September 8, 2008

Дзень Беларускай вайсковай славы ў Варшаве

Крыніца: Радыё "Свабода"

У нядзелю беларусы маршам адзначылі дзень Беларускай вайсковай славы ў польскай сталіцы.

Каля 30 чалавек, пераважна студэнтаў-каліноўцаў, прайшлі ад плошчы генэрала дэ Голя да будынку, дзе ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

Удзельнікі маршы несьлі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.


“Дзе б беларусы не былі – на Бацькаўшчыне ці ў эміграцыі – трэба заўсёды годна адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы”, - сказаў адзін з удзельнікаў акцыі.

Іншая ўдзельніца адзначыла, што у “Беларусі, нажаль, нельга годна адзначыць гэты дзень, бо ізноў будуць затрыманьні актывістаў”.


Акцыю правяла арганізацыя "Беларуская нацыянальная памяць".

У суботу мясцовыя беларусы разам з палякамі ў гонар сьвята гралі ў “страйк-бол”.

“Мы здолелі захаваць наш фэст “Аршанская бітва”

Крыніца: Радыё "Свабода"

Фэст беларускай бардаўскай песьні “Аршанская бітва-2008” прайшлў 7-8 верасьня каля вёскі Гацькаўшчына пад Воршай.

На здымку ўверсе -- сьпявае Зьміцер Сідаровіч.

Першыя ўдзельнікі пачалі зьбірацца на Крапівенскім полі яшчэ ўдзень 7-га верасьня, нягледзячы на тое, што пачатак фэсту быў прызначаны на 20.00. Пакуль госьці ставілі наметы, аршанскія актывісты майстравалі сцэну для выступоўцаў і рыхтавалі гукаўзмацняльную апаратуру.

Аршанскі гісторык Юрый Копцік ладзіць навес над сцэнай

Намётавы летнік пачаў расьці з кожнай гадзінай, і неўзабаве над ім ўзьвіліся бел-чырвона-белыя сьцягі.

Нацыянальныя сьцягі вакол крыжа, ўсталяванага на месцы гістарычнай Бітвы пад Воршай у памяць пра палеглых тут ваяроў

Сьцягі прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў, якія дзяжурылі наводдаль, назіраючы за падрыхтоўкай да фэсту. Супрацоўнікі Аршанскага РАУСу, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва, загадалі зьняць сьцягі, у супрацьлеглым выпадку пагражаючы масавымі затрыманьнямі. Пэўны час аматары сьпеваў спрачаліся з ахоўнікамі правапарадку, якія выклікалі падмацаваньне: на полі зьявіўся начальнік Аршанскага райаддзелу міліцыі Леанід Міхайлаў і штатны відэааператар з камэрай, які зьняў усіх прысутных на полі. Спадар Міхайлаў загадаў канфіскаваць наяўныя сьцягі, паабяцаўшы вырнуць іх гаспадарам па сканчэньні фэсту.

Міліцыянты спрабавалі знайсьці арганізатараў імпрэзы, каб ускласьці на іх адказнасьць за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.

Адзін сьцяг міліцыянты забралі, але самы вялікі – той, што ўпрыгожваў сцэну, запатрабаваць зьняць не наважыліся. Пад гэтым бел-чырвон-белым сымбалем канцэрт бардаўскай песьні распачаў Зьміцер Сідаровіч.

Зьміцер Сідаровіч быў адным з удзельнікаў самага першага фэсту “Аршанская бітва”, які адбыўся ў 1991-м годзе. Сёлета слухачы атрымалі ў падарунак адмысловую брашуру, прысьвечаную гісторыі аршанскай бардаўскай імпрэзе.

Брашуру, укладальнікам якой стаў Юрый Копцік, атрымалі ўсе ахвотныя. Гэтаксама як і спэцвыпуск газэты “Рэха фэсту”

Таксама сёлета на Крапівенскім полі нарэшце дайшла да чытачоў газэта “Рэха фэсту”, падрыхтаваная яшчэ летась. Аднак у мінулым годзе фэст ледзьве ня быў сарваны: напярэдадні міліцыя распаўсюдзіла інфармацыю, што на месцы, дзе зазвычай праходзіць фэст, знайшлі міны і снарады. Фэст вырашылі перанесьці ў іншае месца, але міліцыянты, у аўральным парадку зьвезеныя на Аршаншчыну з трох бліжэйшых раёнаў, загадвалі людзям з пляцакамі і гітарамі разварочвацца і кіравацца дадому. Некалькі дзесяткаў актывістаў былі затрыманыя. Сёлета мінулагоднія падзеі ўжо сталіся гісторыяй і таксама трапілі на старонкі газэты “Рэха фэсту”.


