August 27, 2008

Архіўныя здымкі са Скарынінскай бібліятэкі ў Лёндане

Беларускія сьвятары: а. П.Татарыновіч (другі злева), біскуп Ч.Сіповіч (пасярэдзіне), а. У.Салавей (зправа)

Беларусы ў табары ДП у Віндзішбергэрдорфе. 29.2.1948 г.

а. Адам Станкевіч

Пахаваньне прафесара Вацлава Іваноўскага
Труну нясуць (злева направа) Ф.Кушаль, Я.Найдзюк, М.Ганько, Я.Булгак

княгіня Магдалена Радзівіл (злева)

Саюз беларускай моладзі ў Нясвіжы. 1944 год

Лявон Рыдлеўскі

August 25, 2008

25 жніўня - Дзень Адраджэньня

25 жніўня – Дзень Адраджэньня. Беларуская Нацыянальная Памяць віншуе ўсіх землякоў з гэтым вялікім сьвятам.

Сёньня ўзгадваюцца словы, сказаныя Зянонам Пазьняком на сустрэчы са студэнтамі праграмы імя К.Каліноўскага ўлетку 2006 году. Беларусы заўсёды знаходзілі выйсьце ў самым складаным становішчы. Так было ў бітве пад Воршай, так было 17 гадоў таму, калі апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце парушыла, здаецца, непарушнае. Парляманцкая апазыцыя прымусіла большасьць надаць Дэкларацыі аб сувэрэнітэце статус канстуцыйнага закону.

Гэты дзень мы па праву называем Днём Адраджэньня. Гэта дзень, калі нашая Нацыя адчыніла новую старонку гісторыі. Мы, беларусы, пачалі пісаць яе самі. Мы сталі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Нацыянальны сьцяг на Сьвятой гары

Можна доўга разважаць пра тое, што было зроблена, а што не. Аналіз патрэбны, але найважнейшае гэта рэальныя справы, якія будуюць Беларусь. Мы змагаемся не супраць, мы змагаемся ЗА. Той лёзунг, які зараз выкарыстоўвае беларуская ўлада (“За Беларусь!”) – гэта лёзунг, які ў сярэдзіне 90-х гадоў быў уведзены ў жыцьцё беларускімі нацыяналістамі.

Беларусы перамаглі пад Воршай, перамаглі 17 год таму, бо ў іх быў стрыжань. Яны будавалі і адраджалі Беларусь. Верым, што будзе ў нашага Адраджэньня новы штуршок, які прывядзе наш народ да сапраўднай незалежнасьці.

August 17, 2008

Успамін Прэзыдэнта БНР

16 жніўня сябры Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня з Бэльгіі і Францыі, а таксама прадстаўнікі нашай супольнасьці “Беларуская Нацыянальная Памяць” наведалі ў Парыжы месца пахаваньня Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка.


На гэты дзень прыпыдаюць 105-я ўгодкі з дня яго нараджэньня. Мікалай Сямёнавіч Абрамчык нарадзіўся ў вёсцы Сычавічы на Маладзечаншчыне. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію, працягваў адукацыю ў Празе. Пазьней жыў у Францыі, дзе стварыў “Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі”. У 1939-44 гг. быў рэдактарам газэты “Раніца”, якая выходзіла ў Бэрліне. Старшыня Рады БНР у 1943 і 1947 – 1970 гг.

У часе нядаўняй экспедыцыі БНП было дакладна ўсталявана месца пахаваньня М.Абрамчыка. Гэтая нашыя акцыя паглыбіла кантакты з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы атрымалі ліст падзякі ад імя Рады БНР, які даслаў намеснік старшыні сп.Сяргей Навумчык. Як стала вядома, Рада БНР плануе ўсталяваць помнік на магіле Міколы Абрамчыка.

У часе гэтай акцыі, арганізаванай сумеcна беларускай дыяспарай Бэльгіі і Францыі (арганізацыя "БЭЗ") і БНП, выступалі іх прадстаўнікі, якія заклікалі пашыраць і папулярызаваць дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды яе колішняга Прэзыдэнта. Узгадвалі таксама Ніну Абрамчык, якая пахаваная разам са сваім мужам. Ніна Абрамчык, у дзявоцтве Ляўковіч, нарадзілася 20 сакавіка 1916 на Пружаншчыне. Закончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, была сябрам Беларускага студэнцкага саюза. На пачатку 40-х гадоў пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, жыла ў Берліне, працавала ў «Раніцы». У 1942-1943 гг. апрацавала і выдала «Гісторыю Беларусі ў картах» і некалькі зборнікаў вершаў і песняў.

Сьвятар з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпане айцец Ян Майсейчык адслужыў паніхіду. Прысутныя ўсклалі кветкі ў нацыянальных колерах. Акцыя скончылася спевам беларускага гімну “Магутны Божа”.