January 23, 2008

Успамін Вацлава Ластоўскага

23 студзеня 1938 году бальшавіцка-чэкісцкімі нягоднікамі асуджаны "як агент польскай выведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі" сын Юстына і Ганны Ластоўскіх , былы сакратар "Нашай Нівы", былы прэм'ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі, неадменны сакратар Інстытуту беларускай культуры, былы акадэмік Беларускай Акадэміі Навук і шчыры патрыёт сваёй Бацькаўшчыны - Беларусі-Крыўі.

Вечная памяць!

January 15, 2008

АНТ: Мода на Каліноўскага будзе заўсёды

«Жыхары райцэнтру Сьвіслач (Гарадзенская вобл.) масава вывучаюць біяграфію земляка, кіраўніка паўстаньня 1863 г. Кастуся Каліноўскага. Сёлета ў Сьвіслачы сьвяткуюць 170 год з дня народзінаў рэвалюцыянера».

Ліповая алея ў вёсцы Якушоўка — адзінае, што цалкам захавалася ад маёнтку сям’і Каліноўскіх. Яе пасадзіў Кастусь Каліноўскі разам з братам Віктарам. Будучаму рэвалюцыянеру было тады ўсяго 10 год.

Апроч алеі ёсьць памятны знак і фундамэнт дому Каліноўскіх. Яго выявілі мясцовыя краязнаўцы па архіўных зьвестках. Вёска Якушоўка — цяпер самае папулярнае месца ў Сьвіслацкім раёне. Сюды прыяжджаюць нават з Амэрыкі.

Біяграфію кіраўніка сялянскага паўстаньня 1863 г. вывучаюць вучні мясцовай гімназіі ягонага імя. Кажуць: званьне абавязвае. Дзякуючы іх высілкам удалося аднавіць вонкавы выгляд маёнтка.

Кацярына Сарай — вучаніца гімназіі імя Каліноўскага: «З дапамогай сьвіслацкіх мастакоў і архіўных зьвестак вучням 11 клясы гімназіі удалося стварыць агульны выгляд маёнтку Каліноўскіх. Саламяная страха і куст бэзу ў двары — уся тэрыторыя была адгароджана»
Вынікі сваіх пошукаў у архівах Польшчы і Літвы ужо разьмясьцілі вучні гімназіі на спэцыяльным сайце. Сямікласьнік Сяргей абагульняе увесь матэрыял і рэдагуе сайт у Інтэрнэце.

Сёлета ў Сьвіслачы рыхтуюцца сьвяткаваць 170‑гадовы юбілей Каліноўскага (Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 г. Чакаецца шмат турыстаў. Спэцыяльна да іх прыезду гімназістамі рыхтуюцца адмысловыя турыстычныя маршруты па Белавескай пушчы з заездам у Якушоўку. Гэтыя маршруты былі спачатку выпрабаваныя на сабе.
Жыхары Сьвіслачы ўпэўненыя — мода на Каліноўскага будзе заўсёды. Менавіта таму сьледапыты рыхтуюць праект рэканструнцыі маёнтка знакамітага земляка.

Крыніца АНТ

January 14, 2008

Успамін Янкі Філістовіча

14 студзеня 1926 году нарадзіўся ўдзельнік беларускай нацыянальна-вызвольнай барадзьбы Янка Філістовіч.

Пра гэтага выдатнага дзеяча нашай гісторыі можна прачытаць тут.

Актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці павіншавалі сястру Янкі Філістовіча спадарыню Серафіму, якая жыве ў Гданьску, і зь якой падтрымліваецца сталая сувязь.


January 10, 2008

2008 год – Год беларускай дзяржаўнасці

Ігар Олін

Учора ў Мінску адбылося чарговае паседжанне нацыянальнага арганізацыйнага камітэту па святкаванні 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аргкамітэт па святкаванні 90-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР, узначалены Генадзем Бураўкіным, Радзімам Гарэцкім і Аляксеем Марачкіным, сабраўся учора на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Мінску ўжо ў другі раз.

Яго удзельнікі – гісторыкі, пісьменьнікі, вядомыя грамадзкія дзеячы, а таксама моладзевыя актывісты - зацьвердзілі плян дзейнасьці на 2008 г ., а таксама прынялі Звароты да беларускай грамадзкасці і органаў улады “Аб абвяшчэнні 2008 года – Годам беларускай дзяржаўнасці”.

- Мы звяртаемся да усіх адпаведных дзяржаўных інстанцый з прапановай зрабіць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці, - гаворыць сустаршыня аргкамітэту, сябра рады беларускай інтэлігенцыі, паэт Генадзь Бураўкін. - Сыходзячы з гэтага мы распрацавалі план каб як мага болей расказаць беларусам наагул пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці і ў прыватнасці пра гісторыю БНР – пра дакументы Беларускай Народнай Рэспублікі, пра знешнія сувязі БНР і, безумоўна, пра выдатных выбітных дзеячаў, што звязаныя з гісторыяй нашай краіны.

Апроч гэтага аргкамітэтам запланаваны і шэраг іншых мерапрыемстваў – гэта перш за ўсё правядзенне вулічных маніфэстацыяў, а таксама усталяванне памятных шыльдаў на будынках, дзе праходзіў Першы Усебеларускі сход, навуковыя канфэрэнцыі у Мінску, рэгіёнах Беларусі і шчыльная супраца з беларускай дыяспарай.

Да працы аргкамітэту працягваюць далучаюцца дзеячы, арганізацыі, і суполкі як з Беларусі, так і беларусаў за мяжой.

January 4, 2008

Год Кастуся Каліноўскага

У 2008 годзе спаўняецца 170 год з дня нараджэньня беларускага нацыянальнага героя, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 году ў Беларусі і Літве, заснавальніка першай газэты на беларускай мове – Канстанціна Каліноўскага.

Патрыятычным абавязкам усіх нацыянальна-сьвядомых людзей зьяўляецца ўшанаваньне памяці гэтага выбітнага чалавека, які ахвяраваў сваім жыцьцём дзеля свабоды народаў Беларусі, Літвы і Польшчы.

Беларуская Нацыянальная Памяць абвяшчае 2008 годам Кастуся Каліноўскага і рыхтуецца прыняць чынны ўдзел у адзначэньні гэтага юбілею. У прыватнасьці ў арганізацыі і правядзеньні наступных мерапрыемстваў:

- усталяваньні памятнага знаку К.Каліноўскаму ў вёсцы Мастаўляны на Падляшшы, дзе ён нарадзіўся і правёў першыя гады свайго жыцьця;

- арганізацыі музэя К.Каліноўскага і гісторыі нацыянальна-вызвольных паўстаньняў у ХІХ ст. на землях былой Рэчы Паспалітай у Мастаўлянах;

- аднаўленьні мэмарыяльнага бюсту К.Каліноўскага ў мястэчку Гарадок;

- арганізацыі сьвяточных акадэміяў у розных гарадах Эўропы, ды іншыя.

Запрашаем ахвотных далучыцца да падрыхтоўкі сьвяточных мерапрыемстваў.

January 2, 2008

62-я гадавіна сьмерці а.Фабіяна Абрантовіча

2 студзеня 1946 году ў маскоўскай турме т.зв. "Бутырцы" быў забіты чэкістамі выдатны беларускі грамадзкі і царкоўны дзеяч Фабіян Абрантовіч.

Айцец Фабіян нарадзіўся на Наваградчыне ў 1884 годзе. З маладосьці адчуў пакліканьне служыць Богу і людзям. Скончыўшы Пецярбургскую Духоўную Акадэмію, быў пасьвечаны ў сьвятары. Далей працягваў адукацыю ў Каталіцкім унівэрсітэце Лювэна, дзе абараніў доктарскую дысэртацыю па філасофіі.

Пасьля 1917 года прымаў актыўны ўдзел у стварэньні "Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі". Шмат намаганьняў а.Фабіян надаваў распаўсюджваньню беларускай мовы ў царкоўнай літургіі і духоўных навучальных установах. 6 верасьня 1918 году разам зь біскупам Лазінскім адправіў першую беларускую імшу ў Менску.

У 1926 годзе ўступіў у Згуртаваньне айцоў марыянаў, жыў у марыянскім кляштары ў Друі, які быў вядомы беларускасьцю яго духавенства.


У 1929-1938 быў на місіі ў Харбіне (Маньчжурыя) сярод эміграцыі з Расеі. У 1939 вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, дзе ў канцы верасьня быў арыштаваны савецкімі ўладамі і зьняволены ў Львове.

Партрэт а. Фабіяна Абрантовіча
Крывенка Анатоль Змітравіч, 1942. Мн.
З нізкі "Дзеячы духоўнага Адраджэньня Беларусі"
крыніца

Успамін пра Барыса Рагулю

1 студзеня 1920 году нарадзіўся Барыс Рагуля, беларускі вайсковы дзяяч, камандуючы Наваградзкага коннага эскадрону падчас ІІ сусьветнай вайны, доктар мэдыцыны, намесьнік старшыні Рады БНР.

Пра Барыса Рагулю ўзгадвае Уладзімер Арлоў.

За год да пачатку Другой сусьветнай вайны Барыс Рагуля здаў экзамэны на факультэт мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту, але замест аўдыторыяў яго чакалі казармы: у абход закону патрыятычна настроенага юнака забралі ў польскае войска. Потым быў нямецкі палон і ўцёкі ў жніўні 1940-га на “вызваленую” Чырвонай Арміяй радзіму, дзе Барыса напаткалі арышт, катавальні НКВД і сьмяротны прысуд, ад выкананьня якога ўратаваў толькі напад Нямеччыны на СССР.

Увосень 1943 году акупацыйныя ўлады прынялі пастанову пра стварэньне новага беларускага добраахвотніцкага фармаваньня — Наваградзкага кавалерыйскага эскадрону. Камандаваць ім прапанавалі выкладчыку нямецкай мовы і вайсковай падрыхтоўкі Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі Барысу Рагулю. Гітлераўцы ня ведалі, што ён быў у ліку заснавальнікаў Беларускай незалежніцкай партыі, якая зьбіралася змагацца і з бальшавікамі, і зь немцамі. Рагуля даў згоду, паставіўшы, апрача ўсяго іншага, цьвёрдую ўмову поўнай незалежнасьці эскадрону ад мясцовай нямецкай адміністрацыі. Гэта быў ці не адзіны выпадак, калі акупанты выканалі абяцаньне. Дзякуючы камандзіру эскадрон быў выняткам і ў іншых аспэктах. Ён меў добрае ўзбраеньне і амуніцыю, а таксама свой штандар з Пагоняй і гэрбам Наваградку.

Пасьля вайны зьдзейсьніць яшчэ дзіцячую мару стаць лекарам Барысу Рагулю дапамог мэдычны факультэт Лювэнскай alma mater у Бэльгіі. Жывучы ад 1954 году ў Канадзе, ён стаў адным з найаўтарытэтнейшых у краіне спэцыялістаў у галіне анкалёгіі. Аднак прыватная практыка і навуковыя дасьледаваньні ніколі не заміналі яму працаваць на беларускую справу: у Згуртаваньні беларусаў Канады, у Радзе БНР (дзе ён доўгі час быў заступнікам прэзыдэнта), у Камітэце дапамогі дзецям — ахвярам Чарнобылю.