Крыніца: Радыё "Свабода"
9 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня беларускага драматурга, пісьменьніка, “бацькі беларускага тэатру” Францішка Аляхновіча. Сёньня ў Вільні, зь якой зьвязаныя жыцьцё і творчасьць Аляхновіча, ушанавалі яго памяць. Тым часам віленскія беларускія арганізацыі выступілі з новай ініцыятывай, каб вырашыць праблему з помнікам на магіле выдатнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Віленскія беларусы сёньня прынесьлі кветкі да памятных мясьцінаў, зьвязаных з Францішкам Аляхновічам – спачатку да капліцы на месцы былых Кальвінскіх могілак, дзе ён быў пахаваны пасьля забойства ў 1944 годзе.
Дакладнае месца не вядома
На месцы гэтых могілак у Вільні пабудаваны палац шлюбаў, але месца магілы Аляхновіча прыкладна вядомае з аповедаў старэйшых беларусаў. Адтуль і была ўзятая зямля і перанесеная на Літарацкую горку на могілках Росы ў 1989 годзе – гэтае сымбалічнае перапахаваньне арганізавала Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Літве.
Яго кіраўнік Хведар Нюнька здолеў пераканаць тагачасныя віленскія ўлады ў тым, што на Росах неабходна выдзеліць месца для беларускіх дзеячоў, і знайшоў сродкі (укладаючы і свае ўласныя) для першага помніка:
“Я памятаю, калі забілі Аляхновіча, і тады яшчэ выйшла газэта “Беларускі голас” зь вялікім партрэтам Аляхновіча. Я тады быў яшчэ зусім малы, але ўзяў гэта ня толькі ў памяць, але і ў галаву. Калі тут пачало ладзіцца беларускае жыцьцё, аднаўляцца, я падумаў, што гэтаму чалавеку я абавязаны зрабіць, што ў маіх сілах”.
"У Беларусі ўстанаўляюць іншыя помнікі"
Помнік Аляхновічу на Росах, да якога сёньня прынесьлі кветкі беларусы, скульптар Эдуард Падбярэскі зрабіў бясплатна. Сяржук Вітушка, які дапамагаў устанаўляць помнік, кажа, што яму падабаецца ідэя скульптара: Аляхновіч тужліва глядзіць у бок Беларусі.
“Эдуард Падбярэскі, славуты віленскія скульптар, беларус, зрабіў ахвярную працу – зрабіў гэты помнік. Ясна, што тады не было сродкаў пабудаваць яго з мэталу ці каменю, гэта была гіпсавая мадэль, і зь яе зрабілі такую плястыкавую, можна сказаць, мадэль (залілі баксытнай смалой) – з такім спадзевам, што гадоў 10 яна прастаіць, а за гэты час зьменіцца сытуацыя ў Беларусі, і гэты адзіны помнік бацьку беларускага тэатру ператворыцца ў сапраўдны помнік Аляхновічу.
І памятаю, як цяпер, што падмурак мы залівалі бэтонны, капітальны – з такім разьлікам, што там будзе стаяць сапраўдны помнік. Але прайшло шмат гадоў, і, на жаль, у Беларусі ўстанаўляюцца іншыя помнікі – вось, скажам, помнік Сталіну стаіць цяпер каля Заслаўя, – і нават размовы пра помнік такім дзеячам, як Аляхновіч, няма”.
Таму віленскія беларусы заявілі сёньня аб спробе аб’яднаць намаганьні, каб вырашыць з адзіным помнікам драматургу. У ствараны аргкамітэт увойдуць прадстаўнікі як беларускіх, так і іншых нацыянальных арганізацыяў Літвы, а таксама Беларусі і замежжа.
Ад намеру зрабіць дакладную копію помніка з каменю давядзецца, магчыма, адмовіцца, кажуць віленскія актывісты: занадта дорага. Помнік такі каштаваў бы каля 8 тысяч эўра.
"2008-ы можна лічыць ня толькі годам БНР, але і годам Аляхновіча"
Ініцыятарка аргкамітэту, кіраўніца грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча” Людвіка Кардзіс патлумачыла:
“На сёньня вырашылі так: мы будзем зьбіраць грошы і пасьля, з увагі на тую суму, якая зьбярэцца, усе разам будзем прымаць рашэньне: або мы робім зусім іншы помнік, абвяшчаем конкурс, або – калі будзе дастатковая сума – робім дакладна такі помнік, як стаіць цяпер, з больш трывалага матэрыялу.
Я думаю, што да такой постаці, як Францішак Аляхновіч, абыякавых людзей, абыякавых беларусаў у сьвеце ня будзе. І на сёньняшні момант у нас ужо ёсьць першае ахвяраваньне, і гэта вельмі добры пачатак.
Наперадзе у нас цэлы юбілейны год – яго сапраўды можна лічыць ня толькі годам БНР, але і годам Францішка Аляхновіча – так што справа з помнікам зрушыцца... Гэта ўжо даўно для нас такая балючая праблема, мы даўно пра гэта ўсё думалі, і добра, што гэтая справа пачала вырашацца”.
“Я вітаю ініцыятыву Людвікі, каб сабраць грошы на помнік Аляхновічу, – сказаў кіраўнік Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька. – І я зусім нядаўна сустракаўся са старшынёй “Бацькаўшчыны” Аленай Макоўскай, яна кажа, што “Бацькаўшчына” таксама далучыцца. Калі гэта будзе добра арганізавана, а я ведаю, што ў Людвікі Кардзіс энэргіі, ініцыятывы дастаткова, я думаю, што мы гэта зробім”.
No comments:
Post a Comment