May 9, 2021

БНП у Telegram


 Сябры, падпісвайцеся на канал БНП у Telegram. Распаўсюджвайце ў Сеціве сярод знаёмых і ўсіх прыхільнікаў беларускай справы.

April 25, 2020

40 мужоў харобрых

25 красавіка спаўняецца 21 год легендарнаму шэсьцю ў Гародні, якое адчыніла новую старонку ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

Зьмяшчаем артыкул Тацяны Сьнітко, які выйшаў у "Нашай Ніве" (№9 (130) 17.05.1999) і распавядае пра гэтую акцыю.



Іх атрымалася недзе чалавек з сорак.

Хлопец, апрануты ва ўсё чорнае, зірнуў на вежу з гадзіньнікам. Стрэлкі ішлі да мэты з зайдроснай упартасьцю, ня рухаючыся на вачах, але не спыняючыся. Цяпер яны рыхтаваліся акрэсьліць на плоскасьці часу чвэрць цыфэрбляту, сысьціся ў простым куце. Але людзі ўжо не стаялі купкай, а выраўняліся ў карэ. Па цёмна-плямістых шыхтах у паўцемры скакалі вогненныя цені. Яны выхоплівалі таксама колеры трох палотнішчаў над галовамі. Колеры чырвані на белым тле.

Праз імгненьне звон сарваўся з вышыняў вежаў гарадзенскіх храмаў і накрыў сабой плошчу. Узрушэньне хваляй прайшло па тварах людзей з паходнямі. Званы бласлаўлялі крок.

- Бог нас чуе! - натхнёна выгукнуў адзін.

- Жыве Беларусь! - рэхам данеслася ў адказ.

"...Жыве вечна!" - зноў падумаў у гэты час Невядомы чалавек. Званы засьпелі яго непадалёк, на самым рагу плошчы. Абярнуўшыся, ён убачыў калёну - і ўсё зразумеў. ***

- Бойка ў Горадні? - перапытваюць мяне знаёмцы й незнаёмцы. Калегі, міліцыянты, апазыцыянэры. Большасьць зь іх кажа, што "чулі штось такое!..". Чуткі вакол гарадзенскага шэсьця растуць. Як трава ў красавіку. Як курс даляра.

- Гэта, напэўна, ня нашыя былі. Наш сьцяг маглі ўзяць расейскія фашысты... гэбісты... розныя правакатары.

А гэта кажа мой знаёмы міліцыянт. Знаёмы, між іншым, і сваім колішнім "паляваньнем" на менскіх вулічных акцыях. Потым амаль слова ў слова тое ж паўтарае знаёмы бээнэфавец, на якога некалі паляваў той міліцыянт. Потым, дэманструючы нумар "Навінаў" з шыхтом невядомых людзей, большасьць знаёмых даводзіць пра таемны візыт замежных экстрэмістаў. "Мо, то былі унсоўцы, мо, чачэнцы нават...". Добра, хоць сабе косаўскія альбанцы. Але... Чаму ўсё ж не беларусы?! Чаму мы самі ў сабе зьняверыліся з-за гэтай мазахісцкай "талерантнасьці"?!

Мы прывыклі, што "нашыя" - гэта значыць "вузкае кола гэтых рэвалюцыянэраў" і "страшна далёкія яны ад народу". І мы ўсіх іх ведаем у твар, акрамя хіба што паўмітычнага Мірона. Мы самі ня верым у магчымасьць посьпеху.

Урэшце адзін хлапец, якога ніяк не западозрыш у залішняй лаяльнасьці да рэжыму, урачыста абвяшчае: "І я там быў!" - і знаходзіць сябе на здымку ў "Навінах". У самым канцы шэрагу, дзе ні халеры не разгледзець. "Вы жадаеце падрабязнасьцяў? О, вы атрымаеце іх! Я там быў". Мёд-піва піў, шаноўны. На жаль, у Менску толькі. Сама бачыла.
У прынцыпе, някепска, што ўсім хочацца быць героямі. Але вось калі карціць здавацца імі - гэта гамон. Прыехалі.

І тут я ўспомніла пра Невядомага Чалавека. 25-га ён мусіў быць менавіта ў Горадні. Ён павінен быў абавязкова знайсьціся. Невядомы Чалавек (з вашага дазволу, буду працягваць называць яго гэтак) у героі ня рваўся, усяведа зь сябе ня ўдаваў. Такім ня трэба хлусіць.

Першыя ягоныя словы пры нашай сустрэчы:

- Што, і ты таксама "ішла ў апошнім шэрагу"?

Нават пакрыўдзіцца захацелася.

Вось што распавёў пра гарадзенскія падзеі іхны непасрэдны відавочца...

Яны прайшлі па Савецкай мэтраў сто, калі іх ужо чакалі. Дзьве машыны амону і адна - з "цывільнымі" міліцыянтамі. Амонаўцы былі ў бронекамізэльках і з аўтаматамі.

Пасьля таго як міліцыянты пабачылі шыхт моладзі ва ўніформах, у іх быў стрэс. Яны ня ведалі, што рабіць. Я чуў, як адзін пачаў крычаць нешта кшталту: "Я запрошу базу! Что нам делать? Я запрашу базу!..". У "цывільных" гэты шок прайшоў хутчэй. "Іх трэба спыняць!" - і яны паставілі ўпоперак шыхта міліцэйскі "ўазік".

Тады ў шыхце пачулася нейкая кароткая каманда. Калёна проста абышла машыну й рушыла далей - прыкладна ў той бок, дзе ў Горадні месьціцца чыгуначны вакзал.

Праз мэтраў пяцьдзясят міліцыянты пачалі рабіць на калёну дробныя напады ззаду. Так бы мовіць, са сьпіны, выбіваючы людзей з апошняга шэрагу. А на вуліцы пры гэтым было шмат народу. Некаторыя людзі спачатку пачалі абурацца, крычаць: "Гэтыя эрэн'ешнікі, фашысты, колькі можна, ужо й да нас дабраліся!" А потым пабачылі ў чале калёны тры вялікія бел-чырвона-белыя сьцягі ды прымоўклі. Зразумелі, што гэта не РНЕ, а нешта цалкам адваротнае. Вакол мяне пачуліся крыкі: "БНФ! БНФ! БНФ!" Сабраўся натоўп чалавек прыблізна ў дзьвесьце. Ды там, ля ўнівэрмагу на Савецкай, звычайна тусоўка моладзі...

Менавіта ля гэтага ўнівэрмагу і ўспыхнула бойка. Міліцыя атакавала ззаду. Атакі адбівалі. Частка хлопцаў зь першых шэрагаў падалася назад і дапамагала выхопліваць сваіх таварышаў, якіх пачалі хапаць амонаўцы. Рух наперад усё ж павольна працягваўся. Але тут падскочылі міліцыянты, якія ехалі напярэймы. Я налічыў, што там сабраліся два "ўазікі" і тры звычайныя патрульныя машыны. Падцягваліся яшчэ й міліцэйскія нарады з райаддзелаў. Калёна відавочна трапляла ў аблогу.

Тады я заўважыў: хлопцы, што йшлі наперадзе, становяцца ў больш шчыльны шыхт. І раптам пачулася: "Ру-бон! Ру-бон!"

Народ адразу сьціх. Такога ў Горадні ня бачылі яшчэ ні разу. Міліцыя пачала наскокваць на шыхт дэманстрантаў, але ў рукох у тых палалі паходні. З боку глядзелася, быццам калёна ашчацінілася гэтымі паходнямі, як ёрш. З усіх бакоў, хто б ні спрабаваў сунуцца ўсярэдзіну - паўсюль мог натыкнуцца на вогнішча. Як я бачыў, адзін міліцыянт сапраўды натыкнуўся, абпаліўшы твар. Ён адразу выйшаў з гульні. Калёна паступова пачала прасоўвацца далей, да рогу Савецкай, дзе пачынаецца вуліца Ажэшкі.

І вось тут хлопцаў сапраўды пачалі браць у кола. Ужо пасьпела наехаць процьма машынаў. Відаць, дэманстранты вырашылі цьвёрда абараняцца далей, бо самі сталі ў кола. Я тады падумаў: у выпадку, калі б яны вырашылі прарываць кардон, у іх бы, напэўна, гэта атрымалася. Але - не, хлопцы гутарылі зь міліцыяй. Яны пыталіся, хто зь міліцыянтаў тут галоўны.

Дэманстранты прасілі міліцыю дазволіць ім прайсьці па вуліцы Ажэшкі, абяцалі адразу пасьля гэтага разысьціся й нічога не парушаць. Нехта з калёны напаўжарт прапанаваў амапаўцам таблеткі ад галаўнога болю. Мабыць, менавіта гэта іх і раззлавала. Пасьля сутычак яны й так не былі ў гуморы. Перамовы скончыліся тым, што амон пайшоў у атаку.

Аднак першыя атакі зноў былі адбітыя.

Яшчэ пасьля таго, як калёна спакойна абышла першую міліцэйскую машыну, міліцыя рабіла выгляд, што гэтая машына вось-вось пратараніць шыхты. Пару разоў "уазік" разганяўся й на вялікай хуткасьці рэзка тармазіў перад самымі людзьмі. Можна было не на жарт спужацца, ня дзіва, што нехта пару разоў стукнуў па капоце. Там усе былі ў стане шоку - што адзін, што другі бок.

Частка людзей, што стаялі ў натоўпе разам са мною, пайшла біцца за гэтых невядомых хлопцаў. Знайшліся некалькі чалавек, якія кінуліся біцца таксама, але - у шэрагі міліцыі. Вельмі хутка гэтыя людзі некуды зьніклі. Такое ўражаньне, што сам амон іх і папляжыў там: адрозьніць, хто - што, было дужа цяжка. Усе ў шокавым стане, а тут яшчэ нейкія людзі мітусяцца! Мянты даўблі ўсіх, хто побач.

Утварылася кола паміж абаронцамі й назіральнікамі, і ў гэтым коле бегалі міліцыянты. Стаяў вэрхал; з самых першых сваіх нападаў на калёну большасьць міліцыянтаў кідалася на шэсьце з такой гатоўнасьцю, быццам даўно чакала выпадку...

Бачачы, што разагнаць хлопцаў не атрымліваецца, міліцыя ўжыла газ. Мне асабіста падалося, што скарысталі і звычайны газ, і "Чаромху" (апошняя была, хутчэй за ўсё, ў амона). З адлегласьці мэтраў у 50 - я мусіў адысьці - выпушчаны газ глядзеўся, як туман.

Хлопцы пачалі разьбягацца хто куды. Абараняцца было немагчыма: пазалівалі вочы, твары, там не было ўжо чым дыхаць. Частку адразу "павязалі". Паклалі на асфальт, білі дубінкамі і аўтаматамі. Толькі прыкладамі, "стваламі", але было такое ўражаньне, што па іх гатовыя страляць.

Адразу ж ахова абклала вакзал, у бок якога рухалася шэсьце. Ператрасалі цягнікі, узьнялі ўсе пасты, якія маглі. Прыблізна апоўначы на вакзале было ўжо шмат "людзей у цывільным". Затрымлівалі ўсіх, нават малалетак, абы тыя мелі выгляд, хоць чымсь падобны да выгляду дэманстрантаў. Прыкметамі былі чорныя джынсы, чорныя курткі, "берцы" - вайсковыя боты на шнуроўцы. Асаблівую ўвагу зьвярталі на боты; хто быў у іх абуты - забіралі адразу безь лішніх "цырымоніяў". Я бачыў, як схапілі нейкага хлопца, можа ўдзельніка шэсьця, а мо й не. Твару ягонага я ня ведаў. Яго пасьля білі ў тупіку. Паставілі на расьцяжку ды мэтадычна зьбівалі. Пазьней высьветлілася, што разам з удзельнікамі забралі некалькі зусім выпадковых людзей, спрабавалі іх прышыць да справы.

Многіх з тых, хто адыходзіў, ратавалі самі гарадзенцы, мінакі, зусім незнаёмыя людзі. Гэтак цягнулася ўсю ноч. Усе, хто пасьпеў пачуць, што адбылося, сустракаючы ў горадзе хлопцаў з калёны, літаральна бралі за руку ды выводзілі ў бясьпечнае месца. Ранкам на месцы самай жорсткай бойкі нехта паклаў кветкі й бел-чырвона-белы сьцяг..."

Чамусьці ніхто нідзе яшчэ не згадаў адной цікавай дэталі: што адзін з удзельнікаў гарадзенскай акцыі пайшоў у міліцыю ды здаўся сам. Гэта, аднак, не была "яўка з павіннай". Менавіта гэты чалавек яшчэ перад пачаткам несанкцыяванай акцыі ўзяў на сябе ролю камандзіра. Потым ён ня мог стрываць таго, што ягоныя людзі з паламанымі касьцямі, пабітымі галовамі ня ўсе змаглі выбрацца зь месца пабоішча. Якраз пайшлі чуткі, што адзін з затрыманых нібыта патрапіў у рэанімацыю й можа памерці. Казалі, яго бачылі ў РАУСе непрытомным у лужыне крыві. Ніхто пакуль ня ведаў, што праўдай было толькі апошняе сьцьверджаньне.

Камандзір хлопцаў пайшоў па райаддзелах у пошуках затрыманых паплечнікаў. Калі верыць расповедам, выглядала гэта прыкладна так. У дзяжурку РАУСу заходзіць саліднага выгляду дзядзька ў форменнай вопратцы і строга пытаецца, дзе арыштаваныя дэманстранты. Міліцыянты выцягваюцца перад ім у струнку (думаюць, што прыехала нейкая праверка) і рапартуюць, што хлопцаў тут няма. Толькі з трэцяй спробы ў трэцім пастарунку замест "стрункі" вынікам запыту сталася разгубленасьць іншага кшталту. Паклікалі начальніка. Усю адказнасьць за акцыю камандзір хлопцаў узяў на сябе.

У інтэрв'ю мясцовай прэсе начальнік паведамляў аб дзесятку хуліганаў з гарадзенскага Маладога Фронту, якія пры выглядзе амону "адразу разьбегліся". Пры гэтым, зь ягоных словаў, асаблівых траўмаў не было. Між іншым, згодна зь міліцэйскімі апэратыўнымі зводкамі, для разгону дэманстрацыі былі скарыстаныя амон, ППСМ, спэцпадразьдзяленьні ўнутраных войскаў і апэрытыўна-вышуковыя службы міліцыі (паводле нашых зьвестак, усяго каля 350 чалавек).

Невядомы Чалавек распавёў, як пры затрыманьнях міліцыянты рэзалі на хлопцах на кавалкі камуфляжную форму. Але сапраўднае захапленьне выклікалі "трафэі" - скураныя папругі. У пастарунку некаторыя міліцыянты кінуліся тут жа прымяраць абноўкі, не зьвяртаючы ўвагі на затрыманых.

Пасьля сутачных адсідак па адміністратыўнай справе некаторых хлопцаў выклікалі для гутаркі ў КГБ. Гэбістаў найбольш зацікавіла кола, у якое дэманстранты выстраіліся дзеля абароны. Гутаркі яскрава дэманструюць, што ў нетрах лукашэнкаўскіх спэцслужбаў і зараз жыве трохгадовай даўніны "справа УНСО".

Адны ў Беларусі баяцца. Баяцца лёсу Тамары Віньнікавай, Генадзя Карпенкі, Арнольда Пячэрскага, Юрыя Захаранкі. Баяцца зьнікнуць. Знайшлося 40 мужоў харобрых. Якія не баяцца ўзьнікнуць.



August 25, 2016

Дзень Адраджэньня Незалежнасьці Беларусі

25 жніўня 1991 г.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі набыла статус канстытуцыйнага закона.

Жыве Беларусь !