям'і.


May 27, 2009

Апошнія дні Уладзіміра Жылкі

Крыніца: represii-by.info

Некалькі дзён таму мы зьмясьцілі аўдыё-запіс твору У.Жылкі "Тэстамэнт", які быў напісаны перад сьмерцю паэта. Успамін Яўхіма Кіпеля дазваляе больш дакладна даведацца пра гэтую трагічную падзею.

***

Жылка расказаў нам, што быў арыштаваны разам з намі і пасаджаны ў менскую турму. Але месяцаў за пяць ён гэтак аслаб, што турэмныя дактары азначылі,

што паэта не будзе жыць. Жылку адвезлі дахаты, дзе ён праляжаў месяцы з чатыры і крыху паправіўся, пачаў хадзіць. НКВД яго сачыла, і як ён толькі крыху ачуняў, яму абвесцілі, што ён засуджаны на пяць год высылкі. Аднак, з увагі на яго хворы стан, яму далі магчымасць выбару — ехаць пад канвоем або без канвою. Жылка, зразумела, выбраў апошняе і сам з'явіўся ў Кацельніч.

У Кацельнічы мы яшчэ пабылі пяць дзён. Да месца высылкі нам заставалася кіламетраў дзвесце пяцьдзесят у бок чыгункі. Нам быў дадзены выбар — ісці пехатой пад канвоем да месца высылкі або як-небудзь дабірацца самім. Мы наважыліся ехаць без канвою, па рацэ Вятцы да прыстані Мядзведак. Ад гэтае прыстані нам трэба было раз'ехацца ў розныя бакі, кажны да свайго месца, вызначанага НКВД: я, Азбукін і Улашчык у г. Налімск, Жылка і Сасіновіч — у г. Уржум, Міцкевіч, Гурскі і Корань. — у г. Малмыж.

На працягу пяцёх дзён мы шмат аб чым гаварылі. Жылка быў у Менску на Акадэмічнай канферэнцыі ў 1927 г. Яго акружалі ў часе канферэнцыі вылучна камуністы і ўсё ўгаворвалі застацца — не ехаць назад у Чэхію. Аднойчы неяк Жылка сустрэўся з намі — беларускімі патрыётамі — адзін на адзін і папытаўся ў нас, ці варта заставацца. Мы ўсе ў адзін голас параілі яму ехаць назад і жыць у Чэхіі. У гутарцы я і прыпомніў Жылку нашыя парады. Пачуўшы гэта, Жылка ўстаў і сказаў: “Ведаеш, браце, мае раны мне і так баляць — ты іх больш не цвялі”. Я папрасіў выбачэння, ды больш аб гэтым ніхто нічога не ўспамінаў.

Мы купілі дзве лодкі — адну маленькую, а другую вялікую. У маленькую пасадзілі Жылку, каб яго ніхто не турбаваў і ён адчуваў сябе больш вольна. Маленькая лодка была, прывязана да вялікае, і пасажыру гэтае лодкі не трэба было веславаць. За капітана нашае “эскадры” быў Міцкевіч, бо ён нарадзіўся і выгадаваўся на Нёмане. З нейкае пасцілкі, ахвяраванае добрымі людзьмі, ён зрабіў ветразь, і мы цэлы дзень ехалі не вяслуючы, але пад вечар наляцеў буй-вецер, парваў сціплы ветразь і ледзь-ледзь нас не патапіў. Ехалі ўдзень, а ўначы раскладалі вогнішча і адпачывалі.

За тыдзень мы прыехалі на апошнюю прыстань Мядзведкі, адкуль мусілі разысціся на пяць гадоў у розныя бакі. Тут мы даведаліся, што ў тым горадзе, дзе будзе адбываць высылку Жылка, няма добрага доктара. Таму паэта папрасіў у тутэйшага НКВД дазволу паехаць з намі ў Налінск на тры дні на кансультацыю да доктара.

Тры дні быў з намі Уладзімір Жылка. На чацвёрты дзень мы нанялі хурманку і паэта паехаў да месца свае высылкі ў г. Уржум. Першы час мы досыць акуратна ліставаліся, Жылка ніколі ні на што не наракаў. Неўзабаве мы даведаліся, што ён знайшоў працу ў тамтэйшай бібліятэцы.

Але за колькі месяцаў мы атрымалі ад Сасіновіча ліст, у якім ён пісаў. што Жылка адчувае сябе вельмі дрэнна. Мы, параіўшыся паміж сабою, пастанавілі прапанаваць паэту кінуць працу і атрымваць ад нас сваіх суродзічаў, пасяродкі на жьщцё. Жылка вельмі пакрыўдзіўся. Ён напісаў нам ліст, у якім, дзякуючы за наш добры намер, заўважыў, што яму міласціна не трэба, бо ён заробіць і сам сабе на хлеб.

У канцы лістапада 1932 года Уладзімір Жылка лёг у бальніцу. I помню, што чацвёртага сакавіка 1933 года я атрымаў ад Сасіновіча ліст, у якім ён пісаў:

“Сябры, падаю вам сумную вестку — няма сярод нас Уладзіміра Жылкі. Першага сакавіка а сёмай гадзіне ўвечары ён памёр. Пахаваў я яго на тутэйшых могілках трэцяга сакавіка а пятай гадзіне ўвечары...” Далей мы даведаліся з ліста, што калі Уладзімір Жылка не мог падняцца з ложка, за тыдзень да ягонае смерці, да яго прыйшоў у бальніцу энкаведысты. Ён заявіў, што НКВД дазваляе Жылку змяніць месца высылкі і нават дазваляе выехаць на паўдня. У той жа час выклікалі ў гарадскі аддзел аховы здароўя Сасіновіча і сказалі, што калі толькі будуць патрэбныя грошы на пераезд Жылкі, дык гэтыя грошы асігнуе гарадскі аддзел. А ў паэты ў гэты час ужо пачалася агонія...

Тыдні за два пасля смерці Уладзіміра Жылкі я атрымаў ад Сасіновіча ліст, але ўжо не поштай, а праз знаёмых людзей. Адчыніўшы ліст, я прачытаў:

“Тэстамент, або духоўніца, адпісаная Уладзімірам з Адама і Таццяны сынам Жылкавым”.

Я зрабіў усё, ад мяне залежнае, каб старанна перахаваць гэты выдатны мастацкі твор, а пасля сканчэння свае высылкі пазнаёміў з ім усю нашу грамадскасць.

Калі я ўспамінаю цяпер тыя апошнія дні, праведзеныя з Жылкам, на памяць усплываюць радкі з аднаго ягонага верша, які ён прачытаў нам у дарозе ад Кацельніча да Мядзведкаў:

Але нам будуць усё ж мілейшы

Часы, калі з нізін балот

3 надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых

Устане ўзбуджаны народ.

Не відна йшчэ ў завірусе,

Куды ляжыць ягоны шлях.

Але дух творчы Беларусі

Жыве й змагае долі жах.

...Бяжыць суровая Вятка. Чытае свае вершы Уладзімір Жылка. Мы, сцяўшы зубы, яшчэ мацней налягаем на вёслы, бо ў нас не згасла вера ў тое, што нашая ідэя правільная. Мы цвёрда перакананыя, што наш народ скіне гвалтоўную маскоўскую ўладу і Беларусь зробіцца вольнаю і самастойнаю*.

May 25, 2009

Запісы са збораў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане

Як мы ўжо пісалі, пад час нашых дасьледваньняў у беларускай бібліятэцы БНП атрымала ад айца Аляксандра Надсана некалькі магнітных стужак.

Сёньня БНП зьмяшае новы твор са збораў бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лёндане. Гэта паэтычны твор Уладзімера Жылкі пад назвай "Тэстамэнт", які быў напісаны незадоўга перад сьмерцю паэта ў бальшавіцкім Гулагу. Тэкст чытаюць Янка Запруднік і Язэп Гуткоўскі.

Файл (10 Mb) можна скачаць па гэтай спасылцы (правай клавішай мышы націснуць "Захаваць як...").

May 12, 2009

100 гадоў з дня нараджэньня Язэпа Найдзюка

100 гадоў таму 12 траўня 1909 г. у Байдатах, у Ваўкавыскім павеце нарадзіўся Язэп Найдзюк, чалавек, які незвычайна шмат зрабіў для беларускага народу. Актыўны ўдзельнік беларускага руху ў Вільні, друкар, рэдактар, публіцыст, аўтар гісторыі Беларусі "Беларусь учора і сяньня".

