November 4, 2007

Вечная памяць героям паўстаньня 1794 году

4 лістапада ў дзень гібелі Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала магілу славутых генералаў паўстаньня 1794 году. Змагары за вольнасьць спачываюць на дзядзінцы храма Маці Божай Пераможнай у Варшаве.


Якуб Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаньнем 1794 году на абшарах Айчыны нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага. У траўні 1794 году Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмяны. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генерал-лейтэнанта.


Якуб Ясінскі загінуў у баі 4 лістапада, абараняючы варшаўскае прадмесьце Прагу (на правабярэжжы Віслы), якое штурмам захапіла сувораўскае войска, зь нечалавечай лютасьцю зьнішчаючы яго абаронцаў і жыхароў. Яму было трыццаць тры гады.

Поруч зь Ясінскім змагаўся і загінуў зь ім у адзін дзень Тадэвуш Корсак, юрыст, выпускнік Полацкай езуіцкай школы. Стварыў з уласных сялян паўстанцкі атрад, што дзейнічаў у ваколіцах Клюшчан, Сьвянцян і Вільні. За абарону Вільні 15-20 ліпеня 1794 году Корсак атрымаў ад Касьцюшкі званьне генерал-маёра.

Мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці прысутнічала на набажэнстве, пад час якога былі ўзгаданыя мужнасьць і адданасьць барадзьбе за свабоду Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака. Малітва і запаленыя зьнічы на магіле слаўных змагароў сталі нашай данінай іх памяці.


No comments: