June 29, 2007

На месцы расстрэлу сталінскіх ахвяраў у Менску ўсклалі кветкі

Любоў Лунёва, Менск

Сябры аргкамітэту для ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і моладзевыя актывісты ўсклалі кветкі на месцы расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у парку Чалюскінцаў і ў Курапатах.

Першае аналягічнае ўскладаньне кветак адбылося летась 29 кастрычніка. Семдзесят гадоў таму ў гэты дзень быў самы масавы расстрэл людзей, якіх утрымлівалі ў турмах як “ворагаў народу”.

Супрацоўнікі КДБ і міліцыі ў цывільным сачылі за сёньняшняй акцыяй і здымалі прысутных на відэа. Яны некалькі разоў падыходзілі да сабраных людзей і патрабавалі схаваць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Актывісты дэмакратычнага руху будуць ладзіць аналягічныя акцыі штомесяц. На 29 кастрычніка заплянаваны мітынг.

Крыніца

June 28, 2007

Гомель: чырвоныя гвазьдзікі на месцы расстрэлу ахвяраў сталінізму

Сёньня ў другой палове дня сябры Рэспубліканскага аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 30-50 гадоў ХХ стагодзьдзя наведалі ў лесе пад Гомелем месца масавых пахаваньняў.

Месца пахаваньняў знайшлі нядаўна на падставе зьвестак мясцовых жыхароў салдаты 52-га асобнага спэцыялізаванага батальёну Міністэрства абароны. На паверхню зь ямаў паднятыя 70 чалавечых парэштак, падэшвы ботаў, бахілаў, кускі зрэбнай кашулі, гузікі ад цывільнай вопраткі, кулі ад савецкай зброі.

Сустаршыня аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пісьменьнік і публіцыст Васіль Якавенка, гісторык Анатоль Валахановіч, грамадзкі дзеяч Вячаслаў Сіўчык запалілі лямпадкі і ўсклалі на месцы пагібелі ахвяраў чырвоныя гвазьдзікі.

Выступаючы падчас імпрэзы, Васіль Якавенка сказаў:

“Мы стаім на месцы расстрэлаў, на месцы, дзе ляжаць людзі, для якіх мы ўжо зьяўляемся нашчадкамі. Наша сьвятая задача – аднавіць памяць пра іх, якую ўвесь час стараліся сьцерці, замяць, згубіць. І данесьці гэту памяць да сваіх нашчадкаў, каб з пакаленьня ў пакаленьне перадавалася памяць пра вось гэтыя жудасныя рэпрэсіі, пра жудасную антынацыянальную палітыку ў нас, у Беларусі”.

Гісторык Валахановіч нагадаў, што маштабныя масавыя рэпрэсіі ў Беларусі распачаліся пасьля прыезду ў Менск у жніўні 1937 году маскоўскіх эмісараў Малянкова і Якаўлева-Эпштэйна. Былі зьнішчаныя па сутнасьці ўсе члены ЦК ВКП(б) Беларусі. Даводзіліся нават заданьні па пошуку “ворагаў народу”. Таму так шмат у розных кутках Беларусі месцаў масавых расстрэлаў.

Гомельскі гісторык, былы дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў выказаў меркаваньне, што сярод расстраляных у лесе на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы цалкам можа быць і Палута Бадунова, актыўная дзяячка Беларускай Народнай Рэспублікі, арыштаваная энкавэдыстамі менавіта ў Гомелі, дзе жылі яе сваякі.

Парэшткі людзей, знойдзеных на паўдзённым усходзе ад абласнога цэнтру, салдаты 52-га спэцыялізаванага батальёну перадалі на захаваньне ў Прыбыткаўскі сельскі савет. Аднак яго старшыня Леанід Ігнаткевіч адмовіўся паказаць іх сябрам аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Сказаў, што на гэта патрэбны дазвол райвыканкаму. Прынамсі, намесьніцы старшыні райвыканкаму ў пытаньнях ідэалёгіі Натальлі Аксёнавай, якая ачольвае раённую камісію перазахаваньня знойдзеных парэштак. Аднак засьпець намесьніцу ў выканкаме не ўдалося – выехала некуды на адзіны дзень інфармаваньня насельніцтва.

Аргкамітэт і гомельскія грамадзкія актывісты наважаныя дамагацца ўсталяваньня памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў.

“Цалкам зразумела, што ў гэтым урочышчы ляжаць ахвяры бальшавіцкага тэрору. Наш прыезд, я спадзяюся, перашкодзіць некаторым прадстаўнікам сёньняшняй улады схаваць гэтую праўду ад нашага народу. У такіх страшных мясьцінах, дзе Беларусь губляла сваіх сыноў і дачок у тыя змрочныя часы, мусяць стаяць па нашых беларускіх традыцыях мэмарыяльныя знакі – крыжы”, – лічыць сябра аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Вячаслаў Сіўчык.

Крыніца

June 24, 2007

"Ігуменскі шлях": ля Чэрвеню паміналі ахвяраў НКВД

Севярын Квяткоўскі, Чэрвень

“Ігуменскі шлях” – так завецца мэмарыяльная акцыя, якая ладзіцца ад 1989 году ў ваколіцах Чэрвеню (колішняга Ігумену). Штогод у найбліжэйшыя выходныя перад 26-м чэрвеня ва ўрочышчы Цагельня зьбіраюцца прадстаўнікі грамадзкасьці, каб памянуць палітычных вязьняў чэрвеньскай перасыльнай турмы, расстраляных 26 чэрвеня 1941 году – перад прыходам нямецкага войска. Крыжы ўздоўж дарогі стаяць на месцы гібелі беларусаў, літоўцаў і палякаў.

“Ігуменскі шлях” распачаўся з імшы побач з адным з крыжоў.

Сьвятар Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Леанід:

“Госпадзе, Ісусе Хрысьце, Божа наш! Ты сам быў бязьвінна рэпрэсаваны. Пакутаваў, расьпяты на крыжы. Глянь ласкавым вокам на загінулых ад бязбожнай улады пры дэспату Сталіну пакутнікаў ігуменскіх”.

Сёлета арганізатарамі мерапрыемства выступілі прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Таксама далучыліся сябры руху БНФ, гісторыкі, некаторыя жыхары гораду Чэрвеню.


Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

“Калі кожны беларус ня будзе расьціць сваіх дзяцей у беларускай культуры, у беларускім слове, з апорай на нашу хрысьціянскую веру, зноў будуць нашэсьці бязбожнікаў і зноў будзе ліцца нявінная кроў”.

Эрнст Сабіла, вязень ГУЛАГу, пастар Беларускай эвангельскай царквы:

“Мы чулі, што тут ляжаць бязьвінна расстраляныя людзі. А тых, хто страляў, ніхто ня бачыў, каб прыходзілі, укленчылі на гэтым месцы? Ня бачылі такіх… А Хрыстос кажа: “Пакайцеся”. А грамадзянскі закон таксама кажа: “Злачынцы, пакайцеся”.

Дождж перашкодзіў выступіць усім прысутным – навуковай кіраўніцы Курапацкага мэмарыялу Маі Кляшторнай, дасьледчыку пачатку вайны і сталінскіх рэпрэсіяў гісторыку Ігару Кузьняцову ды іншым.

Удзельнікі жальбінаў пачалі і скончылі мэмарыяльную акцыю выкананьнем гімну “Магутны Божа”.

Крыніца


June 23, 2007

У Гданьску адкрылі помнік Янку Купалу

Аляксей Дзікавіцкі, Гданьск

Сёньня ў польскім Гданьску да 125-годзьдзя з дня нараджэньня адкрыты мэмарыяльны знак у гонар вялікага беларускага паэта Янкі Купалы – на вялікім камяні шыльда (фінансаваная кансулятам Беларусі ў Варшаве) з надпісам па-беларуску, прычым паводле клясычнага правапісу, і па-польску: “Янка Купала – Беларускі пясьняр” і “...сьняцца сны аб Беларусі”.

Адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку ў ціхім, маляўнічым раёне Гданьску, на вуліцы, якая таксама носіць імя Янкі Купалы, адбылося ў надзвычай урачыстай атмасфэры.

Помнік Янку Купалу ў Гданьску

Вуліца Янкі Купалы ў Гданьску


Мэр Гданьску Павал Адамовіч, прызнаўшыся, што ягоны род паходзіць зь Беларусі, сказаў, што ганарыцца тым, што ў ягоным горадзе паўстаў такі помнік.

Адамовіч: “У кожным з вас цячэ значная частка беларускай крыві, бо з Гданьску сапраўды шмат людзей, якія паходзцяьць зь Беларусі. Мы гэтым ганарымся і, дзякуючы Купалу, яшчэ раз усьведамляем”.

Алена Глагоўская

Мэмарыяльны знак быў усталяваны дзякуючы намаганьням перадусім беларускай грамады Гданьску на чале са спадарыняй Аленай Глагоўскай.

Глагоўская: “Цяжкасьці былі з тэрмінам адкрыцьця. Казалі мне з амбасады беларускай: “Можа ўвосень давайце”. Я кажу: “А што восеньню? Што такога восеньню адбываецца?” Пажартавала нават – не ў гадавіну ж рэвалюцыі кастрычніцкай адкрываць! Але трэба сказаць, што кансулят беларускі выканаў шыльду такую, якую трэба”,

– тут спадарыня Глагоўская зьвяртнула ўвагу на напісаньне слова “сьняцца” паводле клясычнага правапісу.

Прысутныя чыталі вершы Янкі Купалы, сьпявалі песьні на вершы паэта.


Удзельнікі адкрыцьця сьпявалі песьні на вершы Купалы

У адкрыцьці мэмарыяльнай шыльды ня ўзяў удзел амбасадар Беларусі ў Польшчы. Прысутныя на цырымоніі беларускія дыпляматы патлумачылі гэта тэрміновымі справамі ў Варшаве, хаця яшчэ ўчора Павал Латушка быў у Гданську.

Адзін з прадстаўнікоў мясцовай беларускай грамады сказаў нашаму радыё, што гэта магло быць зьвязана з “небясьпекай” зьяўленьня на цырымоніі вялікай колькасьці бел-чырвона-белых сьцягоў, як зрэшты і было.

Студэнт: “Я беларус, жыву тут, вучуся і лічу сваім абавязкам быць на такім мерапрыемстве” – кажа студэнт, які разам са сваімі сябрамі прыйшоў на цырымонію зь бел-чырвона-белым сьцягам.


Беларуская моладзь на адкрыцьці помніку

Напярэдадні мясцовая прэса пісала, што кіраўніцтва кансуляту запатрабавала ад арганізатараў , каб хор, які сьпяваў на цырымоніі, не выконваў песьню на верш Купалы “Паўстань, народ”, бо “яна не адпавядае цяперашняму часу”.

Генэральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін

Генэральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін, аднак, заявіў нашаму радыё, што ніякіх спрэчак у беларускіх дыпляматаў з арганізатарамі не было.

Хор усё ж засьпяваў песьню на верш “Паўстань, народ”.

Хор сьпявае песьню “Паўстань, народ”

Асабліва з нагоды адкрыцьця помніка цешыліся мясцовыя беларусы старэйшага пакаленьня.

Беларус з Гданська: “Я вельмі цешуся, добра што тут помнік ёсьць. Што ж яшчэ сказаць!”

Дачка віцэ-мэра Гданьску зь беларускім сьцяжком

Крыніца