Язэп Найдзюк
Фота з "Czasopis: Białoruskie pismo społeczno-kulturalne", nr 2-2004

Працаўнікі рэдакцыі «Беларускай крыніцы» у Вільні: Зьлева напр.:


Язэп Найдзюк, Уладзіслаў Тарасевіч, Мар'ян Пяцюкевіч, Ян Пазьняк
Фота з кнігі: Зянон Пазьняк. Развагі: Канцэпцыя новага Беларускага Адраджэньня, кн.1, артыкулы і матэр'ялы (1990 -ІІІ 1996)

3 апошнія фота БНП зьмяшчае з ласкавай згоды Беларускай бібліятэкі й музэю імя Ф. Скарыны ў Лёндане:



Іншыя артыкулы БНП пра Я. Найдзюка:

Беларусы ў Інаўроцлаве. Успамін Язэпа Найдзюка
БНП ушаноўвае памяць Я. Найдзюка і Г. Канапацкага

Інтэрвію з Аленай Глагоўскай:

"100 год невядомаму друкару"

May 10, 2009

Ушанавалі памяць Булак-Балаховіча

Крыніца: Радыё Рацыя

У гадавіну смерці Станіслава Булак-Балаховіча ў Варшаве прайшлі ўрачыстасці з нагоды ўшанавання ягонае памяці. Арганізатарам мерапрыемства выступіла грамадская арганізацыя „Беларуская нацыянальная памяць”.

Пра гэта Радыё Рацыя распавёў старшыня арганізацыі Анатоль Міхнавец:

- Гэта ўжо стала традыцыяй, што беларусы, у тым ліку нашае таварыства "Беларуская нацыянальная памяць", ушаноўваюць Булак-Балаховіча ў дзень яго нараджэння, дзень смерці і дзень беларускай вайсковай славы. І мы сёння зноў наведалі гэтае месца, ля яго мемарыяльнай дошкі. Запалілі знічы. Выступіла гісторык Наста Ільіна, распавяла пра генерала, пра яго дзейнасць, пра ўшанаванне яго памяці - тут у Варшаве і ў Беларусі. Бо ёсць, напрыклад, у Берасці помнік яго жаўнерам, на могілках дзе яны пахаваны. Наста таксама прэзэнтавала паштоўкі з партрэтамі гістарычных постацей Берасцейшчыны, адна з якіх прысвечана генералу Булак-Балаховічу. І скончылі мы нашу акцыю малітвай у памяць Булак-Булаховіча.

Станіслаў Булак-Балаховіч загінуў у Варшаве 10 траўня 1940 года ад рук Гестапа. Недалёка ад месца ягонай гібелі ёсць памятная шыльда. Аднак месца пахавання Булак-Балаховіча застаецца невядомым.

May 7, 2009

Падтрымаем нашых спартоўцаў!

Беларусы!

Нашым спартоўцам патрэбна падтрымка заўзятараў. Нацыянальныя сымбалі даюць моц! Яскравы прыклад чэмпіянат сьвету па хакею. Колькі станоўчых эмоцыяў выклікала ПАГОНЯ, якую сябры БНП зьмясьцілі на трыбуне пад час гульняў.

Шмат разоў былі на розных спаборніцтвах і ведаем, што гэта важнае для спартоўца, важная нашая падтрымка. Гэта патрэбнае і важнае для нашай Беларусі!



У бліжэйшы час адбудуцца міжнародныя баі з удзелам беларускіх спартоўцаў.

15-22 траўня у Латвіі (Ліепая) пройдзе Чэмпіянат Эўропы па тайскаму боксу.


16 траўня ў Чэхіі ў г.Млада Балеслаў адбудзецца турнір K1 ColliZion Heaven Or Hell, у якім прыме ўдзел знакаміты беларускі баец Аляксей Ігнашоў.

А 23 траўня ў польскай Лодзі адбудзецца турнір K1 WORLD GRAND PRIX in LODZ з удзелам прадстаўніка Беларусі. Пераможца васьмёркі павінен атрымаць права ўдзельнічаць у K1 WGP FINAL16.


Бел-чырвона-белыя сьцягі і Пагоня дадаюць сілаў!

БНП на чэмпіянаце сьвету па хакеі

У Швайцарыі адбываецца чэмпіянат сьвету па хакеі, дзе нядрэнныя вынікі паказала беларуская каманда.

Ужо стаў знакамітым здымак з матчу Беларусь: Фінляндыя (2:1, буліты).

Сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці прысутнічаюць на гульнях, каб падтрымаць нашых спартоўцаў.