November 4, 2006

Беларусы Варшавы ўшанавалі памяць продкаў

субота, 4 лістапада 2006, 15:36
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Сёньня беларусы Варшавы ўшанавалі памяць продкаў – Дзяды былі адзначаныя наведваньнем магілаў людзей, заслужаных для беларускай справы.


На пачатку каля дзесятка беларусаў, што жывуць у Варшаве, запалілі сьвечкі каля мэмарыяльнай шыльды ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, што ўсталяваная на вуліцы Францускай – недалёка ад гэтага месца Балаховіча забілі ў часе ІІ Сусьветнай вайны.


З кароткай прамовай выступіў адзін зь беларускіх студэнтаў – Анатоль.

(Анатоль: ) “Па старажытнай беларускай традыцыі мы вырашылі адсьвяткаваць сёньня – у першую суботу перад восьмым лістапада. Паколькі мы знаходзімся ў Варшаве, дык вырашылі наведаць магілы беларусаў, нашых папярэднікаш і прыйшлі на пачатку да мэмарыяльнай шыльды гэнэралу Балаховічу...”


Потым беларусы наведалі магілы Яна Жамойціна, Яна Булгака і Вацлава Аношкі.


Гаворыць варшаўскі беларус Антось Цялежнікаў.

(Цялежнікаў: ) “Калі мы ня будзем шаанаваць продкаў, мінуўшчыну, дык якая ж мы нацыя тады? Бяз гэтага няма будучыні”.


Прысутныя прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Крыніца

November 1, 2006

Бэльгійскія беларусы прыйшлі на Дзяды на магілу Равенскага

1 лістапада 2006
Аляксей Дзікавіцкі, Лювэн


Сёньня ў бэльгійскім горадзе Лювэне адбылося ўрачыстае набажэнства на магіле выдатнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага. Так тамтэйшыя беларусы адзначылі Дзяды.

На могілках у Лювэне сабраліся больш за два дзясяткі беларусаў – эмігрантаў старэйшага пакаленьня, а таксама маладзейшых актывістаў Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня.

З кароткай прамовай выступіў старшыня задзіночаньня Зьміцер Піменаў.

(Піменаў: ) “Так склаўся лёс, што мы ня можам сёньня прыйсьці на магілы сваіх родных. Тое, што тут, у Бэльгіі, пахаваны знакаміты сын беларускага народу Мікола Равенскі дае нам магчымасьць сабрацца каля ягонай магілы, каб успомніць памерлых продкаў і памаліцца за іх. Я лічу абавязкам кожнага сумленнага чалавека шанаваць і памятаць сваіх Дзядоў. Бо бяз памяці аб мінулым няма будучыні”.


Грэка-каталіцкі сьвятар з Антвэрпэну айцец Ян адправіў паніхіду па продках.

З прамовай выступіў і вядомы дзяяч беларускай эміграцыі Янка Жучка – ён адзіны сярод прысутных асабіста добра ведаў Міколу Равенскага.

(Жучка: ) “Ад 1951 году спадар Мікола пражыў тут у Лювэне да самай сьмерці. Мы зь ім разам аб'езьдзілі ўсю Эўропу з нашымі беларускімі песьнямі. Стаю тут каля ягонай магілы, і ўспаміны ўсё вяртаюцца...”

Крыніца

October 21, 2006

Вандроўка ў Мастаўляны

20 кастрычніка беларуская грамада з розных краінаў Эўропы наведала малую радзіму Кастуся Каліноўскага.

Ваколіцы Мастаўлянаў

Маршрут прабягаў праз Мастаўляны й Ялоўку. На жаль, матэрыяльных артэфактаў, зьвязаных з родам Каліноўскіх, не захавалася. Але мясцовае насельніцтва памятае і шануе беларускага героя. Адзінае, што раней на будынку мастаўлянскай школы вісела мэмарыяльная шыльда ў гонар лідара нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 г. К.Каліноўскага. Зараз будынак школы часткова разбураны, а шыльда скрадзена.

Від на Мастаўляны. Удалечыні ўжо Беларусь.

У вёсцы Мастаўляны

Далей грамада наведала Ялоўку - мястэчка, у касьцёле якога быў ахрышчаны будучы правадыр паўстаньня. Дарэчы, храм цудоўна захаваўся. Акрамя яго, у Ялоўцы ёсьць дзейны праваслаўны храм і руіны яшчэ аднага касьцёла.

Касьцёл у Ялоўцы, дзе хрысьцілі К.Каліноўскага


September 8, 2006

У Варшаве адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы

пятніца, 8 верасьня 2006, 17:29
Радыё Свабода


У польскай сталіцы з нагоды Дня беларускай вайсковай славы адбылося шэсьце з нацыянальнымі сьцягамі з цэнтру гораду да будынку, на якім ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

Каля ста беларусаў, сярод якіх пераважна атрымальнікі стыпэндыі польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага, ўсклалі да шыльды бел-чырвона-белыя кветкі, запалілі зьнічы. Пазьней удзельнікі акцыі праслухалі лекцыю беларускага гісторыка Міхася Чарняўскага, прысьвечаную беларускім вайсковым традыцыям.

Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антось Цялежнікаў.

(Цялежнікаў: ) “Даволі насычаная праграма сёньняшняга сьвяткаваньня. Мы хочам паказаць беларускай моладзі, што ёсьць такія даты ў нашай гісторыі, якія трэба ведаць і шанаваць”.

Крыніца

May 19, 2006

Патрыятычныя плакаты

Спампоўвайце, раздрукоўвайце ды расклейвайце напярэдадні адпаведных памятных датаў.

Жыве Беларусь!

Канстанцін Каліноўскі


Тадэвуш Касьцюшка


генэрал Булак-Балаховіч


Францішак Кушаль