November 4, 2006

Беларусы Варшавы ўшанавалі памяць продкаў

субота, 4 лістапада 2006, 15:36
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Сёньня беларусы Варшавы ўшанавалі памяць продкаў – Дзяды былі адзначаныя наведваньнем магілаў людзей, заслужаных для беларускай справы.


На пачатку каля дзесятка беларусаў, што жывуць у Варшаве, запалілі сьвечкі каля мэмарыяльнай шыльды ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, што ўсталяваная на вуліцы Францускай – недалёка ад гэтага месца Балаховіча забілі ў часе ІІ Сусьветнай вайны.


З кароткай прамовай выступіў адзін зь беларускіх студэнтаў – Анатоль.

(Анатоль: ) “Па старажытнай беларускай традыцыі мы вырашылі адсьвяткаваць сёньня – у першую суботу перад восьмым лістапада. Паколькі мы знаходзімся ў Варшаве, дык вырашылі наведаць магілы беларусаў, нашых папярэднікаш і прыйшлі на пачатку да мэмарыяльнай шыльды гэнэралу Балаховічу...”


Потым беларусы наведалі магілы Яна Жамойціна, Яна Булгака і Вацлава Аношкі.


Гаворыць варшаўскі беларус Антось Цялежнікаў.

(Цялежнікаў: ) “Калі мы ня будзем шаанаваць продкаў, мінуўшчыну, дык якая ж мы нацыя тады? Бяз гэтага няма будучыні”.


Прысутныя прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Крыніца

November 1, 2006

Бэльгійскія беларусы прыйшлі на Дзяды на магілу Равенскага

1 лістапада 2006
Аляксей Дзікавіцкі, Лювэн


Сёньня ў бэльгійскім горадзе Лювэне адбылося ўрачыстае набажэнства на магіле выдатнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага. Так тамтэйшыя беларусы адзначылі Дзяды.

На могілках у Лювэне сабраліся больш за два дзясяткі беларусаў – эмігрантаў старэйшага пакаленьня, а таксама маладзейшых актывістаў Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня.

З кароткай прамовай выступіў старшыня задзіночаньня Зьміцер Піменаў.

(Піменаў: ) “Так склаўся лёс, што мы ня можам сёньня прыйсьці на магілы сваіх родных. Тое, што тут, у Бэльгіі, пахаваны знакаміты сын беларускага народу Мікола Равенскі дае нам магчымасьць сабрацца каля ягонай магілы, каб успомніць памерлых продкаў і памаліцца за іх. Я лічу абавязкам кожнага сумленнага чалавека шанаваць і памятаць сваіх Дзядоў. Бо бяз памяці аб мінулым няма будучыні”.


Грэка-каталіцкі сьвятар з Антвэрпэну айцец Ян адправіў паніхіду па продках.

З прамовай выступіў і вядомы дзяяч беларускай эміграцыі Янка Жучка – ён адзіны сярод прысутных асабіста добра ведаў Міколу Равенскага.

(Жучка: ) “Ад 1951 году спадар Мікола пражыў тут у Лювэне да самай сьмерці. Мы зь ім разам аб'езьдзілі ўсю Эўропу з нашымі беларускімі песьнямі. Стаю тут каля ягонай магілы, і ўспаміны ўсё вяртаюцца...”

Крыніца