August 27, 2008

Архіўныя здымкі са Скарынінскай бібліятэкі ў Лёндане

Беларускія сьвятары: а. П.Татарыновіч (другі злева), біскуп Ч.Сіповіч (пасярэдзіне), а. У.Салавей (зправа)

Беларусы ў табары ДП у Віндзішбергэрдорфе. 29.2.1948 г.

а. Адам Станкевіч

Пахаваньне прафесара Вацлава Іваноўскага
Труну нясуць (злева направа) Ф.Кушаль, Я.Найдзюк, М.Ганько, Я.Булгак

княгіня Магдалена Радзівіл (злева)

Саюз беларускай моладзі ў Нясвіжы. 1944 год

Лявон Рыдлеўскі

August 25, 2008

25 жніўня - Дзень Адраджэньня

25 жніўня – Дзень Адраджэньня. Беларуская Нацыянальная Памяць віншуе ўсіх землякоў з гэтым вялікім сьвятам.

Сёньня ўзгадваюцца словы, сказаныя Зянонам Пазьняком на сустрэчы са студэнтамі праграмы імя К.Каліноўскага ўлетку 2006 году. Беларусы заўсёды знаходзілі выйсьце ў самым складаным становішчы. Так было ў бітве пад Воршай, так было 17 гадоў таму, калі апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце парушыла, здаецца, непарушнае. Парляманцкая апазыцыя прымусіла большасьць надаць Дэкларацыі аб сувэрэнітэце статус канстуцыйнага закону.

Гэты дзень мы па праву называем Днём Адраджэньня. Гэта дзень, калі нашая Нацыя адчыніла новую старонку гісторыі. Мы, беларусы, пачалі пісаць яе самі. Мы сталі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Нацыянальны сьцяг на Сьвятой гары

Можна доўга разважаць пра тое, што было зроблена, а што не. Аналіз патрэбны, але найважнейшае гэта рэальныя справы, якія будуюць Беларусь. Мы змагаемся не супраць, мы змагаемся ЗА. Той лёзунг, які зараз выкарыстоўвае беларуская ўлада (“За Беларусь!”) – гэта лёзунг, які ў сярэдзіне 90-х гадоў быў уведзены ў жыцьцё беларускімі нацыяналістамі.

Беларусы перамаглі пад Воршай, перамаглі 17 год таму, бо ў іх быў стрыжань. Яны будавалі і адраджалі Беларусь. Верым, што будзе ў нашага Адраджэньня новы штуршок, які прывядзе наш народ да сапраўднай незалежнасьці.

August 17, 2008

Успамін Прэзыдэнта БНР

16 жніўня сябры Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня з Бэльгіі і Францыі, а таксама прадстаўнікі нашай супольнасьці “Беларуская Нацыянальная Памяць” наведалі ў Парыжы месца пахаваньня Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка.


На гэты дзень прыпыдаюць 105-я ўгодкі з дня яго нараджэньня. Мікалай Сямёнавіч Абрамчык нарадзіўся ў вёсцы Сычавічы на Маладзечаншчыне. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію, працягваў адукацыю ў Празе. Пазьней жыў у Францыі, дзе стварыў “Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі”. У 1939-44 гг. быў рэдактарам газэты “Раніца”, якая выходзіла ў Бэрліне. Старшыня Рады БНР у 1943 і 1947 – 1970 гг.

У часе нядаўняй экспедыцыі БНП было дакладна ўсталявана месца пахаваньня М.Абрамчыка. Гэтая нашыя акцыя паглыбіла кантакты з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы атрымалі ліст падзякі ад імя Рады БНР, які даслаў намеснік старшыні сп.Сяргей Навумчык. Як стала вядома, Рада БНР плануе ўсталяваць помнік на магіле Міколы Абрамчыка.

У часе гэтай акцыі, арганізаванай сумеcна беларускай дыяспарай Бэльгіі і Францыі (арганізацыя "БЭЗ") і БНП, выступалі іх прадстаўнікі, якія заклікалі пашыраць і папулярызаваць дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды яе колішняга Прэзыдэнта. Узгадвалі таксама Ніну Абрамчык, якая пахаваная разам са сваім мужам. Ніна Абрамчык, у дзявоцтве Ляўковіч, нарадзілася 20 сакавіка 1916 на Пружаншчыне. Закончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, была сябрам Беларускага студэнцкага саюза. На пачатку 40-х гадоў пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, жыла ў Берліне, працавала ў «Раніцы». У 1942-1943 гг. апрацавала і выдала «Гісторыю Беларусі ў картах» і некалькі зборнікаў вершаў і песняў.

