February 22, 2009

Адбылася беларуская дыктоўка ў Варшаве

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Варшаве адбылася беларуская дыктоўка, арганізатарам якой стала Беларуская Нацыянальная Памяць.


Беларусы і сябры Беларусі прыйшлі ў С
ollegium Сivitas, каб прыняць удзел у другой па ліку агульнанацыянальнай дыктоўцы. Удзельнікаў, якіх было каля пяцідзесяці чалавек, прывітала прэзыдэнт Сollegium Сivitas прафэсар Ядвіга Каралевіч.

Ініцыятарам ідэі напісаньня дыктоўкі ў Варшаве выступіла Наста Ільіна, стыпендыстка прэзыдэнта Польскай Акадэміі Навук, сябра ТБМ, якая і чытала тэкст “Родная мова” (паводле У. Караткевіча). На дыктоўцы прысутнічалі журналісты Эўрапэйскага Радыё для Беларусі, Беларускай службы Польскага Радыё і БЕЛСАТу.


Усе ўдзельнікі перад напісаньнем дыктоўкі атрымалі ў падарунак ад Беларускай Нацыянальнай Памяці фірмовыя асадкі. Напрыканцы імпрэзы ўсе ахвотныя маглі атрымаць прыз ад БЕЛСАТу –
CD-дыск з фільмам “Тутэйшыя” і фірмовыя стужкі БЕЛСАТу.

Яшчэ раз хацелі б падзякаваць усім, хто прыняў чынны ўдзел у акцыі. Асобную падзяку выказваем прафэсарцы Варшаўскага Універсытэту Ніне Баршчэўскай і былому амбасадару Рэспублікі Польшчы ў Беларусі спадару Марыюшу Машкевічу. Да напісаньня дыктоўкі далучылася таксама журналістка БЕЛСАТу Юлія Цяльпук.

З прыемнасьцю называем імёны пераможцаў:


Ніна Баршчэўская

Зьміцер Карацееў (праца была напісаная лацінкай)

Іна Рэўт

Натальля

Працы гэтых асобаў у бліжэйшы час будуць перасланыя Таварыству Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны ў Менск для далейшага ўдзелу ў конкурсе.

Віншуем пераможцаў і ўсіх удзельнікаў сьвяточнага мерапрыемства!

P.S. Яшчэ пра акцыю тут і тут.

February 16, 2009

БНП ушаноўвае памяць Я. Найдзюка і Г. Канапацкага

На 14 лютага прыпадаюць 25-я ўгодкі з дня сьмерці Язэпа Найдзюка, аўтара славутага гістарычнага нарыса "Беларусь учора і сяньня", які памёр на выгнаньні ў горадзе Інаўроцлаў (Польшча) у 1984 годзе.

Язэп Найдзюк усё сваё жыцьцё прысьвяціў Беларусі. Прайшоў шлях ад друкара да дырэктара Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, быў сябрам БХД, у 1929—1939 гадах - рэдактарам часопіса "Шлях моладзі".


За сваю дзейнасьць быў арыштаваны польскімі уладамі, сядзеў у сумна вядомым канцлягеры Бяроза-Картузкая. У часе ІІ сусьветнай вайны працаваў у Менску ў школьным інспектараце, дзейнічаў у шэрагах Беларускай народнай самапомачы. Перавыдаў другі раз сваю кніжку "Беларусь учора і сяньня", якая ўжо паўсюдна выкарыстоўвалася як падручнік гісторыі. Ведаючы, што такое савецкая ўлада, быў вымушаны выехаць на захад і, хаваючыся ад перасьледу, зьмяніў прозьвішча на Александровіч.

Сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка, наведаўшы яго магілу ў Інаўроцлаве. Былі запаленыя зьнічы памяці і прасьпяваны гімн "Магутны Божа". Наведалі таксама друкарню, якую стварыў і якой доўгія гады кіраваў наш зямляк. Яго там памятаюць і шануюць. На галоўным уваходзе зьмешчана вялікая шыльда па-беларуску і па-польску. Жывучы ў Польшчы, Язэп Найдзюк шмат зрабіў як для беларускай справы, так і для Польшчы. За сваю працу ў краязнаўстве і друкарстве стаў ганаровым грамадзянінам Інаўроцлава.




Грамадоўцы БНП заехалі таксама на магілу Гасана Канапацкага, які знайшоў свой спачын у Быдгашчы. Запалілі зьнічы каля магілы і каля памятнай шыльды на доме, дзе жыў беларускі ваяр.

Гасан Канапацкі нарадзіўся 25 лютага 1879 г. у Менску ў шляхецкай мусульманскай сям’і. Прымаў удзел у руска-японскай вайне, у першай сусьветнай вайне. Пасьля атручэньня баявымі газамі быў пераведзены ў тылавы эвакуацыйны пункт у Менску, дзе ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух.

Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі і быў назначаны камандзірам беларускага войска. Мела яно арганізавацца ў Слоніме і Баранавічах. Пасьля адступленьня палякаў улетку 1920 году. Беларуская вайсковая камісія пераехала ў Лодзь, а ў 1921 годзе беларускія падраздзяленьні былі распушчаныя.

Палкоўнік Канапацкі ў міжваенны пэрыяд жыў у Вільні і працягваў дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху. У 1928-1929 гадах загадваў рэдакцыяй часопіса „Беларускі радны”.

У час нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з газэтай „Беларускі голас”, якая выдавалася ў Вільні і быў старшынёю бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, у якой вучыўся ягоны сын Мацей, пазьнейшы журналіст „Нівы” і рэдактар беларускіх перадач на Беластоцкім радыё (1957-1964). У 1946 годзе пераехаў з сям’ёй у Быдгашч, дзе памёр 11 траўня 1953 году.



February 10, 2009

Ушаноўваем Станіслава Булак-Балаховіча

Сёньня ў Варшаве Беларуская Нацыянальная Памяць ушанавала генэрала Станіслава Булак-Балаховіча ў 126-я ўгодкі з дня яго нараджэньня. Грамада БНП па традыцыі наведала памятныя месцы, зьвязаныя зь імем гэтага славутага чалавека: памятную шыльду на вул. Парыскай недалёка ад месца гібелі генэрала, сымбалічную магілу на Паванзкоўскіх могілках і мэмарыял "Барыкада", дзе ў 1939 г. балахоўцы трымалі абарону Варшавы ад немцаў. Былі запаленыя зьнічы, прачытаная малітва. Памяць пра Станіслава Булак-Балаховіча, які нарадзіўся ў беларускай сям'і, пісаў вершы па-беларуску, будзе жыць.