April 20, 2013

У Празе вучаць пісаць артыкулы ў Беларускую Вікіпедыю


Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя

У сусветнай інтэрнэт-энцыклапедыі з'явіцца больш інфармацыі пра Беларусь. Сёння ў Празе праходзіць Дзень Беларускай Вікіпедыі. «Беларусы сустрэліся, каб пісаць артыкулы», - кажа старшыня Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоль Міхнавец. Існуе толькі адзіны крытэр тэм для напісання — яны павінны быць на беларускай мове.

-Тут дзейнічае алімпійскі прынцып – галоўнае не перамога, а ўдзел. Мэта нашай сустрэчы сёння – каб беларусы ведалі, што такое Вікіпедыя і пісалі туды па-беларуску. Мы дапамагаем, вучым, паказваем. З’явілася ўжо некалькі новых артыкулаў у Вікіпедыі. Дапаўняем тыя, якія былі раней, ставім здымкі. Вельмі цікавая, працоўная беларуская атмасфера.

Беларуская клубоўня ў Празе, месца, дзе праводзіцца Дзень Вікіпедыі, стала сапраўдным цэнтрам беларускага жыцця ў Чэхіі, сцвяржае Анатоль Міхнавец. «Побач з векіпідыстамі беларускія дзеці вывучаюць родную мову на занятках па беларускай мове». Удзельнікі мерапрыемства таксама змогуць атрымаць адказы на тэхнічныя пытанні па працы Вікіпедыі. Актыўныя аўтары атрымаюць узнагароды.