Традыцыйна праграма нашых візітаў уключае наведваньне памятных мясьцінаў, зьвязаных з Беларусяй, яе гісторыяй ды культурай, а таксама месцаў мартыралогіі. Мы мелі канкрэтную мэту наведаць месца бітвы пад Монтэ-Касіна, дзе ўшанаваць памяць жаўнераў-беларусаў з дывізіі Андэрса, якія загінулі ў тым месцы.
Вайсковыя могілкі ў Монтэ-Касіна знаходзяцца побач са знакамітым і адным з самых старажытных у Эўропе кляштараў, які быў заснаваны сьв.Бэнэдыктам - апекуном Эўропы. Пад схіламі гары, на якой знаходзіцца кляштар, адбылася адна з маштабных і кравапралітных бітваў 1944 году ў Італіі. У ёй прымала ўдзел шмат беларусаў, якія служылі ў дывізіі генэрала Андэрса, сфармаванай на тэрыторыі СССР з былых палонных. Тэма бітвы пад Монтэ-Касіна ды ўдзел у ёй беларусаў шырока асьветлена ў працах беларускіх гісторыкаў, а таксама ва ўспамінах непасрэдных яе ўдзельнікаў. Жадаючым пазнаёміцца больш грунтоўна з гэтай тэматыкай раім набыць кнігу "Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна".
Другой часткай паездкі стаў Рым. Там адбыўся шэраг сустрэчаў. Наведалі цікавыя месцы Вечнага Горада, якія зьвязаныя з Беларусяй. У прыватнасьці гэта Папскі Грэцкі Калегіюм, у якім вучылася шмат знакавых для хрысьціянскай Царквы ў Беларусі постацяў, у тым ліку мітрапаліты Язэп Руцкі, Цыпрыян Жахоўскі, а таксама апостальскі візітатар для беларускіх католікаў у замежжы Аляксандар Надсан. Папскі Грэцкі Калегіюм – навучальная ўстанова, заснаваная ў 1577 папам Рыгорам ХІІІ “для грэкаў і іншых усходніх нацыяў”. Для “рускіх” студэнтаў было вызначана спачатку 4, а пасьля 6 месцаў. Паводле а. Аляксандра Надсана (гадунец Калегіюма), з 1621 па 1803 там было 107 “рускіх” студэнтаў, зь якіх беларусамі былі прынамсі 59. Дзейнічае ў наш час як духоўная сэмінарыя. Наведалі таксама былую рэзідэнцыя ордэну літоўскіх базылянаў і царкву сьв. Сяргея і Бакха з цудоўна яўленай Жыровіцкай іконай Божай Маці (у 1718 г.) Сёньня – рэзідэнцыя прадстаўніка УГКЦ у Рыме.
Разам з Папам Рымскім сябры БНП маліліся за беларускі народ у часе традыцыйнай нядзельнай малітвы "Анёл Гасподні". Мы былі не адзінымі беларусамі, які прыйшлі на плошчу перад ватыканскім палацам. Разгорнуты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг прыцягнуў увагу паломнікаў, бо заўжды прыемна сустракаць землякоў на чужбіне.
[Мапа] гэтага ды іншых нашых падарожжаў.
No comments:
Post a Comment