October 12, 2007

Булгак у Вільні

Крыніца: "Наша Ніва"
Людвіка Кардзіс

26 верасьня ў Вільні адкрылася рэтраспэктыўная выстава фотамастака Яна Булгака «Ян Булгак‑фатаграфік». Арганізатары — Літоўскі мастацкі музэй, Варшаўскі нацыянальны музэй. Партнэры — Польскі інстытут, Віленская мастацкая акадэмія.

На адкрыцьцё выставы прыехаў унук фатографа Багдан Булгак і ўнук Рушчыца — таксама Фэрдынанд Рушчыц, дырэктар Варшаўскага нацыянальнага музэю.

Першы раз у Літве зьявілася магчымасьць агледзець такую значную калекцыю. На выставе 446 працаў. Выстава склалася з калекцыі польскіх і літоўскіх музэяў з Варшавы, Лодзі, Кракава, Уроцлава, Літоўскага мастацкага музэю, Віленскай мастацкай акадэміі, сямейных архіваў Булгакаў і Рушчыцаў. Беларускіх партнэраў няма.

Выстава багатая. Мяне вёў туды найбольшы інтарэс: можа, будзе невядомы дагэтуль партрэт Францішка Аляхновіча? Партрэт выглядзела на выставе Булгака ў Варшаве праўнучка драматурга Эмілія Аляхновіч. Партрэта на гэты раз не было на выставе. Але было мноства віленскіх здымкаў, Вільні, якой ужо няма. Той нашай беларускай Вільні. Углядаюся ў здымкі касьцёла Сьв. Міхала, хочацца знайсьці айца Адама Станкевіча. Няма. Але ёсьць нейкі няўлоўны дух яго. Ён усё адно тут. На выставе шмат Наваградчыны, рэшткі вежы (у параўнаньні з тым, што маем сёньня — проста замак) у Крэве, Багданава, дом Рушчыцаў, інтэр’ер іхнага дому. І нейкі адчай скоўвае мяне — сёньня гэтага нічога няма. Няма таго духу, тых людзей, дамоў. І ці адновіцца гэта калі‑небудзь. Параўноўваю рэшткі замку ў Троках і ягоны сёньняшні выгляд. Усплываюць Крэўскі, Наваградзкі, Гальшанскі замкі… Аформлена выстава густоўна. Але зноў мой сум: надпісы пад кожнай працай на дзьвюх мовах — літоўскай і польскай. Нас, беларусаў, няма. А не патрэбныя мы. Як бы і ня нашыя краявіды складаюць большасьць выставы.

Сапраўднай сэнсацыяй для мяне была калекцыя фатаздымкаў Абдона Карзона. Здымкі прывезеныя з Парыжу. У калекцыі польскай бібліятэкі. Стэрэаскапічныя здымкі. А.Карзон меў у Вільні на вуліцы Вялікай недзе каля 1859 г. фотаатэлье шырокага профілю. Ён раней за іншых фатографаў зрабіў абшырныя здымкі Вільні, у 1860 г. аўтар зафіксаваў будоўлю чыгуначнага тунэлю ў Панарах. А здымак 1863 г. прымусіў мяне доўга ўглядацца ў яго. Вуліца Вялікая, людзі, зафіксаваныя там, былі сьведкамі нашага паўстаньня, сьмерці Кастуся Каліноўскага…

Увечары за гарбатай мы разважаем, чаму не далучыліся да беларускага руху Ян Булгак, Фэрдынанд Рушчыц і іншыя прадстаўнікі тагачаснай тутэйшай інтэлігенцыі? Булгак свае фатаздымкі друкаваў у тагачаснай «Нашай Ніве». Чаму не падаўся ім прывабным вобраз той нашаніўскай Беларусі. Прыйшлі да высновы, што і мы сёньня не з усімі, як бы і блізкімі па ідэях, беларусамі можам дамовіцца і ня хочам мець супольных спраў зь імі. Хіба што, і ў той час кожны меў сваю праўду, свае прычыны.

А выставу наведаць варта.

Працаваць яна будзе да 11 лістапада.

Адрас: Вялікая (Didzioji), 4. Вільня. Кошт квітка — 5 Lt або 1.45 EUR.

No comments: