February 9, 2010

Лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага (фота)

7 лютага Беларуская Нацыянальная Памяць правяла лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага. Шлях пралягаў праз родныя мясьціны нашага нацыянальнага героя.

Мэтай і канечным пунктам прабегу стала вёска Мастаўляны, дзе 2 лютага 1838 году нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Тут ён правёў першыя гады жыцьця. Шлях пачынаўся ад Баброўнікаў і склаў 7 км. Паколькі надвор'е спрыяла: лёгкі марозік і сонца - усе ўдзельнікі прабегу атрымалі шмат задавальненьня. Па дарозе да маршу далучыліся нашыя сябры са Зьвязу Беларускай Моладзі Ганна і Міхал.

У Мастаўлянах нас сустрэў добры знаёмы Уладзімір Канстанцінавіч Зарэцкі, які правёў да кутнага каменя сядзібы Каліноўскіх, па дарозе распавёўшы цікавосткі з жыцця сям'і Каліноўскіх у гэтых мясьцінах. Хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і ўсіх ваяроў, якія баранілі наш Край.

Развітаўшыся з Мастаўлянамі, рушылі ў бок Беластоку. Выехалі на трасу Баброўнікі-Беласток і разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, што выклікала станоўчыя эмоцыі ў кіроўцаў, якія стаялі на мяжы.

Так прайшоў першы лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага. Спадзяемся, ён стане традыцыйным, і запрашаем усіх жадаючых на наступны прабег у будучым годзе.

Будзем ведаць, памятаць і ганарыцца сваёй гісторыяй!

Выказваем падзяку ўсім, хто нам дапамагаў у арганізацыі прабегу і асабіста сп. Аўгену Вапу, сп. Алегу Латышонку, Зьвязу Беларускай Моладзі і Радыё Рацыя.

No comments: