September 3, 2008

Адам Станкевіч з небыцьця

Крыніца: Польскае радыё Віленскае выдавецтва “Інстытут беларусістыкі” рыхтуе для чытачоў поўны збор твораў Адама Станкевіча, беларускага каталіцкага сьвятара, рэлігійна-культурнага й палітычнага дзеяча XX стагодзьдзя, гісторыка й літаратуразнаўцы. Што ўвойдзе ў гэтае адмысловае выданьне даведаўся карэспандэнт Польскага Радыё Янка Хамовіч. Постаць Адама Станкевіча была незаслужана забытая - палічылі гісторык Алесь Пашкевіч ды выдавец Валер Булгакаў і вырашылі ставарыць вельмі адмысловую кніжку, у якой будуць сабраныя ўсе літаратурныя здабыткі нашага славутага земляка. Валер Булгакаў: Гэта больш за трыццаць публікацый. Некаторыя зь іх мелі ў арыгінале 300-400 старонак. Кніжка гэта вельмі багата аздоблена, зьмешчаны ўнікальны ілюстрацыйны шэраг. Некаторыя ілюстрацыі друкуюцца ў колеры. Кніжка зь вялікім навуковым апаратам. Адных камэнтароў у кнізе зьмешчана каля 150 старонак. Зазвычай гэта сьведчыць пра сур’езнасьць публікацыі. Камэнтары не маленькія, вялікі паказьнік ды вялікая прадмова. Мы хочам зрабіць вельмі добрую паліграфію, дзякуючы гэтаму друк трошкі зацягваецца. Я думаю, што ў сярэдзіне верасьня яна ўжо выйдзе ды й будзе прэзэнтоўвацца на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Першыя творы Адам Станкевіч надрукаваў на пачатку 20-ых гадоў XX стагодзьдзя. Яго літаратурная й навуковая спадчына шматгранная. Пісаў ён на тэмы па гісторыі Беларусі ды нацыянальнай культуры, пра беларускі нацыянальна-вызваленчы й хрысьціянскі рух, літаратуразнаўства, тэалёгію, касьцёльнае красамоўства, літоўска-беларускія моўныя ўзаемасувязі. Валер Булгакаў: Напрыклад, у 1925 годзе выйшла яго першая кніга “Францішак Скарына – першадрукар Беларусі”, а апошнія тэксты былі апублікаваныя, ці хутчэй напісаныя, незадоўга да апошняга арышту, які адбыўся ў 49-ым годзе, незадоўга да яго заўчаснай сьмерці – гэта праект рэформы каталіцкага касьцёлу на Беларусі. Гэта таксама яго кнігі, якія выходзілі ў Вільні падчас гэтак званай нямецка-фашысцкай акупацыі. Напрыклад, у 43 годзе ў Вільні выйшла яго кніжка “Вучыся й маліся” і ў гэтым часе выйшла богаслужбовая кніжка “Драбнейшыя выняткі з рэтуалу”. Усё разам гэта склала аснову публікацыі. Пра патрэбу гэтай публікацыі гаварыць нават і ня хочацца. Пра гэта сьведчаць той красамоўны факт, што пачынаючы з 91 году ў Беларусі было перавыдадзена толькі дзве ягоныя кнігі – адносна маленькія. Выданьне гэта адпавядае акадэмічным стандартам. Яно ня будзе ўспрымацца вельмі крытычна нават з боку акадэмічных супрацоўнікаў. Адам Станкевіч быў сярод першых ксяндзоў, якія пачалі беларусізацыю Касцёла – прамаўлялі казаньні ды праводзілі службы па-беларуску. У 1917 годзе ксёндз Станкевіч - адзін з заснавальнікаў Хрысьціянска-Дэмакратычнай злучнасьці, пазней пераўтворанай у партыю Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя. Валер Булгакаў: “Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя” – гэта адна з вядучых палітычных сілаў, якая маніфэставала палітычныя ды й культурныя правы беларусаў у міжваеннай Польшчы. Апрача таго, Адам Станкевіч быў сьвятаром, ён належыць да піянэраў беларускага нацыянальнага сьвядомага сьвятарства. Першую імшу на беларускай мове ён адправіў яшчэ ў далёкім 1915 годзе ў мястэчку Крэва, зараз гэта Гарадзенская вобласьць. Гэта быў вядомы палітык – з 1922 па 1928 год ён быў дэпутатам Польскага сойму й больш за тое, ён быў фактычна нефармальным лідэрам Беларускага пасольскага клюбу ў Варшаве. Гэта чалавек унівэрсальнага таленту, які, на жаль, быў незаслужана забыты і, больш за тое, ягоныя канец быў вельмі трагічным. Ён быў арыштаваны й асуджаны сталінскім судом. Неўзабаве пасьля арышту, у тым жа самым 1949 годзе, ён памёр у адным з лягероў. І савецкая ўлада вельмі зьдзекліва напісала ў дыягназе, што памёр ад атлусьценьня сэрца. Гэта чалавек, які ад пачатку да канца сьцвярджаў сваю беларускасьць. І ніякіх сэнтымэнтаў у яго ідэйнай пазыцыі не прасочвалася. Судзіць за каталіцтва й патрыятызм было няёмка нават бальшавікам, яны прыдумалі зьдзеклівае абвінавачваньне: поруч з «антысавецкай прапагандай» Станкевічу інкрымінаваўся шпіянаж на карысць Японіі. Распавядае цікавыя зьвесткі з жыцьця беларускага сьвятара гісторык Алесь Пашкевіч. Працуючы над ставарэньнем гэтага збору, спадар Пашкевіч сутыкаўся і зь іншымі вельмі цікавымі й дагэтуль невядомымі фактамі й дакумэнтамі. Алесь Пашкевіч: У свой час мне пашчасьціла працаваць ў цэнтральным вайсковым архіве Польскім з матэрыяламі другога адзьдзелу Польскага генэральнага штабу. І вось там былі найбольш цікавыя матэрыялы, якія мяне ўразілі – рапарты канфэдэнтаў другога адзьдзелу, якія пісаліся нават вядомымі беларускімі дзеячамі. Гэта дазволіла крышку па-іншаму глянуць на разьвіцьцё беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы. Гэта не абавязкова такая крыніца, якой можна верыць, аднак у прынцыпе гэта дало штуршок да новых пошукаў. Гэта першыя такія знаходкі, дагэтуль невядомыя ў беларускай гісторыяграфіі. Яшчэ адзін цікавы факт. Ад ваенных часоў захаваўся чарнавы рукапіс «Расказы з гісторыі Беларусі для школ» Адама Станкевіча, пачаты, верагодна, у 1940 годзе. Захаваліся 111 аркушаў, напісаных ад рукі, часткова надрукаваных на машынцы, месцамі ёсць падклейкі карэктурных лістоў, узятых з ранейшых публікацыяў. Канцэпцыя гэтай працы – нацыянальна- беларуская. Да кожнага разьдзелу прыкладзены пытаньні для вучняў, напрыклад, такія: “Хто такія ліцьвіны?” Яны таксама сьведчаць пра імкненьне Адама Станкевіча распавесьці вучням пра самабытнасьць беларусаў. Якраз аднавіць «Расказы з гісторыі Беларусі для школ» для Алеся Пашкевіча было самым складаным. Алесь Пашкевіч: Калі мы вызначыліся, што будем друкаваць, цяжкасьць заключалася ў тым, каб сабраць увесь матэрыял. Некаторыя выданьні дастаткова вядомыя, і зь імі цяжкасьцяў не было – яны ёсьць у многіх беларускіх бібліятэках, іншыя мы шукалі ў беларускіх бібліяфілаў. Адзіная толькі праблема была, дзе знайсьці адну з прац “Расказы з гісторыі Беларусі для школ”, якая выкарыстоўвалася падчас нямецкай акупацыі ў якасьці падручніка для беларусіх школ. Справа ў тым, што яна друкавалася ў пэрыядычных выданьнях. Праблемы былі ў тым, што гэтыя варыянты адрозьніваліся. Прачытаўшы гэтую кнігу, можна ў поўнай ступені зразумець і ўьсвядоміць, як увогуле фармавалася беларуская гістарычная канцэпцыя. Таму яна будзе цікавая кожнаму - лічыць Алесь Пашкевіч. Алесь Пашкевіч: Карысная гэтая кніга для розных катэгорыяў грамадзтва й для тых, хто проста цікавіцца беларускай гісторыяй, гісторыяй канкрэтна беларускага хрысьціянскага руху, хто цікавіцца развіцьцём беларускай ідэалёгіі 20 стагодзьдзя. У гэтай кнізе, калі яе браць у комплексе, паказана, як фармавалася беларуская гістарычная канцэпцыя. Вернікам таксама гэтая кніжка буде вельмі цікавая, таму што ў ксяндза Адама былі некаторыя працы, прысьвечаныя выключна рэлігійным момантам. Самая вядомая праца, пра якую яго калега ксендз Шутовіч казаў, што яна замяняе беларусам біблію, гэта «Божае Слова: Лекцыі, эвангеліі і прамовы на нядзелі і сьвяты». На кожнае рэлігійная сьвята ёсць яго прамова па нейкіх рэлігійных сюжэтах. Гэты матэрыял заўсёды захоўвае актуальнасьць. Шукаць у кнігарнях гэтае выданьне можна на пачатку восені. Як заўважылі яго стваральнікі, тэрміны трошачкі затрымліваюцца, таму што іх задача - добры матэрыял выдаць з найлепшай якасьцю.

No comments: