May 18, 2007

Беларусы ў Інаўроцлаве. Успамін Язэпа Найдзюка

У гісторыі Беларусі яшчэ вельмі шмат “белых плямаў”, неапісаных падзеяў, несправядліва забытых постацяў, якія яшчэ патрабуюць руплівых дасьледваньняў. Адным з такіх ёсьць Язэп Найдзюк (Александровіч) - чалавек са складаным лёсам, але з вельмі цікавай біяграфіяй.

17 траўня варшаўская грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала Інаўроцлаў, у якім пасьля вайны пасяліўся і знайшоў супакой выбітны беларускі грамадзкі і культурны дзеяч Язэп Найдзюк.

Гістарычныя крыніцы падаюць розныя даты нараджэньня Я.Найдзюка. Найбольш верагоднымі ёсьць альбо 12, альбо 15 траўня 1909 году. Месца нараджэньня – ваколіцы Ваўкавыску. У 1920-40-я гады жыў і плённа працаваў у Вільні і Менску. Выдаваў часопіс “Шлях моладзі”. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім жыцьці, належаў да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

Сапраўдным прафэсіяналам Язэп Найдзюк стаў у выдавецкай справе. Адно тое, што кіраваў працай віленскай Друкарні ймя Ф.Скарыны, дзе выдаваліся амаль усе беларускія кнігі, ставіць яго ў шэраг выбітных дзеячоў нацыянальнай гісторыі. Але адзначыўся ён ня толькі ў кнігадрукаваньні. Зьяўляючыся вялікім аматарам гісторыі, Язэп Найдзюк напісаў і выдаў нарыс гісторыі Бацькаўшчыны “Беларусь учора й сёньня”. Любоў да гісторыі не згубіў і ў другім перыядзе свайго жыцьця, калі воляй лёсу, ратуючы сваё жыцьцё, стаў Язэпам Александровічам.

Дом у Інаўроцлаве, дзе ў 1945-84 гг. жыў Язэп Найдзюк

Хаваючыся ад чэкісцкага тэрору ў Інаўроцлаве, Я.Найдзюк шмат зрабіў на карысьць гэтага гораду. Працаваў як дырэктар друкарні, якую сам жа і стварыў. Адзначыўся таксама на ніве культуры і мясцовага краязнаўства. Аднак не забываў ён і пра Беларусь, дзе былі яго жонка і дзеці. Пісаў артыкулы ў беларускую эміграцыйную прэсу, падтрымліваючы сувязь з беларускім рухам праз свайго брата Чэслава, які жыў у Амэрыцы.

Грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала месцы, зьвязаныя з Язэпам Найдзюком, мела некалькі сустрэчаў з людзьмі, якія добра ведалі і сябравалі з Язэпам Александровічам, але толькі ня многія ведалі яго сапраўднае прозьвішча. Усе палякі, з якімі размаўлялі, казалі, што ня знойдзецца ў Інаўроцлаве ніводнага чалавека, хто сказаў бы дрэннае слова пра Язэпа Найдзюка. Некалькі год таму ўдзячныя жыхары Інаўроцлава адчынілі мэмарыяльную шыльду на польскай і беларускай мовах у гонар нашага суайчыньніка.

магіла Язэпа Найдзюка (Александровіча) у Інаўроцлаве

Гэты беларус, які ня маючы магчымасьці служыць свайму народу, узбагаціў сваёй працай тое месца, што стала для яго прытулкам. Памяць і павага да Язэпа Найдзюка жыве сярод палякаў, адродзіца яна і сярод яго землякоў. І ў гэтым няма сумневу.



Мэмарыяльная шыльда Язэпу Найдзюку (Александровічу) на сьцяне друкарні, якую ён стварыў і якой кіраваў

No comments: