September 9, 2007

Пілігрымка ў гонар славутых змагароў

8 верасьня, у Дзень Вайсковай Славы, у Берасьці грамадзкімі актывістамі з мясцовай грамады "Беларускай Нацыянальнай Памяці" быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўшанаваньню памяці славутых змагароў за Волю Бацькаўшчыны.

Ушанаваньне пачалося з Трышанскіх могілак, дзе пахаваны Адам Трупус, кіраўнік партызанскіх атрадаў БНР у Гарадзенскім павеце, які пазьней жыў і таямніча быў забіты ў 60-я гады ў Берасьці. Таксама, на тым месцы, былі ўзгаданы дзеячы БНР браты Аляксандар і Ян Цьвікевічы, ураджэнцы Берасьця. І Усевалад Ігнатоўскі, першы кіраўнік Акадэміі Навук, які таксама паходзіць зь Берасьцейшчыны. На тых жа Трышанскіх могілках ля помніка рэпрэсаваным былі ўскладзены кветкі і прачытана малітва.

Наступным месцам ушанаваньня стаў памятны знак гораду, які знаходзіцца ў цэнтры Берасьця на рагу вуліц Машэрава і Леніна і сьведчыць пра першы ўспамін горада ў 1019 годзе. Ля памятнага знака быў узгаданы той гістарычны факт, што менавіта ў Берасьці распрацоўваўся плян Грунвальдзкай бітвы 1410 года князямі Вітаўтам і Ягайлам. Ля памятнага знака быў урачыста ўскладзены вянок у бел-чырвона-белых колерах, з надпісам: “Змагарам за свабоду Бацькаўшчыны”.


Чарговым месцам ўшанаваньня памяці славутых землякоў адбылося ля рыма-каталіцкага касьцёлу. Тут ўдзельнікі мерапрыемства ўзгадалі, што першыя нумары газэты паўстанцаў 1863 г. “Мужыцкая праўда” былі знойдзены ў Берасьці каля цяперашняга касьцёла. Сам Кастусь Каліноўскі наведваў горад пад іншым іменем .

Далей удзельнікі ўрачыстасьцяў накіраваліся да помніка знакамітаму паэту Адаму Міцкевічу, дзе ўзгадалі эпоху падзелаў Рэчы Паспалітай: герояў паўстаньня 1794 года, а менавіта, Тадэвуша Касцюшку, які нарадзіўся ў некалькіх кіламетрах ад Берасьця, у в. Сяхновічы, цяпер Жабінкаўскі раён. Акцэнтавалі ўвагу на дзейнасьці студэнцкіх навуковых таварыстваў Віленскага ўнівэрсытэту, такіх як таварыства філярэтаў і філяматаў. Быў прачытаны ўрывак зь вершу А.Міцкевіча: “Літва, Бацькоўскі край” і ля помніка ўскладзены бел-чырвона-белыя кветкі.

Апошнім месцам для ўшанаваньня сталі вайсковыя могілі жаўнераў войска генэрала С.Булак-Балаховіча, якія знаходзяцца ў мікрараёне Рэчыца. Удзельнікі ля памятнага знаку, на якім напісана: “Яны змагаліся за волю Бацькаўшчыны”, усклалі бел-чырвона-белыя кветкі і запалілі сьвечкі.

Мерапрыемства скончылася малітвай.

No comments: