February 27, 2011

Лыжны прабег у гонар Каліноўскага




26 лютага сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці правялі лыжны рэйд у гонар Канстанціна Каліноўскага. Другі год запар удзельнікі праехалі на лыжах ад Баброўнікаў да Мастаўлянаў.

Перад пачаткам акцыі завіталі на Радыё "Рацыя" у Беластоку, дзе былі гасьцінна прынятыя супрацоўнікамі гэтай радыёстанцыі. Прыйшоў прывітаць удзельнікаў прабегу і вядомы гісторык Алег Латышонак, які запрасіў наведаць сядзібу Беларускага Гістарычнага Таварыства. Там кожны атрымаў у падарунак кнігу Янкі Запрудніка "Дванаццатка", а БНП у сваю бібліятэку атрымала падшыўку часопіса "Беларускі гістарычны зборнік".

Далей быў выезд у Баброўнікі і рэйд на лыжах. Праз 7 км нас ужо сустракалі Мастаўляны. Там нас чакала сумная вестка. Пэўны час таму памёр наш сябра, беларускі патрыёт сп. Уладзімер Зарэцкі. Сын памерлага разам з намі наведаў магілу сп.Уладзімера, дзе ўсе ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчаньня і малітвай па хрысьціянскаму звычаю.

Канчатковай кропкай рэйду было месца былой сядзібы Каліноўскіх, дзе каля яе кутнага камяня адбыўся невялікі імправізаваны мітынг.

На зваротным шляху ў Беласток наш аўтобус з высока ўзьнятым бел-чырвона-белым сьцягам праехаў уздоўж памежнай чаргі беларускіх грузавікоў. Кіроўцы радасна віталі нас усмешкамі на тварах, воклічамі і гудкамі сваіх самаходаў.

Сябры, запрашаем у наступным годзе прыняць чынны ўдзел у лыжным рэйдзе ў гонар К.Каліноўскага. Памяць пра герояў павінна жыць вечна!

Жыве Беларусь!

No comments: