April 17, 2008

Партызанская вёска

Тумаш Падгорны
Крыніца: westki.info


Фота 19.03.2008. вёска Лугі, на Пастаўшчыне. Пасека ўжо нікому непатрэбная


У вёсцы Лугі, што на Пастаўшчыне, некалі было 36 двароў і жыло блізу (ці болей) 150 чалавек. Калі раніцой зьбіраліся на працу, то, зразумела, у адзін аўтобус усе не зьмяшчаліся. Цяпер тут жыве ўсяго пяць чалавек. Маркотная карціна! Відовішча – як у амэрыканскіх фільмах, якія паказваюць катастрафічныя наступствы тарнада. Бадай цяжка знайсьці тут цалюткую хату, хіба толькі тую, дзе яшчэ цепліцца жыцьцё. Дамы стаяць без дахаў – адны кроквы тырчаць. Павыманыя вокны, зьдзёртая шалёўка. Уся пустуючая вёска пайшла на разрабаваньне – на будматэрыялы. Прыязджай – бяры! Старыя, у два-тры абдымы, дрэвы, якія некалі паваліла бура, нават на дровы – ніхто не пілуе. Так і ляжаць. На дзялках, дзе колісь расьлі буракі і бульба – у вышыню чалавечага росту зарасьнікі дзядоўніку. Гэта наш беларускі кактус.

Аднак у вёску Лугі аўтар гэтых радкоў завітаў не дзеля таго, каб занатаваць жахлівую, і
ў той жа час, маляўнічую карціну Апакаліпсісу. Лугі – партызанская вёска! Не гартайце
кнігі “Памяць”. Там пра гэта не напісана. Так! Цяпер бы іх назвалі б баявікамі!


вёска Лугі, на Пастаўшчыне. Вясковая вуліца. Бачны старасьвецкі брук, які яшчэ не разабралі на ўстройства падмуркаў для новых пабудоў

Нагоду завітаць у гэтыя мясьціны нам даў адзін, ужо дужа паважанага веку, глыбачанін.
Па яго словах, недзе ў пачатку 1960-ых гг., ён асабіста, з брыгадай, быў накіраваны ў
лясны масіў, што паміж Пятровічамі і Сяргеевічамі, нарыхтоўваць для прадпрыемства
лесаматэрыял. Ляснік паказаў там напаўспарахнелыя бліндажы і зямлянкі колішняй
партызанскай базы. І сказаў, што тут рускіх салдат партызаны паклалі шмат. Аднойчы
здабычай партызанаў стаўся, нават, супрацоўнік мясцовага адзьдзяленьня НКУС.
Чэкіста ўзялі ў палон. Распранулі, прывязалі да дрэва… За ноч яго “зьелі” камары. А
простых людзей партызаны не чапалі.

У Пятровічах і Сяргеевічах мы мала чаго знайшлі… Банальная прычына: хто штосьці ведаў – ужо памёр, у пенсіянерах цяпер тыя, хто ў 1945-50-ыя гг. быў у 10-гадовым
узросьце. Аднак, прозьвішчаў дзесятак партызанаў нам назвалі. Сярод якіх былі, нават
жанчыны. Дакладней, у партызаны пайшоў муж з жонкай. Між тым паўсюдна раілі: “Ды
вы паедзьце ў Лугі. Там, амаль уся вёска, пайшла ў лес!”


вёска Сяргеевічы, на Пастаўшчыне. Вясковая вуліца, якая захавала сваю архаічнасьць

У Лугах, перад домам, на лаўцы, сядзеў паважанага ўзросту мужчына. Як сталася –
пільнаваў курэй, якія пасьвіліся на панадворку каля хлеву. Чаму пільнаваў? Гэта ж ня
Менск! Лугі! У небе шмат каршуноў…

Ён назваўся Юзікам.

– Савецкая ўласьць ня скора да нас прыйшла,– кажа Юзік.

– А ці шмат вашых аднавяскоўцаў пайшло ў лес, у партызаны?– пытаем.

– Мала хто ў Лугах астаўся. Большасьць была там, у лесе…

– У партызанаў усюды былі свае людзі. Пайшоў нехта ў Дунілавічы, напрыклад, да
зубнога лекара – партызаны ўжо ведаюць. Уночы прыходзяць: “Дзе і чаго быў? З кім
сустракаўся? Каго бачыў?”

– Напэўна, можна назваць хоць прыблізную колькасць партызанаў, якіх бы
сёньня назвалі б баявікамі?

– Чалавек пяцьдзесят. Ня меней…

– Хто быў камандзірам атрада? Жыхар? Каралёнак?

– Ня Жыхар і не Каралёнак. Наш, тутэйшы – Кабылінскі. Яго называлі “генералам”. Я ж
яму потым, праз шмат гадоў, казаў: “Які ты “генерал”? Ты – просты рабочы!

– Якія акалічнасьці спрычыніліся да таго, што людзі пайшлі ў лес, у партызаны, і сталі змагацца з савецкай уладай?

– Я адкажу вам, як адказаў некалі аднаму рускаму на астаноўцы ў Празароках. Ён
пытаецца ў мяне: “Не магу поняць: почэму эта ў Западнай Беларусіі есьць такая уліца
17 Сенцябра? Вот был в Глубокам, Шаркавшчызне, Паставах… Везьдзе – уліца 17
Сенцябра! Што эта за дата?” Дык я яму аб’ясьніў: “17 сенцябра нас асвабадзілі – ад
коняў, ад зямлі … ад усяго! Вось, што гэта для нас за дата!” І ён мяне поняў…
Немцы Лугі спалілі, а саветы, потым – пастралялі.

– Ці далёка ад Вашай вёскі была партызанская база? – пытаем у дзеда (ён жа
нас назваў унукамі).

– Узыйдзем, зараз, на пагурак, пакажу… Вось тут, унізе, – балота, якое раней лічылася
непраходным. Яно цяпер асушанае меліарацыяй. Далей, кіламетры праз два, – лес. І
рэчка там працякае. Далей – бачыце: лес узвышаецца? Тое месца завуць – Востраў.
Сухое месца сярод непраходных балотаў. Там і была база.

– Распавядзіце як была зьліквідаваная саветамі партызанская база.

– Іх маглі б ўзяць соннымі, – працягвае Юзік,– але не атрымалася… А было гэта так. На
досьвітку, з боку Гараватак, ішоў ланцуг пастаўскіх міліцыянтаў. Ад нас, ад Лугоў – дунілавіцкія міліцыянты. З трэцяга боку мусілі ісьці мядзельскія міліцыянты.
Плянавалася стацца так, каб кальцо вакол Вострава замкнулася. Аднак, чамусьці,
мядзельскія міліцыянты спазьніліся. Не пасьпелі ў дамоўлены час пачаць агульную з
пастаўскай і дунілавіцкай міліцыяй апэрацыю.

– А можа мядзельскія міліцыянты самі сабе сказалі: “Іхнія бандыты – няхай
самі зь імі і разьбіраюцца. Нам навошта пад кулі лезьці?”– пажартаваў аўтар
гэтых радкоў.

– Хто яго ведае… Але атрымалася так, што часавы ў лягеры ўбачыў міліцыянтаў і
стрэліў… Пачаўся адыход партызанаў з лягера. Адыходзіць можна было толькі ў тым
накірунку, які не быў замкнёны мядзельскай міліцыяй. Камандзір партызанаў Кабылінскі
быў прыціснуты да возера. Хавацца не было куды… Ён залёг у дрыгве, абклаўся з
галавой чаротам і асакой. Яго не знайшлі. Ён мне потым сам распавядаў: “Ляжу
замаскаваны і чую, як недалёка адзін міліцыянт кажа: “Наверное, утонул бандит?”

– Хтосьці з партызанаў выратаваўся? Шмат узялі ў палон?

– Восем чалавек узялі… Астатнія зышлі… Толькі таму, што мядзельскія міліцыянты не
пасьпелі своечасова замкнуць кола вакол Вострава. Быў я потым там, на тым Востраве.
Хадзіў паглядзець. Бачыў зямлянкі, шалашы… З нашай жа вёскі жонкі некаторых
партызанаў, уночы, хадзілі на Востраў да сваіх мужоў.

– Усё ж, цікава, які гэта быў год?

– Вайна ў нас ужо скончылася. Яшчэ год вайна была на Захадзе… Адбылося гэта
позьняй восеньню – добра памятаю.

– Значыць, гэта было за месяц-паўтара да новага 1946 года?

– Так атрымліваецца.

– Партызанскі лягер на Востраве больш не аднаўляўся?

– Не. Разышліся: хто па два, хто па тры… Дзейнічалі малымі групамі. Аж да 1950-ых
гадоў.

– Які лёс “генерала” Кабылінскага?

– Некаторым удалося перайсьці савецка-польскую мяжу, Кабылінскаму – не! Далі
дзесяць гадоў. Адправілі на Поўнач. Многіх, якія шмат не насьлядзілі, потым амніставалі.
Вярнуліся дадому.

Вяртаючыся ў Глыбокае, заехалі ў грыбное месца. Праўда, у паветры цяпер не дождж, а
сьнег. Сакавік. Грыбное яно ўлетку і ўвосень. Але нас цікавілі не баравікі, а самотная ў
бары лесьнічоўка, пабудаваная яшчэ палякамі. Вялікі 1-паверхавы драўляны будынак з
высокім мансардавым дахам – на гары, над возерам. Лесьнічоўка, а выглядае, як
мініятурны барочны палац! Культура ў палякаў была!


Старая лесьнічоўка на возеры Баравым, на Пастаўшчыне, яшчэ памятае апошняга беларускага партызана. Фота 19.03.2008

Згадалася, што тамтэйшы насельнік, колішні ляснік, а цяпер пэнсіянер, нам, грыбнікам,
колісь распавядаў пра нейкіх бандытаў. Трэба яшчэ раз спраўдзіць…

– Памятаецца, Вы колісь пра нейкіх бандытаў згадвалі.

– Былі! Пайшоў я, аднойчы, пасьля дажджу, за грыбамі. Сустрэў іх у лесе. Сядзелі ля
вогнішча. Трое. Адзін з аўтаматам, двое – з вінтоўкамі. Аднак мяне адпусьцілі.

– Які гэта быў год?

– Магу памыліцца: год туды-сюды. Здаецца – 1959-ты.
Да палёту Гагарына ў космас заставалася нейкіх тры гады! А на памежжы Глыбоцкага і
Пастаўскага раёнаў яшчэ савецкай улады не было. Ва ўсякім разе – у гэтым лясным
масіве. Дык хто ж, усё-такі, быў апошнім беларускім партызанам?

1 comment:

Anonymous said...

Отличная статья Спасибо огромное