За прамінулы год неаднаразова выказваліся меркаваньні, што фэст “Аршанская бітва” ужо не адновіцца пасьля міліцэйскага разгону – што людзі проста больш на яго не зьбяруцца. Аднак людзі прыехалі, хаця сёлетні фэст атрымаўся й ня самым масавым за ўсю ягоную гісторыю: паслухаць выступоўцаў і пасьпяваць сабралася каля 150-ці чалавек.
Падчас канцэрту на полі Аршанскай бітвы

Паводле Юрыя Копціка, аднаго з заснавальнікаў бардаўскай іпрэзы, тыя, хто сабраўся на Крапівенскім полі сёлета, здолелі захаваць гэты фэст і давесьці, што зьнішчыць яго ня ўдасца.

September 3, 2008

Успамін а.Яна Матусевіча

Айцец Ян Матусевіч (1948-1998)

Нарадзіўся 24.07.1948 г. у вёсцы Коменка Менскай вобласьці. Яго сям'я – беларуская, праваслаўная з уніяцкімі каранямі.

Пасля заканчэньня сярэдней школы ён вучыўся на рэжысёрскім факультэце Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1972 годзе, на параду свайго духоўніка ксяндза Яна Такарскага вырашае паступіць у праваслаўную духоўную семінарыю ў Смаленску. У 1974-1979 гг. працаваў як праваслаўны сьвятар у Смаленску, а потым у мясцовасьці Маркава каля Маладзечна. У 1979 г. далучыўся да Каталіцкай Царквы. На працягу наступных адзінаццаці гадоў быў пробашчам у Барунах (1979-1990). З 1988 году пачынае адпраўляць па-беларуску, Баруны становяцца месцам паломніцтваў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаныя ў дзяцінстве, жадаюць прыняць Хрост менавіта ў айца Яна Матусевіча, і менавіта тады, з 1988 па 1990 год, у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім абрадзе. 12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на сьвяце Сьвятога Язафата ў Барунах. Хоць службу айцец Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэтую падзею першай акцыяй уніятаў Менску.

Ад 1990 г. а. Ян быў пробашчам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Пасьвяціў крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў грамадзянаў БССР у трыццатыя гады НКВД. У красавіку 1989 г. узяў удзел у першым зарганізаваным беларускай апазіцыяй маршу “Чарнобыльскі шлях”. Быў сябрам Рады Таварыства Беларускай Мовы ў Менску, ад моманту заснаваньня ТБМ. Сябра Рады і адзін з сузаснавальнікаў Біблійнага Таварыства Рэспублікі Беларусь. Протопрэзьбітар Грэка-Каталіцкай Царквы на Беларусі.

Памёр пасля цяжкай хваробы 02.09.1998 г. ў Менску.

Адам Станкевіч з небыцьця

Крыніца: Польскае радыё

Віленскае выдавецтва “Інстытут беларусістыкі” рыхтуе для чытачоў поўны збор твораў Адама Станкевіча, беларускага каталіцкага сьвятара, рэлігійна-культурнага й палітычнага дзеяча XX стагодзьдзя, гісторыка й літаратуразнаўцы. Што ўвойдзе ў гэтае адмысловае выданьне даведаўся карэспандэнт Польскага Радыё Янка Хамовіч.


Постаць Адама Станкевіча была незаслужана забытая - палічылі гісторык Алесь Пашкевіч ды выдавец Валер Булгакаў і вырашылі ставарыць вельмі адмысловую кніжку, у якой будуць сабраныя ўсе літаратурныя здабыткі нашага славутага земляка.

Валер Булгакаў: Гэта больш за трыццаць публікацый. Некаторыя зь іх мелі ў арыгінале 300-400 старонак. Кніжка гэта вельмі багата аздоблена, зьмешчаны ўнікальны ілюстрацыйны шэраг. Некаторыя ілюстрацыі друкуюцца ў колеры. Кніжка зь вялікім навуковым апаратам. Адных камэнтароў у кнізе зьмешчана каля 150 старонак. Зазвычай гэта сьведчыць пра сур’езнасьць публікацыі. Камэнтары не маленькія, вялікі паказьнік ды вялікая прадмова. Мы хочам зрабіць вельмі добрую паліграфію, дзякуючы гэтаму друк трошкі зацягваецца. Я думаю, што ў сярэдзіне верасьня яна ўжо выйдзе ды й будзе прэзэнтоўвацца на тэрыторыі ўсёй Беларусі.

Першыя творы Адам Станкевіч надрукаваў на пачатку 20-ых гадоў XX стагодзьдзя. Яго літаратурная й навуковая спадчына шматгранная. Пісаў ён на тэмы па гісторыі Беларусі ды нацыянальнай культуры, пра беларускі нацыянальна-вызваленчы й хрысьціянскі рух, літаратуразнаўства, тэалёгію, касьцёльнае красамоўства, літоўска-беларускія моўныя ўзаемасувязі.

Валер Булгакаў: Напрыклад, у 1925 годзе выйшла яго першая кніга “Францішак Скарына – першадрукар Беларусі”, а апошнія тэксты былі апублікаваныя, ці хутчэй напісаныя, незадоўга да апошняга арышту, які адбыўся ў 49-ым годзе, незадоўга да яго заўчаснай сьмерці – гэта праект рэформы каталіцкага касьцёлу на Беларусі. Гэта таксама яго кнігі, якія выходзілі ў Вільні падчас гэтак званай нямецка-фашысцкай акупацыі. Напрыклад, у 43 годзе ў Вільні выйшла яго кніжка “Вучыся й маліся” і ў гэтым часе выйшла богаслужбовая кніжка “Драбнейшыя выняткі з рэтуалу”. Усё разам гэта склала аснову публікацыі. Пра патрэбу гэтай публікацыі гаварыць нават і ня хочацца. Пра гэта сьведчаць той красамоўны факт, што пачынаючы з 91 году ў Беларусі было перавыдадзена толькі дзве ягоныя кнігі – адносна маленькія. Выданьне гэта адпавядае акадэмічным стандартам. Яно ня будзе ўспрымацца вельмі крытычна нават з боку акадэмічных супрацоўнікаў.

Адам Станкевіч быў сярод першых ксяндзоў, якія пачалі беларусізацыю Касцёла – прамаўлялі казаньні ды праводзілі службы па-беларуску. У 1917 годзе ксёндз Станкевіч - адзін з заснавальнікаў Хрысьціянска-Дэмакратычнай злучнасьці, пазней пераўтворанай у партыю Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя.

Валер Булгакаў: “Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя” – гэта адна з вядучых палітычных сілаў, якая маніфэставала палітычныя ды й культурныя правы беларусаў у міжваеннай Польшчы. Апрача таго, Адам Станкевіч быў сьвятаром, ён належыць да піянэраў беларускага нацыянальнага сьвядомага сьвятарства. Першую імшу на беларускай мове ён адправіў яшчэ ў далёкім 1915 годзе ў мястэчку Крэва, зараз гэта Гарадзенская вобласьць. Гэта быў вядомы палітык – з 1922 па 1928 год ён быў дэпутатам Польскага сойму й больш за тое, ён быў фактычна нефармальным лідэрам Беларускага пасольскага клюбу ў Варшаве. Гэта чалавек унівэрсальнага таленту, які, на жаль, быў незаслужана забыты і, больш за тое, ягоныя канец быў вельмі трагічным. Ён быў арыштаваны й асуджаны сталінскім судом. Неўзабаве пасьля арышту, у тым жа самым 1949 годзе, ён памёр у адным з лягероў. І савецкая ўлада вельмі зьдзекліва напісала ў дыягназе, што памёр ад атлусьценьня сэрца. Гэта чалавек, які ад пачатку да канца сьцвярджаў сваю беларускасьць. І ніякіх сэнтымэнтаў у яго ідэйнай пазыцыі не прасочвалася.

Судзіць за каталіцтва й патрыятызм было няёмка нават бальшавікам, яны прыдумалі зьдзеклівае абвінавачваньне: поруч з «антысавецкай прапагандай» Станкевічу інкрымінаваўся шпіянаж на карысць Японіі. Распавядае цікавыя зьвесткі з жыцьця беларускага сьвятара гісторык Алесь Пашкевіч.

Працуючы над ставарэньнем гэтага збору, спадар Пашкевіч сутыкаўся і зь іншымі вельмі цікавымі й дагэтуль невядомымі фактамі й дакумэнтамі.

Алесь Пашкевіч: У свой час мне пашчасьціла працаваць ў цэнтральным вайсковым архіве Польскім з матэрыяламі другога адзьдзелу Польскага генэральнага штабу. І вось там былі найбольш цікавыя матэрыялы, якія мяне ўразілі – рапарты канфэдэнтаў другога адзьдзелу, якія пісаліся нават вядомымі беларускімі дзеячамі. Гэта дазволіла крышку па-іншаму глянуць на разьвіцьцё беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы. Гэта не абавязкова такая крыніца, якой можна верыць, аднак у прынцыпе гэта дало штуршок да новых пошукаў. Гэта першыя такія знаходкі, дагэтуль невядомыя ў беларускай гісторыяграфіі.

Яшчэ адзін цікавы факт. Ад ваенных часоў захаваўся чарнавы рукапіс «Расказы з гісторыі Беларусі для школ» Адама Станкевіча, пачаты, верагодна, у 1940 годзе. Захаваліся 111 аркушаў, напісаных ад рукі, часткова надрукаваных на машынцы, месцамі ёсць падклейкі карэктурных лістоў, узятых з ранейшых публікацыяў. Канцэпцыя гэтай працы – нацыянальна- беларуская. Да кожнага разьдзелу прыкладзены пытаньні для вучняў, напрыклад, такія: “Хто такія ліцьвіны?” Яны таксама сьведчаць пра імкненьне Адама Станкевіча распавесьці вучням пра самабытнасьць беларусаў.

Якраз аднавіць «Расказы з гісторыі Беларусі для школ» для Алеся Пашкевіча было самым складаным.

Алесь Пашкевіч: Калі мы вызначыліся, што будем друкаваць, цяжкасьць заключалася ў тым, каб сабраць увесь матэрыял. Некаторыя выданьні дастаткова вядомыя, і зь імі цяжкасьцяў не было – яны ёсьць у многіх беларускіх бібліятэках, іншыя мы шукалі ў беларускіх бібліяфілаў. Адзіная толькі праблема была, дзе знайсьці адну з прац “Расказы з гісторыі Беларусі для школ”, якая выкарыстоўвалася падчас нямецкай акупацыі ў якасьці падручніка для беларусіх школ. Справа ў тым, што яна друкавалася ў пэрыядычных выданьнях. Праблемы былі ў тым, што гэтыя варыянты адрозьніваліся.

Прачытаўшы гэтую кнігу, можна ў поўнай ступені зразумець і ўьсвядоміць, як увогуле фармавалася беларуская гістарычная канцэпцыя. Таму яна будзе цікавая кожнаму - лічыць Алесь Пашкевіч.

Алесь Пашкевіч: Карысная гэтая кніга для розных катэгорыяў грамадзтва й для тых, хто проста цікавіцца беларускай гісторыяй, гісторыяй канкрэтна беларускага хрысьціянскага руху, хто цікавіцца развіцьцём беларускай ідэалёгіі 20 стагодзьдзя. У гэтай кнізе, калі яе браць у комплексе, паказана, як фармавалася беларуская гістарычная канцэпцыя. Вернікам таксама гэтая кніжка буде вельмі цікавая, таму што ў ксяндза Адама былі некаторыя працы, прысьвечаныя выключна рэлігійным момантам. Самая вядомая праца, пра якую яго калега ксендз Шутовіч казаў, што яна замяняе беларусам біблію, гэта «Божае Слова: Лекцыі, эвангеліі і прамовы на нядзелі і сьвяты». На кожнае рэлігійная сьвята ёсць яго прамова па нейкіх рэлігійных сюжэтах. Гэты матэрыял заўсёды захоўвае актуальнасьць.

Шукаць у кнігарнях гэтае выданьне можна на пачатку восені. Як заўважылі яго стваральнікі, тэрміны трошачкі затрымліваюцца, таму што іх задача - добры матэрыял выдаць з найлепшай якасьцю.

September 1, 2008

Праз тыдзень Дзень беларускай вайсковай славы


Набліжаецца 8 верасьня - сьвята беларускай вайсковай славы.

Пакуль невядома ці адбудзецца на Крапівенскім полі традыцыйны Фэст беларускай аўтарскай песьні і паэзіі "Аршанская бітва". Але, ня гледзечы ні на што, трэба годна адзначыць сьвята нашай перамогі.

Беларуская Нацыянальная Памяць зьвяртаецца да грамадзкіх арганізацыяў і ўсіх суайчыньнікаў арганізаваць сьвяткаваньні ў розных месцах і ў розных формах. Няхай 8 верасьня стане сапраўдным народным сьвятам.

Жыве Беларусь!