Сьвятар з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпане айцец Ян Майсейчык адслужыў паніхіду. Прысутныя ўсклалі кветкі ў нацыянальных колерах. Акцыя скончылася спевам беларускага гімну “Магутны Божа”.

August 14, 2008

16 жніўня - дзень нараджэньня Міколы Абрамчыка

У суботу, 16 жніўня а 11 гадзіне адбудзецца акцыя памяці Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка.

Месца збору каля брамы Porte Principale на могілках Pere-Lachaise у Парыжы. Уваход з боку вуліцы Boulevard de Menilmontant.

Запрашаем усіх беларусаў, якія знаходзяцца ў Заходняй Эўропе!

Кантактны тэлефон у Бэльгіі: +32487880777

БНП у Лёндане

Сябры БНП наведалі Лёндан з мэтай далейшай працы ў бібліятэцы імя Ф. Скарыны, а таксама для ўзгадненьня ўсіх пытаньняў па аднаўленьні помніка Лявону Рыдлеўскаму, віцэ-прэзыдэнту Рады БНР у 50 гг. ХХ, старшыні Саюзу беларусаў у Францыі.

Месца пахаваньня было адшуканае пад час папярэдняга візыту БНП у Лёндане з дапамогай гісторыка Натальлі Гардзіенкі. На жаль, сам помнік, які калісьці быў усталяваны на магіле ўдзельніка Слуцкага Збройнага чыну, не захаваўся. Таму Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) выступіла зь ініцыятывай аднавіць помнік.


У памяць Л. Рыдлеўскага айцом Сяргеем Стасевічам была адслужана паніхіда, якая завяршылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.


Грамада БНП таксама мела прыемную місію павіншаваць айца Аляксандра Надсана, які 8 жніўня адзначыў свой 82 дзень нараджэньня. Дзякуючы яго нязьменнай падтрымцы і дапамозе былі адшуканыя забытыя магілы некаторых беларускіх дзеячаў, аб чым мы ўжо пісалі на нашым сайце. Мы выказваем а. Аляксандру сваю шчырую падзяку і жадаем здароўя і доўгіх плённых гадоў жыцьця.

August 12, 2008

Працяг і заканчэньне экспедыцыі БНП у Нямеччыне

Пакінуўшы Швайцарыю, грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці (БНП) накіравалася ў Баварыю і Бадэн-Вюртэмбэрг.

Але па дарозе вырашылі заехаць у ваколіцы возера Лютэнзэе, якое знаходзіцца ў Нямеччыне, недалёка ад мяжы. Пад час ранейшай працы сябраў БНП у беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лёндане да нас патрапіў здымак з выявай помніка ў гонар Слуцкага Збройнага Чыну, які быў зроблены ў 60-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Аднак, не было дакладнай інфармацыі ні пра месца, дзе помнік знаходзіўся, ні пра тое, ці ён увогуле захаваўся.

Прыехалі на месца даволі позна, але ня гледзячы на тое, што ўжо было цёмна, помнік, усталяваны беларусамі ў 1948 годзе, удалося адшукаць. Гэты знак беларускай прысутнасьці на няроднай зямлі ўзрушвае да глыбіні душы. І безумоўна радуе той факт, што помнік не разбураны ўладамі ці апаганены мясцовымі вандаламі. Хочацца сказаць вялікі дзякуй немцам, якія захоўваюць чужыя помнікі. Дзякуй, што не бяруць прыклад з пэўнай краіны ў цэнтры Эўропы, краіны, што нішчыць нешматлікія манументы гісторыі і культуры свайго роднага краю.


Раніцай давялося папрацаваць над прыборкай дзялянкі і ачысткай падмурку помніку. Пасьля адбылася кароткая акцыя ўшанаваньня і рушылі далей у дарогу да Мюнхену.

У сталіцы Баварыі адбылася сяброўская сустрэча з мясцовымі беларусамі. Маем надзею, што ў хуткім часе ў гэтай нямецкай зямлі паўстане мясцовы асяродак Беларускай Нацыянальнай Памяці.

На жаль, не ўсе запланаваныя месцы ўдалося наведаць. Не хапае дакладных зьвестак. Тыя людзі, якія ведалі, ужо ня ў стане дапамагчы дакладнай інфармацыяй альбо проста адышлі з гэтага сьвету. Але мы працягваем пошук, каб не адзін беларускі змагар не застаўся забытым.

У Баварыі, сярод іншага, мы наведалі могілкі Waldfriedhof ў Мюнхене, дзе пахаваны айцец Уладзімер Салавей, які загінуў у аўтамабільнай аварыі ў 1974 годзе. Уладзіслаў Уладзімір Салавей - каталіцкі сьвятар усходняга абраду, мітрафорны протаярэй, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа ў Заходняй Нямеччыне, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст. Па ўспамінах людзей, якія яго ведалі, чалавек зь вялікім сэрцам, сапраўдны сьвятар. Айцец Уладзімір знайшоў спачын ва ўкраінскім сэктары побач з магіламі лідараў АУН.


Далей нашая грамада накіравалася ў Штутгарт, да апошняга прыпынку гэтай экспедыцыі. У гэтым горадзе з сярэдзіны 40-х гадоў да 1991 году жыў Зьміцер Касмовіч – нацыянальны дзеяч у часе нямецкай акупацыі Беларусі, кіраўнік Замежнага сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Месца пахаваньня З.Касмовіча знаходзіцца на могілках Hauptfriedhof недалёка ад месца, дзе ён жыў і дзе працягвае жыць яго жонка і паплечнік Надзея Касмовіч-Міцкевіч, якая дарэчы зьяўляецца пляменьніцай Якуба Коласа. Магіла З.Касмовіча дагледжаная і добраўпарадкаваная. Пра гэта клапоцяцца яго блізкія.


На заканчэньне хацелі б падзякаваць Богу і ўсім добрым людзям, якія дапамагалі інфармацыйна і матэрыяльна нашай экспедыцыі. Безумоўна, наперадзе новыя падарожжы па закутках Эўропы. Памяць пра беларускіх дзеячаў і месцы, зьвязаныя зь Беларусяй, павінны ўшаноўвацца. Пераемнасьць паміж пакаленьнямі не павінна быць перарваная.

August 9, 2008

БНП у Швайцарыі

Працягваецца экспедыцыя грамады Беларускай Нацыянальнай Памяці па эўрапейскіх краінах. Другім прыпынкам стаў Бургільён, прыгарад швайцарскага горада Фрыбура. На мясцовых каталіцкіх могілках пахаваная славутая беларуская княгіня-асьветніца Магдалена Радзівіл.


Раней мы пісалі пра яе на старонках свайго блогу. Магдалена Радзівіл – знакамітая постаць нацыянальнага грамадзкага і рэлігійнага жыцьця першай паловы ХХ ст. Яна вельмі шмат зрабіла для развіцьця беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Айцец Аляксандар Надсан напісаў пра гэтую жанчыну кнігу “Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Ўніі ў Беларусі”, зь якой цікаўныя могуць больш падрабязна даведацца аб біяграфіі і справах Магдалены Радзівіл.

Інфармацыю пра месца пахаваньня княгіні БНП атрымала ў ліпені 2007 г. ад спадарыні Монікі Банкоўскі. Але вось толькі зараз атрымалася правесьці невялікую акцыю памяці М.Радзівіл. Пад нацыянальным сьцягам і па традыцыйнаму сцэнару прайшла акцыя ўшанаваньня.


Не адбылося і без кур’ёзаў. На могілках быў каталіцкі сьвятар з Польшчы, які наведваў пахаваньні сваіх землякоў. Ён быў вельмі-вельмі зьдзіўлены прысутнасьці беларусаў з бел-чырвона-белымі сьцягамі.

У мясцовай царкве ў гонар Маці Божай Кармэльскай сябры БНП памаліліся за душу славутай беларускі. Падобна, што словы малітвы на нашай роднай мове ў сьценах гэтай царквы прагучалі ўпершыню з дня сьмерці Магдалены Радзівіл. Але спадзяемся, што надалей гэтае месца стане наведвацца беларусамі, сотні якіх жывуць цяпер у рэспубліцы ў Альпах. Дакладныя каардынаты можна даведацца на мапах, якія мы ствараем на нашых старонках у сеціве.

А экспедыцыя БНП накіравалася далей у Баварыю.

August 7, 2008

Экспедыцыя Беларускай Нацыянальнай Памяці па краінах Заходняй Еўропы

Крыніца: Радыё "Рацыя"

Сябры БНП з розных краінаў Еўропы запланавалі ўлетку даследваць забытыя месцы, якія звязаныя з беларусамі. Экспедыцыя пройдзе па Францыі, Швайцарыі, паўднёвых землях Нямеччыны - Баварыі і Бадэн-Вюртэмбэргу.

Стартавала экспедыцыя ў Парыжы, сталіцы Францыі. Доўгі час БНП хвалявала праблема вызначэння дакладнага месца пахавання кіраўніка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка. Прэзідэнт Рады БНР з 1948 да 1970 гг. пасьля сваёй смерці быў пахаваны на могілках Pere-Lachaise.


Месца пахавання Абрамчыка апошнім часам лічылася згубленым. На працягу некалькіх апошніх гадоў сябры БНП праводзілі даследванне гэтай тэмы. Але пошукі яго магілы не прыносілі выніку. Адбылося некалькі асабістых размоваў з людзьмі, якія былі знаёмыя з Прэзідэнтам БНР і ведалі месца яго пахаваньня ў Парыжы. Гэта ў прыватнасці, спадары Янка Жучка, Аляксей Арэшка, спн. Зоя Смаршчок-Жэлязоўская. Але яны ўжо ў даволі сталым веку, а таму не змаглі падаць дакладнае месца пахавання. Дзякуючы дапамозе айца Аляксандра Надсана і гісторыка Наталлі Гардзіенкі атрымалася знайсці ў беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане фотаздымкі і прыкладны план. У пошуку значную дапамогу аказаў таксама доктар Янка Запруднік з ЗША, якія таксама даслаў некаторыя матэрыялы.

Трэба сказаць, што большасьць здымкаў была зроблена ў 70-х гадах, а таму не давала дакладных арыентыраў. Складанасць была яшчэ ў тым, што на магільнай пліце няма ніякай шыльды ці надпісу. Часткова змяніўся і сам сектар, у якім быў пахаваны Мікола Абрамчык.


Урэшце-рэшт, гэтымі жнівеньскімі днямі атрымалася дакладна злакалізаваць месца спачыну Прэзыдэнта. Грамада БНП зрабіла невялікую акцыю ўшанавання. Прыбралі магілу, запалілі знічы, прачыталі малітву і спелі нацыянальныя гімны.

У бліжэйшы час плануем зрабіць вялікую акцыю памяці Міколы Абрамчыка, дарэчы дзень нараджэння якога прыпадае на 16 жніўня. Плануем таксама апрацаваць архіўныя матэрыялы, мапы і змясціць на нашай старонцы ў сеціве.

Беларусы павінны памятаць і шанаваць тых, хто змагаўся за Вольную Беларусь.
БНП працягвае расшукваць месцы, зьвязаныя з беларусамі і Беларусяй. Так атрымоўваецца, што ўсе як-бы ведаюць, што нехта пахаваны там і там, але калі даходзіць да пэўнай канкрэтыкі, то дакладнай інфармацыі няма. Гэтая прыкрая сітуацыя павінна быць выпраўленая. Памяць пра выбітных беларусаў і важныя гістарычныя падзеі павінна захоўвацца. Бо нашая памяць даказвае недарэмнасць змагання, дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны нашых продкаў і папярэднікаў. Як казаў калісьці Цыцэрон, жыццё памерлых працягваецца ў памяці жывых!


Экспедыцыя працягваецца далей і накіроўваецца ў Альпы.

**************************

Матэрыял "ЭўраРадыё" пра нашую акцыю

August 3, 2008

Кніга Адама Станкевіча "Родная мова ў сьвятынях"

Набліжаецца 6 жніўня, калі ў гісторыі Беларусі адбылася вельмі значная падзея. Францішак Скарына скончыў друкаваць адну з кнігаў Бібліі на беларускай мове. Таму гэтая дата ёсьць адным з найважнейшых сьвятаў для нашага народу.

У гонар нашага славутага першадрукара было названа беларускае выдавецтва, якое дзейнічала ў 1930-40-я гады ў Вільні. Гэтае выдавецтва пад кіраўніцтавам Я.Найдзюка надрукавала пераважную большасьць беларускіх кніг, якія выйшлі ў міжваенны перыяд.

Прапануем увазе шаноўнай грамады адсканаваную копію кнігі айца Адама Станкевіча "Родная мова ў сьвятынях", якая была выдана ў Вільні ў 1929 годзе.

Спампаваць кнігу можна па гэтай спасылцы