November 4, 2008

Як праходзілі беларускія Дзяды ў Польшчы

Крыніца: Эўрарадыё
Наста Ільіна


Варшаўскія беларусы на Дзяды ўшанавалі магілы землякоў на тэрыторыі Польшчы. Арганізатарам мерапрыемства-рэквіему стала супольнасць “Беларуская Нацыянальная Памяць”, сябры якой займаюцца пошукамі месцаў пахавання беларусаў у Еўропе.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі месца гібелі ў 1940 годзе ад рук нацыстаў беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча, дзе запалілі знічы і памаліліся каля памятнай шыльды (месца пахавання генерала, які ў 1920-я змагаўся за незалежнасць Беларусі, не існуе).




Памятная шыльда, дзякуючы намаганням яго ўнука Мацея-Станіслава Булак-Балаховіча, некалькі гадоў таму была ўсталяваная на будынку праваслаўнай семінрарыі, якая знаходзіцца недалёка ад таго месца, дзе была апошняя канспіратыўная кватэра генерала. Былі ўшанаваныя магілы Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака, якія змагаліся ў шэрагах паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі.

Далей ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся на Брудноўскія могілкі, дзе пахаваная сяброўка Саюзу Беларускай Моладзі ў Любчы Алена Сэнюх. Пра яе лёс распавёў яе брат Чэслаў Сэнюх, славуты перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову.


Таксама група беларусаў наведала знакамітыя Павонзкі, дзе нядаўна “Беларуская Нацыянальна Пямяць” знайшла магілу нявесты Кастуся Каліноўскага Марыі Дмахоўскай (Ямант), наведалі магілу славутага фотамастака Яна Булгака і пісьменніка Тадэвуша Далэнга-Мастовіча, аўтара твораў пра Беларусь.


Завяршылася мерапрыемства на праваслаўных могілках Варшавы, што знаходзяцца ў мікрараёне Воля, дзе была ўшанаваная памяць праваслаўнага дзеяча а. Мітрафана Будзькі (прадзеда беларускага палітыка Паўла Севярынца) і знакамітага літаратурнага крытыка, грамадскага дзеяча, былога сябра СБМ Яна Жамойціна.

2 лістапада сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці адведалі магілы Антона Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне і генерала Язэпа Булак-Балаховіча ў Белавежы.

No comments: