16 жніўня сябры Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня з Бэльгіі і Францыі, а таксама прадстаўнікі нашай супольнасьці “Беларуская Нацыянальная Памяць” наведалі ў Парыжы месца пахаваньня Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка.
На гэты дзень прыпыдаюць 105-я ўгодкі з дня яго нараджэньня. Мікалай Сямёнавіч Абрамчык нарадзіўся ў вёсцы Сычавічы на Маладзечаншчыне. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію, працягваў адукацыю ў Празе. Пазьней жыў у Францыі, дзе стварыў “Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі”. У 1939-44 гг. быў рэдактарам газэты “Раніца”, якая выходзіла ў Бэрліне. Старшыня Рады БНР у 1943 і 1947 – 1970 гг.
У часе нядаўняй экспедыцыі БНП было дакладна ўсталявана месца пахаваньня М.Абрамчыка. Гэтая нашыя акцыя паглыбіла кантакты з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы атрымалі ліст падзякі ад імя Рады БНР, які даслаў намеснік старшыні сп.Сяргей Навумчык. Як стала вядома, Рада БНР плануе ўсталяваць помнік на магіле Міколы Абрамчыка.
У часе гэтай акцыі, арганізаванай сумеcна беларускай дыяспарай Бэльгіі і Францыі (арганізацыя "БЭЗ") і БНП, выступалі іх прадстаўнікі, якія заклікалі пашыраць і папулярызаваць дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды яе колішняга Прэзыдэнта. Узгадвалі таксама Ніну Абрамчык, якая пахаваная разам са сваім мужам. Ніна Абрамчык, у дзявоцтве Ляўковіч, нарадзілася 20 сакавіка 1916 на Пружаншчыне. Закончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, была сябрам Беларускага студэнцкага саюза. На пачатку 40-х гадоў пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, жыла ў Берліне, працавала ў «Раніцы». У 1942-1943 гг. апрацавала і выдала «Гісторыю Беларусі ў картах» і некалькі зборнікаў вершаў і песняў.
Сьвятар з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпане айцец Ян Майсейчык адслужыў паніхіду. Прысутныя ўсклалі кветкі ў нацыянальных колерах. Акцыя скончылася спевам беларускага гімну “Магутны Божа”.
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
1 comment:
Post a Comment